Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
6.Гісторыя бел.журналістыкі.Мяснікоў.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
799.74 Кб
Скачать

Эканамічныя рэформы 60-х гадоў хх стагоддзя і прапаганда іх у друку

У шасцідзесятыя гады ХХ стагоддзя ў эканамічным і сацыяльным развіцці Савецкага Саюза вызначыліся пэўны рост і дасягненні. Поўнасцю аднавілася работа практычна ўсіх прамысловых прадпрыемстваў, разбураных і знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны, на новыя рубяжы выйшлі сельская гаспадарка, будаўнічы комплекс, транспарт і сувязь. Больш-менш стабілізавалася забеспячэнне працоўных прадуктамі харчавання і прадметамі першай неабходнасці, запрацавалі сацыяльная сфера і культурна-асветныя ўстановы. Праўда, у палітычным, ідэалагічным і выхаваўчым жыцці па-ранейшаму давалі аб сабе знаць уціск, заангажаванасць, рэгламентаванасць, недазволенасць…

Сродкі масавай інфармацыі, як і раней, пастаянна атрымлівалі “кіруючыя і накіроўваючыя” ўказанні і ўстаноўкі з боку сваіх заснавальнікаў – адпаведных партыйных камітэтаў і органаў. Як сведчаць даследчыкі друку таго часу, “на далейшае ўмацаванне і развіццё друку, удасканаленне журналісцкага майстэрства, развіццё рабселькораўскага руху” былі накіраваны шэраг чарговых дакументаў ЦК КПСС: пастановы “Аб 50-годдзі газеты “Правда”, “Аб чарговых задачах ідэалагічнай работы партыі”, “Аб падрыхтоўцы да 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі”, “Аб падрыхтоўцы да 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, “Аб павышэнні ролі раённых газет у камуністычным выхаванні працоўных”; а таксама пастанова ЦК КПБ “Аб 50-годдзі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі” і іншыя.

Эканамічным пераўтварэнням і новым набыткам народнагаспадарчага комплексу Беларусі ў значнай ступені спрыялі знойдзеныя і шырока выкарыстаныя ў той час новыя для беларускага друку формы і метады штодзённай дзейнасці. Шэфства рэспубліканскіх газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Сельская газета”, “Чырвоная змена”, “Знамя юности”, абласных – “Мінская праўда”, “Віцебскі рабочы”, “Гродненская правда”, “Заря” (Брэст), “Гомельская праўда”, “Магілёўская праўда”, дзесяткаў раённых перыядычных выданняў над асноўнымі новабудоўлямі і пускавымі аб’ектамі, найбольш важнымі для рэспублікі і адпаведных рэгіёнаў прадпрыемствамі і навукова-даследчымі ўстановамі; рэгулярнае, загадзя спланаванае правядзенне рэйдаў і аглядаў, праверак выканання планаў і сацыялістычных абавязацельстваў; семінары і тэматычныя лятучкі, наладжаныя для супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі непасрэдна на вытворчасці; пастаянна дзеючыя школы журналісцкага майстэрства пры Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПБ і Саюзе журналістаў Беларусі, а таксама пры абласных і некаторых гарадскіх і раённых партыйных камітэтах; рэгулярныя прэс-канферэнцыі для журналістаў, што працавалі па канкрэтнай тэматыцы, – гэтыя і некаторыя іншыя формы і метады работы ўпершыню пачалі практыкавацца ў нашай рэспубліцы менавіта ў шасцідзесятыя – сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя. І яны, несумненна, былі надзейным сродкам больш глыбокага і дасканалага асэнсавання і засваення тых эканамічных рэформаў, давалі вялікі эфект, з’яўляліся для супрацоўнікаў СМІ важнай крыніцай удасканалення журналісцкага майстэрства, папаўнення багажу і навыкаў творчай дзейнасці.

Натуральна ж, з’явіліся на газетных старонках і новыя, адпаведныя часу, рубрыкі і раздзелы, нават цэлыя тэматычныя старонкі і развароты. “Старонка сацыялістычнага спаборніцтва”, “Правяраем выкананне абавязацельстваў”, “Звязда” на меліярацыі Палесся”, “На падшэфных будоўлях”, “Даў слова – стрымай яго!”, “Флагманы індустрыі”, “Рэйд-агляд”, “Партарганізацыя і рэформа”, “Выканаем сямігодку за чатыры гады!”, “Сямігодка – родная, кроўная справа кожнага савецкага чалавека”, “Ініцыятыва і вопыт” – гэта толькі асобныя назвы рубрык і старонак газет рэспублікі 60-х гадоў.

У 60-я гады ў Беларусі выходзіла 171 газета: 11 рэспубліканскіх, 6 абласных, 11 аб’яднаных, 106 раённых, 2 гарадскія, 35 шматтыражных – агульным разавым тыражом 4 мільёны экземпляраў. Выдаваліся таксама 20 часопісаў і некалькі бюлетэняў, тыраж якіх складаў каля 2 мільёнаў экземпляраў.

Гэтым жа гадам, на жаль, былі ўласцівыя і негатыўныя тэндэнцыі ў асвятленні шматграннай жыццядзейнасці беларускага грамадства. Уласна кажучы, гэта быў “грэх” усяго партыйна-савецкага друку. Перш за ўсё, жорсткія ўмовы і падыходы прад’яўляла да дзейнасці прэсы савецкая цэнзура – ці не адзіная ў той час на еўрапейскім кантыненце. Галоўнае ўпраўленне па ахове тайнаў у друку (Галоўліт) пры Савеце Міністраў Беларусі мела надзвычай вялікія паўнамоцтвы. Яго супрацоўнікі (чытай: вышэйшыя афіцэры органаў КДБ) кожны дзень перад здачай нумароў газет і часопісаў у друкарню для тыражавання ўважліва, у прамым сэнсе слоў – з чырвоным алоўкам у руках, чыталі і перачытвалі кожны артыкул, кожную нават невялічкую заметку і інфармацыю… Не дазволеныя для шырокай агалоскі факты і лічбы бязлітасна выкрэсліваліся імі, а рэдакцыям, якія “мелі намер выдаць тую ці іншую дзяржаўную тайну”, рабіліся заўвагі і папярэджанні. Калі такіх “вмешательств” на працягу года збіралася некалькі, маглі быць зроблены і кадравыя высновы ў рэдакцыйным калектыве…

Пад дзяржаўна-партыйнай забаронай і строгім кантролем знаходзіліся не толькі асобныя лічбы і факты, але і цэлыя тэмы, напрамкі дзейнасці некаторых дзяржаўных службаў, органаў і арганізацый. Перш за ўсё гэта былі шматлікія негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства ў цэлым. Многія правапарушэнні (у прыватнасці, правы чалавека ў грамадстве, абмежаванні ў свабодным перамяшчэнні грамадзян і іх выбары месца для жыхарства, палітычныя свабоды, сапраўдная свабода сходаў, мітынгаў, свабода друку і г.д.) таксама “не падлягалі” ў савецкім грамадстве не тое што шырокаму абмеркаванню ці адлюстраванню, а нават згадванню аб гэтых негатыўных праявах. Шмат было праблемных сітуацый і супярэчнасцей і ўнутры партыйных, савецкіх, гаспадарчых, прафсаюзных і камсамольскіх органаў і структур, ва ўзаемаадносінах іх паміж сабой, што таксама заставалася для радавога чалавека тайнай за сямю пячаткамі…

З вялікай цяжкасцю, праз шматлікія цэнзарскія рагаткі прабівалі сабе дарогу на старонкі сродкаў масавай інфармацыі і такія напрамкі і тэмы, як невядомыя раней ці наўмысна скажоныя старонкі нашай шматпакутнай гісторыі, рэпрэсіі 30-х – 40-х гадоў, масавы калабаранцкі рух у гады Вялікай Айчыннай вайны, праследаванне за іншадумства… Затое па-ранейшаму хапала (нават зашмат было!) так званай палітычнай траскатні, словаблудства і словаслоўя, заздароўных панегірыкаў, заказных юбілейных артыкулаў і цэлых палос…

Эканамічныя набыткі і дасягненні ў 60-я гады ХХ стагоддзя месца мелі, гэта – факт! Савецкаму ж грамадству, у тым ліку і беларускаму як аднаму са складнікаў той сістэмы, востра патрэбны былі і іншыя пераўтварэнні – перш за ўсё палітычныя, дзяржаўныя, сацыяльныя. Яны ж, вобразна кажучы, у дарозе яўна затрымліваліся…