Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
6.Гісторыя бел.журналістыкі.Мяснікоў.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
799.74 Кб
Скачать

Падпольны і партызанскі друк на Беларусі

“Ударам незвычайнай разбуральнай сілы па ўсёй акупацыйнай палітыцы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі” назвалі даследчыкі друку перыяду Вялікай Айчыннай вайны выхад 18 мая 1942 года ў акупіраваным Мінску першага нумара падпольнай “Звязды” – органа Мінскага падпольнага гаркома Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі.

Падрыхтоўка і выданне першага нумара газеты было смяротна небяспечнай і рызыкоўнай справай. Яе ажыццяўленне падпольны гарком даручыў групе патрыётаў-падпольшчыкаў на чале з таленавітым журналістам Уладзімірам Амельянюком. Ім асабіста перш за ўсё была праведзена вялікая арганізацыйная праца: знаёмства і наладжванне кантактаў з журналістамі, якія знаходзіліся ў акупіраваным Мінску, пошуку надзейных людзей у друкарнях, наладжванне і абсталяванне явачных кватэр… Галоўным жа было, несумненна, правядзенне ўсіх гэтых рызыкоўных дзеянняў у строга заканспіраваных умовах. У Мінску панаваў жорсткі тэрор, штодзённа і штогадзінна вялі сваю гнюсную справу правакатары і даносчыкі, так што кожны неабдуманы крок з боку Амельянюка і яго памочнікаў мог стаць і апошнім…

Выданне ва ўмовах акупацыі першага нумара папулярнай даваеннай газеты стала сапраўднай сенсацыяй як для гітлераўцаў, так і для жыхароў акупіраванай Беларусі. Перш за ўсё гэта з’явілася сведчаннем таго, што наш народ не скарыўся так званаму новаму фашысцкаму парадку, што беларусы рашуча непагаджаліся з нацысцкай ідэалогіяй.

У № 1 побач з загалоўкам газеты знаходзіліся словы-заклік: “Таварышы! З сённяшняга дня Мінскі гарком КП (б) Б аднаўляе выданне свайго органа – газеты “Звязда”. Пішыце ў газету аб жыцці партызанскіх атрадаў, аб баявой іх дзейнасці, аб паасобных партызанах, якія праявілі сябе ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі”… Тут жа – перадавы артыкул “Шырэй партызанскую барацьбу!”.

“Партызан! – звярталася “Звязда” ў першым нумары непасрэдна да народных мсціўцаў. – Ты бачыш, на фронт цягнуцца нямецкія эшалоны, гружаныя салдатамі, боепрыпасамі і тэхнікай! Узрывай чыгуначнае палатно, масты, пускай пад адхон саставы – гэтым ты палегчыш наступленне Чырвонай Арміі. Бачыш тэлефонны кабель – рві яго, гэтым ты перарвеш сувязь і ўнясеш замяшанне ў асяроддзе акупанта.

Будзь мужным у барацьбе. Час расплаты набліжаецца. Адпомсці за мукі свайго народа.

Дабівайся таго, каб ніводны нямецкі загад не выконваўся там, дзе ты знаходзішся!

Смерць нямецкім акупантам!

Няхай жыве перамога!”.

Пад рубрыкай “Весткі з франтоў Вялікай Айчыннай вайны” газета апублікавала так патрэбныя народу праўдзівыя паведамленні Саўінфармбюро аб становішчы на перадавой, у тыле ворага, а таксама паведамленне Савецкага ўрада аб заснаванні новай высокай баявой узнагароды – ордэна Айчыннай вайны…

Праз 8 дзён пасля выхаду ў свет першага нумара падпольнай “Звязды” жыццё Уладзіміра Амельянюка абарвалася… Яго высачыў здраднік-правакатар, і калі Уладзімір Сцяпанавіч паімкнуўся ўцячы ад таго, той стрэліў з пісталета ў спіну рэдактара. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 года Уладзіміру Амельянюку, адзінаму ў Савецкім Саюзе рэдактару падпольнага выдання, было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Аднак і такая вялізная страта не спыніла мінскіх патрыётаў-падпольшчыкаў. Па рашэнню гарадскога падпольнага партыйнага цэнтра адказным за выпуск газеты быў прызначаны Вячаслаў Нікіфараў. Пад яго кіраўніцтвам былі выдадзены 2 – 4 нумары “Звязды” і падрыхтаваны 5-ы.

Гітлераўцы збіліся з ног у пошуку ў горадзе месца выдання “Звязды”, яе супрацоўнікаў і тых, хто спрыяў ім. За выдачу месца знаходжання рэдакцыі была абяцана вялізная сума грошай – 75 тысяч рэйхмарак. Аднак такога здрадніка – знаўцы так і не знайшлося…

Матэрыялы для чатырох нумароў выдадзенай “Звязды” непасрэдна збіралі і пісалі Уладзімір Амельянюк, Вячаслаў Нікіфараў, Ядзвіга Савіцкая і Уладзімір Казачонак. Над наборам і друкаваннем яе шчыравалі Міхаіл Чыпчын, бацька і сын Міхаіл Паўлавіч і Міхаіл Міхайлавіч Воранавы, Барыс Пупко, Хасен Александровіч, Сяргей Благаразумаў, Клаўдзія Фалдзіна, Пётр Хадасевіч, Таццяна Якавенка і іншыя мінскія патрыёты.

Тыраж “Звязды”-падпольшчыцы дасягаў 4 тысяч экземпляраў. Пад рубрыкамі і “шапкамі” “Беларусь была і будзе савецкай!”, “Настаў час свяшчэннай і бязлітаснай расплаты з крывавым ворагам!”, “Да зброі кліча нас маці-Радзіма, кліча наша бальшавіцкая партыя!”, “Усе на барацьбу з нямецкімі акупантамі!”; у перадавых артыкулах, артыкулах і карэспандэнцыях “Правал планаў Гітлера”, “Палыхае полымя партызанскай вайны” і іншых газета заклікала беларусаў да ўсенароднай барацьбы з захопнікамі.

Чацвёрты нумар падпольнай “Звязды” выйшаў 20 верасня 1942 года. Выданне шырока распаўсюджвалася не толькі ў самім Мінску і партызанскіх брыгадах і атрадах, але і з дапамогай мінскіх чыгуначнікаў адпраўлялася ў іншыя гарады і населеныя пункты Беларусі.

На 27 верасня 1942-га намячаўся выхад чарговага, пятага нумара… Ён загадзя быў набраны і звярстаны, аднак у ноч на 26 верасня былі арыштаваны многія падпольшчыкі, у тым ліку і В. Нікіфараў, а на працягу наступных некалькіх дзён – і іншыя ўдзельнікі выдання газеты. Практычна ўсе яны былі закатаваны гітлераўцамі…

Але ўжо напрыканцы таго ж, 1942 года, Цэнтральны камітэт КП (б) Беларусі прыняў рашэнне аднавіць выданне “Звязды” – на гэты раз у зоне дзеянняў партызанскіх брыгад і атрадаў. Рэдактарам газеты быў прызначаны Міхаіл Барашкаў – таксама вядомы і таленавіты журналіст, даваенны рэдактар “Чырвонай змены”. Супрацоўнікамі “Звязды” сталі: Піліп Касцюкавец – былы рэдактар Любанскай раённай газеты; Георгій Шчарбатаў, які ў якасці спецыяльнага карэспандэнта газет “Савецкая Беларусь”, “За савецкую Беларусь” і “За свабодную Беларусь” і газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” знаходзіўся на акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі нашай рэспублікі; даваенны карэспандэнт “Советской Белоруссии” Аляксандр Сакевіч; а таксама даваенныя супрацоўнікі Капаткевіцкай раённай газеты Амяллян Шурпач, Ніна Цылько і Мікалай Курыка. Пазней у рэдакцыі з’явіўся і свой радыст для прыёму паведамленняў Саўінфармбюро – ім стаў Юрый Захараў.

У канцы студзеня 1943 года з Вялікай зямлі самалётам на так званы партызанскі востраў Зыслаў у Любанскім раёне Міншчыны былі дастаўлены друкарня, папера і фарба для будучага выдання. Тым жа самалётам прыляцеў і М. Барашкаў. Разам са сваімі падначаленымі ён размясціўся і пачаў актыўную падрыхтоўку да справы ў вёсцы пад назвай Шостая брыгада – ў хатах мясцовых сялянак Марфы Мігун і Марылі Бубіч. А літаральна праз некалькі дзён – 27 студзеня 1943-га – выйшаў у свет першы нумар газеты – на гэты раз “Звязды”-партызанкі…

Дарэчы, там жа, на Любаншчыне, 31 студзеня 1943 года гэтым жа невялікім калектывам журналістаў і паліграфістаў адначасова пачалося выданне і газеты “Чырвоная змена” – органа Цэнтральнага камітэта і Мінскага абкома ЛКСМ Беларусі. “Звязда” выходзіла двойчы ў тыдзень – у сераду і суботу, а “Чырвоная змена” – адзін раз.

“Партызаны і партызанкі Беларусі! – пісала “Звязда” ў нумары за 10 лютага 1943-га. – Не прапускайце на фронт ніводнага нямецкага эшалона… Кожны спушчаны пад адхон варожы эшалон – наша дапамога Чырвонай Арміі на фронце…”. “Працоўныя Беларусі! – звярталася яна ж да народа 28 жніўня таго ж, 1943-га. – Узнімайцеся ўсе як адзін на бой з ворагам за нашу зямлю, за наша жыццё і свабоду, за вызваленне сваёй Радзімы ад чужынцаў!”. І гэтыя заклікі, безумоўна ж, знаходзілі гарачыя водгукі і практычную падтрымку сярод людзей. Газета спрыяла выхаванню ў іх непахіснай веры ў перамогу, а многія з ранейшых мірных жыхароў актыўна папаўнялі рады партызанскіх атрадаў і брыгад.

Друкавала “Звязда” і артыкулы непасрэдных удзельнікаў барацьбы з захопнікамі. Так, у нумары за 2 чэрвеня 1943 года камандзір 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады Віктар Лівенцаў (будучы Герой Савецкага Саюза) у артыкуле “Удары па ворагу мацнеюць з кожным днём” пісаў: “У эшалонах лягчэй знішчаць гітлераўскіх нягоднікаў, чым на фронце. Тут яны бездапаможныя. Мы пусцілі пад адхон 25 воінскіх эшалонаў, прычым 6 з іх поўнасцю знішчылі…”

Заклікала газета і да працы на мірным фронце, у прыватнасці, раіла сабраць без страт ураджай 1943 года і зрабіць усё магчымае, каб ён не трапіў у рукі нямецка-фашысцкіх захопнікаў (№ за 30 чэрвеня таго ж года).

“Чырвоная змена”, як орган ЦК і Мінскага абкома камсамола, была разлічана на моладзь, камсамольцаў Беларусі. Разумеючы важнасць і адказнасць друкаванага слова для кожнага маладога чытача, супрацоўнікі газеты, і перш за ўсё сам рэдактар Міхаіл Барашкаў, імкнуліся далучыць да супрацоўніцтва з выданнем камсамольскіх важакоў і актывістаў, а таксама кіраўнікоў партызанскага руху. На старонках “Чырвонкі”-партызанкі выступалі са змястоўнымі і патрыятычнымі артыкуламі сакратары Мінскага і Гомельскага падпольных абкомаў камсамола Сяргей Пармон і Аркадзь Рудак, камандзіры партызанскіх брыгад Віктар Лівенцаў і Уладзімір Ціхаміраў, штодзённымі клопатамі журналістаў цікавіліся і дапамагалі ім сакратары Цэнтральнага камітэта ЛКСМБ Міхаіл Зімянін і Кірыла Мазураў… Палымяныя заклікі і лозунгі “Чырвонай змены”: Камсамолец! Бі без промаху – проста ў сэрца фашысцкага звера!”, “Немцаў менш – перамога бліжэй!”, “Колькі забітых немцаў на тваім рахунку?!” – не маглі пакінуць раўнадушным ніводнага чытача.

Маладзёжная газета вельмі часта друкавала на сваіх старонках пісьмы партызан і падпольшчыкаў. Так, у нумары за 1 жніўня 1943 года было змешчана пісьмо камсамолкі-партызанкі Арыны К. “За што фашысцкія звяры забілі маю маці, сястру і яе мужа? – пыталася яна. – За тое, што яны бязмежна любілі сваю Радзіму і ўсёй душой ненавідзелі фашыстаў… Зараз я знаходжуся ў партызанах. І такіх, як я, тысячы. Мы ўзяліся за зброю і не даруем фашыстам за ўсе здзекі і злачынствы, якія яны ўчыняюць над нашым народам. Мы адпомсцім гітлераўцам”…

Падчас разгортвання масавага партызанскага руху на тэрыторыі рэспублікі ЦК КП (б) Беларусі 15 снежня 1942 года прыняў спецыяльную пастанову “Аб узмацненні друкаванай прапаганды ў партызанскіх атрадах Беларусі”, у якой была вызначана канкрэтная задача: “На працягу снежня 1942 года – студзеня 1943 года стварыць 10 абласных падпольных газет і 50 раённых падпольных друкарняў пры ўпаўнаважаных ЦК КП (б) Б па абласцях, гарадах і раёнах для выдання газет і лістовак”. І гэта заданне было неўзабаве рэалізавана. У снежні 1942-га выйшла “Сялянская газета” – орган Вілейскага падпольнага абкома партыі; з лютага 1943-га пачалі выдавацца “Партызан Беларусі” – орган Мінскага падпольнага абкома, “Бальшавік Палесся” – орган Палескага абкома і Мазырскага гаркома партыі; з сакавіка таго ж года – газеты “За Радзіму” – орган Магілёўскага абкома, “Гомельская праўда”, “Чырвоная звязда” (Баранавічы); у маі – брэсцкая абласная “Заря”; у чэрвені – “Палеская праўда” (Пінск); у лістападзе 1943-га – “Белостокская правда” – орган Беластокскага падпольнага абкома КП (б) Беларусі… Вядучымі рубрыкамі і раздзеламі гэтых выданняў былі: “На франтах Айчыннай вайны”, “Чым жыве Савецкая Радзіма?”, “У партызанскім краі”, “З-за мяжы” і іншыя. Асноўная тэматычная накіраванасць – ранейшая: мабілізацыя беларускага народа на перамогу над фашызмам.

Многія беларускія падпольныя выданні – і перш за ўсё “Звязда”, “Чырвоная змена”, абласныя газеты, а таксама згаданыя ўжо не адзін раз “Савецкая Беларусь”, “За савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь”, “Раздавім фашысцкую гадзіну” шмат увагі надавалі так званай контрпрапагандзе: выкрыццю псеўданароднай публіцыстычнай дзейнасці калабаранцкіх газет і часопісаў, якіх так многа выдавалі (і перш за ўсё – ў Мінску і абласных цэнтрах) нямецка-фашысцкія акупацыйныя ўлады з дапамогай сваіх прыслужнікаў – здраднікаў Бацькаўшчыны. Гэта былі “Менская газэта”, “Пагоня”, “Баранавіцкая газэта”, “Беларускі работнік”, “Газэта Случчыны”, “Слонімскі кур’ер” і іншыя. Востра і з’едліва выкрывалі іх антынародную прапагандысцкую прыслужніцкую “дзейнасць” у сваіх артыкулах, памфлетах і фельетонах вядомыя журналісты і літаратары Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Пятро Глебка, Міхась Машара, Алесь Стаховіч, Ілля Гурскі, Анатоль Астрэйка, Антон Бялевіч і іншыя. Многія з іх актыўна выступалі і па радыёстанцыі “Савецкая Беларусь” (яе ўзначальваў вядомы літаратар Уладзімір Юрэвіч), якая знаходзілася ў Маскве і вяла перадачы на акупіраваную беларускую зямлю на роднай беларускай мове. Усё гэта таксама спрыяла набліжэнню Вялікай Перамогі над нямецкім фашызмам.

З ліпеня 1944 года пачалося актыўнае вызваленне Беларусі ад захопнікаў. Рэспубліканскія выданні адразу ж пераехалі ў Мінск, дзе і прадоўжылі сваю дзейнасць.