
- •А.Ф. Мяснікоў гісторыя беларускай журналістыкі
- •Мэты і задачы курса
- •Тэматычны план вывучэння дысцыпліны
- •Курс лекцый уводзіны
- •Публіцыстыка Адраджэння
- •Узнікненне перыядычнага друку на беларусі
- •Журналістыка беларусі другой паловы хіх – пачатку хх стст. Газета “Мужыцкая праўда”
- •Рэлігійны друк на Беларусі
- •Першая прыватная газета на Беларусі “Минский листок”. Грамадска-палітычная газета “Северо-Западный край”
- •Друк беларусі 1905 – 1917 гадоў Газеты “Наша доля” і “Наша Ніва”
- •Асаблівасці станаўлення беларускага нацыянальнага друку
- •Грамадска-палітычныя выданні Беларусі (1905—1917 гг.)
- •Выданне газеты “Звезда” – першай масавай газеты рсдрп (б)
- •Беларуская журналістыка ў гады замежнай інтэрвенцыі, грамадзянскай вайны і ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі (1918 – 1925 гг.)
- •І іншыя газеты. Першыя маладзёжныя выданні
- •Акруговыя выданні. Рабселькораўскі рух
- •Журналістыка беларусі напярэдадні і ў гады перадваенных пяцігодак (1926 – 1941 гг.) Друк ва ўсходняй частцы тэрыторыі Беларусі
- •Журналістыка ў Заходняй Беларусі
- •Падпольны і партызанскі друк на Беларусі
- •Друк беларусі ў 1946 – 1984 гадах Дзейнасць газет “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Чырвоная змена” і іншых і іх роля ў аднаўленні народнай гаспадаркі
- •Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага друку напярэдадні і пасля хх з’езда кпсс. Удзел беларускіх газет у выкананні рашэнняў з’езда
- •Эканамічныя рэформы 60-х гадоў хх стагоддзя і прапаганда іх у друку
- •Беларуская журналістыка пачатку пераходнага перыяду (1985 – 1991 гг.) Палітычная інфармацыя на старонках беларускіх газет
- •Беларуская журналістыка на сучасным этапе Развіццё беларускага перыядычнага друку на фоне дэмакратычных пераўтварэнняў
- •Статус сучаснай беларускай журналістыкі
- •Вучэбна-метадычная літаратура па дысцыпліне Асноўная літаратура:
- •Дадатковая літаратура:
- •220035, Мінск, вул. Ціміразева, 65 а.
Выданне газеты “Звезда” – першай масавай газеты рсдрп (б)
У гісторыі Беларусі ў цэлым, яе друку – ў прыватнасці газеце “Звязда” адводзіцца асаблівая роля і значэнне. Перш за ўсё таму, што існуе яна ажно з 1917 года і да нашых дзён – адрэзак часу, трэба прызнаць, вялікі, сталы і адметны. Амаль што стагоддзе (!) крочыць газета разам з беларускім народам, падзяляючы з ім усё: дасягненні і набыткі, удачы і радасці, а – адначасова – страты і няўдачы, пралікі і прыкрыя прамашкі… Такі шлях, на нашу думку, не толькі адметны і па-добраму зайздросны, але і характэрны, што называецца, лёсам наканаваны!
Першы нумар “Звезды” (на рускай мове) выйшаў 27 ліпеня (9 жніўня па новаму стылю) 1917 года. Яна стала першай штодзённай масавай бальшавіцкай газетай ў Беларусі і на ўсім Заходнім фронце. Газета выходзіла тыражом 3 тысячы экземпляраў, а першымі рэдактарамі яе сталі адразу пяць чалавек: вядомыя на Беларусі дзеячы РСДРП (б) Міхаіл Фрунзе, Аляксандр Мяснікянц (партыйны псеўданім Мяснікоў), Вільгельм Кнорыньш (Кнорын), Карл Ландар і Васіль Фамін. Спачатку яна з’яўлялася органам Мінскага камітэта Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (бальшавікоў), а потым – Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП (б).
Як і належыць у такіх выпадках, у першым жа нумары газета адразу выклала свае мэты і задумы: “…Служэнне інтарэсам працоўных слаёў шляхам згуртавання іх вакол выпрабаванага і слаўнага сцяга рэвалюцыйнай сацыял-дэмакратыі, – вось істотнейшая задача нашага органа…” І “Звезда” спаўна, на даволі высокім арганізацыйным і прафесійным узроўні, адразу ўзялася за ажыццяўленне гэтай задачы.
Узорам для яе з першага ж нумара стала ленінская “Правда”, якая, як вядома, пачала свой летапіс на 5 гадоў раней – з 5 мая 1912 года. Атрымаўшы з бальшавіцкага цэнтра – ЦК РСДРП (б) на чале з Леніным, спачатку вялікую фінансавую падтрымку (праўда, і да сённяшняга дня сярод даследчыкаў беларускага друку размова ідзе пра “нейкія там” 2 тысячы рублёў, нібыта ледзь ці не выпрашаныя Мяснікянцам і яго яшчэ не сфарміраванай камандай для “будучай” “Звезды” ў ЦК партыі: маўляў, усяго толькі на шэсць цэлых нумароў, сцвярджаў адзін з былых рэдактараў роўна праз 10 гадоў (гл. “Бальшавік Беларусі”, 1927, № 3), хоць ёсць і іншыя, але пакуль што афіцыйна не пацверджаныя звесткі, што тая сума была шматкрат большай. – Заўвага А.М.), а потым – і канкрэтнае ўказанне “палымяна змагацца за згуртаванне рабочых, сялян і салдат вакол бальшавіцкай партыі, рыхтаваць іх да ўзброенай барацьбы за перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі”, і самі рэдактары “Звезды”, і мабілізаваныя спачатку Мінскім, а потым – Паўночна-Заходнім абласным камітэтам РСДРП (б) сотні і нават тысячы памочнікаў-камісараў і актывістаў друку, пачалі рабіць усё, каб іх газета як мага паўней і шырэй авалодвала масамі працоўных…
Ужо з самых першых нумароў “Звезды” яе рубрыкі і загалоўкі, нібы кулі, білі прама ў сэрца: “Пад сцяг партыі, пралетарыі і салдаты!”, “Пад наш сцяг, прыгнечаныя людзі!”, “Капіталіст і рабочы – ворагі ад нараджэння…”, “У чым шчасце? Яно – ў рэвалюцыі і сацыялізме”, “Няхай жыве рэвалюцыя рабочых, салдат і сялян!”… Гэтыя і многія іншыя заклікі, па-сутнасці, і не дазвалялі чытачу бальшавіцкай газеты (дарэчы, не толькі “Звезды”, а і шматлікіх іншых выданняў) хоць бы на імгненне задумацца над спрадвечнымі для славянскіх народаў патаннямі: “Што рабіць?” і “Хто вінаваты?”…
Дарэчы, першы нумар “Звезды” выйшаў якраз у дзень адкрыцця УІ з’езда РСДРП (б). І гэта зусім заканамерна: газета і выдавалася акурат для таго, каб, паўторымся, спавядаць ідэі і лозунгі бальшавікоў, несці ў масы іх планы і задумы. Ужо ў нумарах за 10, 13, 17 і 20 жніўня 1917-га быў апублікаваны маніфест “Да ўсіх працоўных, да ўсіх рабочых, салдат і сялян Расіі”, які выдаў ЦК РСДРП (б) ад імя УІ з’езда партыі. Менавіта ў ім штаб бальшавікоў на чале з Леніным адкрыта заклікаў “да будучых бітваў з капіталам”.
І не толькі да “бітвы з капіталам” заклікалі шырокія працоўныя масы бальшавіцкія сродкі масавай інфармацыі. Тая ж “Звезда” з нумара ў нумар натхняла сваіх чытачоў на барацьбу з кадэтамі, меншавікамі, бундаўцамі, эсэрамі і іншымі палітычнымі праціўнікамі бальшавікоў…
Часовы ўрад Расіі, вядома ж, не прымаў пазіцыі “Звезды”. І ўжо 24 жніўня 1917 года за актыўную рэвалюцыйную прапаганду друкарня газеты была канфіскавана, а выданне “Звезды” забаронена…
15 верасня – роўна праз тры тыдні – у дзень адкрыцця І Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РСДРП (б), бальшавікі і спачуваючыя ім у нашым краі атрымалі новае партыйнае выданне – газету “Молот”. Гэта была тая ж “Звезда”, толькі пад новай назвай. “Молот” хоча стаць кавалём шчасця пралетарыяту і вясковай беднаты. У чым гэта шчасце? – Яно ў рэвалюцыі і сацыялізме!” – гэты лозунг уважлівы чытач мог пазнаць: ён (лозунг) – “звездовский”…
18 нумароў “Молота”, мабыць, і сапраўды ўдарылі ў набат гучна і шырокамаштабна – і гэту заслугу адняць у тагачаснага бальшавіцкага друку, у тым ліку і на тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны, наўрад ці хто зможа. Аднак 6 кастрычніка 1917-га Часовы ўрад забараняе і гэта выданне. Тым не менш, бальшавіцкія журналісты і паліграфісты не здаюцца, і літаральна праз два дні (!) Міхаіл Фрунзе – галоўны бальшавік і, тым больш, ідэолаг партыі на Беларусі – аднаўляе выданне “Звезды” – “Молота”: на гэты раз пад не менш сімвалічнай і “прарочай” назвай – “Буревестник”.
Назвы рубрык і змест артыкулаў і “Молота”, і “Буревестника” па-ранейшаму не вызначаліся нейкімі пошукамі ці знаходкамі, тым больш – арыгінальнасцю ці свежасцю падачы матэрыялаў, фактаў, лічбаў. Тое ж, што і ў цэнтральнай бальшавіцкай прэсе, друкаванне артыкулаў Ул.Леніна, М. Фрунзе, А. Мяснікянца і іншых лідэраў партыі; тое ж “выкрыццё” палітыкі Часовага ўраду… Тыя ж, агульнабальшавіцкія пазіцыі і лозунгі: “Улада—Саветам!”, “Канец вайне!”, “Зямлю – сялянам, фабрыкі – рабочым!”, “Вайна капіталізму, бязлітасная барацьба з буржуазіяй!”… Безумоўна: на псіхалогію і маральны стан людзей, і перш за ўсё тых, хто знаходзіўся ў акопах Першай сусветнай вайны, неаднагадовай ужо барацьбы “за нешта” і “з чымьсці”, гэта прапагандысцкая дзейнасць аказвала надзвычай вялікае ўздзеянне, яна была эфектыўнай і выніковай.
А з 1 лістапада – праз тыдзень пасля здзяйснення Кастрычніцкай рэвалюцыі – выданне мінскіх бальшавікоў-ленінцаў набыло сваю ранейшую назву – “Звезда”.
Заслугі “Звезды” 1917 года не столькі ў гісторыі станаўлення і развіцця новага, савецкага ўзроўню журналістыкі, колькі ў справе заваёвы бальшавікамі ўлады на нашай Бацькаўшчыне, па нашаму цвёрдаму перакананню, не толькі па-ранейшаму не ацэнены, але нават і не акрэслены. Можна шматкрат, на сотні галасоў сцвярджаць, я к о е гэта было выданне – і па зместу, і па палітычнай арыентацыі, і паводле ўздзеяння на шырокія працоўныя масы, і яшчэ шмат па чым… На нашу ж думку, феномен “Звезды” (“Звязды”) ў іншым: у яе “ўменні” знайсці агульную мову з беларускім народам! І тады, у 1917-м; і пазней – у 20-я – 30-я гады; і падчас грознай фашысцкай навалы – ў 1941-м –1944-м гадах…
І потым: у гады пасляваеннага аднаўлення разбуранай і знішчанай гітлераўцамі гаспадаркі Беларусі; і ў перыяд вяртання беларускаму народу імён і спраў самых шчырых і праведных беларусаў – з ліку сталінскіх ахвяр; і на самых апошніх этапах гістарычных падзей – падчас так званай перабудовы, нарэшце – пры ўступленні Беларусі ў перыяд станаўлення і развіцця яе нацыянальнай суверэннасці і самастойнасці… І не змяншаючы ці прыніжаючы ролі іншых сродкаў інфармацыі, значэнне “Звязды” тут не трэба ні “ўзносіць”, ні “апускаць”… Што было, тое было!
Сваю ролю, наканаваную ёй партыяй бальшавікоў на чале з Леніным на самым першым этапе іх барацьбы за ўладу, беларуская нацыянальная газета “Звезда” ўзору 1917 года выканала спаўна і з вялікім гонарам і адказнасцю. Колькі б мы ні гаварылі, колькі б ні спрачаліся, аднак факт застаецца фактам: рэдактары і супрацоўнікі газеты, цвёрда засвоіўшы ўстаноўкі і задачы бальшавіцкага цэнтра, зрабілі ўсё, каб паспрыяць перамозе Вялікага Кастрычніка на беларускай зямлі. Той перамозе, якая ўсталявала ўладу адной партыі на адной шостай частцы Зямлі на сем з лішкам дзесяцігоддзяў. Здаецца, у гісторыі друкаванага слова гэта – самы сапраўдны феномен!
Пра далейшы ход падзей на нашай Бацькаўшчыне, у тым ліку і з самым вялікім і непасрэдным удзелам “Звезды” (“Звязды”) і іншых сродкаў масавай інфармацыі – ў наступных нашых лекцыях...