Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
6.Гісторыя бел.журналістыкі.Мяснікоў.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
799.74 Кб
Скачать

І іншыя газеты. Першыя маладзёжныя выданні

Падчас замежнай інтэрвенцыі ў акупіраваных раёнах Беларусі шматлікімі тыражамі выдаваліся лістоўкі, пракламацыі, адозвы перш за ўсё бальшавіцкіх падпольных арганізацый, таксама Народным сакратарыятам і Радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Натуральна, аўтарытэт іх сярод чытачоў быў розны: беларусы далёка не аднолькава ставіліся як да ўлады партыі бальшавікоў, так і да дзеячаў БНР, якіх, як вядома, па многіх пазіцыях і падыходах да ўсталявання на нашай Бацькаўшчыне “новай улады” падтрымлівалі акупацыйныя ўлады – і нямецкая (кайзераўская), і польская…

У гэтых умовах найбольшая ўвага надавалася, безумоўна, выданню і распаўсюджванню газет як найбольш аўтарытэтных і значных друкаваных сродкаў інфармацыі.

17 мая 1920 года ў Смаленску на рускай мове выйшаў першы нумар “Белорусской правды” – газеты Палітычнага аддзела Рэвалюцыйнага ваеннага савета Заходняга фронту. Афіцыйна ж яна лічылася “органам партызан-камуністаў” – пад такім лозунгам яна і вяла прапагандысцкую і агітацыйную дзейнасць сярод сваіх чытачоў. Дэвізам выдання былі словы: “Беражы сваю чырвоную газету, прачытаўшы, перадай другому!”.

Выданне “Белорусской правды” было абумоўлена падрыхтоўкай Чырвонай Арміі да летняга контрнаступлення. Таму і асноўным месцам распаўсюджвання газеты было мясцовае насельніцтва беларускай тэрыторыі, акупіраванай польскімі захопнікамі. У прыватнасці, першы нумар яе адкрываўся заклікам: “Таварышы, браты, рабочыя і сяляне Беларусі! Надышоў час расплаты з нашымі катамі!. Паднімайцеся на смяротны бой з насільнікамі – польскімі жандарамі… Знішчайце, вырывайце з карэннем памешчыцкіх вырадкаў! Смерць ворагам працоўнага народа!”… У спецыяльным “Звароце да беларускага народа” газета ставіла ў прыклад “рускіх братоў, якія смела ўзняліся на барацьбу з амерыканскімі, англійскімі і французскімі інтэрвентамі”. Газета раіла насельніцтву, як і якім чынам можна перашкодзіць акупантам у ажыццяўленні іх палітыкі: “Не давайце ворагу магчымасці перафарміроўваць сваё войска, разбурайце чыгуначныя дарогі, разбірайце рэйкі, адвінчвайце гайкі, адносьце ўсё гэта як мага далей і хавайце ў лясах, у ярах, у вадзе, дзе толькі можна (гэта нам спатрэбіцца). Узрывайце і падпальвайце масты…” Гэта былі насамрэч партызанскія метады і спосабы барацьбы з захопнікамі…

Акрамя матэрыялаў-інструкцый па вядзенню барацьбы, паведамленняў аб ходзе партызанскай вайны з акупантамі, “Белорусская правда” змяшчала звесткі аб вызваленні беларускіх гарадоў і мястэчак ад белапалякаў, вершы і сатырычныя куплеты пра польскіх захопнікаў. Праіснавала газета роўна месяц – да 17 чэрвеня 1920 года.

З 1921 года бярэ свой пачатак беларускі сялянскі друк. Менавіта тады выйшаў у свет першы нумар газеты “Белорусская деревня” (на рускай мове). Напачатку гэта быў дадатак да “Звезды”, а з сакавіка 1924 года пад назвай “Беларуская вёска” (ужо на беларускай мове) газета стала самастойным выданнем. У 1931 – 1935 гадах газета выходзіла пад назвай “Калгаснік Беларусі”, у 1945 – 1950-х – “Савецкі селянін” (на беларускай і рускай мовах), у 1950 – 1962-х – “Калгасная праўда” (таксама на дзвюх мовах), у 1962 – 1990-х – “Сельская газета” (толькі на рускай мове). З кастрычніка 1991 года гэта выданне носіць назву “Белорусская нива”.

Асноўным зместам гэтых выданняў было асвятленне сялянскага (і перш за ўсё – калгаснага) жыцця беларускага грамадства. Станаўленне і развіццё новай сельскагаспадарчай вытворчасці, эканамічнае і сацыяльнае развіццё вёскі ў цэлым і асобных рэгіёнаў Беларусі – ў прыватнасці, прапаганда і так званае шырокае распаўсюджванне перадавога вопыту гаспадарання на зямлі, дзейнасці перадавых гаспадарак, асобных наватараў вытворчасці, укараненне ў сельскую гаспадарку новых набыткаў навукі і тэхнікі, самыя розныя матэрыялы аб палітыка-выхаваўчай рабоце і штодзённай дзейнасці вёскі – гэта была галоўная праблематыка выступленняў спецыялізаванага сельскагаспадарчага друку нашай Бацькаўшчыны таго часу.

З выданняў іншых накірункаў дзейнасці і праблематыкі варта згадаць грамадска-палітычныя і літаратурныя газеты “Белорусская земля” і “Беларусь”. Першая з іх выходзіла ў Мінску з 1 сакавіка 1918 года, свет убачылі некалькі нумароў. Афіцыйным выдаўцом газеты з’яўляўся Саюз беларускіх арганізацый, фактычна ж гэта быў Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. “Белорусская земля” друкавала дакументы выканаўчага камітэта Савета Усебеларускага з’езда, пастановы, загады і аб’явы Народнага сакратарыята і падначаленых яму органаў, артыкулы дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, якія, як вядома, адмоўна ставіліся да ўлады Саветаў на Беларусі.

Газета “Беларусь” – штодзённае палітычна-эканамічнае і літаратурнае выданне нацыянальна-дэмакратычнага накірунку. Выходзіла таксама ў Мінску з 21 кастрычніка 1919-га да 9 ліпеня 1920-га гадоў і з’яўлялася свайго роду пераемніцай іншай газеты такой жа арыентацыі – “Звон”. Дарэчы, трэба зазначыць, што “Беларусь” развівала і працягвала традыцыі і накірункі дзейнасці “Нашай Нівы” – адной з першых масавых легальных газет на беларускай мове. Яна імкнулася да аб’яднання нацыянальных па характару і практычнай дзейнасці палітычных партый і груповак, тых, якія ў штодзённай тагачаснай рабоце (нагадаем: пры акупацыйных уладах) імкнуліся адстойваць ідэю незалежнай, суверэннай і непадзельнай Беларускай рэспублікі ў этнаграфічных межах нашага народа. Газета змяшчала самыя розныя матэрыялы – рэдакцыйныя артыкулы і літаратурна-мастацкія творы, карэспандэнцыі і інфармацыйныя паведамленні, якія былі прасякнуты духам згуртавання беларусаў, змагання за нацыянальную ідэю, адраджэння Бацькаўшчыны, яе дзяржаўнасці і культуры, гаспадаркі і сацыяльнай сферы, самабытнасці беларускай нацыі…

Выкрываючы рабаўніцкую палітыку польскіх захопнікаў на Беларусі, газета спавядала ідэю стварэння беларускай арміі, што, натуральна, у тых умовах было зусім не рэальна. Шмат публікацый было прысвечана праблемам стварэння беларускіх школ; пошуку шляхоў аднаўлення і развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі краю… З матэрыялаў на гістарычную тэматыку на старонках “Беларусі” варта адзначыць даследаванні вядомага даследчыка Яўхіма Карскага, з літаратурных – творы Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа, Міхася Чарота, Змітрака Бядулі, Уладзіслава Галубка і іншых.

Адметнай з’явай беларускай журналістыкі тых гадоў стала і выданне газеты “Савецкая Беларусь”.

Першы нумар штодзённай беларускамоўнай грамадска-палітычнай газеты “Савецкая Беларусь” выйшаў 1 лютага 1920 года ў Смаленску. Ён быў падпісаны ў свет Аляксандрам Чарвяковым, Вільгельмам Кнорыньшам, Алесем Бурбісам і Фабіянам Шантырам – вядомымі грамадска-палітычнымі дзеячамі Беларусі таго часу. Пачынаючы з № 4 газету рэдагавалі Аляксандр Чарвякоў і Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны). З 15 жніўня 1920-га і да 21 сакавіка 1933-га гадоў газета выходзіла ў Мінску. Першыя 10 нумароў яе выдаваліся два разы на тыдзень так званай Беларускай рэдакцыйнай калегіяй Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (ЛітБел) як двухтыднёвы часопіс. З 15 жніўня 1920-га “Савецкая Беларусь” стала органам Рэвалюцыйнага камітэта БССР, а з 19 снежня таго ж года – органам Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР, з 16 студзеня 1930-га – органам ЦВК і Саўнаркома Беларусі. У розныя гады адказнымі рэдактарамі газеты з’яўляліся такія вядомыя дзеячы рэвалюцыйнага і бальшавіцкага руху на Беларусі, як Сцяпан Булат, Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), Усевалад Ігнатоўскі, Міхась Кудзелька (Чарот) і іншыя.

Падчас вызвалення Беларусі ад польскіх захопнікаў газета падрабязна інфармавала чытачоў аб баявых дзеяннях Чырвонай Арміі, партызан. Аналізавалася ваеннае становішча, расказвалася пра шматлікія расправы інтэрвентаў над мірным насельніцтвам. Рубрыкі “Весткі з фронту”, “Чырвоны тыл – фронту”, масавыя кампаніі пад дэвізамі “Тыдзень – фронту”, “Тыдзень – на карысць абароны” і іншыя былі ў першыя месяцы выхаду газеты самымі важнымі і папулярнымі.

З’яўляючыся разам са “Звездой” адным з галоўных афіцыйных органаў друку на нашай Бацькаўшчыне, тэматычная накіраванасць “Савецкай Беларусі” была закладзена ўжо ў самой назве газеты – барацьба за ажыццяўленне палітыкі партыі бальшавікоў і Савецкай улады. Пасля вызвалення газета шырока, з нумара ў нумар, адлюстроўвала грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя працэсы, развіццё эканомікі прамысловасці і сельскай гаспадаркі, мастацкай культуры і літаратурнага руху ў БССР у такі скаладаны час, як 20—30-я гады ХХ стагоддзя.

Тэматыка станаўлення і развіцця новай, як сцвярджалі бальшавікі, сацыялістычнай па зместу і характару культуры і літаратуры, была для “Савецкай Беларусі” ці не галоўнай. Гэтаму, перш за ўсё, спрыялі адказныя рэдактары выдання, прозвішчы якіх пералічаны вышэй. І Булат, і Гартны, і Ігнатоўскі, і Чарот былі выдатнымі творцамі і навукоўцамі, якія ўмелі аб’яднаць вакол сябе такіх жа шчырых і праведных працаўнікоў на ніве нацыянальнага адраджэння Беларусі, як і яны самі. З газетай з ахвотай супрацоўнічалі такія вядомыя ў той час і пазней літаратары, як Адам Бабарэка і Пятрусь Броўка, Змітрок Бядуля і Анатоль Вольны (Ажгірэй), Максім Гарэцкі і Уладзімір Дубоўка, Алесь Дудар (Дайлідовіч) і Міхась Зарэцкі (Касянкоў), Якуб Колас і Кандрат Крапіва (Атраховіч), Аркадзь Куляшоў і Янка Купала, Міхась Лынькоў і Паўлюк Трус… Не былі чужымі для “Савецкай Беларусі” і тэмы музычнага і тэатральнага жыцця, дзейнасць мастацкіх і этнаграфічных выставак, праблемы захавання помнікаў гісторыі і культуры…

На жаль, у першай палове 30-х гадоў многія з гэтых тэм і накірункаў дзейнасці газеты з яе старонак практычна зніклі. Рэпрэсіі і ганенні на лепшых прадстаўнікоў культуры, літаратуры і навукі, “мода” на так званую вульгарна-сацыялагічную крытыку і г.д. фізічна выдалілі і выцеснілі з “Савецкай Беларусі” яе лепшых аўтараў і супрацоўнікаў. Многія з іх неўзабаве наогул зніклі ў засценках ГУЛАГа…

На працягу 1924 – 1928 гадоў “Савецкая Беларусь” выдавала спецыялізаваныя літаратурныя часопісы “Радавая рунь” і “Чырвоная краіна”, а таксама “Літаратурны дадатак да газеты “Савецкая Беларусь”.

У 20-я гады ХХ стагоддзя ў Беларусі з’явіліся на свет і першыя маладзёжныя друкаваныя выданні. Ужо ў 1920 годзе выйшлі часопіс “Факел коммунизма” і газета “Звезда молодежи”. Газету, напрыклад, выдалі члены камуністычнага Саюза моладзі Беларусі ў Смаленску пры дапамозе членаў Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі. Былі і іншыя выданні… Аднак вядучае месца сярод іх адразу ж заняла газета “Красная смена” (“Чырвоная змена”), да слаўнага летапісу якой мы звернемся і зараз, і пазней не адзін раз. Бо на гэта ёсць мноства падстаў…

21 красавіка 1921 года беларуская нацыянальная моладзь атрымала першую сваю газету – “Красная смена” (на рускай мове). Такім чынам, першы, гістарычнай значнасці, факт: юнакі і дзяўчаты яшчэ ўчарашняй расійскай ускраіны – Беларусі раней нават чым у “самой” Маскве займелі друкаваны сродак інфармацыі, які быў нацэлены на адлюстраванне выключна маладзёжных праблем і пытанняў (нагадаем: “Комсомольская правда”, якая на шэсць з паловай дзесяцігоддзяў стане бясспрэчным аўтарытэтам маладзёжнага друку ўсяго Савецкага Саюза, пачне сваю біяграфію на чатыры гады пазней – з 1925-га).

Да 1925 года (па № 166) газета выходзіла толькі на рускай, у 1925 – 1926 гадах – на рускай і беларускай мовах. У першым жа нумары “Красная смена” засведчыла сваю праграму дзеянняў: “Нягледзячы на ўсе неспрыяльныя ўмовы, нягледзячы на цяжкае гаспадарчае становішча краіны, моладзь Беларусі мае свой орган… “Красная смена” будзе клікаць моладзь на працу, на барацьбу за ідэалы камунізма”…

Уся практычная дзейнасць маладзёжнай газеты грунтавалася на палітыцы партыі бальшавікоў. Пры гэтым выступіць на яе старонках з палымянымі артыкуламі-заклікамі, а тым больш – з не менш пафаснымі вершамі і апавяданнямі за вялікі гонар лічылі для сябе Янка Купала і Якуб Колас, Платон Галавач і Паўлюк Трус, Кузьма Чорны і Эдуард Самуйлёнак, іншыя паэты і празаікі.

Іншым фактам гістарычнай значнасці “Красной смены” (“Чырвонай змены”) можна ( і трэба!) па праву лічыць выхад газеты ў грозныя 1943 – 1944 гады ў партызанскай зоне Любанскага раёна Мінскай вобласці. Рызыкуючы сваімі жыццямі, пад практычна штодзённымі артылерыйскімі і авіяцыйнымі абстрэламі “Чырвонка”-партызанка, як яе ласкава называлі і называюць зараз, рабіла вялізную справу па мабілізацыі беларускай моладзі на барацьбу з “карычневай чумой” ХХ стагоддзя.

На вялікі жаль, у мірны час – а калі дакладней, у красавіку 2002 года – лёс “Чырвонай змены” ў прамым сэнсе слова склаўся трагічна. Па рашэнню “новых” “камсамольскіх” вярхоў, з маўклівай згоды вышэйшага кіраўніцтва суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь, газета была далучана ў якасці дадатку да ранейшага старэйшага брата па журналісцкаму цэху – “Звязды”. Адзін раз у тыдзень, на дзвюх старонках, большасць з якіх запаўняюцца рэкламнымі публікацыямі (!) далёка не маладзёжнай тэматыкі і праграмай тэлебачання на наступны тыдзень (!) – вось які выгляд мае сёння “Чырвоная змена”…

Тая самая “Красная смена” (“Чырвоная змена”) – слаўны летапіс якой бярэ пачатак у 1921-м, а прадоўжаны у грозныя 1943 – 1944-я… Газета, на сцягу якой быў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцягу: высокая і заслужаная ўзнагарода за ратныя і працоўныя подзвігі як беларускай моладзі, так і некалькіх пакаленняў журналістаў-чырвоназменаўцаў!