
- •А.Ф. Мяснікоў гісторыя беларускай журналістыкі
- •Мэты і задачы курса
- •Тэматычны план вывучэння дысцыпліны
- •Курс лекцый уводзіны
- •Публіцыстыка Адраджэння
- •Узнікненне перыядычнага друку на беларусі
- •Журналістыка беларусі другой паловы хіх – пачатку хх стст. Газета “Мужыцкая праўда”
- •Рэлігійны друк на Беларусі
- •Першая прыватная газета на Беларусі “Минский листок”. Грамадска-палітычная газета “Северо-Западный край”
- •Друк беларусі 1905 – 1917 гадоў Газеты “Наша доля” і “Наша Ніва”
- •Асаблівасці станаўлення беларускага нацыянальнага друку
- •Грамадска-палітычныя выданні Беларусі (1905—1917 гг.)
- •Выданне газеты “Звезда” – першай масавай газеты рсдрп (б)
- •Беларуская журналістыка ў гады замежнай інтэрвенцыі, грамадзянскай вайны і ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі (1918 – 1925 гг.)
- •І іншыя газеты. Першыя маладзёжныя выданні
- •Акруговыя выданні. Рабселькораўскі рух
- •Журналістыка беларусі напярэдадні і ў гады перадваенных пяцігодак (1926 – 1941 гг.) Друк ва ўсходняй частцы тэрыторыі Беларусі
- •Журналістыка ў Заходняй Беларусі
- •Падпольны і партызанскі друк на Беларусі
- •Друк беларусі ў 1946 – 1984 гадах Дзейнасць газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Чырвоная змена” і іншых і іх роля ў аднаўленні народнай гаспадаркі
- •Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага друку напярэдадні і пасля хх з’езда кпсс. Удзел беларускіх газет у выкананні рашэнняў з’езда
- •Эканамічныя рэформы 60-х гадоў хх стагоддзя і прапаганда іх у друку
- •Беларуская журналістыка пачатку пераходнага перыяду (1985 – 1991 гг.) Палітычная інфармацыя на старонках беларускіх газет
- •Беларуская журналістыка на сучасным этапе Развіццё беларускага перыядычнага друку на фоне дэмакратычных пераўтварэнняў
- •Статус сучаснай беларускай журналістыкі
- •Вучэбна-метадычная літаратура па дысцыпліне Асноўная літаратура:
- •Дадатковая літаратура:
- •220035, Мінск, вул. Ціміразева, 65 а.
Беларуская журналістыка пачатку пераходнага перыяду (1985 – 1991 гг.) Палітычная інфармацыя на старонках беларускіх газет
Інфармаванне свайго насельніцтва і шырокай міжнароднай грамадскасці праз друк, радыё і тэлебачанне аб грамадска-палітычным жыцці і рэальным становішчы ў краіне было для савецкай партыйнай сістэмы ці не самым галоўным галаўным болем на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. У 10-я – 20-я гады газеты і часопісы, калі можна так сказаць, абслугоўвалі вельмі вузкія колы сваіх гаспадароў-заснавальнікаў, ды і выконвалі яны абмежаваныя, хаця і даволі важныя і сур’ёзныя, задачы і функцыі, першай сярод якіх была – барацьба за ўладу… У 30-я, 40-я і нават 50-я гады сродкі масавай інфармацыі працавалі ў жорсткіх рамках сталінска-тэрарыстычнай дзейнасці дзяржаўнага апарату супраць свайго ж народа: было, натуральна, не да праўды і аб маштабах злачынных дзеянняў, і не да сродкаў і метадаў здзяйснення тых злачынстваў… Праўда, 60-я гады “азнаменаваліся” наступленнем так званай хрушчоўскай адлігі, але доўжылася яна зусім не працяглы час… Сярэдзіна 60-х і практычна ўсе 70-я гады зноў сталі ледзь ці не “вяртаннем у сталінізм”: дзякуй Богу, без масавай крыві і шматтысячных рэпрэсій. Падчас знаходжання на чале партыйнай і дзяржаўнай улады Леаніда Брэжнева адбыўся перагляд многіх пазіцый і падыходаў да культу асобы, мелі месца шматлікія спробы апраўдання злачыннай дзейнасці самога Сталіна і яго бліжэйшага акружэння. Зноў у краіне падаўлялася іншадумства, а рэгламентаванасць і зададзенасць дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі стала самай звычайнай штодзённай “з’явай”…
Прайшоўшы вось такія гістарычныя “кругі”, партыйна-савецкая ўлада ў 80-я гады вярнулася, так бы мовіць, на зыходныя, як і на пачатку ХХ стагоддзя, пазіцыі – пазіцыі жорсткай барацьбы за ўладу, новага са старым, прагрэсіўнага – з рэгрэсіўным…
Палітычная інфармацыя на старонках беларускіх перыядычных выданняў, як і ў іншых рэгіёнах Савецкага Саюза, нейкай навізной, пошукам ці знаходкамі форм падачы публікацый і работай з чытачамі не вызначалася. Рэгламентаванасць і зададзенасць усёй сістэмы ўлады, у тым ліку – і штодзённай практычнай работы сродкаў масавай інфармацыі, былі падпарадкаваны, як ужо адзначалася вышэй, асвятленню дзейнасці “аднаго з перадавых атрадаў КПСС – Камуністычнай партыі Беларусі – па ажыццяўленню велічных рашэнняў” партыйных з’ездаў і пленумаў, пастаноў і іншых “каштоўных указанняў”… Газетныя штампы тыпу: “выконваючы гістарычныя рашэнні з’езда…”, “у адказ на рашэнні пленума ЦК КПСС…”, “ідучы насустрач чарговаму партыйнаму форуму…”, “падтрымаўшы каштоўную ініцыятыву…”, “галоўная задача пяцігодкі заключаецца ў паслядоўным ажыццяўленні курсу Камуністычнай партыі на ўздым матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця народа…”, “Кампартыя Беларусі ўзяла курс на інтэнсіфікацыю…”, “на рубяжах пяцігодак журналісты пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Беларусі асаблівую ўвагу ўдзяляюць барацьбе за павышэнне эфектыўнасці вытворчасці…”; рубрыкі і “шапкі” кшталту: “Планы партыі – планы народа”, “Ад з’езда да з’езда”, “Дэлегат вярнуўся са з’езда”, “За радком рашэнняў з’езда”, “Гутаркі на палітычныя тэмы”, “Па адрасах перадавога ідэалагічнага вопыту”, “Слова партыі – ў масы!”, “Спаборніцтва – справа творчая”, “Трыбуна правафланговых“, “Памножым ударнай працай магутнасць і росквіт Радзімы”, “Пытанні кіраўніцтва” і многія, многія іншыя на працягу шэрагу гадоў і нават дзесяцігоддзяў “упрыгожвалі” старонкі “Звязды” і “Советской Белоруссии”, “Сельской газеты” і “Чырвонай змены”, “Знамени юности” і абласных газет. Выконваліся ідэалагічныя і палітычныя ўстаноўкі ўлад, накіраваныя на “мабілізацыю” народа на ажыццяўленне “велічных задач Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы”… Ідэалагічная, палітычная апрацоўка насельніцтва рэспублікі праз сродкі масавай інфармацыі, такім чынам, вялася ў рэчышчы выканання агульнапартыйных і агульнасавецкіх установак і распараджэнняў.
А потым былі падзеі 1991-га: распад апошняй імперыі на Зямлі – Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, з’яўленне на геаграфічнай карце новых суверэнных незалежных дзяржаў, усталяванне ў многіх з іх сапраўднай дэмакратыі, свабод, у тым ліку і адной з важнейшых з іх – свабоды слова і друку…
На адной шостай частцы зямнога шара пачаўся рэальны пераход ад таталітарнага аднапартыйнага рэжыму да цывілізаванага дэмакратычнага прававога грамадства.
Пачатак працэсу дэмакратызацыі сродкаў масавай інфармацыі ў Савецкім Саюзе многія даследчыкі журналістыкі звязваюць з рашэннямі красавіцкага (1985 года) пленума Цэнтральнага камітэта КПСС. Што ж, у пэўнай ступені пагадзіцца з такім довадам можна і трэба. Насамрэч, на старонках перыядычных выданняў, у тэле- і радыёперадачах на нябачную раней моц загучалі новыя, яшчэ ўчора забароненыя, тэмы. Аб’яўленая новым камуністычным лідэрам краіны Міхаілам Гарбачовым перабудова закранала літаральна ўсе бакі жыццядзейнасці тагачаснага савецкага грамадства, так што СМІ ў цэлым, ды і практычна ўсе без выключэння газеты, часопісы, тэле- і радыёканалы – ў прыватнасці проста не маглі застацца ў баку ад новых, перабудовачных працэсаў. Напрыклад, тыя ж праблемы партыйна-камуністычнага жыцця “знайшлі” нарэшце на старонках друку і ў тэлерадыёперадачах больш поўнае, практычна без купюр, адлюстраванне. Чытачы, глядачы і слухачы пераканаліся, што ёсць у вышэйшых эшалонах улады і карупцыя, і хабарніцтва, і пратэкцыянізм, і іншыя злоўжыванні, якія раней, нібыта, і не былі ўласцівыя партыйна-савецкай сістэме ўлады – “самай справядлівай на Зямлі”… Выказванне думак і меркаванняў, за якія ў папярэднія гады і дзесяцігоддзі людзі траплялі ў турэмнае зняволенне і нават развітваліся з жыццём, падчас разгортвання публічнасці стала для друку, тэле- і радыёперадач самай звычайнай з’явай. Журналісты маглі смела крытыкаваць не толькі палітыку партыі і ўрада, але і “самога” Гарбачова…
Тады ж, напрыканцы 80-х – на самым пачатку 90-х гадоў, адбыўся не толькі перагляд і пераацэнка маральных каштоўнасцей, але і свайго роду пераразмеркаванне функцый і накірункаў дзейнасці галоўных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі краіны. У прыватнасці, ленінская бальшавіцка-камуністычная газета “Правда”, якая налічвала на той час 75-гадовую гісторыю існавання і мела шматмільённы тыраж, у выніку рэальнага пераходу СССР ад аднапартыйнасці да шматпартыйнасці перастала быць галоўным “калектыўным прапагандыстам, калектыўным агітатарам і калектыўным арганізатарам” (вызначэнне Леніна) і засталася вузка партыйным друкаваным органам камуністаў – не больш. Газета па-сутнасці была пазбаўлена адной са сваіх асноўных функцый – палітычнага інфарматара. Практычна страцілі свой “уплыў” і сваё ўздзеянне на шырокія колы працоўных і такія масавыя і папулярныя раней агульнасаюзныя выданні, як “Известия Советов депутатов трудящихся”, “Труд”, “Комсомольская правда”, хаця, трэба зазначыць: у адрозненне ад “Правды” сваю тэматыку, а дакладней кажучы – сваю нішу ў новай грамадска-палітычнай абстаноўцы, гэтыя газеты знайшлі…