
- •1. Роля беларускага друку ў арганізацыі барацьбы супраць польскіх легіянераў. Усебеларускі з'езд і стварэнне беларускай дзяржавы. Газета «Советская правда»
- •2. Беларускі друк у час нямецкай акупацыі. Газеты «Западная Коммуна», «Подпольная правда», «Дзянніца». Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі
- •3. Стварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Разгром другога інтэрвенцкага паходу белапалякаў. Газеты «Белорусская правда», «Савецкая Беларусь»
- •1. Беларускі друк ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі
- •2. Беларуская літаратурная перыёдыка. Часопісы «Полымя», «Маладняк», газета «Літаратура і мастацтва»
- •3. Узнікненне і развіццё друку моладзі Беларусі. «Красная смена» («Чырвоная змена»), «Юный пахарь» («Малады араты»)
- •1. Беларускі друк у перыяд калектывізацыі і індустрыялізацыі
- •2. Стварэнне і развіццё беларускага радыё
- •3. Друк беларускай дыяспары
- •1. Адлюстраванне ў друку планаў пабудовы асноў сацыялізму
- •2. Рабселькораўскі pyx y Беларусі
- •3. Друк Заходняй Беларусі
- •4. Стварэнне інфармацыйнай службы БелТа
3. Стварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Разгром другога інтэрвенцкага паходу белапалякаў. Газеты «Белорусская правда», «Савецкая Беларусь»
Выгнанне нямецкіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі мела вялікае значэнне як для ўмацавання рэвалюцыйных заваёў у Расіі, так і для паглыблення і нарастання пралетарскай барацьбы ў краінах Еўропы. У той жа час гэта ўзняло аўтарытэт савецкай улады і канчаткова замацавала лідэрства бальшавіцкай партыі ў палітычным жыцці Беларусі.
У такі гістарычны момант беларускі народ устанавіў сваю дзяржаўнасць. 30-31 снежня 1918 г. на VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б), якая абвясціла сябе першым з'ездам Кампартыі Беларусі, было вырашана стварыць Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь (ССРБ).
Тым часам былі пераадолены супярэчнасці ў падыходах да вызначэння беларускай дзяржаўнасці. Яны былі вельмі значныя і зыходзілі ад некаторых уплывовых партыйных і савецкіх кіраўнікоў, якія ўвогуле адмаўлялі магчымасць і неабходнасць стварэння самастойнай беларускай дзяржавы. «Западная Коммуна» ў артыкуле «Нацыянальныя рэспублікі Саветаў» канстатавала: «Паўстае пытанне: навошта гэта гульня ў савецкія рэспублікі? Абвяшчэнне Савецкай Рэспублікі Беларусь не толькі не адпавядала б інтарэсам барацьбы з нацыяналістычнымі тэндэнцыямі дробнай буржуазіі... А гэта супярэчыць інтарэсам сацыялістычнай рэвалюцыі». Такая пазіцыя выклікала дыскусію ў нацыянальна-дэмакратычнай прэсе. З.Жылуновіч у артыкуле з характэрнай назвай «Як жа з Беларуссю?» у газеце «Дзянніца» прапанаваў неадкладна вырашыць пытанне беларускай дзяржаўнасці. Супярэчнасці былі ліквідаваны з дапамогай расійскага ўрада.
У «Маніфесце Часовага Рабоча-Сялянскага ўрада Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», які быў перададзены па радыё 1 студзеня 1919 г., было абвешчана права беларускага народа на жыццё без памешчыкаў і капіталістаў, пад кіраўніцтвам бальшавіцкай партыі будаваць грамадства свабоднай працы – сацыялізм.
Стварэнне ССРБ аказала рашучае ўздзеянне на кансалідацыю ўсіх прагрэсіўных сіл для далейшай барацьбы супраць інтэрвенцыі і контррэвалюцыі, разгортвання народна-гаспадарчага будаўніцтва на сацыялістычных асновах. Цэнтралізацыя савецкай улады паскорыла працэс палітычнага расслаення класавых сіл і ўзмацнення пазіцый Саветаў і бальшавіцкай партыі на месцах, замацавала рэвалюцыйны працэс арганізаванасцю, дысцыплінай, адказнасцю перад уладай, унесла ў свядомасць працоўных элемент устойлівасці і непахіснасці пазіцый народа ў барацьбе за сваю свабоду і незалежнасць.
Кампартыя Беларусі правяла шэраг мер для ўдасканалення дзейнасці перыядычнага друку. Асновай для перабудовы прэсы ў новых умовах служылі матэрыялы першага з'езда КП(б)Б. У іх было запісана: «Наша партыйная газета павінна быць пастаўлена так, каб яе чыталі не толькі члены партыі, але і спачуваючыя маглі ганарыцца ёю...» На з'ездзе прэса была прыпадобнена да зброі: «Наша партыйная прэса, у прыватнасці газета, павінна быць люстэркам нашай партыі і ўсяго нашага духоўнага багажу» .
Перад партыйнымі камітэтамі ва ўмовах недахопу матэрыяльных сродкаў, паперы, журналісцкіх кадраў была пастаўлена задача цэнтралізацыі друку ў губернскіх гарадах.
Бальшавіцкая партыя, звяртаючы галоўную ўвагу на ўмацаванне абароназдольнасці рэспублікі, скарыстоўвала часовы перапынак у ваенных дзеяннях для ўмацавання арганізацыйнай структуры партыйных ячэек, гаспадарчага апарату, для ўзмацнення адказнасці савецкіх работнікаў усіх рангаў за пастаноўку справы, функцыянаванне ўстаноў і выкананне імі сваіх абавязкаў. Усе гэтыя мерапрыемствы былі неабходны для эфектыўнай дзейнасці савецкай улады і вырашэння неадкладных пытанняў па павелічэнні прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, забеспячэнні насельніцтва харчаваннем і таварамі першай неабходнасці. Бальшавіцкая партыя пераходзіла да разгортвання народнай гаспадаркі на новых сацыялістычных асновах.
Праз сваю прэсу КП(б)Б тлумачыла надзённыя задачы ваенных і гаспадарчых дзеянняў. У артыкуле «Трэба падцягнуцца» А.Мяснікоў паставіў перад бальшавіцкімі камітэтамі неадкладную задачу палітычнага ўмацавання партыйных арганізацый. На вызваленых тэрыторыях былыя падпольныя ячэйкі мелі патрэбу ў канкрэтнай дапамозе. Яны былі невялікімі, разрозненымі. Адчуваўся востры недахоп кваліфікаваных прапагандысцкіх і арганізатарскіх кадраў.
«Зараз становішча змянілася, – адзначаў аўтар. – У партыю ідзе большасць свядомых рабочых і сялян. Але ім патрэбна арганізацыйная і асветніцкая дапамога. Наспела задача мабілізаваць усе вопытныя партыйныя кадры, накіраваць іх у рабочыя кварталы для агітацыі і прапаганды; ачысціць установы ад варожых элементаў і паставіць іх работу пад балыпавіцкі кантроль; наладзіць моцныя сувязі паміж усімі партыйнымі арганізацыямі і весці паўсядзённую карпатлівую працу па выхаванні партыйнай дысцыпліны... Партыйная дысцыпліна павінна стаяць на вышэйшым узроўні. Hi для каго ніякіх выключэнняў! Усе партыйныя работнікі дзеля партыйных мэтаў у любы час павінны знаходзіцца ў поўным распараджэнні партыйных арганізацый».
Ідэі ўмацавання сацыялістычных асноў жыцця былі выкладзены ў артыкуле В.Кнорына «Мінскі Савет». У ім гаварылася, што перад Саветамі стаіць адна з важнейшых задач, вырашэння якой чакаюць усе працоўныя. Гэта работа па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі на новых камуністычных асновах. Але для таго, каб выканаць гэтыя задачы, пісаў В.Кнорын, неабходна, каб улада была актыўнай дзеючай сілай, здольнай усвядоміць рэальны фронт работы, аб'яднаць і накіраваць масы на іх выкананне. Такімі баяздольнымі могуць быць толькі бальшавіцкія Саветы, і за іх стварэнне трэба настойліва змагацца.
Кіруючыя кадры КП(б)Б аб'ядналіся вакол рэдакцыі «Звезды». Яна стала палітычнай газетай, якая не толькі ўзнімала надзённыя праблемы, але і распрацоўвала іх з пункту гледжання палітычнага моманту. У полі зроку рэдакцыі былі асноўныя кірункі развіцця сацыяльных працэсаў у Беларусі. Гэта сведчыла пра тое, што палітыка-эканамічнае жыццё ў рэспубліцы поўнасцю знаходзілася пад кантролем Саветаў і бальшавіцкіх арганізацый.
Кожнае мерапрыемства ўрада, манеўр ці перастаноўка ў палітычнай «гульні» фракцый і груповак тлумачыліся ў газеце аргументамі і доказамі з далёка ідучымі вывадамі ў глыб перспектыўнага развіцця факта ці з'явы. А.Мяснікоў у артыкуле «Гібель Бунда» даследаваў прычыны развалу яўрэйскай партыі. «Стрыжнем бундаўскай тэорыі да гэтага часу лічыцца так званая нацыянальнакультурная аўтаномія, – гаварылася ў матэрыяле. – Гэта магічнае для кожнага бундаўца паняцце, ад уражання якога не могуць пазбавіцца нават многія левыя, камуністычныя бундаўцы. Аднак рэвалюцыйны час, працэс умацавання савецкай улады даказалі яўрэйскім рабочым ілюзорнасць і абмежаванасць вузканацыяналістычных лозунгаў іх правадыроў, нежыццяздольнасць "тэорыі нацыянальнай аўтаноміі". Зараз 90% былых бундаўцаў ідуць за камуністамі, і гэта азначае поўны крах іх арганізацыі», – заключае аўтар.
«Звезда», а разам з ёю і ўся беларуская партыйная прэса вялі мэтанакіраваную работу па ўмацаванні палітычнага адзінства грамадства, аб'яднанні рабочых і сялян вакол бальшавіцкай партыі і накіраванні іх намаганняў на гаспадарчае будаўніцтва. Газета ўказвала, што нястача, разбурэнне і голад цесна пераплятаюцца толькі з дзвюмя асноўнымі прычынамі: 1) вынік шматгадовай барацьбы паміж працай і капіталам; 2) вынік чатырохгадовай грабежніцкай вайны. I якой бы цяжкай ні была задача, а на яе выкананне будуць патрэбны не месяцы, а гады, яна будзе паспяхова вырашана. «У народных масах захаваны вялікія стваральныя сілы, якія неабходны для наладжвання гаспадарчага жыцця краіны і перабудовы яе на сацыялістычных пачатках», – гаварылася ў артыкуле. Рабочыя і сяляне пад кіраўніцтвам бальшавікоў здолелі аказаць супраціўленне і разбіць рэгулярныя белагвардзейскія арміі, нанесці паражэнне германскаму імперыялізму. У гэтай жорсткай барацьбе ў народнай гушчы выспелі непераможныя сілы, якія пастаянна ўзрастаюць. Таму рабочыя і сяляне ў адзіным саюзе змогуць наладзіць і запусціць механізм сацыялістычнага гаспадарання.
Гэтую выснову газета падмацоўвала фактамі адраджэння эканамічнага жыцця ў рэспубліцы, паказвала, як пад кантролем Саветаў развіваўся гандаль, адкрываліся школы, прамысловыя прадпрыемствы, наладжвалася забеспячэнне насельніцтва прадуктамі. Такая інфармацыя аказвала спрыяльнае ўздзеянне на чытачоў. Доказныя і значныя крокі ў аднаўленні гаспадарчага жыцця абуджалі ў людзях свядомае жаданне сваімі дзеяннямі падтрымліваць мерапрыемствы савецкай улады, самім прымаць удзел у развіцці народнай гаспадаркі.
Аднак асноўным пытаннем жыццядзейнасці савецкай улады заставалася ўмацаванне абароназдольнасці рэспублікі. «Арганізацыя ўлады... урэгуляванне гаспадарчага жыцця і стварэнне магутнай Чырвонай Арміі – вось тыя сферы, куды павінна накіроўвацца інтэнсіўная работа савецкіх органаў», – пісала «Звезда» 30 студзеня 1919 г. Газета тлумачыла, што баявыя дзеянні Савецкай Беларусі не закончыліся адступленнем кайзераўскіх войскаў. На яе межах збіраюцца новыя ворагі, якія пагражаюць рабочаму класу і працоўнаму сялянству. На гэтай падставе бальшавіцкі друк заклікаў умацоўваць Чырвоную Армію, фарміраваць новыя падраздзяленні, збіраць зброю, выяўляць дэзерціраў.
Бальшавіцкі друк у сваёй агітацыйнай працы выкарыстоўваў метад падрабязнай дэталізацыі любой з'явы і факта, дзейнасці пар.1 тыйных і савецкіх арганізацый па фарміраванні сіл на разгром інтэрвенцыі. У артыкуле «У радах Чырвонай Арміі» «Звезда» ўказвала, што побач з фарміраваннем новых часцей і падраздзяленняў неабходна ўзмацніць бальшавіцкімі элементамі камандаванне, павялічыць партыйную праслойку ў дзеючай арміі. Многія афіцэры былой царскай арміі сумленна служаць рэвалюцыі, аддаюць ёй свой вопыт і веды. За імі ідуць масы пралетарскіх салдат. Аднак нямала выпадкаў, калі былое афіцэрства ўносіць дэзарганізацыю ў воінскі парадак, падрывае асновы стваральнай дысцыпліны, не выконвае свае прамыя абавязкі. Ад гэткіх камандзіраў неабходна пазбаўляцца, паколькі яны не павышаюць баявое майстэрства падраздзяленняў, а толькі аслабляюць яго.
Газета ўказвала таксама на неабходнасць усямернага павышэння адказнасці вайскоўцаў, для чаго трэба было разгарнуць шырокую палітыка-выхаваўчую работу, каб салдат быў не толькі чалавекам са зброяй, а свядомым, перакананым барацьбітом за ўладу Саветаў. «Жывое слова, друкаванае слова, чалавечыя адносіны і сувязь з нашымі салдатамі – вось чаго не хапае ў арміі, вось што патрэбна салдатам савецкай краіны».
У гэты час беларускія газеты паралельна з шырока распаўсюджанай рубрыкай «На фронце» ўводзяць «Старонку чырвонаармейца», «Жыццё Чырвонай Арміі» і асабліва вядомы «Лісток чырвонаармейца». Пад такімі рубрыкамі змяшчаліся матэрыялы аб фарміраванні новых часцей Чырвонай Арміі, баявой вучобе, росце свядомасці і дысцыпліны, мужнасці чырвонаармейцаў і іх баявых камандзіраў на розных франтах. Газеты расказвалі пра тое, што органы савецкай улады клапоцяцца аб хворых і параненых чырвонаармейцах, аказваюць матэрыяльяую дапамогу іх сем'ям, у вёсцы апрацоўваюць і засяваюць зямельныя надзелы, а ў горадзе калектывы прадпрыемстваў шэфствуюць над сем'ямі сваіх таварышаў, якія пайшлі на фронт. Такім чынам, бальшавіцкая прапаганда дапамагала вырашаць адну з важнейшых задач умацаванне фронту і тылу.
Правакуючы новае наступленне інтэрвенцыі, контррэвалюцыйныя сілы ў Беларусі таксама актывізавалі сваю дзейнасць. У сакавіку 1919 г. у Гомелі адбыўся контррэвалюцыйны мяцеж. Скарыстаўшы эканамічныя цяжкасці, недахоп харчавання і абмундзіравання, рэакцыйныя элементы зрабілі спробу выкарыстаць у сваіх мэтах хібы ў арганізацыі некаторых падраздзяленняў Чырвонай Арміі. Як стала вядома пазней, вясной 1919 г. у Гомелі існавала падпольная контррэвалюцыйная арганізацыя, звязаная з белагвардзейскімі групамі па ўсёй Расіі, а таксама з Антантай. Яна засылала сваіх агентаў у савецкія ўстановы, воінскія часці. (29 сакавіка 1920 г. у Гомелі выйшла газета «АгитРоста», прысвечаная гадавіне разгрому мяцяжу, дзе падрабязна апісаны гэтыя падзеі.)
Контррэвалюцыя нанесла жорсткі ўдар партыйным і савецкім арганізацыям горада. Яны былі разгромлены. Пры абароне Гомеля загінула ці была расстраляна большасць кіруючых работнікаў. Трагічна загінуў і рэдактар газеты «Известия Гомельского Совета рабочих, крестьянских н красноармейских депутатов» М.С.Білецкі.
Контррэвалюцыйная вылазка была хутка ліквідавана, аднак яна паслужыла сур'ёзным урокам для павышэння рэвалюцыйнай пільнасці, падштурхнула органы савецкай улады паваеннаму вырашаць усе пытанні: максімум кантролю, жалезнай дысцыпліны і рэвалюцыйнай адказнасці кожнага чалавека за свае справы і ўчынкі. Газеты асудзілі крывавую вылазку гомельскай рэакцыі, растлумачылі яе прычыны і вынікі. «Coxa и молот» 3 красавіка 1919 г. пісала: «Таварышы! Кучкай дэзертыраў-наймітаў буржуазіі ў Гомелі падняты мяцеж. Белагвардзейцы, чарнасоценцы, папы і жандары справакавалі некаторыя воінскія часці на паўстанне супраць улады працоўных, думаючы гэтым знішчыць рабочых і сялян і аднавіць уладу белагвардзейскага кнута. Няхай не святкуюць загадзя, у нас хопіць сіл расправіцца з імі».
З выступленнем контррэвалюцыйных сіл у Гомелі закончыўся мірны перыяд развіцця рэвалюцыі ў Беларусі. На савецкую рэспубліку пачалі наступленне войскі буржуазнай Польшчы. Тэрыторыя Беларусі зноў становіцца арэнай баёў Заходняга фронту. Увесь бальшавіцкі друк уключаецца ў мабілізацыйную працу па арганізацыі адпору ворагу.
Партыйна-савецкая прэса Беларусі дзейнічала ў новых умовах. Яна выступала ад імя самастойнай савецкай рэспублікі і яе партыйнай арганізацыі. Гэта ў значнай ступені ўзмацніла ўплыў перыядычнага друку, пашырыла дыяпазон яго ўздзеяння на розныя групы чытачоў. Статус кожнай газеты і часопіса як выразнікаў грамадскай думкі непамерна ўзрос. Прэса Беларусі станавілася масавай.
Чарговае наступленне інтэрвентаў зноў абвастрыла пытанні арганізацыі абароны рэспублікі, умацавання Чырвонай Арміі, тылу, аб'яднання намаганняў рабочых і сялян. У гэты час была створана Літоўска-Беларуская Савецкая Рэспубліка (ЛітБел). 20 лютага 1919 г. з'езд Саветаў Літвы прыняў пастанову аб уз'яднанні з Беларуссю, затым на сумесным пасяджэнні за аб'яднанне выказаліся выканкомы Саветаў рэспублік; 4 сакавіка «Звезда» паведаміла аб Першым аб'яднаўчым з'ездзе Кампартыі Літвы і Беларусі.
Аб'яднанне дзвюх рэспублік мела больш ваеннае значэнне, чым палітычнае. У напружаных умовах рэспубліка ўмацоўвала прамысловасць, ваенныя рэсурсы, а таксама ўзбройвала армію. ЛітБел стала інтэрнацыянальнай рэспублікай. У адным саюзе былі беларусы, літоўцы, рускія, палякі, яўрэі і іншыя нацыянальнасці. На аснове агульных інтарэсаў літоўскі і беларускі народы выступілі супраць інтэрвенцыі.
Пасля стварэння ЛітБела значна павялічылася колькасць перыядычных выданняў. ЦК КП(б) Літвы і Беларусі прыняў пастанову аб выданні газет: «Звезда» – на рускай, «Камуністас» – на літоўскай, «Млот» – на польскай, «Штэрн» – на яўрэйскай мовах. Стварэнне разгалінаванай сістэмы рэспубліканскага друку павялічыла магчымасці прапагандысцкай дзейнасці бальшавікоў. «Звезда» і іншыя цэнтральныя газеты друкавалі шырокую інфармацыю аб падзеях у рэспубліцы і за мяжой. У кожнай газеце была рубрыка «Па Беларусі і Літве». Асаблівасць яе была ў тым, што газетныя матэрыялы інфармавалі насельніцтва аб самых важных падзеях, паказвалі чытачам аднароднасць сацыяльна-палітычных працэсаў на беларускай і літоўскай землях.
Аб'яўленне г. Вільні сталіцай ЛітБела, выданне там цэнтральных газет выклікалі неабходнасць стварэння ў Мінску мясцовай газеты. 2 красавіка 1919 г. выйшаў першы нумар газеты «Минскнй пролетарий» – орган Мінскага Савета рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў і Губваенрэўкома. Неабходна адзначыць, што, нягледзячы на кароткатэрміновасць дзейнасці «Минского пролетария» (газета спыніла выхад 30 красавіка 1919 г.), газета выканала сваё прызначэнне – часова замяніць «Звезду» і ўсебакова асвятляць рэвалюцыйныя падзеі.
У першым нумары рэдакцыя паведамляла чытачам: «Мэта нашай газеты – быць органам перадавога пралетарыяту горада Мінска, адлюстраваннем яго памкненняў і вырашэння чарговых задач у справе сацыялістычнага будаўніцтва. Другая наша задача – адлюстраванне работы нашых савецкіх устаноў... бязлітаснае выкрыццё ўсіх прымазаўшыхся, тайна і яўна дыскрэдытуючых савецкую ўладу». Газета сістэмна інфармавала чытачоў аб палітычнай, гаспадарчай і культурнай дзейнасці ў горадзе і рэспубліцы, асаблівую ўвагу ўдзяляла ўмацаванню Чырвонай Арміі. Характэрнай рысай «Минского пролетария» было тое, што газета, абапіраючыся на гарадскую партыйную арганізацыю, працоўныя калектывы, вяла размову аб аднаўленні гаспадарчага жыцця: пра дзейнасць прамысловых прадпрыемстваў, транспарту, медыцынскіх і гандлёвых устаноў.
Рэдакцыя звярталася да насельніцтва з прапановай аб неабходнасці навядзення ў горадзе чысціні і парадку; барацьбы з пагрозай эпідэмій, марадзёрствам, спекуляцыяй, сабатажам; прыняцця мер для забеспячэння жыхароў прадуктамі. Газета адзначала, што, нягледзячы на пастаянны недахоп прадуктаў, не засеяны вялікія плошчы ўрадлівай зямлі, нацыяналізаванай у памешчыкаў у прыфрантавой зоне. Таму, лічыла рэдакцыя, насельніцтву ў вясенні час неабходна пасадзіць у горадзе і вакол яго сады і агароды, засеяць збажыной усе палеткі.
Пераканаўчасць публіцыстычных артыкулаў спрыяла актывізацыі грамадскага жыцця Мінска. У той жа час газета выкрывала пагромшчыкаў, правакатараў, заклікала да навядзення рэвалюцыйнага парадку.
«Минскнй пролетарий» – адна з першых спроб стварэння гарадской газеты. Безумоўна, яна моцна ўплывала на ўмацаванне савецкай улады ў Мінску. «Минскнй пролетарий» вызначыўся энергічнай мабілізацыйнай працай. Калі пачалося наступленне белапалякаў, газета друкавала лозунгі: «Камуністы, да зброі!», «Камуністы, у армію!». Камуністычная партыя аб'явіла мабілізацыю: 50% камуністаў неадкладна адпраўляюцца на фронт, другая палова для аховы тылу ад унутраных ворагаў .
Супраць белапалякаў узнімалася ўся працоўная рэспубліка. Барацьбе з акупантамі быў прысвечаны змест усіх бальшавіцкіх выданняў. Магілёўская «Coxa и молот», гомельская «Путь Советов» заклікалі працоўных да ўмацавання абароны. Газеты тлумачылі, што недастаткова паставіць у ваенныя шэрагі ўсіх, хто можа трымаць зброю. Перш неабходна навучыць людзей ваяваць, забяспечыць увагай сем'і чырвонаармейцаў, тады армія будзе непераможнай. «Цяпер не час для "крытычных" сентэнцый», – гаварылася ў адным з артыкулаў «Сохн и молота». «Цяпер справа ідзе аб тэрміновай арганізацыі самаабароны. Патрэбны не рэзалюцыі, а работа, ні словы, а справы, не спачуванне, а рэальная падтрымка. Тыл павінен стаць апорай Чырвонага фронта».
Газета адлюстроўвала аб'ектыўную неабходнасць энергічных дзеянняў усіх працоўных у агульнай барацьбе з інтэрвенцыяй. «Чырвонай Арміі было неабходна папаўненне – ствараліся рэзервы з рабочых і сялян. Было разгорнута ўсеагульнае ваеннае навучанне. ...Сотні тысяч байцоў хутка, не адрываючыся ад роднага вугла і сям'і, вучыліся валодаць зброяй, каб пайсці на ўмацаванне і папаўненне Чырвонай Арміі. Рабочыя ля станка і сяляне ля сахі моцна трымаюць вінтоўкі і стаяць на варце сусветнай рэвалюцыі», – пісала газета .
Ваенная тэматыка распрацоўвалася па трох кірунках: асвятленне падзей на франтах, умацаванне Чырвонай Арміі і арганізацыя тылу – усё для фронту. У цэлым, ваенныя матэрыялы выхоўвалі свядомую неабходнасць хуткага разгрому інтэрвенцыі, каб спыніць кровапраліцце, знішчэнне людзей, разбурэнне эканомікі і культурных каштоўнасцей.
Пасля захопу белапалякамі Вільні і вяртання «Звезды» ў Мінск рэдакцыя газеты скіравала сваю дзейнасць на далейшую арганізацыю абароны рэспублікі. «Перад Камуністычнай партыяй, перад яе партыйнымі ўстановамі стаіць неадкладная, вялікая і тэрміновая праца – перадаць па ўсёй сістэме савецкіх органаў ад Савета Камісараў да валасных і сельскіх Саветаў гэта патрабаванне моманту – усе на абарону, на ваенную працу». Так фармулявала газета асноўную задачу ў адным з першых мінскіх нумароў.
У агульнай абароне рэспублікі беларускі друк выдзяляў асабліва важным участкам фронту абарону Мінска. Для стабілізацыі фронту «Звезда» звярталася да народа з заклікам падтрымаць Чырвоную Армію, арганізаваць узброенае супраціўленне захопнікам. Друкаваліся звароты партыі, пастановы ўрада, Савета абароны, а разам з гэтым каментарыі для хуткага і неабходнага іх выканання. Тлумачэнне палітычнага і ваеннага становішча звычайна ўтрымлівалася ў перадавым артыкуле пад загалоўкам «Мінск. 3 мая 1919 г.». Такія перадавіцы «Звезда» змяшчала да захопу Мінска белапалякамі.
У гэтых публіцыстычных артыкулах глыбока прааналізаваны прычыны чарговага наступлення інтэрвентаў на Савецкую Расію. Паказана, што ў агульнай барацьбе супраць працоўнага народа ўрады капіталістычных краін часова адклалі міжусобную барацьбу за захоп калоній, адчуваючы пагрозу рэвалюцыі. Таму яны акружылі савецкія рэспублікі ваеннымі франтамі: «...кіраўнікі сучаснага імперыялістычнага грабяжу перадаюць ва ўсе канцы сваіх уладанняў адзіны прыказ: агульнае наступленне на савецкую рэвалюцыю! Верныя халопы ў выглядзе польскага, літоўскага, дзянікінскага, шэйдэманаўскага (нямецкага) і іншых урадаў з незвычайнай гатоўнасцю кідаюць у агонь адурманеных і запужаных салдат, падганяемых белагвардзейскім афіцэрствам», – выкрывала «Звезда» праціўнікаў савецкай улады.
Цяпер працоўным рэспублікі пагражаюць польскія паны, узброеныя навейшай тэхнікай буйнейшых капіталістычных краін, пісала газета. Іх мэта канкрэтная і зразумелая: знішчыць савецкую ўладу, тысячамі новых ахвяр падавіць імкненне беларускага народа да свабоды, аднавіць буржуазны лад і зноў адправіць у рабства рабочых і сялян. «Звезда» прыходзіла да вываду: «Усе сілы для барацьбы з польскімі і літоўскімі наймітамі французскіх капіталістаў і нямецкіх баронаў! Праца павінна перамагчы, і яна пераможа!».
Тэарэтычнае абгрунтаванне барацьбы з інтэрвенцыяй дапаўыялася штодзённымі артыкуламі В.Кнорына. Выступленні вопытнага публіцыста адлюстроўваюць самую надзённую задачу абарону рэспублікі ад белапалякаў. Аднак публіцыстычная творчасць В.Кнорына была больш шырокай. У сваіх артыкулах аўтар абгрунтоўваў тактычны лозунг: «Вінтоўка – сімвал сённяшняга дня!».
«На прадпрыемствах і ў кожнай вёсцы, у партыйнай ячэйцы і Савеце неабходна глыбокае ўсведамленне таго, што прыйшоў час рашаючай бітвы працоўных з аб'яднанымі сіламі міжнароднага імперыялізму. Але мала ўсвядоміць гэта, – пісаў В.Кнорын у артыкуле «Будаваць або абараняцца». – Неабходна зразумець, што асноўная барацьба яшчэ не пачалася, а пагэтаму патрэбны рашучыя дзеянні. Наша задача – узбраенне і прывядзенне ў баявы парадак усяго пралетарыяту, наша задача канчатковае раззбраенне ўсёй буржуазіі, адмежаванне ад магчымасці дапамогі з яе боку белагвардзейцам ».
Аўтар лічыў, што жорсткія меры ў адносінах да буржуазіі былі неабходны, каб у рашучы момант барацьбы працоўныя не атрымалі ўдар у спіну, як гэта неаднойчы здаралася за кароткі час існавання савецкай улады. В. Кнорын крытыкаваў прабуржуазныя партыі, якія, на яго думку, тармазілі справу абароны рэспублікі. У сваіх артыкулах В.Кнорын пераконваў чытачоў у адзіным: «Неабходна аддаць усе сілы, каб не быць раздаўленымі... Перамога нам забяспечана».
Услед за вядомымі публіцыстамі «Звезды» рабочыя і сялянскія карэспандэнты, партыйныя і савецкія работнікі асвятлялі баявыя дзеянні Чырвонай Арміі, мабілізацыйную работу ў тыле, умацаванне абароны Мінска.
I ўсё ж 8 жніўня 1919 г. Мінск быў пакінуты Чырвонай Арміяй. Асноўнымі выдавецкімі цэнтрамі балынавікоў Беларусі становяцца Смаленск, Магілёў, Гомель. У Смаленск пераехала рэдакцыя «Звезды». Разам з губернскімі газетамі яна агітавала насельніцтва на барацьбу з інтэрвентамі і абарону прамысловых цэнтраў рэспублікі.
Па змесце гомельскі «Путь Советов» становіцца фактычна ваеннай газетай. Яе галоўны лозунг – «Усе ў Чырвоную Армію! Усе на дапамогу фронту!», У артыкуле «Нельга чакаць» гаварылася: «Пад націскам праціўніка наша Чырвонае войска пакінула Мінск. На нас насоўваюцца легіянеры, г. зн. польскія белагвардзейцы, гэта галоўным чынам шляхта, кіруемая польскімі панамі, ідучымі да нас, каб зноў завалодаць забранымі ў іх рабочымі і сялянамі землямі, каб зноў адзець ярмо на шыю вольнага цяпер селяніна. Усе да зброі, усе на барацьбу!».
Пагроза чарговай акупацыі стала зразумелай працоўным Гомельскай губерні. Яны толькі што пазбавіліся кайзераўскай інтэрвенцкай «апекі». Таму ў армію свядома ўступалі рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя; камсамольскія ячэйкі добраахвотна запісваліся ў чырвонаармейскія атрады. Газета падрабязна расказвала пра гэта, а таксама шмат месца ўдзяляла пытанням умацавання тылу. У «Листке красноармейца» паведамлялася, што рабочыя гомельскіх прадпрыемстваў накіравалі на фронт вагон з падарункамі. Сем'ям сялян, пайшоўшых на фронт, «выдзелена 481 пуд пшаніцы, 3532 пуды грэчкі, 200 пудоў проса, 184 пуды лёну, 200 пудоў бульбы, а таксама сельскагаспадарчыя прылады» .
Выкарыстоўваючы вопыт, накоплены ў час несупынных баёў з ворагам, рэдакцыі газет вызначалі самыя актуальныя праблемы. Разам з папярэджаннем аб небяспецы інтэрвенцыі газеты імкнуліся паказаць, што белапольскія легіёны не ўсемагутныя. Яны добра ўзброены і маюць вопыт баявых дзеянняў, але не змогуць перамагчы народ, які змагаецца за сваю свабоду. Як пісала газета «Путь Советов», «камуністы на фронце павінны ўдыхнуць жывы дух у чырвоныя масы; камуністы на фронце павінны не толькі ўдзельнічаць у баях, не толькі ваяваць, але і весці ў бой. Камуністы – наперад! – вось наша баявая каманда!».
Уся ўвага беларускага перыядычнага друку была скіравана на ўмацаванне Чырвонай Арміі. Газеты несупынна вялі масавыя кампаніі: «Тыдзень вінтоўкі» – па зборы зброі ў насельніцтва; «Тыдзень фронту» па мабілізацыі і фарміраванні новых воінскіх падраздзяленняў; «Тыдзень Заходняга фронту» па арганізацыі дапамогі войскам, якія змагаліся з белапалякамі, і інш. Рэдакцыі не толькі аб'яўлялі аб правядзенні ваенных мерапрыемстваў. Яны друкавалі матэрыялы, як праводзіць гэтыя акцыі, адзначалі лепшыя арганізацыі і калектывы, крытыкавалі тых, хто не займаўся дапамогай Чырвонай Арміі.
Пачынаючы «Тыдзень параненага чырвонаармейца», газета «Путь Советов» 11 кастрычніка 1919 г. пісала: «Гэта яны, якія цяпер чакаюць вашай дапамогі, забяспечылі вашым дзецям свабоднае жыццё... гэта яны выратавалі будучае пакаленне ад кашмара, насілля і рабства».
Праўдзівыя і эмацыянальныя матэрыялы газеты былі зразумелымі для чытачоў. Амаль з кожнай сям'і нехта знаходзіўся на фронце. Адны былі паранены, другія загінулі. Таму насельніцтва ўключалася ў абарончую работу. Фронту патрэбен быў транспарт рабочыя і сяляне забяспечвалі войскі гужавым, аўтамабільным, чыгуначным, водным транспартам; патрэбны былі франтавыя ўмацаванні – працоўныя, моладзь выходзілі на іх будаўніцтва. Ішла медыцынская, харчовая, фінансавая і іншая дапамога Чырвонай Арміі. Барацьба супраць інтэрвенцыі набывала ўсенародны размах.
У час белапольскай акупацыі актывізавалі дзейнасць нацыянальна-дэмакратычныя арганізацыі. У Мінску з 25 жніўня да 19 кастрычніка 1919 г. выходзіла штодзённая палітыкаэканамічная газета «Звон», а з 21 кастрычніка 1919 r. i да 9 ліпеня 1920 г. яе замяніла штодзённая палітыкаэканамічная і літаратурная газета «Беларусь».
Раней узгаданыя выданні характарызаваліся як нацыяналістычныя і былі пазбаўлены глыбокага навуковага аналізу за тое, што іх рэдакцыі мелі сваю грамадскапалітычную пазіцыю і не падзялялі поглядаў балылавікоў. Між тым гэта газеты вытрыманага тэарэтычна абгрунтаванага нацыянальна-дэмакратычнага кірунку, якія выходзілі ў складаных акупацыйных умовах і распрацоўвалі ідэалогію беларускай дзяржаўнасці, што і падкрэслівалася ў першым нумары «Звона».
Гэтыя ідэі былі грунтоўна развіты ў газеце «Беларусь». Рэдакцыя ставіла сваёй мэтай аб'яднаць дэмакратычныя сілы дзеля стварэння суверэннай беларускай дзяржавы. Выкананне такой задачы бачылася ў вызваленні Беларусі ад акупантаў і выбары варыянту дзяржаўнага будаўніцтва: ад існавання самастойнай Беларускай Народнай Рэспублікі да стварэння дэмакратычнай канфедэрацыі з Украінай, Полынчай і Прыбалтыйскімі рэспублікамі, адмаўляючы ўсялякі саюз з Расіяй.
«Мы – дзеці працоўнага народа, – звярталася рэдакцыя да чытачоў у першым нумары. – Мы выйшлі з хаты рабочага люду і будзем гаварыць ад імя і ў імя яго, бо ведаем гора яго і баліць наша сэрца нядоляй яго... I не пазбавіцца ён ад гора свайго ніколі, калі не адбудуе дзяржавы сваёй...» Вось такім чынам, імкнучыся да лепшага, рэдакцыя клапацілася пра змест свайго выдання.
«Беларусь» выходзіла штодзённа, і гэта дазваляла рэдакцыі абмяркоўваць шырокі спектр палітычных праблем. Пытанні ўласнасці і землеўпарадкавання, выступленні супраць акупацыйнага плебісцыту і далучэнне Беларусі да Полынчы, міжнародныя праблемы і падзеі, уладкаванне ўнутранага жыцця (беларусізацыя, развіццё адукацыі, беларускай культуры) – гэта і іншае абмяркоўвалася глыбока і рознабакова. Некаторыя ідэі, выказаныя аўтарамі газеты, актуальныя і сёння: росквіт дзяржавы магчымы толькі пры апоры на сваю тэорыю і духоўныя традыцыі народа, «не народ павінен ведаць мову ўлады, а ўлада мову таго народа, якім яна кіруе» і інш.
Газета «Беларусь» уяўляе сабой выдатны прыклад развіцця беларускай публіцыстыкі. I гэта, у большасці, дзякуючы актыўнаму супрацоўніцтву Я.Купалы з выданнем. У новых умовах Я.Купала праявіў талент палітычнага і грамадскага дзеяча, надрукаваўшы шэраг глыбокіх і цікавых артыкулаў аб «палітычным моманце», як тады гаварылася. Публіцыст Я.Купала зрабіў удалую спробу сфармуляваць праграму нацыянальнадэмакратычнага пераўтварэння на Беларусі. Ён пісаў, што для стварэння незалежнай беларускай краіны неабходна ў першую чаргу вызваліць Беларусь ад акупантаў і не чакаць, што гэта зробіць нехта іншы, а самім арганізоўваць узброеную барацьбу з захопнікамі, ствараць вызваленчую армію. Патрэбна было разгарнуць прапаганду і агітацыю сярод насельніцтва і выкрываць каланіяльную польскую і расійскую палітыку, а таксама крытыкаваць калабарацыянісцкія элементы ў Беларусі, якія пайшлі на змову з белапалякамі.
Я.Купала выступаў за надзяленне сялян зямлёй, пераемнасць традыцый нацыянальнавызваленчага руху маладым пакаленнем для стварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Вось такія абразкі нацыянальнай ідэалогіі прапанаваў чытачам Я.Купала. Многае з таго, аб чым пісаў у той час вялікі паэт, увайшло ў скарбонку беларускай дзяржавы і нацыянальнай культуры.
Найбольш значныя яго артыкулы, надрукаваныя ў газеце «Беларусь»: «Больш самачыннасці» (22.10.1919 г.), «Зямельная спекуляцыя» (24.10.1919 г.), «Моладзь ідзе» (15.11.1919 г.), «Таржышча» (20.11.1919 г.), «Незалежная дзяржава і яе народы» (29.11.1919 г.) і інш. Акрамя публіцыстыкі ў газеце былі змешчаны вядомыя творы паэта: паэма «Магіла льва», пераклад на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым» і шмат вершаў. Суквецце аўтараў «Беларусі» складалі Я.Колас, Зм.Бядуля, Я.Карскі, М.Гарэцкі, М.Чарот, А.Луцкевіч і інш. Гэты збор вядомых ідэолагаў самастойнай беларускай дзяржавы ператварыў газету ў адно з найбольш вядомых нацыянальных перыядычных выданняў.
Паглыбленае вывучэнне тэматычнага зместу газеты «Беларусь» дае падставу заключыць, што яе рэдакцыя пачала распрацоўку нацыянальнай свядомасці ў новых паслярэвалюцыйных умовах. Першаснай каштоўнасцю была свабода народа, якую неабходна было ўмацаваць вызваленнем беларускіх зямель ад польскай акупацыі і ўтварэннем самастойнай і незалежнай дзяржавы. Гэта вынікала з інтарэсаў беларускага народа і супадала з мэтай нацыянальна-дэмакратычнага руху. У дзейнасці рэдакцыі газеты атрымала пацвярджэнне аснова нацыянальнай ідэі: свабода, незалежнасць, справядлівасць!
Важна таксама падкрэсліць высокае публіцыстычнае майстэрстве аўтараў газеты «Беларусь». Імі былі прадоўжаны нашаніўскія традыцыі ў асвятленні праблем беларускай мовы, гісторыі і культуры.
Чассвая акупацыя часткі беларускай тэрыторыі белапалякамі актывізавала дзейнасць калабарацыянісцкіх партый і груповак, якія супрацоўнічалі з інтэрвенцкім ваенным камандаваннем. Зноў быў пашыраны выпуск перыядычных выданняў, лістовак, якія фактычна апраўдалі ваенны рэжым белапалякаў.
Нават выдаўцы нацыянальнадэмакратычнай газеты «Звон» заяўлялі: «Мы будзем абараняць інтарэсы працоўных, будзем імкнуцца да таго, каб даць сялянам зямлю, рабочым работу». Аднак далей высвятляецца, што звонаўцы будуць абараняць працоўных не ад капіталістычнай кабалы, а ад «маскоўскіх балыпавікоў»; хацелі даць зямлю сялянам і аднавіць паншчыну, выззаліць рабочых, але пад уплывам прыватнага капіталу. Пагэтаму звонаўцы, а за імі чарнасоценная прэса звярталіся да польскіх войскаў не супыняцца на Бярэзіне, а акупіраваць усю Беларусь.
Іншы раз лаяльную пазіцыю да акупантаў займала рэдакцыя газеты «Беларусь». Яна дэкларавала ідэю, што белапалякі ўсталююць на Беларусі «моцную ўладу, пазбавяць народ ад бальшавікоў і савецкай улады». А калі стала зразумелым, што палякі не будуць дзяліць уладу з нацыянальна-дэмакратычным рухам, тады зноў у газеце быў узняты лозунг «Праз нацыянальную свядомасць – да незалежнай і непадзельнай беларускай краіны». Аднак гэты прывабны заклік быў падмацаваны фарміраваннем воінскіх падраздзяленняў: «Адной з першых нашых задач павінна быць – стварэнне войск і заняцце часткі фронту. З дазволу кіраўніка польскай дзяржавы фарміраванне войск нам не забаронена. Далей чакаць нельга. Зброю мы можам атрымаць ад Антанты».
Бальшавіцкая прэса, і ў першую чаргу «Звезда», вяла палеміку з акупацыйным" і згодніцкім друкам, таксама рэзка крытыкавала нацыяналістычныя групоўкі за лаяльнасць да польскіх улад. У артыкуле «Беларускія людзі і беларускі народ» В.Кнорын выступіў супраць ілюзорнай ідэі «аднаўлення памешчыцка-буржуазна-афіцэрскай Расіі». «Калі дэмакратычны пан Лёсік (выдавец газеты "Беларусь") выступае за вызваленне сваёй бацькаўшчыны ад маскоўскіх бальшавікоў, – пісаў В. Кнорын, – у гэты час за яго спіной ужо стаіць прыехаўшы з Варшавы памешчык... перакідвае з рукі ў руку нагайку і толькі чакае часу, каб пусціць яе ў ход» .
Антысавецкай крытыкай былі запоўнены газеты «Бобруйский курьер», «Минскнй курьер» і інш., якія за спіной «вызваленчай польскай арміі» расказвалі аб сваёй беспартыйнасці, аб'ектыўнасці і праўдзівасці, хаця чытачам было цяжка верыць, што «к вам прыйшла Польшча. Польшча нясе вам дапамогу ў нядолі, гарантуе пакой і свабоду», аб чым сцвярджалася ў «Бобруйском курьере».
Аднак журналісты гэтых выданняў таксама не маглі замоўчваць арышты, расстрэлы, грабяжы салдат-акупантаў, таму неабходна было выконваць свае задачы і запатрабаванні чытачоў, на падтрымку якіх яны разлічвалі. «Минскнй курьер», напрыклад, у першым нумары 14 мая 1920 г. падкрэсліваў, што з'яўляецца «адзінай сапраўднай газетай»: «На працягу многіх месяцаў насельніцтва Мінска было пазбаўлена магчымасці чытаць сапраўдныя газеты на рускай мове: гаворым сапраўдныя – бо тыя бальшавіцкія газеты, якія сотнямі тысяч экземпляраў выкідваліся на рынак, вялі выключна камуністычную прапаганду. Толькі цяпер, вызваліўшыся ад бальшавікоў, рускае грамадства знэў атрымала магчымасць чытаць сапраўдныя газеты».
У той жа час журналісты гэтага выдання адчувалі няўстойлівасць сваёй пазіцыі. У артыкуле «Што далей?» яны звярталіся да белапалякаў з заклікам ісці вайной: «За Бярэзіну! За Днепр! Да сцен маскоўскіх!».
У адказ на такія заклікі на акупіраванай тэрыторыі рэспублікі рос пратэст насельніцтва супраць польскага ваеннага рэжыму. Пад кіраўніцтвам бальшавікоў ствараліся партызанскія атрады, падпольныя групоўкі і іх выданні.
«Белорусская правда» пачала выходзіць 17 мая 1920 г. Гэта значная з'ява ў палітычнай палітры таго часу. З аднаго боку, яна сведчыла аб узмоцненым супраціўленні белапольскай акупацыі, а з другога – аб неабходнасці пашырэння антываеннай прапаганды і агітацыі.
Па сутнасці, «Белорусская правда» – гэта заклік да барацьбы з белапалякамі. У звароце да чытачоў гаварылася: «Нельга больш маўкліва цярпець здзекі паноў і жандараў! Усе да зброі! Няхай зграя забойцаў сваёй крывёю заплаціць за бясконцыя мукі забітых і закатаваных у панскай няволі». I тут жа газета расказвала, што ў вёсцы Пятніца белапалякі спалілі тыя дамы, у якіх жылі сем'і чырвонаармейцаў, у вёсцы Жывалка расстралялі селяніна і яго дачку, а ў мястэчку Арэхаўка пасадзілі ў склеп сялян, арыштаваных на базары, а калі тыя збеглі, прывязалі гаспадара дома да каня і пагналі яго галопам. Калі 25 мая Чырвоная Армія вызваліла Барысаў, то белапалякі два дні абстрэльвалі горад з гармат, разбурылі яго і забілі мноства жыхароў. «Уставайце разам, – заклікала газета. – Тады ніякая шляхта не справіцца з працоўным людам. He вывезці тады панам, уцякаючым ад Чырвонай Арміі ў Польшчу, наша дабро і потам вырашчаны хлеб; не спаліць ім тады нашых родных вёсак, пакідаючы нас на бяздомнае і галоднае жыццё... Адным магутным ударам раз і назаўсёды скінем з сябе праклятае панскае ярмо!.. Няхай жыве рабочасялянская Беларусь!».
Газета-падпольшчыца расказвала чытачам, як ствараць партызанскія атрады, весці баявыя дзеянні. «Белорусская правда» надрукавала шырока вядомыя «Дзесяць запаветаў беларускіх партызан», што было сваеасаблівай навукай перамагаць. У кожным нумары рэдакцыя прасіла чытачоў: «Беражы сваю чырвоную газету! Прачытай і перадай таварышу!»
Пасля вызвалення Мінска ад белапалякаў 11 ліпеня 1920 г. зноў выйшла газета «Звезда». У перадавым артыкуле «Тры гады» гаварылася: «"Звезда" ўзнаўляе сваю працу ў Мінску якраз у дзень сваёй трэцяй гадавіны. 27 ліпеня (9 жніўня) 1917 г. мы пачалі выданне першай бальшавіцкай газеты ў Беларусі.
Тады мы былі толькі прапагандыстамі. Цяпер мы будзем ставіць на першае месца пытанні нашай унутранай арганізацыі і аднаўлення нашай гаспадаркі...
У адной руцэ вінтоўка, у другой молат такі наш лозунг, і з гэтым лозунгам мы пачынаем новы этап у нашай рабоце.
Нязгасная "Звезда" яна будзе арганізоўваць рабочых і сялян Беларусі.
Нязгасная "Звезда" яна будзе паказваць шлях да камунізму!».
Публіцысты «Звезды» аналізавалі тактычныя задачы савецкай улады для поўнай перамогі над белапалякамі. Аднак на першы план выстаўлялася новая і яшчэ больш складаная задача аднаўленне народнай гаспадаркі. Аб гэтым гаварылася ў кожным нумары. «Мы пачынаем будаваць і ўмацоўваць нашу рэспубліку, – звярталася газета 19 лістапада 1920 г. да моладзі. – Пры разгроме белых вы пайшлі ў Чырвоную Армію і перамаглі ворагаў рабочых і сялян, а цяпер павінны накіраваць свае сілы на адбудову гаспадаркі краіны».
Гэтыя праблемы становяцца асноўным зместам і губернскага друку. Гомельская «Полесская правда», магілёўская «Coxa и молот», «Известия Витебского губревкома н губкома РКП(б)» расказвалі аб заканчэнні вайны і скіроўвалі ўвагу насельніцтва на гаспадарчыя справы. У «Известиях Витебского Губревкома...» 8 жніўня 1920 г. гаварылася: «Узмоцненая барацьба з голадам, разрухай, эпідэміямі ў наіпых гарадах дасць нашым таварышам на фронце супакоенасць і ўпэўненасць, неабходныя для церамогі». Гібкасць тактыкі рэдкалегій, уменне хутка і сваечасова перабудаваць сваю працу ў экстрэмальных умовах сталі характэрнымі рысамі беларускай журналістыкі.
У гэты час моцна развіваўся працэс палітызацыі мас. Дзеля гэтага ствараліся таксама спецыяльныя выданні. Такім, напрыклад, быў палітычны і літаратурны часопіс «Коммунистическая мысль» – орган Віцебскага губкома РКП(б), які пачаў выходзіць 25 кастрычніка 1920 г. Часопіс амаль першым пачаў даследаванне гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі, аналізаваў сучасны эканамічны і палітычны стан, крах контррэвалюцыі і інтэрвенцыі.
Тэмы свабоды, нацыянальнай самасвядомасці, стварэння сістэмы адукацыі атрымалі развіццё ў беларускім літаратурнамастацкім і грамадскапалітычным часопісе «Вольны сцяг», які выдаваў Камісарыят народнай адукацыі Беларусі з 1 верасня 1920 г. да студзеня 1922 г. Гэта адно з першых выданняў на беларускай мове савецкага часу. Рэдакцыя запрасіла да ўдзелу ў працы Ц.Гартнага, Я.Карскага, М.Гарэцкага і іншых вядомых дзеячаў беларускай палітыкі і культуры. У рабоце рэдакцыі прымаў удзел Я.Купала. У першым нумары надрукавана «Песня свабоды» М.Кудзелькі (М.Чарота).
Але прыждалі мы лепшай долі,
Слава героям Усходу!
Вы нясёце ўсім роўнасць і волю,
Промень жыцця для народа.
Часопіс аналізаваў праблемы беларускай нацыянальнай культуры: літаратуры, тэатра, гісторыі, беларускай мовы. Шмат увагі рэдакцыя ўдзяляла развіццю адукацыі ў Беларусі. Былі надрукаваны многія вядомыя літаратурныя творы: «Збянтэжаны Саўка» Л.Радзевіча, пераклад Я.Купалы «Слова аб палку Ігаравым» пад назвай «Песня аб паходзе Ігара», раздзелы з паэм Я.Коласа «Новая зямля», «Сымон-музыка» і інш.
Пасля вызвалення рэспублікі ад белапалякаў паўсюдна былі створаны рэўкомы (рэвалюцыйныя камітэты), часовыя выканаўчыя савецкія органы, якія выконвалі функцыі органаў улады ў ваенны час да выбрання Саветаў. Рэўкомы пачалі выдаваць газеты для дапамогі фронту і арганізацыі мірнага жыцця на вызваленых тэрыторыях. Адным з такіх выданняў была газета «Коммунист» – орган Бабруйскага рэўкома. Рэдакцыя аператыўна інфармавала чытачоў аб становішчы на Заходнім фронце, расказвала аб баявых аперацыях, паказвала прычыны часовых няўдач Чырвонай Арміі і заклікала працоўных павета да ўмацавання абароны рэспублікі. «Дружней за працу, – звярталася газета да чытачоў. – Няхай чырвоны фронт з дапамогай тылу стане жалезнай сілай, аб якую разаб'юць свае галовы белагвардзейскія банды Пілсудскага» .
Рэдакцыя «Коммуніста» вяла мабілізацыйную працу, аказвала дапамогу рэўкому ў правядзенні дня «чырвонай вінтоўкі», палемізавала з буржуазнымі газетамі, перыядычна друкавала старонку Бабруйскага камітэта камсамола «Красная молодежь».
Значнай грамадска-палітычнай з'явай у канцы Грамадзянскай вайны стала стварэнне газеты «Савецкая Беларусь». Яна пачала выходзіць 1 лютага 1920 г. у Смаленску як орган Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі. Гэта быў складаны час вайны з белапалякамі, калі разруха ў Беіарусі дасягнула самай высокай ступені. Газета была заклікана ўмацоўваць савецкую ўладу, развіваць сацыяльную актыўнасць грамадзян у мірным будаўніцтве. Дзейнасць рэдакцыйнага калектыву была пазначана высокім прафесіяналізмам, выкармстаннем гістарычнага вопыту нацыянальнай журналістыкі, і ў першую чаргу газеты «Звезда». У яе стварэнні прынялі ўдзел А.Чарвякоў, В.Кнорын, Ц.Гартны, М.Чарот, іншыя дзяржаўныя дзеячы і прадстаўнікі нацыянальнай культуры.
Звяртаючыся да чытачоў, рэдакцыя абвяшчала: «Мы ставім сваім заданнем прызыў беларускіх народных мас да арганізацыі барацьбы за савецкую ўладу, за стварэнне рабочасялянскіх Саветаў...
Мы ставім сваім заданнем прапаганду ўзброенай барацьбы, каб як мага хутчэй выгнаць з нашага краю адвечных прыгнятальнікаў беларускага народа...».
Для рэалізацыі гэтых задач газета разгарнула прапаганду мерапрыемстваў савецкай улады па кірунку грамадскага жыцця на мірнае будаўніцтва. Аднак дзеля гэтага патрэбна было разграміць белапольскіх інтэрвентаў. «Чырвоная Армія гоніць перад сабой польскіх паноў, – пісала газета. – Як перапуганы статак бягуць яны ад яе па ўсёй Беларусі, разбураючы краіну, спапяляючы вёскі, гвалтуючы жанчын і дзяўчат і забіраючы з сабой, як зладзеі і грабіцелі, сялянскае дабро».
Газета выхоўвала ў чытачоў патрыятычныя пачуцці і ўказвала на неабходнасць абароны рэспублікі. «Моцная арганізацыя працоўнай беднаты, – пісаў рэдактар Сцяпан Булат, – усямерная падтрымка чырвонага фронту, барацьба з панскімі наймітамі дадуць рашаючую перамогу працы над капіталам і забяспечаць нам лепшае жыццё».
Асаблівае значэнне мела тая акалічнасць, што газета друкавалася на беларускай мове. Гэты факт азначаў пачатак культурнага нацыянальнага будаўніцтва ў рэспубліцы. «Савецкая Беларусь» распрацоўвала праблемы беларускай мовы і літаратуры. навукі і адукацыі, нацыянальнага мастацтва. У першы год выдання многа творчых сіл уклаў у яе Ц.Гартны. Амаль у кожным нумары друкаваліся яго вершы, артыкулы, апавяданні.
Ён ствараў вобраз новай эпохі, новага чалавека, які імкнецца да свабоднага жыцця. За такое жыццё патрэбна змагацца. Ц.Гартны пісаў:
Устаньце ўсе, ад края к краю,
I пад вольны ідзіце сцяг!
Вораг дзікі напірае,
Мячом стукае ў дзвярах.
Вобразнасць, эмацыянальнасць, рэвалюцыйны парыў у змесце газеты вызначаліся фактычна творамі Ц.Гартнага. Яго працу працягвалі маладыя таленавітыя літаратары, якія супрацоўнічалі ў «Савецкай Беларусі». М.Чарот у сваіх вершах сцвярджаў перамогу беларускага народа над белапольскімі інтэрвентамі:
Падняцца можна і за хмары,
Але лятаць ня доўга вам...
Ваяк чырвоны пралетарый
Дастане куляю і там!
«Савецкая Беларусь» формай і зместам, аналізам і абмеркаваннем нацыянальных праблем вабіла чытачоў. Газета набліжала дзяржаўныя задачы, важныя грамадскія праблемы да кожнага чалавека і паказвала, што ад гэтага залежыць умацаванне савецкай улады і разгортванне гаспадарчага будаўніцтва.
Такім чынам, у першыя паслякастрычніцкія гады была ў асноўным вырашана праблема беларускай дзяржаўнасці ў выглядзе БССР і створана ідэалагічная аснова для функцыянавання сістэмы нацыянальнага друку. На аснове дэмакратычных прынцыпаў ажыццяўлення палітычнага працэсу барацьбу за ўплыў на грамадства вялі розныя палітычныя партыі і групоўкі, якія выпускалі партыйныя, савецкія, прафсаюзныя, маладзёжныя і ваенныя газеты і часопісы. Іх выдавалі рэспубліканскія, губернскія, павятовыя органы, камандаванне воінскіх падраздзяленняў, прыватныя асобы.
Газеты і часопісы друкаваліся на беларускай, рускай, польскай, яўрэйскай, нямецкай, украінскай, літоўскай мовах. У 1920 г. тыраж асноўнай рэспубліканскай газеты «Звезда» дасягаў 6 тыс. экземпляраў. Аднак агульны разавы тыраж беларускіх газет даходзіў да 100 тыс. Улічваючы, што тэрыторыя Беларусі была абмежавана шасцю паветамі Мінскай і Магілёўскай губерняў, гэта даволі значная лічба.
У час Грамадзянскай вайны былі прадоўжаны традыцыі ўмацавання перыядычнага друку на беларускай мове: у розны час выходзіла шэсць газет, у тым ліку «Савецкая Беларусь» орган ЦК КПБ(б) і нацыянальнадэмакратычная газета «Беларусь». Гэта быў пачатак шырокага нацыянальнага адраджэння Беларусі ў 20-я гг.
Як бы хто ні ставіўся да падзей перыяду Грамадзянскай вайны, трэба прызнаць той факт, што яны мелі сапраўды сусветна-гістарычнае значэнне. Гэта быў канфлікт грамадства з састарэлай сістэмай прыгнёту чалавека, а ў канчатковым выніку – парыў людзей да свабоды, дэмакратыі і сацыяльнай справядлівасці. Для беларускага народа рэвалюцыйны час быў перыядам жорсткіх выпрабаванняў, і разам з тым грамадства адчула першыя павевы свабоды і незалежнасці, што і адлюстравана на старонках газет і часопісаў.
Р а з д з е л II
ЖУРНАЛІСТЫКА БЕЛАРУСІ Ў ПЕРЫЯД УСТАЛЯВАННЯ АДНАПАРТЫЙНАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ СІСТЭМЫ