Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
6.Гісторыя бел.журналістыкі.Мяснікоў.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
799.74 Кб
Скачать

Грамадска-палітычныя выданні Беларусі (1905—1917 гг.)

Дванаццаць гадоў нават для жыцця чалавека – імгненне не больш! А для гісторыі – наогул драбніца! Для Расійскай імперыі пачатку ХХ стагоддзя тыя ж 12 гадоў – 1905-ы – 1917-ы – вызначылі практычна ўсё: лёс дзяржавы, уклад жыцця яе насельнікаў, імклівае ўзнікненне, станаўленне і фарміраванне зусім новых, абсалютна невядомых нават для сусветнай гісторыі, грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных адносін…

У вераніцы неверагодна імклівых падзей, змены сітуацыі як у Расійскай імперыі ў цэлым, так і на нашай Бацькаўшчыне – ў прыватнасці, на дзейнасць друку – як перыядычнага, так і неперыядычнага – аказвалі, безумоўна ж, самы вялікі ўпыў. Аказвалі, перш за ўсё, таму, што Расія была ўжо даволі цывілізаваная, еўрапейскага кшталту дзяржава: у нечым яна саступала перадавым краінам, а ў чымсьці – і была наперадзе… Спаўна адносіцца гэта і да дзейнасці друку. Ён знаходзіўся ўжо на даволі высокай ступені развіцця, таму і на сітуацыю ў грамадства ўздзейнічаў даволі-такі актыўна.

Канец ХІХ-га – пачатак ХХ-га стагоддзяў, як вядома, азнаменаваўся ўзнікненнем, фарміраваннем і станаўленнем многіх палітычных партый і грамадскіх рухаў. На вядучыя ролі, як і заўсёды, сам час вылучыў на нашай Бацькаўшчыне наступныя з іх: Расійскую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю (РСДРП), Беларускую сацыялістычную Грамаду (БСГ), Партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд), некаторыя іншыя – менш значныя і ўплывовыя.

Ініцыятыву ў барацьбе за розумы і свядомасць народа з пачатку ХХ стагоддзя захапілі прадстаўнікі Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (бальшавікоў). Іх, дарэчы, у Беларусі даволі часта і працяглы час, што называецца, блыталі як з сацыялістамі-рэвалюцыянерамі, так і з прыхільнікамі Грамады. Тым не менш, РСДРП (б), перш за ўсё дзякуючы вялізным арганізатарскім, прапагандысцкім і публіцыстычным здольнасцям свайго лідэра Уладзіміра Леніна, змагла спачатку захапіць ініцыятыву, а потым – у ходзе развіцця падзей – і давесці справу да пераможнага канца ў кастрычніку 1917-га...

Ужо ў 1905 годзе Беларусь была “запоўнена” сотнямі тысяч экземпляраў бальшавіцкіх лістовак і пракламацый. А таксама – тысячамі экземпляраў нумароў бальшавіцкіх газет “Вперед”, “Пролетарий”, “Рабочий”. Калі ж на тэрыторыі Беларусі былі створаны два бальшавіцкія прапагандысцкія і выдавецкія цэнтры – Паўночна-Заходняга (Мінск) і Палескага (Гомель) камітэтаў РСДРП, інтэнсіўнасць і шматграннасць партыйна-бальшавіцкай прапаганды і агітацыі – і перш за ўсё праз друкаваныя сродкі – павялічыліся шматкрат. Больш чым у дзесяці падпольных друкарнях на нашай тэрыторыі тыражыраваліся сотнямі тысяч экзэмпляраў лістоўкі, пракламацыі, адозвы, газеты і нават цэлыя брашуры…

Прыкладаў выдання самых розных відаў друкаванай прадукцыі таго часу можна прывесці мноства. І, дарэчы, кожны з іх мае, што называецца, права на прызнанне і існаванне, бо насамрэч гэтыя друкаваныя сродкі перш за ўсё служылі справе: канкрэтнай, адназначнай і мэтанакіраванай. Іншая справа: хто з іх і на якім баку барыкады апынуўся падчас падвядзення вынікаў барацьбы – барацьбы за самы высокі прэстол – уладу!

Вось зусім кароткая, самая нязначная, храналогія выхаду ў свет тагачасных перыядычных выданняў – і толькі на працягу аднаго года, 1906-га:

Мінская арганізацыя РСДРП нелегальна выдае тры нумары газеты “Минский летучий листок”; Гродзенская сацыял-дэмакратычная ваенная арганізацыя – два нумары газеты “Солдатская воля”;

з канца лютага 1905 года па студзень 1906-га ў Гомелі выходзіць газета “Труд”;

1 студзеня 1906 года ў Мінску выходзіць адзіны нумар газеты “Голос Белоруссии”:

з 6 студзеня па 22 жніўня выдаецца газета “Могилёвский голос”;

сакавік 1906 года: пачынаецца выданне штотыднёвай грамадска-палітычнай і літаратурнай газеты “Голос провинции” (пазней яна выходзіла пад назвай “Жизнь провинции”);

з ліпеня 1906 года ў Мінску пачынае выходзіць грамадска-палітычная і літаратурная газета “Окраина”…

Розны ўзровень гэтых выданняў, а, тым больш, – розная тэматычная накіраванасць іх. Кожная з газет – і гэта бачна нават з іх назваў – спавядала пазіцыі і прынцыпы сваіх заснавальнікаў: дзяржаўных структур, розных партый і грамадска-палітычных арганізацый. Тых гаспадароў, кажучы іншымі словамі, хто заказваў “музыку”…

Розныя, далёка не аднолькавыя, былі і тыражы тых выданняў. “Минский летучий листок”, “Солдатская воля”, “Голос Белоруссии”, верагодней за ўсё, мелі тыраж у некалькі соцень экземпляраў. “Труд”, “Могилёвский голос”, “Голос провинции” і “Окраина”, перш за ўсё дзякуючы раскручанай прапагандзе і агітацыі за іх, знаходзілі тысячы сваіх прыхільнікаў і распаўсюджвальнікаў.

Па-рознаму, так непадобна, складваліся іх лёсы. Той жа “Голос Белоруссии” сваю палітычную і грамадска-сацыяльную накіраванасць засведчыў у звароце да чытачоў адкрыта і шчыра: “Нам не трэба астрогаў, расстрэлаў, шыбеніц. Працоўны народ даўно зразумеў, што шчаслівую долю могуць выкаваць толькі яго мазолістыя рукі…” Такая споведзь-прызнанне выдаўцоў, вядома ж, уладам прыйшлася не даспадобы і газета літаральна на наступны дзень была назаўсёды закрыта… А вось “Голос провинции”, што выдаваўся ў тым жа Мінску, праіснаваў куды большы прамежак часу. Спавядаючы тыя ж дэмакратычныя накірункі развіцця грамадства (дарэчы, гэта ў значнай ступені дасягалася дзякуючы таму, што ў рэдакцыі газеты працавалі некаторыя таленавітыя супрацоўнікі закрытай незадоўга да таго газеты “Северо-Западный край” – Я. Окунь, Д, Бохан і інш.), рэдакцыя змагла павесці справу больш тонка і завуаліравана. Калі пасля выхаду ў свет 306 нумара “Голос провинции” быў забаронены, супрацоўнікі не разгубіліся і знайшлі-такі магчымасць выдаць яшчэ ажно 31 нумар выдання – на гэты раз пад назвай “Жизнь провинции”… Свайго роду прадаўжальніцай гэтых выданняў стала газета “Окраина” (у свет выйшлі 246 нумароў).

Калі казаць пра сістэму ў наладжванні і выпуску друкаванай прадукцыі, то, безумоўна, першынство тут зноў жа належыць бальшавікам. Паўночна-Заходні і Палескі камітэты РСДРП (б), маючы вялізную фінансавую, кадравую і арганізацыйную падтрымку з так званага цэнтра, маглі “дазволіць” сабе як магчымасць друкаваць прадукцыю шматкрат большую па тыражу, так і распаўсюджваць яе па ўсёй неабдымнай беларускай старонцы…

Наступныя гады таксама характарызаваліся шматлікасцю і разнастайнасцю друкаваных выданняў. Афіцыйныя газеты “Минское русское слово”, “Минский голос”, “Минское слово”, “Витебское церковно-славянское слово”, “Минская речь”, “Минские ежедневные новости”, “Витебская жизнь” і іншыя спавядалі дзяржаўныя манархічныя лозунгі і заклікі, выступалі за захаванне існуючых законаў і парадку. Яны злосна абвінавачвалі рэвалюцыйны і нацыянальна-дэмакратычны рухі, наводзілі ўсялякі паклёп на дэмакратычныя выданні. Тым не менш, разумеючы магутнасць і сілу народнага руху, яны заклікалі і да яднання вакол улады, да падтрымкі яе …

Існавалі на Беларусі і выданні, якія, маскіруючыся і прыкрываючыся пустапарожнімі лозунгамі, аб’яўлялі сябе староннікамі “абароны” інтарэсаў і запатрабаванняў народа, аднак на справе распальвалі міжнацыянальныя спрэчкі, спавядалі дзяржаўны шавінізм, па-сутнасці ў адкрытую падтрымлівалі антыпольскія і антыяўрэйскія пагромы, якія былі тады даволі частай з’явай. Менавіта з такіх, чарнасоценскіх пазіцый, вялі прапаганду сярод чытачоў газеты “Крестьянин”, “Виленский вестник”, “Белорусская жизнь”, “Новое время”, “Вечерняя газета”…

Як сведчаць статыстычныя даныя, па стану на 1914 год на Беларусі выходзілі больш чым сто перыядычных выданняў. Паводле ідэйнай накіраванасці, яны падзяляліся на афіцыйныя (дзяржаўныя), польскія (клерыкальныя) і нацыяналістычныя (літоўскія і яўрэйскія). У прыватнасці, на польскай мове выдаваліся 28 газет і часопісаў, на літоўскай – 13, на яўрэйскай – 12 выданняў, астатнія – на рускай мове. І толькі тры (!) выданні – і сярод іх флагман нацыянальнай беларускай журналістыкі газета “Наша Ніва” – выходзілі на беларускай мове. Некаторыя даследчыкі беларускага друку схільны лічыць гэту з’яву “феноменам інтэрнацыянальнасці перыядычных выданняў на Беларусі”…

На нашу ж думку, гэта – спадчына ранейшай каланіяльнай залежнасці нашай Бацькаўшчыны!

1 лістапада (па старому стылю) 1916 года адбылася падзея, якая наўрад ці мела да гэтага што-кольвечы падобнае. Удалечыні ад Беларусі – а калі дакладна, то ў Петраградзе – выйшлі ў свет на беларускай мове адразу дзве газеты. Гэта былі “Дзянніца”, якая друкавалася рускім шрыфтом, і “Светач” – на лацінцы. Штотыднёвыя выданні рэдагавалі адпаведна Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) і Эдвард Будзька. Іх выданне ў тагачаснай расійскай сталіцы было абумоўлена тым, што ў 1915 годзе Вільня была захоплена немцамі і беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, акрамя Мінска, пачаў сваю актыўную дзейнасць і ў Петраградзе, куды, ратуючыся ад захопнікаў, выехала вельмі шмат беларусаў, у тым ліку – і грамадскіх дзеячаў і актывістаў. Дарэчы, і Жылуновіч, і Будзька выдавалі газеты за ўласныя сродкі.

Ужо самы першы нумар “Дзянніцы” “адчуў” адносіны царскага ўраду і да беларускай старонкі ў цэлым, і да яе праблем – у прыватнасці: ён выйшаў напалову з белымі плямамі. Петраградскі цэнзар па беларускаму друку Трафімовіч поўнасцю забараніў да выхаду ў свет перадавы артыкул, напісаны Жылуновічам, прама на палосах выкрэсліў многія абзацы з іншых публікацый… Прычым, з публікацый зусім не палітычнага зместу, а ў большасці сваёй – на культурныя тэмы. Тое ж напаткала і наступныя нумары газет – і “Дзянніцы”, і “Светача”.

Газеты расказвалі чытачам аб падзеях на імперыялістычнай вайне, цяжкім становішчы беларусаў-бежанцаў, аб жыцці на радзіме… Шмат месца было аддадзена пад літаратурныя творы: у “Дзянніцы” Цішка Гартны друкаваў урыўкі са свайго рамана “Бацькава доля”, вершы і публіцыстычныя творы Канстанцыі Буйло, Альберта Паўловіча, Максіма Гарэцкага, Язэпа Дылы, Хведара Чарнышэвіча, Фабіяна Шантыра. Аднак магчымасцей і фінансавых сродкаў у рэдактараў і выдаўцоў хапіла не надоўга: выдаўшы па сем нумароў газет, 31 снежня таго ж 1916 года выданні спынілі сваё існаванне.

У летапісе беларускага друку выданні, што выходзілі ў свет у 1917 годзе, таксама займаюць асобнае месца. Яно, гэта месца, перш за ўсё, характарызуецца тым, што на прасторах Расійскай імперыі прайшлі дзве рэвалюцыі – лютаўская і кастрычніцкая, якія, безумоўна ж, рэзка размежавалі грамадска-палітычную накіраванасць выданняў, дакладна вызначылі далейшыя накірункі іх дзейнасці і развіцця.

Да самага прыходу да ўлады бальшавікоў дзяржаўныя інтарэсы ў першую чаргу прадстаўлялі “…Губернские ведомости”. Яны па-ранейшаму адмоўна ставіліся і рэзка крытыкавалі забастовачны ўсенародны рух, дзейнасць шматлікіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый (і перш за ўсё – бальшавікоў), усяляк агітавалі за падтрымку палітыкі ўрада, скіраванай на прапаганду далейшага вядзення вайны пад лозунгам “За цара і айчыну!”. Сітуацыя на Беларусі, не кажучы ўжо пра ўмовы жыцця народа і патрабаванні шырокай грамадскасці, выдаўцоў беларускіх “…Губернских ведомостей” проста не цікавілі…

Пасля прыходу да ўлады Часовага ўраду ў шэрагу заканадаўчых актаў былі распрацаваны так званыя “Правілы друку”, афіцыйна зацверджаныя ў красавіку 1917 года. Яны сталі даволі рэальным крокам да ўсталявання на тэрыторыі былой Расійскай імперыі свабоды слова – той свабоды, за якую, як бачна з нашых папярэдніх довадаў, так смела і актыўна змагаліся цэлыя пакаленні ранейшых актывістаў друку. У “Правілах друку”, у прыватнасці, адзначалася, што свабоднае функцыяніраванне газет і часопісаў – аб’ектыўная заканамернасць рэвалюцыйных пераўтварэнняў. Не менш важна і тое, што фактычна здымаліся ўсе без выключэння перашкоды ў арганізацыі выданняў – адміністрацыйныя, фінансавыя, а галоўнае – цэнзурныя абмежаванні.

Гэта была надзвычай вялікая заваёва дэмакратычнага перыядычнага друку!

У сувязі з тым, што тэрыторыя нашай Бацькаўшчыны з’яўлялася перадавой лініяй фронту, літаральна адразу ж пачалі выходзіць многія ваенныя газеты. Найбольш значныя і ўплывовыя з іх – “Фронт” (орган Выканаўчага камітэта з’езда салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў Заходняга фронту), “Известия Выборных Особой Армии” (орган Камітэта Заходняга фронту), “Вестник Комитета Земского Союза Западного фронта”, “Голос ІІ армии”, “Наша газета” (выданне адной з дывізій Заходняга фронту) і іншыя.

Падчас усталявання ўлады Саветаў на тэрыторыі Беларусі адна за другой пачалі з’яўляцца і іх перыядычныя органы друку. “Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов” бяруць свой пачатак з 5 сакавіка 1917 года; з 21 красавіка – “Могилёвская газета”, з 17 мая – “Известия Мозырского Совета рабочих и солдатских депутатов”; з 18 мая – “Известия Витебского Совета рабочих и солдатских депутатов”, з лістапада – “Известия армейского Совета солдатских депутатов ІІІ армии и Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов” і г.д. Гэта былі так званыя рэвалюцыйныя выданні, якія неслі ў шырокія чытацкія масы ідэі барацьбы бальшавікоў за ўладу Саветаў. Галоўнымі рубрыкамі гэтых выданняў былі: “Распараджэнні Савета”, “Пісьмы ў рэдакцыю”, “Унутраная хроніка”, “Па губерні”, “З прафсаюзнага жыцця”, “З мясцовага жыцця” і іншыя.

Але не ўсе гэтыя выданні вызначаліся лаяльнасцю і падтрымкай новай улады. У прыватнасці, “Известия Гомельского Совета…” і “Могилёвская правда” (з мая 1917-га яна пачала называцца “Молот”) у адкрытую падтрымлівалі палітыку Часовага ўрада, выступалі супраць ленінскага лозунгу аб перадачы ўлады Саветам, агітавалі за прадаўжэнне вядзення вайны да пераможнага канца…

3 – 6 мая 1917 года адбыўся І з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў. Акрамя іншых, было разгледжана і пытанне аб заснаванні друкаванага органа Выканкама Савета – “Крестьянской газеты”. Першы нумар яе выйшаў ужо 10 чэрвеня таго ж года, а рэдактарам з’яўляўся вядомы рэвалюцыянер і грамадскі дзеяч Міхаіл Фрунзе. Газета выходзіла на рускай мове, два разы на тыдзень. Галоўнымі тэмамі яе сталі: жыццё беларускай вёскі, імкненні і патрабаванні сялян, іх пратэсты і рэвалюцыйныя выступленні, дзейнасць новай улады – Саветаў.

Аднак неўзабаве “Крестьянская газета” трапіла пад уплыў прадстаўнікоў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Больш таго, пасля ІІ з’езда сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, які прайшоў напрыканцы ліпеня 1917-га, рэдактарам газеты таксама стаў эсэр. Некалькі перарабіўшы назву ( з 24 жніўня яна стала такой: “Крестьянская газета. Земля и воля”), выданне пачало актыўна адстойваць пазіцыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, друкаваць распараджэнні і загады Часовага ўрада, заклікаць да іх выканання. Усяго выйшлі 39 нумароў газеты (апошні – 5 кастрычніка 1917 года).

Акрамя беларуска- і рускамоўных выданняў на Беларусі, і перш за ўсё – ў Мінску ў той жа час выходзілі друкаваныя сродкі інфармацыі на польскай і яўрэйскай мовах. Гэта былі газеты “Антыхрыст”, “Польская праўда”, “Пляцоўка”, “Праўда”, “Будучыня”, “Новы кур’ер літоўскі”, а з яўрэйскіх выданняў найбольшую вядомасць мела газета “Рабочы”. Іх тэматычным зместам і палітычнай накіраванасцю былі пазіцыі польскіх і яўрэйскіх палітычных партый, рухаў і грамадскіх арганізацый, якія, як вядома, вызначаліся праяўленнем польскага і яўрэйскага нацыянал-шавінізму, хаця – зрэдку – гэтыя выданні выступалі і па праблемах барацьбы за роўнасць правоў народаў, права кожнага з іх на самавызначэнне, падтрымлівалі дэмакратычныя тэндэнцыі агульнай рэвалюцыйнай барацьбы… Сучасныя даследчыкі беларускай журналістыкі пачатку ХХ стагоддзя схільныя лічыць, што так званы інтэрнацыянальны друк (польскі, яўрэйскі, літоўскі, ды і рускі) у цэлым стрымліваў развіццё беларускага нацыянальнага руху, раз’ядноўваў палітычныя накірункі і плыні, уносіў пэўны раскол ва ўзаемаадносіны людзей розных нацыянальнасцей.