
- •А.Ф. Мяснікоў гісторыя беларускай журналістыкі
- •Мэты і задачы курса
- •Тэматычны план вывучэння дысцыпліны
- •Курс лекцый уводзіны
- •Публіцыстыка Адраджэння
- •Узнікненне перыядычнага друку на беларусі
- •Журналістыка беларусі другой паловы хіх – пачатку хх стст. Газета “Мужыцкая праўда”
- •Рэлігійны друк на Беларусі
- •Першая прыватная газета на Беларусі “Минский листок”. Грамадска-палітычная газета “Северо-Западный край”
- •Друк беларусі 1905 – 1917 гадоў Газеты “Наша доля” і “Наша Ніва”
- •Асаблівасці станаўлення беларускага нацыянальнага друку
- •Грамадска-палітычныя выданні Беларусі (1905—1917 гг.)
- •Выданне газеты “Звезда” – першай масавай газеты рсдрп (б)
- •Беларуская журналістыка ў гады замежнай інтэрвенцыі, грамадзянскай вайны і ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі (1918 – 1925 гг.)
- •І іншыя газеты. Першыя маладзёжныя выданні
- •Акруговыя выданні. Рабселькораўскі рух
- •Журналістыка беларусі напярэдадні і ў гады перадваенных пяцігодак (1926 – 1941 гг.) Друк ва ўсходняй частцы тэрыторыі Беларусі
- •Журналістыка ў Заходняй Беларусі
- •Падпольны і партызанскі друк на Беларусі
- •Друк беларусі ў 1946 – 1984 гадах Дзейнасць газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Чырвоная змена” і іншых і іх роля ў аднаўленні народнай гаспадаркі
- •Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага друку напярэдадні і пасля хх з’езда кпсс. Удзел беларускіх газет у выкананні рашэнняў з’езда
- •Эканамічныя рэформы 60-х гадоў хх стагоддзя і прапаганда іх у друку
- •Беларуская журналістыка пачатку пераходнага перыяду (1985 – 1991 гг.) Палітычная інфармацыя на старонках беларускіх газет
- •Беларуская журналістыка на сучасным этапе Развіццё беларускага перыядычнага друку на фоне дэмакратычных пераўтварэнняў
- •Статус сучаснай беларускай журналістыкі
- •Вучэбна-метадычная літаратура па дысцыпліне Асноўная літаратура:
- •Дадатковая літаратура:
- •220035, Мінск, вул. Ціміразева, 65 а.
Статус сучаснай беларускай журналістыкі
Сучасны інфармацыйны рынак суверэннай Беларусі сфарміраваўся і склаўся па-сутнасці на працягу апошніх паўтара-двух дзесяцігоддзяў. Сфарміраваўся і склаўся, натуральна ж, не на голым месцы. Гэтаму папярэднічалі і спрыялі перш за ўсё тыя палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя змены і пераўтварэнні, што адбыліся ў грамадстве ўвогуле. Тут насамрэч “спрацаваў” ленінскі прарочы выраз: “Жыць у грамадстве і быць вольным ад грамадства – нельга!”.
Пачатак 90-х гадоў азнаменаваўся з’яўленнем у інфармацыйнай прасторы Беларусі новых перыядычных выданняў. Новых па статусу, грамадска-палітычнай арыентацыі, заснавальніцкай прыналежнасці і чытацкай скіраванасці… Выказалі жаданне мець свае афіцыйныя друкаваныя органы парламент і ўрад – і на свет Божы з’явіліся “Народная газета” і “Рэспубліка”… “Знайшоўшы” фінансавыя сродкі і танную паліграфічную базу, заснаваў прыватную недзяржаўную газету “Народная воля” дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Іосіф Сярэдзіч… Шмат у чым не пагаджаючыся з афіцыйным адлюстраваннем у дзяржаўных СМІ фізкультурна-спартыўнай тэматыкі, група вядомых спартыўных журналістаў рэспублікі ўтварыла закрытае акцыянернае таварыства “Прессбол” і пачала выдаваць аднайменную газету. З’явіліся штотыднёвік “Свободные новости плюс” і “Белорусская деловая газета”, газеты “Добры вечар” і “Биржи и банки”, “Свабода” і “Пагоня”, часопісы “Дзеяслоў” і “Дэпутацкая трыбуна”, “Аrche” і “Всемирная литература”…
Афіцыйны дазвол шматпартыйнасці, права на стварэнне грамадскіх арганізацый, зафіксаванае ў новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, таксама паспрыялі з’яўленню новых сродкаў масавай інфармацыі. Газеты і часопісы пад назвамі “Политика. Позиция. Прогноз”, “Товарищ”, “Газета Гайдукевича”, “Белоруссия”, “Навіны БНФ” і дзесяткі іншых далі магчымасць практычна ўсім сацыяльным слаям і групам грамадзян выказваць свае інтарэсы і палітычныя пазіцыі. Далёка не ўсе з іх, аднак, вытрымалі выпрабаванне – і часам, і чытацкім даверам – і ў выніку многія проста “сыйшлі ў нябыт”…
Па стану на 2005 год у Беларусі было зарэгістравана амаль паўтары тысячы друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі, 8 інфармацыйных агенцтваў. Былі створаны і дзейнічалі 5 агульнанацыянальных тэлеканалаў: “Першы нацыянальны”, “Лад”, “Агульнанацыянальнае тэлебачанне”, “Сталічнае тэлебачанне”, міжнародны спадарожнікавы тэлеканал “Беларусь-ТВ”. Як сведчыў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь у пасланні, адрасаваным удзельнікам 7-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Журналістыка – 2005”, “інфармацыйная прастора нашай краіны адкрыта і для замежных СМІ, сведчаннем чаму з’яўляюцца звыш 5 тысяч замежных газет, часопісаў, тэлерадыёпраграм, што распаўсюджваюцца ў Беларусі…”
Тады ж Інстытутам сацыяльна-палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі праведзены сацыялагічныя рэйтынгі, у выніку якіх было ўстаноўлена, што 53,5 працэнта чытачоў цікавіць палітычная праблематыка, 52,7 – эканамічная, 48,5 – сацыяльная, 46,3 працэнта – міжнародная праблематыка. Аднак, адзначалася ў справаздачы аб тых жа рэйтынгах, “якасць апублікаваных матэрыялаў далёка не заўсёды і не ўсіх задавальняе”…
Поле (калі не сказаць больш – сапраўдны палігон!) для дзейнасці СМІ рэспублікі было і сапраўды вялікае і неабдымнае. Аднак унутранай канкурэнцыі яны для сябе з аднаго боку не стварылі, з другога – проста баяліся яе… І 90-я гады ХХ-га, і пачатак новага, ХХІ-га стагоддзяў, “прымусілі” супрацоўнікаў сродкаў інфармацыі весці сапраўдную барацьбу за …выжыванне перыядычных выданняў у новых эканамічных умовах. Ці ж жартачкі: тыраж былой галоўнай партыйнай газеты Беларусі – “Звязды” на працягу аднаго толькі дзесяцігоддзя (!) зменшыўся больш чым у пяць разоў і “апусціўся” да мізэрнай для рэспубліканскага выдання лічбы – 33 тысячы экземпляраў. Амаль столькі ж падпісчыкаў і чытачоў страціла “Белорусская нива”… І толькі газета Адміністрацыі Прэзідэнта – “Советская Белоруссия” (“Беларусь сегодня”) імкліва пайшла “ў рост”: яе тыраж за некалькі гадоў вырас да паўмільёна экземпляраў… Спрацавалі, на нашу думку, два галоўныя фактары: 1. Паўсюдная актыўная падтрымка выдання з боку прэзідэнцкай вертыкалі; 2. Заняцце газетай пазіцый, сфармуляваных у свой час тым жа Леніным: “Газета не толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але і калектыўны арганізатар”, гэта значыць, фарміраванне ёю сучаснай інтэгральнай ідэалогіі маладой беларускай дзяржавы…
На жаль, пакуль што, сродкам кансалідацыі розных грамадскіх груп, арганізацый і аб’яднанняў на аснове беларускай нацыянальнай ідэі, агульнадзяржаўных інтарэсаў і каштоўнасцей беларускія газеты, часопісы, тэлебачанне і радыёвяшчанне, на нашу думку, яшчэ не сталі.
Пасля ўступлення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” (люты 1995 года) жыццядзейнасць беларускіх сродкаў масавай камунікацыі ўсё ж такі пачала паволі вырывацца з жорсткіх ціскоў палітычнай цэнзуры. З’явілася магчымасць зрабіць хоць бы першы крок па рэалізацыі прававога падыходу да свабоды друку. Ідэйныя (ці так званыя праграмныя) накірункі перш за ўсё газет пачалі карэкціравацца. У прыватнасці, журналісты ўбачылі і адчулі большую зацікаўленасць чытачоў да ўнутрыпалітычнай тэматыкі, што і натхніла іх на павелічэнне колькасці палітызаваных публікацый. “Появился особый тип журналистики, который отличался нетерпимостью к существующим порядкам и активной поддержкой новых политических и экономических движений”, – пісаў вядомы пецярбургскі даследчык СМІ Валянцін Варашылаў, і з ім, на нашу думку, нельга не пагадзіцца, ацэньваючы перамены ў постсавецкім друку ў цэлым і ў беларускіх перыядычных выданнях – у прыватнасці.
Шматлікія даследванні стану і перспектыў развіцця журналістыкі і наогул – стану сучаснага грамадства сцвярджаюць, што будучыня – за інфармацыйным грамадствам – новым тыпам сацыяльнай арганізацыі жыццядзейнасці чалавецтва. Што ж, мабыць так яно і будзе. Кожная больш-менш развітая дзяржава ўжо не першы год імкнецца надаць асаблівую ўвагу сваёй нацыянальнай інфармацыйнай палітыцы. Стаць выключэннем, гэта значыць, не бачыць і не рэагаваць на так званыя выклікі часу, наша суверэнная дзяржава аніяк не можа. Мы даўно ўвачавідкі пераканаліся: дзяржаўная інфармацыйная палітыка – самы важны і адмысловы фактар дэмакратызацыі кожнага грамадства.
Так, унутраны змест інфармацыйнай палітыкі, яе мэты і задачы не могуць не мець нейкіх “сваіх”, выключна беларускіх, асаблівасцей і характэрных праяўленняў. Праводзячы свой інфармацыйна-палітычны курс, скіраваны на пабудову грамадства з сацыяльна арыентаванай эканомікай, Беларусь і яе вышэйшыя кіруючыя структуры не павінны ігнараваць перш за ўсё нашы нацыянальныя традыцыі і асаблівасці развіцця беларускай дзяржавы, пачынаючы з глыбінь Сярэднявечча. Безумоўна, важныя і актуальныя і ўзровень цяперашняга сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі, і тыя накірункі палітычнай арыентацыі, якіх прытрымліваецца кіраўніцтва суверэннай Беларусі, і многія іншыя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары.
Няпісанымі, як прынята ў такіх выпадках гаварыць, законамі стану і развіцця сродкаў масавай інфармацыі сёння па-ранейшаму з’яўляюцца іх аб’ектыўнасць і праўдзівасць. Толькі яны – аб’ектыўнасць і праўдзівасць – могуць і павінны паспрыяць палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і прававой стабілізацыі маладога суверэннага беларускага грамадства. І, мяркуючы па старонках сённяшніх газет, у рэдакцыйных калектывах гэта выдатна разумеюць. Працуючы, так бы мовіць, на дэмакратызацыю жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь, “Советская Белоруссия” (“Беларусь сегодня”), “Звязда”, “Рэспубліка”, “Народная газета”, “Белорусская нива”, “Знамя юности” і іншыя рэспубліканскія выданні, а таксама абласныя газеты і большасць з раённых перыядычных выданняў, зараз бачаць сваю важнейшую задачу ў спрыянні дзяржаўным структурам у фарміраванні і рэалізацыі асноўных прыярытэтаў беларускай дзяржаўнасці, яе інфармацыйнай палітыкі як першых і галоўных фактараў дэмакратызацыі дзяржаўнага кіравання і надзейнага развіцця грамадства.
На нашу думку, са шматлікіх, безумоўна ж – важных і патрэбных, накірункаў тэматычнай праблематыкі СМІ па-ранейшаму самымі галоўнымі павінны заставацца два з іх – палітычны і эканамічны. Бо менавіта яны вызначаюць стан развіцця грамадства і дэмакратыі ў ім у цэлым, узровень жыцця народа і яго перспектывы на будучыню.