Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
6.Гісторыя бел.журналістыкі.Мяснікоў.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
799.74 Кб
Скачать

Асаблівасці станаўлення беларускага нацыянальнага друку

Станаўленне беларускага нацыянальнага друку адбывалася на працягу не аднаго стагоддзя. Так, менавіта стагоддзі спатрэбіліся дзеля гэтага, бо практычна кожны з разгледжаных ужо намі перыядаў развіцця беларускага грамадства, побач з узнікненнем, развіццём і ўдасканаленнем палітычных, эканамічных і сацыяльных стасункаў, патрабаваў сваіх падыходаў, узаемаадносін і ўзаемакантактаў і з друкаваным словам. Так, на розных ступенях развіцця знаходзіўся ў кожны з тых перыядаў друк, аднак, як мы бачылі вышэй, ніводная, так бы мовіць, улада, ніводная форма кіравання грамадствам не грэбавала сувязямі са сродкамі інфармацыі свайго часу. І не без падстаў на тое: сілу друкаванага слова ўладары і палкаводцы, прыхільнікі ўлады і мяцежнікі, свяцілы навукі і проста адукаваныя людзі разумелі спаўна, выразна бачылі тую сілу на свае ўласныя вочы…

Усё гэта калі і не стрымлівае, дык моцна замінае выяўленню асаблівасцей станаўлення нашага нацыянальнага друку. Па-першае, гэта станаўленне не магло адбыцца без узаемадзеянняў са знешнім светам – гэта значыць, без уплыву становішча друкаванага слова ў, як модна зараз казаць, далёкім і блізкім замежжы. Зазначыць трэба адразу: тое становішча ў замежжы іншам разам было на крок-два наперадзе ў параўнанні з сітуацыяй на нашай Бацькаўшчыне; аднак жа нярэдка і нашы продкі і папярэднікі апярэджвалі час (чытай: сваіх калег-канкурэнтаў) і справай даказвалі сваю кампетэнтнасць, дасведчанасць, нават – перавагу над імі… Яе Вялікасць Гісторыя зафіксавала ўсё: і насамрэч рэвалюцыйныя здзяйсненні ў славянскім культурным свеце Францыска Скарыны, і гуманістычнага характару міжнародныя набыткі Спірыдона Собаля, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, братоў Зізаніяў, Мялеція Сматрыцкага, Міколы Гусоўскага, Сімяона Полацкага… Іх і некаторых іншых Асоб можна (і трэба!) смела ставіць каля вытокаў узнікнення і станаўлення нашага нацыянальнага друку, з гонарам за іх справы адзначаючы пры гэтым, што сярод братоў-славян ЯНЫ былі першымі! Менавіта гэтыя і іншыя тытаны гуманізму і Адраджэння сталі адкрывальнікамі асноўных прынцыпаў публіцыстыкі як спецыфічнага віду грамадска-палітычнай літаратуры, аднаго з важнейшых складнікаў культуры ўвогуле.

Мы адзначалі ўжо, аднак варта, на нашу думку, і паўтарыць: ужо да канца ХУІІ стагоддзя ўзровень развіцця беларускага друкаванага слова знаходзіўся на перадавых пазіцыях на еўрапейскім кантыненце! Ды і сам факт прызнання старабеларускай мовы ў якасці дзяржаўнай у наймагутнейшай у Еўропе Беларускай дзяржаве – Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, таксама гаворыць перш за ўсё аб тым, што, адначасова з літаратурай і мовай, журналістыка знаходзілася на належнай вышыні…

Думаецца, менавіта тут нялішнім будзе і такое сведчанне: у параўнанні з сітуацыяй у практычна ўсіх іншых перадавых на той час дзяржавах, становішча друкаванага слова на нашай Бацькаўшчыне мела адну характэрную асаблівасць. У Чэхіі, дзе, як вядома, распачынаў сваю падзвіжніцкую дзейнасць Францыск Скарына, кнігі і газеты выдаваліся зазвычай на чэшскай мове; у Германіі, дзе яшчэ раней шчыраваў Іаган Гутэнберг, – на нямецкай; у Італіі – на італьянскай мове і г.д. Нашыя ж гуманісты і асветнікі (і асабліва падчас працы на журналісцкай ніве пазней – ужо ў ХУІІІ—ХІХ стагоддзях), зыходзячы з рэальнага становішча спраў, практычна аднолькава шчыра і праведна працавалі ва ўмовах рэальнага шматмоўя. Тая ж газета “Кур’ер Віленскі” на працягу звыш 150 гадоў (!) была сапраўднай гістарычнай з’явай адразу трох культур – беларускай, літоўскай і польскай. У беларускіх гарадах Вільні і Гродне, акрамя беларускамоўных, выходзілі газеты і часопісы на польскай і літоўскай мовах, у Мінску, Віцебску, Магілёве – на рускай і яўрэйскай… І гэта ніколькі не замінала станаўленню і развіццю нашай нацыянальнай журналістыкі, а, наадварот, спрыяла яе ўзбагачэнню і творчаму ўдасканаленню.

Так павінна было быць, і так было насамрэч!

Характэрнай асаблівасцю станаўлення беларускага нацыянальнага друку і яго значным і адметным складнікам былі, ёсць і застануцца рэлігійныя выданні. “…Епархиальные ведомости” другой паловы ХІХ-га – пачатку ХХ-га стагоддзяў былі вялікай грамадскай з’явай жыцця ўвогуле. Вызначаючыся ідэйна-тэматычнай спецыфікай і накіраванасцю, царкоўныя перыядычныя выданні неслі грамадству ідэі дабра, міру, спакою і любові. Ажыццяўленню ж гэтых ідэй так часта перашкаджала сама рэчаіснасць чалавечага быцця…

Самым спрыяльным часам для станаўлення нацыянальна-дэмакратычнага друку на Беларусі сталі, несумненна, першыя два дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Гэта акалічнасць прымушае нас спыніцца на тым перыядзе некалькі падрабязней. Па-першае, у гэты перыяд выходзілі ў свет прааналізаваныя ўжо намі газеты “Наша доля” і “Наша Ніва” – сапраўдныя флагманы беларускага нацыянальнага друку. Дарэчы, многія даследчыкі нашага друку лічаць гэтыя штотыднёвікі пачынальнікамі нацыянальнага друку, аднак мы пагадзіцца з такім довадам не можам. Справа ў тым, што матывы і цэлыя накірункі барацьбы за беларускае нацыянальнае адраджэнне былі ўласцівы некаторым друкаваным сродкам інфармацыі задоўга да нараджэння і выхаду ў свет “Нашай долі” і “Нашай Нівы”: той жа “Мужыцкай праўдзе” Кастуся Каліноўскага…

Па-другое, па стану на 1915 год на нашай Бацькаўшчыне выдаваліся ажно 80 газет і часопісаў, і больш паловы з іх мелі дэмакратычны характар і скіраванасць. Менавіта дзякуючы гэтым двум асноўным фактарам, рэвалюцыйны рух на Беларусі набыў масавы характар. Акрамя гэтага, да таго часу стварыліся, у асноўным сфарміраваліся і пачалі надзвычай актыўную грамадска-палітычную дзейнасць многія партыі, арганізацыі і рухі, і сярод іх такія шматлікія і ўплывовыя, як: Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (РСДРП), якая напачатку стагоддзя падзялілася на бальшавікоў і меншавікоў, Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), Беларуская сацыялістычная Грамада (БСГ), Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд)... Іхнія перыядычныя выданні, лістоўкі , пракламацыі і звароты паступова, аднак даволі ўпэўнена, авалодвалі розумамі і сэрцамі чытачоў, спрыялі хуткаму папаўненню радоў прыхільнікаў і аднадумцаў гэтых грамадска-палітычных партый і арганізацый.

Гэту сапраўдную барацьбу за прыхільнікаў і чытачоў у канчатковым выніку выйгралі, як вядома, бальшавікі на чале з Уладзімірам Ульянавым (Леніным) і іхнія перыядычныя выданні. Дарэчы, нядаўна ўстаноўлена, што на сродкі, прывезеныя Леніным падчас вяртання з працяглай эміграцыі з-за мяжы ў Расію (сярэдзіна 1917 года), было заснавана каля 50 новых бальшавіцкіх перыядычных выданняў, у тым ліку і газета “Звезда” (да 1924 года яна выдавалася на рускай мове) ў горадзе Мінску.

У той жа час пабачылі свет і першыя беларускамоўныя дзіцячыя выданні – часопісы “Раніца” і “Лучынка” (абодва – 1914 год), якія, нягледзячы на неспакойны час (пачыналася Першая сусветная вайна), засведчылі аб клопатах прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі аб падрастаючым пакаленні – будучыні свайго краю. Змест і накіраванасць часопісаў дае нам усе падставы сцвярджаць аб тым, што гэта таксама з’яўляецца даволі характэрнай асаблівасцю станаўлення і развіцця беларускага нацыянальнага друку.