Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
6.Гісторыя бел.журналістыкі.Мяснікоў.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
799.74 Кб
Скачать

Курс лекцый уводзіны

Беларускае друкаванае слова мае багатую і непаўторную гісторыю. Яно ўзнікла ў Х-м стагоддзі і стала вынікам агульнай эвалюцыі славянскай культуры таго часу. Грамадска-палітычнае і эканамічнае жыццё чалавека ўжо характарызавалася адносна высокім узроўнем развіцця і прагрэсу. Актыўна і шырока вялося будаўніцтва гарадоў, у архітэктурных выявах якіх знаходзілі ўвасабленне набыткі тагачаснага славянскага дойлідства. Пашыраліся розныя віды рамёстваў. Унутраны і асабліва – знешні гандаль набываў новыя маштабы і адрасы. На геаграфічнай карце многіх славянскіх зямель з’явіліся першыя помнікі архітэктуры, асобныя з якіх і да сённяшняга дня радуюць сэрцы і душы мільёнаў людзей.

На новы мастацкі ўзровень выйшла у тым жа Х-м стагоддзі і вусная паэтычная творчасць. Легенды і міфы, казанні і паданні, быліны, прыказкі і прымаўкі пачалі набываць закончаную літаратурна-мастацкую форму ў выглядзе кананічных кніг, аповесцяў, хаджэнняў, жыццяў, зводаў законаў, ізборнікаў, летапісных помнікаў і, нарэшце, узораў такой арыгінальнай літаратуры, як “Словы” (Слова аб Законе і Благадаці мітрапаліта Іларыёна”, “Слова аб палку Ігаравым” і інш.). Звод законаў “Праўда Яраслава” (978--1246 гг.), “Ізборнікі” Святаслава (1073 і 1076 гг.), перакладная аповесць “Александрыя” і “Казанне пра Барыса і Глеба”, якія былі вядомыя нашым далёкім прашчурам таксама ў ХІ—ХІІ стагоддзях, і многія іншыя арыгінальныя творы мелі ўжо тады і ідэйна-палітычную і сацыяльную скіраванасць, і высокую мастакоўскую вартасць. На развіццё грамадскай свядомасці жыхароў яны мелі несумненнае ўздзеянне і актыўны ўплыў.

Галоўным жа старажытным летапісным творам, несумненна, па праву лічылася і лічыцца “Аповесць мінулых гадоў”, што з’явілася ў пачатку ХІІ стагоддзя. Гэта насамрэч непераўзыдзены ўзор публіцыстычнай творчасці. Маштабнасць апісаных падзей, веды і кампетэнтнасць аўтара, умелая падача гістарычных падзей і іх апісанне, нарэшце – мастацкія вартасці “Аповесці…” па праву паставілі яе ў рады самых вялікіх помнікаў старажытнага пісьменства.

У наступны перыяд – эпоху Адраджэння – на самым, што называецца, высокім узроўні зарэкамендавала сябе беларускае друкаванае слова. У 1517 годзе насамрэч вялікі беларус Францыск Скарына на ўвесь свет заявіў аб існаванні свайго народа, надрукаваўшы ў Празе – сапраўднай еўрапейскай сталіцы тагачаснай цывілізацыі – чатыры кнігі Бібліі: “Псалтыр”, “Іоў”, “Прытчы Саламона” і “Ісус Сірахаў”. Выдадзеная Скарынам Біблія стала адной з першых і самых ранніх у славянскім свеце наогул, а сярод усходніх славян – самай першай кнігай, напісанай не па-царкоўнаславянску, а ў перакладзе на старабеларускую мову з чэшскай.

Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Спірыдон Собаль, Лаўрэнцій і Стэфан Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, Мікола Гусоўскі, Сімяон Полацкі – выдатныя постаці і тытаны беларускага гуманізму і Адраджэння, якія заклалі першыя і надзвычай трывалыя – на стагоддзі і нават тысячагоддзі! – цагліны ў падмурак беларускай публіцыстыкі. Гучна і катэгарычна? Як сказаць! З наступных лекцый мы ўбачым, што менавіта ў іх выданнях тое, што мы называем зараз публіцыстыкай у самым высокім значэнні гэтага слова, знайшло пэўнае, адпаведнае таму часу і магчымасцям развіцця гуманістычнай думкі, тлумачэнне і абазначэнне і нават – фарміраванне. Таму зусім правільным з’яўляецца сцвярджэнне даследчыкаў журналістыкі аб тым, што менавіта гэтыя Асобы заклалі асноўныя прынцыпы публіцыстыкі як спецыфічнага віду грамадска-палітычнай літаратуры.

Ужо да канца ХУІ стагоддзя публіцыстыка на беларускіх землях дасягнула высокага ўзроўню развіцця, заняўшы ў грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці належнае ёй месца. Пасля выдання Скарынам сваіх Біблій, яго справа знайшла на Бацькаўшчыне шырокае распаўсюджванне і неверагодна імклівае пашырэнне. У Вільні і Бярэсці, Нясвіжы і Цяпіне, Заблудаве і Заслаўі, Лоску і Куцейне, Мінску і Буйнічах, у некаторых іншых цывілізаваных і культурных на той час цэнтрах зямлі беларускай на працягу 1520-х—1590-х гадоў з’яўляюцца друкарні, у якіх адначасова з выданнем кніг ажыццяўляюцца і першыя спробы выпуску аднаразавых лістовак. Першым такім выданнем – свайго роду правобразам газеты – і стала лістоўка, поўная назва якой гучыць так: “Навіны грозныя а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю рускую, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем, мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. З доданьнем релацый Его Мілості Гетмана В.К.Л. княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого. 1562.” Няма сумненняў у тым, што гэта было далёка не адно-адзінае выданне другой паловы ХУІ стагоддзя…

Аднак сам час і само жыццё патрабавалі такіх выданняў, якія б пастаянна, на больш высокім арганізацыйным узроўні неслі грамадству рэгулярную інфармацыю і паведамленні аб тагачаснай сітуацыі хоць бы на роднай старонцы, не кажучы ўжо пра становішча ў суседзяў. На парадак дня, такім чынам, і паўстала пытанне аб наладжванні выхаду ў свет рукапісных, а потым – і друкаваных перыядычных выданняў.

УЗНІКНЕННЕ ЛЕТАПІСАННЯ, КНІГАДРУКУ І ПУБЛІЦЫСТЫКІ

НА БЕЛАРУСІ

Старажытныя помнікі і летапісы на Беларусі.

Дзейнасць першых беларускіх асветнікаў

Узнікненню летапісання і кнігадрукавання на беларускіх землях перш за ўсё спрыяла тое, што ўжо ў Х-м стагоддзі існавала беларуская дзяржаўнасць. Вытокам і першым рэальным вынікам яе стала ўзнікненне і надзвычай імклівае станаўленне Полацкага, а потым – і Тураўскага княстваў. Менавіта іхняе развіццё, а таксама геапалітычнае становішча гэтых земляў і паспрыяла хуткаму, кажучы сучаснай мовай, уключэнню іх у новы цывілізаваны працэс. Праз нашы землі праходзілі асноўныя кантакты Цэнтральна- і Заходнееўрапейскіх краін з іншымі дзяржавамі – перш за ўсё скандынаўскімі і Расійскай, пралягалі важнейшыя гандлёвыя шляхі, што, натуральна, і павінна было даць станоўчыя вынікі наступу новай, больш дасканалай цывілізацыі. Перш за ўсё дзякуючы гэтаму, а таксама з улікам надзвычай высокага ўласнага патэнцыялу і ступені развіцця, Полацкае княства і вылучылася тады на вядучыя пазіцыі на еўрапейскім кантыненце.

Гістарычнымі помнікамі і сапраўднымі ўзорамі высокамастацкай публіцыстыкі – нароўні з літаратурай – даўно і справядліва прызнаны “Бібліі” – адны з першых дайшоўшыя да нас як кнігі рэлігійнага характару, так і заканадаўчага зместу творы даўніны. Менавіта з “Біблій” пачаўся працэс фарміравання маральных прынцыпаў узаемаадносін людзей, выключна і адназначна першапачаткова ў іх закладзены тыя асноватворныя нормы і крытэрыі, што вызначалі, вызначаюць і будуць вызначаць пазіцыі і падыходы да ацэнкі дзейнасці чалавека ва ўсіх без выключэння праявах і жыццёвых стасунках.

А гэта і ёсць галоўная задача журналістыкі – у сучасным яе разуменні і прызначэнні.

“Бібліі” і іншыя царкоўныя выданні перш за ўсё прызначаліся для прапаганды і распаўсюджання хрысціянскага рэлігійнага веравызнання, уведзенага, як вядома, князем Кіеўскай Русі Уладзімірам у 988 годзе. Разам з гэтым, яны свядома спрыялі распаўсюджанню набыткаў грамадскай думкі старажытных Рымскай і Грэчаскай імперый, а таксама – тагачаснай славянскай культуры і асветніцтва. У “Бібліях” знаходзілі людзі пасылкі для фарміравання ў сваіх душах і светапоглядах асноў пакорлівасці і набажэнства, веры і цярплівасці… Насельнікі Зямлі, у тым ліку – і славяне, дзякуючы царкоўнай літаратуры, выпрацоўвалі першыя прававыя зносіны паміж сабой, спрабавалі зразумець і ўсвядоміць сваю ролю і прызначэнне ў жыцці, імкнуліся прадбачыць тыя ці іншыя перспектывы развіцця тагачаснага грамадства.

У пачатку ХІІ-га стагоддзя з’явіўся яшчэ адзін –ці не самы важны і асноўны – узор старажытнай летапіснай творчасці (а разам з тым – і публіцыстыкі) – “Аповесць мінулых гадоў”. Не адно пакаленне даследчыкаў старажытнай культуры па праву лічыць “Аповесць…” непераўзыдзеным творам і велічным помнікам усходнеславянскай пісьменнасці. Менавіта з гэтага твора мы ўпершыню даведваемся пра жыццё і падзвіжніцкую дзейнасць славянскіх першаасветнікаў Кірылы і Мяфодзія, пра жыццё князя Алега і княгіні Вольгі, больш падрабязна, чым раней, – пра ўвядзенне хрысціянства князем Уладзімірам… У “Аповесці…” таксама ўпершыню знаходзім мы і звесткі пра такія беларускія гарады, як Полацк і Тураў, Віцебск і Пінск, Гродна і Бярэсце… Як засведчыў таленавіты даследчык нашай даўніны Мікола Ермаловіч у сваіх працах “Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды” і “Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае”, што выйшлі ў свет адпаведна ў 1990-м і 2000-м гадах, менавіта ў “Аповесці мінулых гадоў” Полацк значыцца як горад вялікі і значны.

Побач з адлюстраваннем многіх гістарычных падзей старажытнага часу ў “Аповесці мінулых гадоў” шэраг старонак адведзены апісанню працэсу рассялення ўсходніх славян па тэрыторыі цяперашняй геаграфічнай Беларусі.

З другой паловы ХІІ-га стагоддзя хрысціянская культура і пісьменнасць пачынаюць набываць распаўсюджванне практычна ва ўсіх слаях тагачаснага грамадства. Менавіта тады славянскі свет і атрымаў першых выбітных дзеячаў, якія сталі першапраходцамі зараджэння і станаўлення старажытнай мовы, літаратуры і публіцыстыкі.Гэта былі Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Клім Смаляціч, Аўрамій Смаленскі і некаторыя іншыя.

Кірыла Тураўскі сярод гэтых асоб – першая, самая сапраўдная выява таленту старажытнага беларускага народа.

Водгукаў аб ім, ацэнак яго культурна-асветніцкай дзейнасці сёння больш чым дастаткова. З аднаго боку, унікнуўшы ў яго жыццёвы шлях, нельга не запрыкмеціць паводзін Кірылы як адданага манаха, які вядзе аскетычны лад жыцця дзеля адзінства з Усявышнім; з другога – перад намі ва ўсю веліч паўстае Асоба, якая ўзвышаецца (без перабольшання!) над усім славянскім светам.

Ужо на пачатку сваёй рэлігійнай дзейнасці Кірыла Тураўскі выступае з такімі бліскучымі і дзейснымі пропаведзямі, якія літаральна адразу ж ставяць яго ў шарэнгу лепшых з лепшых. І ўжо першыя даследчыкі яго жыццядзейнасці ўключылі Тураўскага ў рады тых асветнікаў і прапаведнікаў, якія былі выдатнымі “багасловамі ў часе, калі багаслоўская думка …рабіла толькі першыя нясмелыя крокі…”

Нам жа падаецца найбольш справядлівым вызначэнне Кірылы як сапраўднага духоўнага настаўніка свайго часу.

Нарадзіўся ён у Тураве прыкладна ў 1130 годзе ў багатай сям’і. Ужо ў той час горад з’яўляўся сапраўдным цэнтрам культуры, вайсковай навукі і гандлю. Тураў яднаў вакол сябе дрыгавічоў, яго ведалі шматлікія плямёны еўрапейскага кантынента. Шлях з Балтыйскага мора ў Чорнае, што праходзіў тут, незалежнасць Тураўскага княства ад іншых уладароў навакольных земляў ставілі горад у рады адметных земляў таго часу. Тураўскія князі заводзілі сямейныя сувязі з уладарамі самых знакамітых заходніх, у тым ліку і грэчаскіх, тэрыторый. Не адно дзесяцігоддзе жылі і ўладарылі на Тураўскай зямлі Святаполкі і Яраполкі – стаўленнікі Кіеўскай Русі…

Дасягнуўшы паўналецця, Кірыла практычнымі дзеяннямі засведчыў, што “богатства” і “славы тленные міра сего” яго зусім не прывабліваюць, і добраахвотна стаў манахам, аддаліўшыся ў адзін з тураўскіх манастыроў. Кірыла “не ўзлюбіў багацця і хуткаплыннай славы гэтага свету, але больш за ўсё ён прыкладаўся да вывучэння Боскіх кнігаў, і добра пазнаў Боскія пісанні”, – гаворыцца ў адной з “Малітваў умільных недастойнага і больш за ўсё грэшнага манаха Кірылы ў святога Міколы ў Тураве” – адным з яго твораў, што дайшлі да нашага часу.

Сучаснікі глыбока паважалі і цанілі Кірылу і самі папрасілі яго стаць тураўскім епіскапам. Ён ведаў шмат замежных моў, чытаў у арыгіналах тагачасныя кнігі. Так што творцам і надзвычай красамоўным прамоўцам ён стаў не выпадкова…

Сваю творчую асветніцкую дзейнасць Тураўскі пачаў з напісання малітваў (цыкл на ўсю сядміцу) і твораў пра манаства (“Аб чыне чарнарызца”, “Слова ўказанне, адкуль жыццё ў людзях бязжэннае” і інш.). Пазней ён напісаў некалькі аповесцяў, пасланняў, павучанняў, а таксама прыпавесцяў, у тым ліку – на святы Велікоднага і Пяцідзесятнага цыклаў, шэраг казанняў на хрысціянскія тэмы. Шырока былі вядомы яго прыпавесць “Пра душу і цела” і “Слова на сабор 318 святых айцоў”. Яго творы літаральна адразу набывалі вядомасць: іх перапісвалі, чыталі і вучылі напамяць у многіх усходнеславянскіх княствах.

Як сцвярджалі даследчыкі, Кірыла Тураўскі дасканала ведаў творчасць такіх уплывовых грэчаскіх царкоўных пісьменнікаў, як Рыгор Багаслоў, Ян Златавусны, Амфілёф Іконскі, Эпіфан Кіпрскі, Прокл і іншыя. У сваёй творчай дзейнасці ён карыстаўся шматлікімі першакрыніцамі.

Да нашага часу захаваліся некалькі філасофскіх прытчаў Тураўскага, 8 яго “Слоў…”, два каноны, 30 малітваў.

На зыходзе свайго зямнога жыцця Кірыла Тураўскі пайшоў у Барысаглебскі манастыр, дзе па магчымасці працягваў літаратурную працу. Адзін з вядомых яго твораў таго часу – пасланні да Кіева-Пячорскага ігумена Васіля. А незадоўга да смерці ён напісаў некалькі малітоўных вершаў, прызнаных спецыялістамі і даследчыкамі найкаштоўнейшай часткай яго пісьменніцкай спадчыны.

Дзесьці каля 1182 года Кірыла Тураўскі памёр.

Яшчэ пры жыцці сучаснікі называлі яго Златавустам. Несумненна: такім наш знакаміты прашчур і быў… Не прэтэндуючы на арыгінальнасць сваіх твораў, у “Сказе пра манаскі стан” ён пісаў: “Гэтыя словы я напісаў не ад сябе, але з кнігаў. А калі хто інакш вытлумачыць, дык спрачацца не будзем. Мы не жняцы, але коласазбіральнікі, і няхітрыя ў кнігах. Мы грубыя (невучоныя) слугі і больш за ўсё маем патрэбу ў вашых айцоўскіх малітвах у Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым, якому хай будзе слава разам з Айцом і Святым Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вечныя…”

Малітвы Кірылы Тураўскага вызначаюцца шчырасцю, вобразнасцю, вытанчанасцю тагачаснай царкоўнаславянскай мовы, глыбокай пранікнёнасцю яго асабістых рэлігійных пачуццяў. Нашчадкі высока цэняць мастацкія вартасці твораў, вялікія пісьменніцкія здольнасці нашага земляка. Ён быў сапраўдным песняром Божай міласэрнасці.

Самы старажытны па часе выдання рукапіс малітваў Кірылы Тураўскага, які захаваўся да нашага часу, датаваны ХІІІ стагоддзем. Пазней, ужо ў ХІУ—ХУІ стагоддзях, яны шматкрат множыліся, калі можна так сказаць – перавыдаваліся, і, такім чынам, разыходзіліся літаральна па ўсёй Еўропе.

Ён шмат у чым быў першым з першых. Тураўскі першым пачаў уводзіць у свае творы пейзажныя замалёўкі, ужываць мастацкія прыёмы і жанравыя асаблівасці, характэрныя для будучай публіцыстыкі.

Вяршыняй старажытнай усходнеславянскай літаратурнай творчасці з’яўляецца несмяротнае і да нашага часу “Слова аб палку Ігаравым”, створанае ў ХІІ-м стагоддзі невядомым аўтарам.

Непараўнальнасць “Слова…” – у новых на той час падыходах аўтара да пабудовы ўнутранага зместу твора, яго пошуках стылю, аналізе гістарычных з’яў і падзей, нарэшце – у мастацкіх тонкасцях і новаўвядзеннях у саму тканіну твора…

Публіцыстычныя накірункі і пошукі новых падыходаў закладзены ўжо ў самой назве твора – “Слова аб палку Ігаравым”. Хутчэй за ўсё і тады, у ХІІ-м стагоддзі, а ў наступны час (на працягу цэлых стагоддзяў, гэта – адназначна!) – у сэнс і значэнне паняцця “Слова” перш за ўсё “закладваліся” такія разуменні і тлумачэнні яго, як веліч і значнасць спраў і падзей, што станавіліся ўнутраным зместам таго ці іншага слова; іх, тых спраў і падзей, прызначэнне для наступнага жыцця тагачаснага грамадства. Таму ўпаўне заканамерна, што “Слова аб палку Ігаравым” стала – перш за ўсё для славянскіх народаў еўрапейскага кантынента – маральным арыенцірам у пошуках ідэалаў воінскай доблесці і славы, прыкладаў прызначэння чалавека на Зямлі.

На сучасную беларускую мову перакласці гэты помнік старажытнай пісьменнасці адважваліся некалькі пісьменнікаў. Некалькі дзесяцігоддзяў – пачынаючы з 1919-га – лепшым перакладам лічыўся Купалаўскі. Але ў 1970-я гады сапраўдны выклік і самому бессмяротнаму ўзору пісьменнасці, і ранейшым перакладчыкам кінуў па сутнасці малавядомы тады паэт Яўген Крупенька, зрабіўшы вольны пераклад “Слова аб палку Ігаравым”:

Ці не лепш, браты, і нам пачаць

аб паходзе Ігаравым слова

і нашчадкам, пакаленням новым,

да драбніцы праўду расказаць?

Як пачаць – ці на былінны лад

нагадаць на целе князя раны?

Ці задуме следаваць Баяна,

як спяваў ён многа год назад?

Калі спевам вешчым пачынаў

праслаўляць Баян князёў паходы,

то па стэпе воўкам бег заўсёды

ці арлом у неба ўзлятаў.

Дарэчы (для параўнання) у перакладзе Янкі Купалы той “Запеў” меў наступны выгляд:

Ці не добра было бы нам, брацці,

Старадаўнымі словы пачаці

Сказ аб Ігара трудным паходзе,

Святаславіча-князя прыгодзе?

А пачацца сягачасным ладам

Песні той, – не Баянавым складам!

Бо Баян чарадзейны, як песняй

Захацеў каму пеці пачэсне,

Расцякаўся ён мысляй па дрэву,

Шэрым воўкам па полі-пасеву,

Сізакрылым арлом пад аблокі, –

Так захопліваў свет ён далёкі!

Паводле зместу і характару падачы падзей “Слова…” – мастацка-публіцыстычны летапіс. Ужо першыя 12 радкоў, прыведзеныя вышэй, сведчаць аб урачыстасці і, адначасова – велічы і высокім стылі твора. Невядомы нам аўтар славіць лепшыя якасці абаронцаў Бацькаўшчыны, перш за ўсё падкрэсліваючы іх мужнасць і самаахвярнасць, гатоўнасць скласці свае галовы за годнасць і славу роднай зямлі. У барацьбе з няпрошанымі гасцямі, у імя ўмацавання дзяржаўнасці і аб’яднання зямель воіны князя Ігара і дэманструюць доблесць, мужнасць, геройства…

Даследчыкі беларускай даўніны схіляюцца да таго, што аўтар “Слова…” быў не толькі высокаадукаваным чалавекам, але і непераўзыйдзеным знаўцам гісторыі ўзнікнення і станаўлення княстваў на нашых землях, ён добра ведаў як фальклор нашых папярэднікаў, так і тагачасныя летапісы. Усё гэта, выкладзенае таленавітым Чалавекам, і паспрыяла з’яўленню такога самабытнага і непараўнальнага высокамастацкага твора, як “Слова аб палку Ігаравым”.

Высокапубліцыстычна, таленавіта і тонка апісана ў “Слове…” і бітва на Нямізе, з якой, уласна кажучы, і бярэ пачатак гісторыя ўзнікнення Мінска:

На Нямізе галоў, як снапоў,

сцелюць іх і малоцяць цапамі.

Звон булатны нясецца з такоў,

днямі цэлымі, нават начамі.

Безнадзейна – не заглушу

гэты звон малацьбы ашалелай:

не зярняты тут веюць – душу

адвяваюць навекі ад цела.

Ад крыві пачарнелі лугі

ўздоўж Нямігі крывавай, успененай,

і крутыя яе берагі

не дабром, а касцямі засеяны.

(Пераклад Яўгена Крупенькі).

А якім сапраўдным рэфрэнам, запаветам усім нам, сённяшнім, гучаць два заключныя радкі з несмяротнага “Слова аб палку Ігаравым”:

Жывіце ў дружбе доўгія гады!

Жывіце і не ведайце бяды!

Напрыканцы ХІІ-га – на пачатку ХІІІ-га стагоддзяў пачалі з’яўляцца новыя формы і віды літаратурнай і публіцыстычнай творчасці – так зв. Жыцці. Яны пісаліся (ці, дакладней кажучы – складаліся!) у гонар самых вядомых для свайго часу Асоб: военачальнікаў, падзвіжнікаў і шырока вядомых прадстаўнікоў культуры і асветы. Адзін з такіх твораў – “Жыціе Ефрасінні Полацкай” – таксама стаў узорам як старабеларускай, так і ўсёй усходнеславянскай літаратуры і публіцыстыкі.

Ефрасіння Полацкая – полацкая князёўна, ігумення, першая ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны асветніца. Яна з’яўлялася дачкой Святаслава-Георгія – меншага з сямі сыноў славутага полацкага князя Усяслава Брачыславіча (Чарадзея), і Сафіі (?) – дачкі кіеўскага ўладара Уладзіміра Манамаха. Без жыццядзейнага шляху Ефрасінні зусім немагчыма ўявіць жыццё на ўсходнеславянскіх землях, пачынаючы з ХІІ-га стагоддзя і да нашых дзён. Гэта менавіта пра яе ў “Жыціе…” напісана, што яна “небопарный орёл, попаривши от Запада и до Востока, яко луча солнечная, просветивши всю землю Полоцкую”…

Выдатны вобраз-параўнанне, варты і нашага сённяшняга часу!

Публіцыстычныя вартасці “Жыція Ефрасінні Полацкай” у тым, што ў творы падрабязна і па-мастакоўску тонка і дасканала прасочаны шлях выхавання, росту і станаўлення асветніцы і высокаадукаванай прадстаўніцы рэлігійнага асяроддзя Полацкага княства ХІІ-га стагоддзя. Вобраз Ефрасінні пададзены ў сацыяльным і гарманічным развіцці, чалавечым і жаночым росквіце адначасова. Разам з тым, “Жыціе…” з’яўляецца не столькі крыніцай біяграфічных звестак пра асветніцу (хоць і ў гэтым яго найвялікшая каштоўнасць!), колькі ўзорам мастацкіх і публіцыстычных знаходак у адлюстраванні тагачаснай грамадска-палітычнай сітуацыі ў княстве і вакол яго, вобраза і непасрэдных дзеянняў, памкненняў душы і характару як самой Ефрасінні, так і тых шматлікіх людзей, што акружалі яе, жылі і працавалі разам з ёй.

Аповяд аб жыцці і дзейнасці Ефрасінні грунтуецца на сапраўдных рэальных фактах, падзеі выкладаюцца ў строгай храналагічнай паслядоўнасці. Значнае месца ў “Жыціі…” займаюць маналогі і дыялогі, што, вядома ж, таксама дае нам усе падставы лічыць твор адным з самых першых узораў беларускай публіцыстыкі.

Даследчыкамі выказваюцца самыя розныя меркаванні адносна аўтарства “Жыція Ефрасінні Полацкай”. Яны не выключаюць, што аўтарам магла быць Звеніслава Барысаўна (Еўпраксія) – намесніца Ефрасінні. І сапраўды: падрабязнасці, звязаныя з многімі момантамі жыцця і дзейнасці святой ігуменні, не могуць выклікаць сумненняў адносна таго, што аўтар быў блізка знаёмы з ёй. На карысць гэтага і тое, што ў многіх месцах пераказваюцца настаўленні Ефрасінні сваім сёстрам у Хрысце, даслоўна прыводзяцца яе маленні. Вынікае з “Жыція…” і той факт, што стварыла яго жанчына: пакуты пайшоўшых у манастыр сясцёр у Хрысце з такой дакладнасцю і веданнем пачуццяў, як гэта зроблена ў творы, магла перадаць толькі прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва.

Такім чынам, працэс станаўлення і росту самасвядомасці нашага народа пачаўся з часоў узнікнення і існавання Полацкага і Тураўскага княстваў – першых самастойных дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. У ХІІІ-м жа стагоддзі адбылося далейшае ўдасканаленне і развіццё як сацыяльна-эканамічных, так і грамадска-палітычных стасункаў і асноў жыццядзейнасці грамадства і узаемаадносін яго насельнікаў. Аб’яднанне славянскіх земляў у Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае са сталіцай у Навагрудку стала ці не самым важным этапам станаўлення беларускай дзяржаўнасці, перыядам з’яўлення беларускага народа сярод роўных сабе народаў еўрапейскага кантынента.

Несумненна: самым галоўным фактарам прызнання нашага народа раўнапраўным сярод іншых стала развіццё беларускай мовы і пісьменства, у першую чаргу – літаратуры і публіцыстыкі. Прыняцце беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім сведчыла перш за ўсё аб яе высокім грамадскім і сацыяльным статусе. Імкліва пашыраюцца і паглыбляюцца асвета і культура, народнае мастацтва і горадабудаўніцтва… Пачынаецца стварэнне агульнабеларускіх летапісаў, якія будуць істотна дапоўнены і пашыраны на працягу двух наступных стагоддзяў – ХУ-га і ХУІ-га – і сёння вядомыя нам як аб’яднаныя ў чатыры галоўныя групы: “Летапісец Вялікіх князёў Літоўскіх”, Беларускі І летапіс (“Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.”), Беларускі ІІ летапіс (“Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”) і Беларускі ІІІ летапіс (“Хроніка Быхаўца”). Яны напісаны на старабеларускай мове ў большасці – мясцовымі (на жаль – зусім невядомымі) аўтарамі: людзьмі, несумненна, таленавітымі і здольнымі, сапраўднымі патрыётамі, кажучы сучаснай мовай, падзвіжнікамі беларускай справы. У гэтых летапісах багатымі і сакавітымі моўнымі сродкамі створаны рэальны палітычна-публіцыстычны вобраз Беларускай старажытнай дзяржавы, поўна і яскрава паказаны цяжкасці і супярэчнасці яе існавання.

“Хроніка Быхаўца” сярод гэтых летапісаў – адна з вяршыняў старажытнага беларускага летапісання.

Назва “Хронікі…” паходзіць ад таго, што яна знойдзена ў 1820-х гадах у бібліятэцы памешчыка Аляксандра Быхаўца ў маёнтку Магілёўцы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні. Галоўная каштоўнасць гэтага летапісу, як засведчылі даследчыкі, у тым, што тут упершыню ажыццёўлена падрабязнае асвятленне гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Апісанне асноўных перыядаў жыццядзейнасці Беларускай дзяржавы зроблена надзвычай глыбока і канкрэтна, на высокім публіцыстычным узроўні. Разам з тым, у многіх месцах удала і, так бы мовіць, своечасова ўжываюцца літаратурна-мастацкія адступленні, ад чаго “Хроніка Быхаўца” толькі выйграе.

Асноўнымі крыніцамі арыгінальнай часткі “Хронікі…” з’яўляюцца розныя гістарычныя і сямейныя паданні, успаміны відавочцаў і ўдзельнікаў тых ці іншых значных і знамянальных падзей, а таксама ўласныя назіранні невядомага аўтара. Гэта складае каля палавіны тэксту летапісу і храналагічна ахоплівае перыяд ХУ-га – пачатку ХУІ-га стагоддзяў. У гістарычнай частцы твора выкарыстаны таксама “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, Галіцка-Валынскі летапіс (з яго, у прыватнасці, запазычана аповесць пра Міндоўга і Войшалка), фрагменты Беларуска-Літоўскага летапісу 1446 года.

Галоўная тэма твора – ваенна-патрыятычная. Са старонкі на старонку “пераходзяць” маляўнічыя апісанні паходаў і бітваў з удзелам нашых далёкіх прашчураў. Асаблівай выразнасцю, веданнем тэмы і літаратурна-публіцыстычнай дасканаласцю вызначаюцца аповяды пра адзін з паходаў войска пад камандаваннем князя Альгерда на Маскву, славутую Грунвальдскую бітву, што адбылася ў 1410 годзе, і забойстве вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 годзе. На жаль, канец “Хронікі Быхаўца” не захаваўся: яна абрываецца апісаннем перамогі пад Клецкам войска Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Міхаіла Глінскага над татарамі ў 1506 годзе.

Публіцыстычнымі сродкамі аўтар “Хронікі…” упершыню высока ацэньвае і ролю беларуска-літоўскіх феадалаў у гісторыі Вялікага княства ў цэлым, у абароне яго інтарэсаў.

Каштоўнасць гэтага непаўторнага летапісу эпохі Адраджэння і ў тым, што ён паслужыў у свой час адной з галоўных крыніц “Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі” Стрыйкоўскага, складзенай у 1570-я гады; а праз яе – і апошняй рэдакцыі “Хронікі Еўрапейскай Сарматыі” Гваньіні (1611 год), “Хронікі Польшчы” Бельскіх, шэрагу іншых хронік і гісторый, складзеных на працягу ХУІІ-га – ХІХ-га стагоддзяў. Упершыню “Хроніка Быхаўца” поўнасцю апублікавана ў 1846 годзе вядомым беларускім гісторыкам і археолагам Тэадорам Нарбутам, яна перакладзена на рускую, літоўскую і сучасную беларускую мовы.

Гістарычна-хранікальная паслядоўнасць і вытрыманасць летапісу, аналітычнасць і вобразнасць у цесным спалучэнні з канкрэтыкай і публіцыстычнай скіраванасцю дае ўсе падставы лічыць “Хроніку Быхаўца” адным з першых твораў беларускай нацыянальнай публіцыстыкі.

Напрыканцы ХУ-га стагоддзя на беларускіх землях набылі прыкметнае ажыўленне і развіццё адукацыя і пісьменства, духоўнае жыццё грамадства ў цэлым. Сведчаннем гэтага з’яўляецца значная колькасць самых розных пісьмовых помнікаў, асобныя з якіх захаваліся і да нашых дзён. Да іх, у прыватнасці, адносяцца канфесіянальныя творы ў выглядзе Евангелля, Псалтыра, Апостала, а таксама разнародныя павучанні, хаджэнні, агіяграфічныя, апакрыфічныя творы.

Адначасова са стварэннем уласных арыгінальных летапісаў, мастацкіх і публіцыстычных твораў, на старабеларускую мову перакладаліся і творы антычнай і заходнееўрапейскай літаратуры, што мелі найбольш вялікае значэнне і вядомасць. Дакументы сведчаць, што адукаваныя беларусы ўжо тады былі знаёмы з творчасцю Дэмакрыта, Платона, Сакрата, Арыстоцеля, Плутарха і іншых антычных філосафаў і літаратурных творцаў, з навуковымі трактатамі па касмаграфіі, логіцы, медыцыне. У выніку пашырэння, удасканалення і далейшага развіцця пісьменнасці і творчасці наша Бацькаўшчына і дала тады свету асобу самай першай велічыні і значнасці – Францыска Скарыну.

Гэта быў незвычайна адораны Богам, высокаадукаваны і дасведчаны прадстаўнік беларускага народа. Дзякуючы свайму прыроджанаму таленту, рознабаковай падрыхтоўцы, ён узняўся з народных глыбінь і стаў упоравень з самымі перадавымі і знакамітымі еўрапейскімі гуманістамі эпохі Адраджэння. Як адзначыў вядомы даследчык Скарынаўскай спадчыны доктар філалагічных навук, прафесар Аркадзь Жураўскі, “культурна-асветніцкая дзейнасць Францыска была падрыхтавана ходам гістарычнага развіцця ўсёй тагачаснай Беларусі і беларускай культуры. Ён з’явіўся на свет Божы для зусім новага жыцця і дзейнасці, што стала свядомым і незалежным выяўленнем такой жа новай гістарычнай патрэбы”.

Заслугі Скарыны перад светам і Бацькаўшчынай найперш у тым, што ён здзейсніў першае ў гісторыі ўсходнеславянскай культуры навукова-рэнесансавае выданне Бібліі. Яе Францыск разглядаў як вынік шматвяковага духоўнага вопыту чалавецтва, крыніцу мудрасці, навукі, тэарэтычнай і практычнай філасофіі. Дасканала і глыбока засвоіўшы набыткі папярэдняга шматвяковага развіцця антычнай і сярэдневяковай думкі і мастацкай творчасці, старажытнарускай і старабеларускай культур, ён засведчыў і ўзняў духоўны скарб свайго народа на новую, больш высокую ступень развіцця, надаў Адраджэнню своеасаблівы, нацыянальны па зместу, характар.

Францыск Скарына стаў пачынальнікам многіх папулярных у ХУІ—ХУІІ стагоддзях жанраў беларускай літаратуры. Сярод іх – прадмовы, пасляслоўі, акафіст, жанры публіцыстыкі і сілабічнай паэзіі… У нашым выпадку мы больш падрабязна спынімся на першых двух з іх, тым больш, што прадмова і пасляслоўе, як жанры, “стаяць” вельмі блізка да публіцыстыкі, і наогул іх наўрад ці варта аддзяляць і аддаляць ад журналісцка-публіцыстычнай творчасці.

Першыя прадмовы да самых розных твораў выяўлены даследчыкамі яшчэ ў сярэдневяковай літаратуры, яны часта сустракаюцца ў айчынных пісьмовых помніках Х—ХІУ стагоддзяў. Аднак самастойнасць і акрэсленасць як жанр прадмова пачала набываць з развіццём кнігадрукавання, станаўленнем і ростам аўтарскага самаўсведамлення асобных творцаў. Скарына і стаў адным з першых сярод тых, хто выявіў і раскрыў сябе як творчая Асоба менавіта ў прадмовах.

У “Предъсловии в Псалтирь” ён пісаў: “Всяко писание богом водъхненое полезно ест ко учению и ко обличению и ко исправлению и ко наказанию правды. Да совершен будет человек божий и на всяко дело добро уготован, яко светый апостол Павел пишеть. И сего ради светые писма уставлена суть к нашему навчению и справлению, духовному и телесному, различными обычаи. Едины законом ветхым и новым, и другые святыми пророки даны суть нам. Иные деянием светых отець, а некые притчами премудрых учителей; некоторые теже песнями и псалмы, от царя Давыда и от иных божих певцев сложенными, яко ест Псалътырь…”

На працягу трох гадоў – 1517 - 1519 – Францыск Скарына выдаў у Празе 23 кнігі Старога запавету, аб’яднаныя агульнай назвай “Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению”. Пазней – у 1522-м і 1525-м гадах – у Вільні ён дапоўніў свой паслужны спіс выданнем “Малой падарожнай кніжкі” і “Апостала”.

Пасляслоўі Францыска Скарыны, што, як і прадмовы, суправаджалі ўсе без выключэння ягоныя выданні, таксама былі новай, невядомай раней, з’явай літаратуры і публіцыстыкі. Яны вызначаюцца сцісласцю і лаканічнасцю, і хоць не маюць назваў, аднак выдзяляюцца інфарматыўнай напоўненасцю, ідэалагічнай і эстэтычнай значнасцю, што з’яўляецца важнымі прыкметамі сапраўднай публіцыстычнай творчасці. Даследчыкі падзяляюць яго пасляслоўі на чатыры ўмоўныя групы: поўныя, скарочаныя, кароткія і аднасказавыя. І калі ў прадмовах Скарына называе сваё аўтарства, дык у пасляслоўях ён паведамляе аб заканчэнні кнігі, што таксама было не ўласціва ранейшым выданням такога характару. Даследчыкі Скарыніяны прафесары, дактары філасофскіх навук Уладзімір Конан, Сцяпан Падокшын і доктар юрыдычных навук Іосіф Юхо ў гэтай сувязі адзначаюць, што “паняцце закончанасці – важны кампанент рэнесансавай эстэтыкі, арыентаванай на класічную завершанасць мастацкага твора”.

Выдаючы свае кнігі, Скарына клапаціўся і аб тым, каб кожная з іх была добра зразумелай чытачу. Для гэтага на палях лістоў Францыск рабіў пераклад на сучасную яму беларускую мову і даваў тлумачэнне асобных царкоўнаславянскіх слоў, якія, на яго думку, маглі быць незразумелымі простым людзям – неадукаваным ці малаадукаваным чытачам. Так што зусім не выпадкова пазней ён сам характарызаваў Псалтыр як дапаможнік па вывучэнню граматыкі. І калі той жа Псалтыр першадрукар і асветнік разглядаў як кнігу, якая павінна садзейнічаць маральнаму ўдасканальванню чалавека, то ўся Біблія бачылася ім самім важнейшым дапаможнікам для вывучэння пашыраных у той час “сямі вызваленых навук”: граматыкі, рыторыкі, дыялектыкі, арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі і музыкі.

Экземпляры выданняў Францыска Скарыны ў цяперашні час захоўваюцца ў архівах і публічных бібліятэках многіх гарадоў еўрапейскага кантынента: Масквы і Лондана, Прагі і Капенгагена, Кіева і Кракава, Любляны і Пецярбурга, Вільнюса і Вроцлава, Львова і Цюмені… У Мінску, на вялікі жаль, іх – адзінкі… Усяго ж вядомы 388 экземпляраў выданняў: 234 – пражскіх і 154 экземпляры віленскіх кніг.

Скарына быў першым, хто прынёс друкаванае слова як свайму, беларускаму народу, так і ўсім усходнім славянам. Набыўшы бліскучую па тым часе адукацыю далёка ад Бацькаўшчыны, – у Кракаўскім і Падуанскім універсітэтах, здзейсніўшы свой бяспрыкладны выдавецка-асветніцкі подзвіг у Празе і Вільні, ён, тым не менш, застаўся Беларусам – нашым шчырым і праведным земляком. У гісторыі Беларусі ён – насамрэч цэлая эпоха грамадска-палітычнага і культурнага Адраджэння.