Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
6.Гісторыя бел.журналістыкі.Мяснікоў.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
799.74 Кб
Скачать

Акруговыя выданні. Рабселькораўскі рух

Калі прыслухацца да даследчыкаў савецкай партыйнай журналістыкі, адметнай з’явай яе было развіццё і дзейнасць масавага рабселькораўскага руху. Цяжка, ды, бадай што, і немагчыма нам, сённяшнім, перш за ўсё “пераправерыць” усё тое: ш т о было, я к было, і наогул – ці было тое на самой справе?!

Энтузіясты і “неўтаймоўныя” ахвотнікі (у добрым значэнні гэтага слова) “папісваць” у газету на працягу, бадай што, усяго ХХ стагоддзя і ў Расійскай імперыі, а потым – і ў савецкіх сацыялістычных рэспубліках – былі: гэта адназначна! Больш таго, да актыўных газетных выступленняў рабочых і сельскіх карэспандэнтаў – прадстаўнікоў з “месцаў” і “выхадцаў” з народа – шматкрат і надзвычай актыўна заклікаў у сваіх працах і выступленнях “сам” Ленін: а Уладзіміра Ільіча і кіраўнікі партыйна-савецкай прэсы, і партыйныя работнікі на месцах, ды і самі актывісты не паслухацца не мелі аніякага маральнага права…

Як кажуць у такіх выпадках (гэта, дарэчы, не жорсткая спекуляцыя на рэчаіснасці, а самая звычайная канстатацыя фактаў), масла ў агонь – агонь сапраўднай класавай барацьбы! – падлілі шэраг трагічных, бязлітасных і бесчалавечных канфліктаў-сутыкненняў рабочых і сельскіх карэспандэнтаў са сваімі ж аднавяскоўцамі і таварышамі па працы, што мелі месца як у Расійскай Федэрацыі, так і непасрэдна ў нашай рэспубліцы. У 1922 годзе, як пісалі з нумара ў нумар усе без выключэння перыядычныя выданні, “ад кулацкіх куль палі рабкор “Правды” Спірыдонаў і селькор Маліноўскі з вёскі Дымаўка, што на Адэшчыне”. На забойства апошняга з іх высокапатрыятычным вершам адгукнуўся тагачасны класік савецкай літаратуры Дзям’ян Бедны (Яфім Прыдвораў):

Тёмная Дымовка згинет, умрёт,

Солнце осветит родные просторы,

Рыцари правды и света, вперёд, –

Мы, боевые селькоры!..

“Кулацкі тэрор” у адносінах да “рыцараў праўды і святла”, як пішуць даследчыкі нашага друку, не абмінуў і Беларусь. У 1925 годзе – ўсяго на працягу трох дзён, 25 – 27 студзеня – ў Круглянскім раёне быў забіты селькор Фёдар Ракушаў, а ў Пухавіцкім – Рыгор Жлобіч. Так, несумненна, былі яны актыўнымі змагарамі за праўду, за роўныя правы на прыстойнае жыццё не толькі больш-менш багатых аднавяскоўцаў, але і ўсіх іншых… Але… Сёння мы ўсё больш і больш пагаджаемся з думкай, што не кулакамі былі тыя “тэрарысты”-забойцы селькораў, а іншым разам больш працавітыя і ахвочыя да лепшага жыцця вяскоўцы... Так, ім зайздросцілі, іх адвяргала новая ўлада, больш таго – тая ж улада заклікала да актыўнай барацьбы з імі: "кулакамі" і "падкулачнікамі"…

Зыход усяго гэтага быў адзін і той жа, ранейшы: братазабойчыя канфлікты і сутычкі, “высвятленне адносінаў” ледзь ці не на кожным кроку жыцця-быцця…

І гэта пры тым, што незадоўга да забойстваў Ракушава і Жлобіча – дакладней, у кастрычніку 1924 года – пракуратура Беларусі разаслала ўсім акруговым пракурорам цыркуляр, у якім адзначалася, што “ўсялякае праследаванне рабселькораў павінна разглядацца як злачынства палітычнага характару і замах на асноўныя заваёвы пралетарскай рэвалюцыі”. Больш таго, у цыркуляры-пісьме падкрэслівалася, што “напад на селькора – гэта напад на Савецкую ўладу, што караецца як контррэвалюцыйнае злачынства”…

Галоўныя рэспубліканскія газеты – і перш за ўсё “Звезда” – усяляк падтрымлівалі і заахвочвалі адукаваных і пісьменных рабочых і сялян да супрацоўніцтва з перыядычнымі выданнямі. Ужо з 1921 года “Звезда” рэгулярна выступае з артыкуламі, у якіх зразумелай і прымальнай чытачу мовай тлумачыць “ролю і значэнне рабселькораўскага руху” на Беларусі. Актывістам друку даюцца канкрэтныя заданні і даручэнні, у прыватнасці, побач з асвятленнем культурнага жыцця, дзейнасці новых органаў улады, абавязкова выкладаюцца і парады, сэнс і змест якіх, па-сутнасці, адзін: “выкрыццё кулакоў і падкулачнікаў, усіх шкоднікаў сацыялістычнага будаўніцтва ў Беларусі”… І вось першы вынік такой арганізацыйна-прапагандысцкай і агітатарскай работы рэдакцыі: толькі на працягу студзеня 1923 года “Звезда” атрымала 170 допісаў, у сакавіку – 183, а ўжо праз год – адпаведна 310 і 315…

Усяму гэтаму руху, безумоўна ж, спрыялі арганізацыйныя і агітацыйныя дзеянні штаба партыі бальшавікоў – Цэнтральнага камітэта Расійскай камуністычнай партыі. Цыркуляр ЦК РКП (б) “Аб праграме мясцовай газеты” (1921 г.), пісьмо “Аб плане мясцовых газет” (1922 г.), наступныя пастановы ЦК “Аб рабочым друку”, “Аб сялянскім друку”, “Аб формах сувязі газет з рабочымі і сялянскімі чытачамі” (усе – 1924 г.), рэзалюцыі і рашэнні ўсіх без выключэння партыйных з’ездаў і пленумаў першай паловы 20-х гадоў ХХ стагоддзя нацэльвалі перыядычныя выданні на канчатковы вынік – барацьбу за заваёву душы і сэрца чалавека працы. І бальшавікам гэта спаўна ўдалося…

З 1923 года рэдакцыя газеты “Правда” па прамому ўказанню ЦК РКП (б) пачала правядзенне нарад рабочых карэспандэнтаў. Ужо ў кастрычніку таго ж года з 42 удзельнікаў І Усесаюзнай нарады рабкораў у Маскве 5 былі з Мінска, Віцебска, Гомеля і Магілёва. “Форумам актывістаў бальшавіцкага друку” і да сённяшняга дня называюць даследчыкі журналістыкі тую нараду. На справе ж гэта, верагодней за ўсё, было самае звычайнае “прамыванне мазгоў”, раздача “каштоўных указанняў” найбольш адукаваным рабочым адносна таго, ш т о і я к пісаць…

У адказ на рашэнні І Усесаюзнай нарады рабкораў беларускія кіраўнікі- бальшавікі 21 верасня 1924 года правялі І Беларускі з’езд рабселькораў. Яго дэлегаты, як засведчыла “Гісторыя беларускай журналістыкі”, “прадстаўлялі двухтысячную армію карэспандэнтаў рэспублікі”. Абмеркаваўшы праблемы міжнароднага і ўнутранага становішча, становішча беларускага друку, чарговыя задачы карэспандэнтаў, арганізацыйныя і іншыя пытанні, з’езд у спецыяльнай рэзалюцыі “Аб савецкім друку і задачах карэспандэнтаў” даў рабселькорам канкрэтнае ўказанне, “каб яны ўсямерна аказвалі дапамогу ў будаўніцтве асноў сацыялізму, імкнуліся да далейшага вывучэння фактаў, асвятлялі работу прадпрыемстваў з пункту гледжання павышэння вытворчасці працы, канцэнтравалі сваю ўвагу на недахопах работы таго ці іншага прадпрыемства, уздымалі пытанні культурнага росту рабочага класа і сялянства, знаходзілі і расказвалі на старонках газет пра самае каштоўнае і новае ў жыцці вёскі, прымалі актыўны ўдзел у рабоце насценных газет, аказвалі дапамогу ў іх колькасным росце…”

Як кажуць у такіх выпадках, гладка было на паперы… Галоўныя рэспубліканскія перыядычныя выданні “Звезда” і “Савецкая Беларусь”, “Белорусская деревня” і “Красная смена”, іншыя газеты, выконваючы рашэнні і распараджэнні цэнтральных і рэспубліканскіх партыйна-бальшавіцкіх органаў, рабілі, несумненна ж, вялікую, перш за ўсё – арганізацыйную і агітацыйна-прапагандысцкую працу. Сотні паведамленняў самых розных жанраў запаўнялі штодзённа старонкі гэтых выданняў. Толькі наўрад ці задумваўся хто-небудзь: а ці быў эфект ад гэтай ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва Беларусі – насельніцтва часцяком неадукаванага, забітага, як казалі тады – цёмнага, занятага куды больш “празаічнымі” праблемамі і пытаннямі: як выжыць, накарміць сям’ю, што пасеяць, як убраць ураджай і г.д., і да т.п…

Першым вынікам разгортвання масавага рабселькораўскага руху ў нашай рэспубліцы стала правядзенне у лютым 1925 года І з’езда селькораў Беларусі. На ім прысутнічалі 120 дэлегатаў. Выступаючы на адкрыцці з’езда, старшыня Саўнаркома БССР Аляксандр Чарвякоў сказаў: “Кампартыя зараз накіроўвае сваю работу на ўздым актыўнасці працоўных мас… Першымі ластаўкамі беларускай вёскі з’яўляюцца селькоры. Селькор – прадстаўнік сялянства. Аб’яднаць масы вакол партыі, весці іх наперад павінен лепшы селянін-селькор…Друкаванае слова ў руках селькора – магутная зброя барацьбы – гэта магутны арганізатар мас…”

Аднак за прыгожымі і, на той час, “правільнымі словамі”, стаялі галеча ў рэспубліцы, ранейшае бяспраўе чалавека працы, яго непатрэбнасць і незапатрабаванасць у грамадскай вытворчасці…

Якраз тады, у сярэдзіне 20-х гадоў, у выніку ўзбуйнення тэрыторыі Беларусі і з’яўлення на яе карце новых тэрытарыяльных адзінак – акруг – у нас з’явіліся новыя перыядычныя выданні – акруговыя газеты. Адметнай заслугай іх стала тое, што яны выдаваліся на беларускай мове. Лепшай, паводле прызнання даследчыкаў беларускай нацыянальнай перыёдыкі, тады была бабруйская газета “Камуніст”. Тады ж, у 20-я гады, тут пачыналі свой літаратурны і журналісцка-публіцыстычны шлях такія вядомыя літаратары, як Міхась Лынькоў і Платон Галавач. У газеце Гомельскай акругі – “Палеская праўда” часта выступаў Паўлюк Трус: увесь 1927 год ён адпрацаваў у штаце выдання.