Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
6.Гісторыя бел.журналістыкі.Мяснікоў.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
799.74 Кб
Скачать

Друк беларусі ў 1946 – 1984 гадах Дзейнасць газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Чырвоная змена” і іншых і іх роля ў аднаўленні народнай гаспадаркі

У верасні 1944 года Цэнтральны камітэт ВКП (бальшавікоў) прыняў пастанову “Аб бліжэйшых задачах партыйных арганізацый КП (б) Беларусі ў галіне масава-палітычнай і культурна-асветнай работы сярод насельніцтва”. Сярод актуальных задач жыцця засяроджвалася ўвага на разгортванні работы ў масах насельніцтва выключна па ўсіх напрамках, вызначаліся мэты па неадкладнаму аднаўленню культурна-асветных устаноў, “арганізацыі ідэйна-палітычнага выхавання партыйных, савецкіх, прафсаюзных, камсамольскіх кадраў і інтэлігенцыі”. У дакуменце было ўказана на неабходнасць стварыць у Беларускім дзяржаўным універсітэце факультэт журналістыкі. Дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі па-ранейшаму бралася пад жорсткі і неаслабны кантроль, для чаго рэкамендавалася бюро Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі, абласным і раённым камітэтам партыі заслухоўваць планы работы газет і справаздачы рэдактараў, а таксама справаздачы сакратароў гэтых партыйных камітэтаў аб кіраўніцтве адпаведнымі друкаванымі органамі.

Апынуўшыся ў вызваленым Мінску, нягледзячы на шматлікія цяжкасці з журналісцкімі кадрамі, матэрыяльна-тэхнічным і фінансавым забеспячэннем, рэдакцыйныя калектывы выданняў, і перш за ўсё – “Звязды”, “Советской Белоруссии”, “Чырвонай змены” і іншых рэспубліканскіх газет, адразу ж накіравалі ўсе свае намаганні на выкананне гэтых і многіх іншых дырэктыўных установак і даручэнняў. Тэматыка выступленняў СМІ з кожным днём пашыралася і паглыблялася. Канчатковае вызваленне ўсёй беларускай тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; вялікая і насамрэч бескарыслівая дапамога нашаму народу ў аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі, аказваемая тагачаснымі братнімі саюзнымі рэспублікамі; мірная гераічная праца тысяч беларусаў – гэта былі сапраўдныя магістральныя накірункі дзейнасці рэдакцыйных калектываў. Рубрыкі “Хутка дастаўляць грузы наступаючай Чырвонай Арміі”, “Новым працоўным уздымам адказвае беларускі народ на перамогі Чырвонай Арміі”, “У авангардзе спаборніцтва”, “Масавая падрыхтоўка калгасных кадраў”, “Грамадскі агляд гатоўнасці да сяўбы”, “На палях рэспублікі”, “Сёння ідуць наперадзе” і многія іншыя сведчылі аб незвычайным памкненні і жаданні і журналістаў, і ўсіх працоўных Беларусі як мага хутчэй аднавіць мірнае стваральнае жыццё.

У сакавіку 1946 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі Беларускай ССР на 1946 – 1950 гады. Ужо ў ім ставілася надзвычай высокая і адказная задача: пераўзыйсці даваенны ўзровень эканомікі на 15 працэнтаў. У распаўсюджванне планаў, прапаганду па іх выкананню рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі ўключыліся адразу ж і на поўную магутнасць. Змяшчаючы каментарый да Закона, “Звязда”, напрыклад, адзначала: “…У ім – велічная праграма жыцця, працы і барацьбы савецкага народа, у ім – велічная праграма аднаўлення і перакрыцця даваеннага ўзроўню прамысловасці, сельскай гаспадаркі і культуры і далейшага руху наперад, да новых поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва”… А літаральна праз два дні – 26 сакавіка 1946-га – “Советская Белоруссия” ўжо засведчыла: “З усіх куткоў рэспублікі прыходзяць весткі аб высокім патрыятычным уздыме беларускага народа…”

Так, няпроста з сённяшніх пазіцый “адчуць” і зразумець тыя патрыятычныя пачуцці і перакананні, якія, так бы мовіць, перапаўнялі і ўвесь беларускі народ у цэлым, і супрацоўнікаў СМІ – ў прыватнасці. Безумоўна, у прапагандысцкай, ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, якую закліканы былі весці перш за ўсё газеты, хапала так званай напышлівасці, палітычнай траскатні, ура-патрыятызму, надуманасці, фармалізму і г.д., і да т.п. І тым не менш, рабіць што-кольвечы іншае, весці сябе па-іншаму і сродкі інфармацыі, і асобна ўзятыя журналісты не маглі і не мелі на тое аніякага маральна-этычнага права. Нацярпеўшыся за тры гады акупацыі столькі бядот і гора, праліўшы рэкі людской крыві, страціўшы кожнага трэцяга свайго жыхара, не далічыўшыся толькі ў прамысловасці і будаўніцтве 6,3 мільярда рублёў, беларускі народ насамрэч самаахвярна і самааддана накіраваў усе свае наяўныя магчымасці і рэзервы, часам апошнія з апошніх сіл на тое, каб як мага хутчэй стаць на ногі, аднавіць разбураную гаспадарку, выйсці на ранейшы ўзровень жыцця… І словы друку тут былі зусім не лішнімі…

Усё новыя і новыя рубрыкі і раздзелы з’яўляліся на старонках рэспубліканскіх, абласных і раённых перыядычных выданняў: “Па плану новай пяцігодкі”, “Старонкі перадавога вопыту”, “Расце індустрыяльная магутнасць Беларусі”, “Людзі новай пяцігодкі”, “Пісьмы з новабудоўляў”, “На важнейшых будоўлях рэспублікі”, “Шырыць спаборніцтва на прамысловых прадпрыемствах і новабудоўлях”, “Стаханаўскі лекторый”, “Трактарны завод – першачарговая ўдарная будоўля”, “За высокі ўраджай”, “Завочная агратэхнічная школа”… Пад імі былі змешчаны сотні перадавых артыкулаў і карэспандэнцый, рэпартажаў і замалёвак, нарысаў і крытычных артыкулаў аб усім станоўчым і перадавым, што праяўлялася падчас сапраўднай барацьбы за ажыццяўленне планаў пяцігодкі ва ўсіх без выключэння гарадах і раёнах рэспублікі, а таксама і аб тым, што перашкаджала ўпэўненаму руху наперад, да чарговых набыткаў і дасягненняў.

На працягу тых жа 1946-га – першай паловы 1950-х гадоў Цэнтральны камітэт ВКП (б) і ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі прынялі яшчэ некалькі пастаноў і рашэнняў, накіраваных на пашырэнне і паглыбленне дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі выключна ва ўсіх сферах эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага і культурнага жыцця краіны ў цэлым і нашай рэспублікі – ў прыватнасці. Гэта былі такія дакументы, як “Аб мерах па паляпшэнню абласных газет “Молот” (Растоў-на-Доне), “Волжская коммуна” (Куйбышаў) і “Курская правда”, “Аб партыйных і грамадска-палітычных часопісах”, “Аб часопісах “Звезда” і “Ленинград”, Аб падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кіруючых партыйных і савецкіх работнікаў”, “Аб мерах па паляпшэнню раённых газет” (усе – пастановы ЦК ВКП (б); а таксама пастановы ЦК Кампартыі Беларусі “Аб паляпшэнні якасці рэспубліканскіх газет”, “Аб рабоце газеты “Советская Белоруссия”, “Аб няправільных адносінах Мінскага абкома КП (б) Б да крытыкі ў друку”, “Аб кіраўніцтве Сіроцінскага РК КП (б) Б газетай “Сталінскі сцяг” і задачы раённых газет”, “Аб распаўсюджванні і дастаўцы перыядычнага друку ў рэспубліцы”, “Аб рэагаванні на крытычныя выступленні друку”, “Аб газеце “Калгасная праўда”, “Аб паляпшэнні кіраўніцтва рабселькораўскім рухам” і інш. У адказ на патрабаванні партыі і ўрада былі павялічаны аб’ёмы газет да 4 палос, уведзены пасады ўласных карэспандэнтаў рэспубліканскіх газет па абласцях і абласных – па раёнах рэспублікі, рэспубліканскія газеты пачалі выходзіць пяць разоў у тыдзень…

Шмат увагі рэспубліканскія, абласныя і раённыя перыядычныя выданні надавалі новабудоўлям, што з’явіліся літаральна на ўсёй карце Беларусі. З Салігорскага калійнага камбіната і Полацкага нафтаперапрацоўчага завода, Светлагорскага камбіната штучнага валакна і мінскіх трактарнага, аўтамабільнага заводаў публікаваліся дзесяткі артыкулаў, рэпартажаў, карэспандэнцый, нарысаў і замалёвак аб штодзённым жыцці гэтых вытворчых калектываў. З’явіліся цэлыя галіны, новыя для нашай рэспублікі: мінеральных угнаенняў, электронная, баваўняная, нафтаздабываючая і нафтаперапрацоўчая, дакладнага прыборабудавання, і СМІ таксама надавалі ім вялікую першаступенную ўвагу і значэнне.

Знамянальнай падзеяй першых пасляваенных гадоў стаў удзел беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва ў Дэкадзе беларускай савецкай літаратуры ў Маскве ў студзені-лютым 1949 года, прысвечанай 30-годдзю ўтварэння Беларускай ССР. У друку шырока прапагандаваліся творы беларускіх літаратараў. Характэрнай асаблівасцю тых гадоў было і тое, што ў газетах на штатнай аснове з ахвотай працавалі многія пісьменнікі і паэты: Іван Навуменка, Тарас Хадкевіч, Антон Бялевіч, Мікалай Матукоўскі, Нічыпар Пашкевіч, Мікола Вішнеўскі – у “Звяздзе”, Іван Новікаў і Яфім Садоўскі – ў “Советской Белоруссии”, Алесь Асіпенка, Васіль Бурносаў, Вера Палтаран, Георгій Шчарбатаў – у “Чырвонай змене”. Пазаштатнымі ж супрацоўнікамі гэтых і іншых выданняў з гонарам і вялікай адказнасцю лічылі сябе Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Кандрат Крапіва, Васіль Вітка, Алесь Якімовіч, Аляксей Кулакоўскі і іншыя творцы. З грунтоўнымі артыкуламі па надзённых праблемах беларускага нацыянальнага мастацтва і культуры выступалі таксама кампазітары Анатоль Багатыроў, Яўген Цікоцкі, дырыжоры і мастацкія кіраўнікі творчых калектываў Іосіф Жыновіч, Генадзь Цітовіч, Рыгор Шырма, артысты Стэфанія Станюта, Барыс Платонаў, Леанід Рахленка…

Разам з тым, партыя не прамінала выпадку ўказаць перыядычным выданням і на недахопы ў іх дзейнасці. Так, асобнай пастановай ЦК КП (б) Беларусі былі адзначаны пралікі і хібы ў рабоце часопісаў “Полымя” і “Беларусь”, запатрабаваны строгі і прынцыповы падыход да мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў, якія друкаваліся на іх старонках. Калектывы гэтых часопісаў, а таксама рэдакцыя газеты “Літаратура і мастацтва” былі ўмацаваны новымі творчымі супрацоўнікамі… Адзначаліся таксама пралікі ў рабоце абласных газет “Мінская праўда”, “Гродненская правда”, “За Радзіму” (Магілёў), мазырскай “Зары”, “Віцебскага рабочага”. Яны крытыкаваліся за “бессістэмнасць, адсутнасць сувязі з працоўнымі калектывамі, павярхоўнасць у паказе спраў у прамысловасці, слабы паказ ролі партыйных арганізацый, рэдкае публікаванне артыкулаў сакратароў партыйных арганізацый”…

Абласныя і раённыя ўлады адразу ж адрэагавалі на крытыку: для супрацоўнікаў газет былі наладжаны курсы перападрыхтоўкі, больш увагі пачало надавацца партыйна-ідэалагічнай тэматыцы, на старонках газет з’явіліся новыя рубрыкі, а ў штатах рэдакцый – новыя аддзелы…

Пільная і неаслабная ўвага надавалася і заходнебеларускаму друку – новаму ў сістэме савецкіх сродкаў масавай інфармацыі. Ужо ў красавіку 1945 года па рашэнню ЦК КП (б) Беларусі для сялян заходніх абласцей БССР пачала выдавацца газета “Савецкі селянін” (на беларускай і рускай мовах). Тыраж газеты складаў 50 тысяч экземпляраў: гэта было зроблена з далёка ідучым разлікам на тое, што выданне павінна было як мага паўней “вызваляць” шырокія масы працоўных ад “шкодных” уплываў царквы, усяляк бэсціць і “развінчваць” кулакоў і іншых “ворагаў” новай савецкай улады… Газета друкавала цэлыя старонкі пад рубрыкамі “Працай праславім Радзіму сваю”, “Зноў расквітнее Савецкая Беларусь”, “За шчасце сваё”, “За росквіт Радзімы”; пастаяннымі, з нумара ў нумар былі і рубрыкі “Па Саюзу Саветаў”, “Па Савецкай Беларусі”, “У дапамогу калгаснаму актывісту”, “За высокі ўраджай”, “У калгаснай вёсцы”, “Наш даведнік”, “Пісьмы ў рэдакцыю” і інш.

Як ужо адзначалася вышэй, з 1 кастрычніка 1950 года газета “Савецкі селянін” пачала выходзіць пад назвай “Калгасная праўда”. Яна стала агульнарэспубліканскай масавай сялянскай газетай. З кастрычніка 1962-га гэта – “Сельская газета” (на рускай мове). Цяпер яна носіць назву “Белорусская нива”.

У 50-я гады ХХ-га стагоддзя ў рэспубліцы з’явіліся і новыя перыядычныя выданні: газета “Физкультурник Белоруссии” (з 1951 г.), часопісы “Калгаснік Беларусі” і “Маладосць” (абодва – з 1953 г.), “Здравоохранение Белоруссии” (з 1955 г.), “Вясёлка” (з 1957 г.).

Па стану на 1952 год у Беларусі выходзілі 10 рэспубліканскіх, 12 абласных, 174 раённыя, 123 газеты палітаддзелаў машынна-трактарных станцый (МТС), створаных у раёнах былой Заходняй Беларусі, 14 галіновых і шматтыражных газет, 14 часопісаў – усяго 347 перыядычных выданняў. Іх разавы тыраж складаў звыш 1 мільёна экземпляраў. Для параўнання: праз сем гадоў – у 1959-м – тыраж быў роўны ўжо 1,7 мільёна экземпляраў.