
- •А.Ф. Мяснікоў гісторыя беларускай журналістыкі
- •Мэты і задачы курса
- •Тэматычны план вывучэння дысцыпліны
- •Курс лекцый уводзіны
- •Публіцыстыка Адраджэння
- •Узнікненне перыядычнага друку на беларусі
- •Журналістыка беларусі другой паловы хіх – пачатку хх стст. Газета “Мужыцкая праўда”
- •Рэлігійны друк на Беларусі
- •Першая прыватная газета на Беларусі “Минский листок”. Грамадска-палітычная газета “Северо-Западный край”
- •Друк беларусі 1905 – 1917 гадоў Газеты “Наша доля” і “Наша Ніва”
- •Асаблівасці станаўлення беларускага нацыянальнага друку
- •Грамадска-палітычныя выданні Беларусі (1905—1917 гг.)
- •Выданне газеты “Звезда” – першай масавай газеты рсдрп (б)
- •Беларуская журналістыка ў гады замежнай інтэрвенцыі, грамадзянскай вайны і ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі (1918 – 1925 гг.)
- •І іншыя газеты. Першыя маладзёжныя выданні
- •Акруговыя выданні. Рабселькораўскі рух
- •Журналістыка беларусі напярэдадні і ў гады перадваенных пяцігодак (1926 – 1941 гг.) Друк ва ўсходняй частцы тэрыторыі Беларусі
- •Журналістыка ў Заходняй Беларусі
- •Падпольны і партызанскі друк на Беларусі
- •Друк беларусі ў 1946 – 1984 гадах Дзейнасць газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Чырвоная змена” і іншых і іх роля ў аднаўленні народнай гаспадаркі
- •Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага друку напярэдадні і пасля хх з’езда кпсс. Удзел беларускіх газет у выкананні рашэнняў з’езда
- •Эканамічныя рэформы 60-х гадоў хх стагоддзя і прапаганда іх у друку
- •Беларуская журналістыка пачатку пераходнага перыяду (1985 – 1991 гг.) Палітычная інфармацыя на старонках беларускіх газет
- •Беларуская журналістыка на сучасным этапе Развіццё беларускага перыядычнага друку на фоне дэмакратычных пераўтварэнняў
- •Статус сучаснай беларускай журналістыкі
- •Вучэбна-метадычная літаратура па дысцыпліне Асноўная літаратура:
- •Дадатковая літаратура:
- •220035, Мінск, вул. Ціміразева, 65 а.
Журналістыка беларусі напярэдадні і ў гады перадваенных пяцігодак (1926 – 1941 гг.) Друк ва ўсходняй частцы тэрыторыі Беларусі
Да пачатку 1926 года разбураная і знявечаная рэвалюцыямі і войнамі гаспадарка Савецкага Саюза ў цэлым і Беларусі – ў прыватнасці была ў асноўным адноўлена. Краіна прыступіла да пабудовы сацыялізму ў адпаведнасці з планамі, распрацаванымі Уладзімірам Леніным і яго паслядоўнікамі і аднадумцамі. Прайшлі чарговыя ХІУ і ХУ з’езды партыі бальшавікоў, якія і ўказалі шляхі і метады пабудовы фундамента сацыялізму, правядзення ў Савецкім Саюзе сацыялістычнай індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У красавіку 1929 года ХУІ партыйная канферэнцыя зацвердзіла першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі СССР.
Працоўныя Беларусі былі, вядома ж, разам з усім савецкім народам, больш таго, паводле трапнага вызначэння савецкага друку, “крочылі ў авангардзе савецкага сацыялістычнага жыцця”. Праграмы развіцця ўсіх галін вытворчасці распрацоўвалі дастасавальна да сваіх рэгіёнаў рэспубліканскія і абласныя партыйныя арганізацыі. Практычна кожны год праводзіліся з’езды Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Так, ІХ з’езд (1925 г.) вызначыў праграму развіцця сацыялістычнай эканомікі рэспублікі, а ХІІ (1929 г.) – “паставіў задачы па паступоваму пераводу аднаасобных сялянскіх гаспадарак на рэйкі калектывізацыі”…
Актыўнымі праваднікамі ў жыццё “генеральнай лініі партыі” ўсё больш і больш станавіўся савецкі друк. Перш за ўсё з яго падтрымкай партыя бальшавікоў з першых крокаў сваёй дзейнасці разгарнула барацьбу за ажыццяўленне сваіх ідэй і лозунгаў, супраць розных, як напісана ў згаданым вышэй падручніку па гісторыі журналістыкі, “спроб трацкістаў, правых апартуністаў, зіноўеўцаў парушыць адзінства партыі, сарваць справу сацыялістычных пераўтварэнняў”…
Усе крокі ў грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці ў краіне – як практычныя, так і тэарэтычныя – былі падкантрольныя як з боку партыйных арганізацый, так і з боку партыйна-савецкай журналістыкі. На працягу першага дзесяцігоддзя пасля здзяйснення Кастрычніцкай рэвалюцыі Цэнтральны камітэт РКП (б) прыняў некалькі дзесяткаў(!) пастаноў і загадаў, накіраваных на так званае кіраўніцтва друкам. Спецыяльныя пастановы тычыліся, напрыклад, паляпшэння якасці партыйна-савецкага друку, развіцця рабселькораўскага руху, падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы выдавецтваў і друкарняў, стварэнне аддзелаў у рэдакцыях – і перш за ўсё партыйнага жыцця, ідэалогіі і прапаганды, і інш.
Гэтыя дакументы, плюс штодзённая ўвага і кантроль за дзейнасцю сродкаў інфармацыі, вядома ж, давалі плён і вынікі, патрэбныя партыйным органам і арганізацыям. Расла колькасць выданняў, павялічваліся іх тыражы. У 1929 годзе ў Беларусі выходзілі 14 рэспубліканскіх і акруговых газет, 14 – раённых, 35 – шматтыражных агульным тыражом 18,6 мільёна экземпляраў. А ўжо да канца 1932 года ў параўнанні з тым жа 1929-м друк Беларусі “вырас” амаль што ў 9 разоў! У Беларусі выходзілі звыш 200 рэспубліканскіх, абласных, раённых і шматтыражных газет. З’явіўся і набыў надзвычай шырокае распаўсюджанне новы від прапаганды і агітацыі – насценны друк: такіх газет у нас было каля 6 тысяч…
У авангардзе рэспубліканскага перыядычнага друку, як і належала газеце № 1, па-ранейшаму крочыла “Звязда” (са жніўня 1927 года яна выдавалася на беларускай мове). Яна выступала ініцыятарам і першапачынальнікам многіх журналісцкіх ініцыятыў і пачынаў, якія, адпаведна статусу бальшавіцкага друку, павінны былі падхопліваць і развіваць, гэта значыць прымяняць дастасавальна да мясцовых умоў канкрэтных рэгіёнаў рэспублікі, тамтэйшыя перыядычныя выданні. На справе гэта выглядала так. У 1926 годзе газета аб’яўляе конкурс пад дэвізам “Рэжым эканоміі – шлях да сацыялізма!”. Сама “Звезда” – яшчэ рускамоўная – на працягу першых трох месяцаў змяшчае на сваіх старонках ажно 43 (!) публікацыі, прысвечаныя гэтай, безумоўна ж, важнай праблеме. Прычым, публікацый самых розных жанраў: падборак заметак і паведамленняў, артыкулаў і карэспандэнцый, перадавых артыкулаў і нават некалькі …фельетонаў. Натуральна, і абласныя, ды па-сутнасці і ўсе раённыя газеты барацьбе за эканомію і беражлівасць таксама надавалі прыярытэтнае значэнне і ўвагу. А з мая 1928-га (ўжо беларускамоўная) “Звязда” наогул пачала выдаваць цэлыя старонкі-лісткі “Рабоча-сялянскай інспекцыі”. Кантроль – строгі, штодзённы і надзвычай жорсткі – ўстанаўліваўся прэсай літаральна за кожным участкам прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці.
9 мая 1929 года Цэнтральны камітэт Усерасійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) прыняў пастанову “Аб сацыялістычным спаборніцтве фабрык і заводаў” – дакумент, які вызначыў адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці савецкага перыядычнага друку на некалькі дзесяцігоддзяў наперад. Канкурэнтная барацьба за выпуск лепшай па якасці прадукцыі, уласцівая кожнай палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сістэме гаспадарання, ва ўмовах пабудовы нашага сацыялістычнага грамадства была, так бы мовіць, ахрышчана на свой лад – сацыялістычным спаборніцтвам. Натуральна, партыя і ўрад запатрабавалі ад ідэалагічных службаў краіны, у тым ліку і ад сродкаў масавай інфармацыі, падвядзення пад гэты рух прапагандысцкай базы – для папулярызацыі і шырокага ўкаранення яго па ўсёй краіне. І літаральна з першых наступных нумароў усіх без выключэння СМІ – ад “Правды” да раённых і шматтыражных газет – выданні навыперадкі пачалі запаўняцца падборкамі і асобнымі публікацыямі пад самымі разнастайнымі рубрыкамі: “Сацыялістычнае спаборніцтва”, “Энтузіясты сацыялістычнага спаборніцтва”, “З фронту сацыялістычнага спаборніцтва”, “Праверка дагавора сацыялістычнага спаборніцтва”, “Сацыялістычнае спаборніцтва – ў вёску!” і г.д. Паралельна з развіццём самога руху, пачалі нараджацца формы яго: ударніцтва, скразныя брыгады па выпуску прадукцыі, сустрэчныя планы, выязныя брыгады, “чырвоныя” і “чорныя” дошкі, конкурсы, узаемаправеркі, нарады спаборнічаючых, грамадскі буксір, пераклічкі аднапрофільных прадпрыемстваў – здавалася, мяжы “вынаходствам” арганізатараў і пачынальнікаў сацыялістычнага спаборніцтва няма і быць не можа… Тое ж, што ва ўсім гэтым так шмат было фармалізму, надуманасці, штучнасці, не хвалявала і нават не прыцягвала ўвагу практычна ніводнага арганізатара, прапагандыста, распаўсюджвальніка і, тым больш, непасрэднага ўдзельніка працоўнага саперніцтва.
У 1930 годзе ў нашай рэспубліцы быў праведзены чарговы тэрытарыяльны падзел яе рэгіёнаў. Былі ліквідаваны акругі, замест іх на геаграфічнай карце з’явіліся 96 раёнаў. У 30 з іх дырэктыўныя органы рэспублікі распарадзіліся заснаваць раённыя газеты, і літаральна адразу ж яны ўзніклі ў Барысаве, Быхаве, Бабруйску, Мазыры, Полацку, Рэчыцы, Талачыне, Чэрвені і іншых гарадах.
Адным з лепшых выданняў таго часу па праву лічылася газета “Бальшавік Барысаўшчыны”. Заснаваная ў снежні 1930-га, з 1932 года яна стала штодзённай. Праўда, як і літаральна ўсе іншыя выданні такога ўзроўню, яна адчувала востры дэфіцыт журналісцкіх кадраў, не хапала і абсталявання, паперы… Цэнтральны камітэт ВКП (б), ведаючы гэтыя цяжкасці на месцах, тут жа адрэагаваў на сітуацыю: дзве пастановы, прынятыя на працягу 1930 – 1931 гадоў, “Аб кадрах газетных работнікаў” і “Аб сельскім, нізавым друку”, прымусілі адпаведныя органы і арганізацыі павярнуцца тварам да надзённых праблем раёншчыкаў. Становішча было неадкладна папраўлена…
У 1931 годзе на Беларусі шырока разгарнулася падрыхтоўка да чарговага ХІУ з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) рэспублікі. Перыядычныя выданні распачалі добра спланаваную і прадуманую прапагандысцкую кампанію па ”дастойнай сустрэчы з’езда”. Справаздачы з агульных сходаў рабочых і калгаснікаў, рэпартажы аб становішчы спраў у працоўных калектывах, рапарты-данясенні аб набытках у працы, выніковыя табліцы і графікі руху наперад – усё гэта стала штодзённай з’явай жыццядзейнасці беларускага нацыянальнага друку.
Газета “Беларуская вёска” – галоўны друкаваны орган вяскоўцаў рэспублікі – ў дадатак да гэтых форм падачы публікацый “вынайшла” свае, характэрныя толькі сельскагаспадарчай тэматыцы. Гэта былі так званыя дні калектывізацыі, спецыяльныя старонкі-плакаты, падборкі паведамленняў сельскіх карэспандэнтаў літаральна з усіх рэгіёнаў Беларусі. Спецыяльныя творы, накіраваныя на актывізацыю і пашырэнне сацыялістычнага спаборніцтва сярод працаўнікоў вёскі пісалі вядомыя ў той час літаратары Паўлюк Трус, Кандрат Крапіва, Макар Паслядовіч, вясковы паэт Янка Шавель…
10 ліпеня 1931 года ў Мінску прайшоў ІІ Усебеларускі з’езд рабселькораў. Да яго таксама была праведзена вялікая арганізацыйна-падрыхтоўчая праца. Партыйныя і камсамольскія органы, прафсаюзы і іншыя грамадскія арганізацыі сумеснымі намаганнямі правялі месячнікі агляду мясцовага друку, сходы, на якіх заслухалі справаздачы аб развіцці і разгортванні рабселькораўскага руху ў кожным з раёнаў рэспублікі. На многіх прадпрыемствах рэспублікі рабочыя адпрацавалі па 2 гадзіны ў фонд друку, калгасы нават “дадумаліся” да такой “формы” падтрымкі перыядычных выданняў, як сяўба “гектараў друку”…
Сапраўды: мяжы фантазіі няма і быць не можа!
Усю гэту работу строга кантраляваў і накіроўваў у патрэбнае рэчышча культпроп ЦК КП (б) Беларусі – спецыяльны аддзел штаба рэспубліканскай партыйнай арганізацыі. І гэта, што называецца, было заўважана там, наверсе: газета “Правда” шырокамаштабную падрыхтоўку беларускіх партыйных і савецкіх органаў і саміх журналістаў да з’езда рабселькораў назвала “прыкладам бальшавіцкага кіраўніцтва рабселькораўскім рухам” і заклікала партыйныя арганізацыі ўсяго Савецкага Саюза “раўняцца на работу беларускіх камуністаў”…
На ІІ Усебеларускім з’ездзе рабселькораў прысутнічалі 608 дэлегатаў, якія, як было афіцыйна засведчана, прадстаўлялі 40-тысячную армію рабочых і сельскіх актывістаў друку. 503 з іх выступілі на пленарных пасяджэннях і падчас работы 17 секцый. Былі прыняты шматлікія рэзалюцыі і звароты – карацей кажучы, фармалізму не было канца-краю!
Акрамя партыйна-палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай тэматыкі, значнае месца адводзілася на старонках даваеннага друку і іншым пытанням і праблемам. Перш за ўсё – тэмам развіцця літаратуры і мастацтва. Тыя ж газеты “Звязда” і “Беларуская вёска”, “Савецкая Беларусь” і “Рабочий” пастаянна друкавалі новыя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага, Міхася Чарота, Алеся Дудара, Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі і іншых паэтаў і пісьменнікаў.
З прыходам да ўлады ў Германіі і Італіі фашысцкіх рэжымаў друк усяго Саюза ССР, у тым ліку – і Беларусі даволі значна актывізаваў міжнародную і палітычную праблематыку і скіраванасць сваіх выступленняў. Усімі даступнымі і магчымымі ў той час сродкамі, ва ўсіх формах выкрывалася захопніцкая палітыка фашызму, каланіяльныя запатрабаванні яго, асвятляўся забастовачны рух у замежных краінах і г.д.
Натуральна, што і тэма ўмацавання абароназдольнасці Савецкага Саюза пачала знаходзіць у друку больш шырокае адлюстраванне.
…Суботнія газеты за 21 чэрвеня 1941-га сталі апошнімі сведкамі мірнага жыцця савецкага народа.