
- •1. Роля беларускага друку ў арганізацыі барацьбы супраць польскіх легіянераў. Усебеларускі з'езд і стварэнне беларускай дзяржавы. Газета «Советская правда»
- •2. Беларускі друк у час нямецкай акупацыі. Газеты «Западная Коммуна», «Подпольная правда», «Дзянніца». Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі
- •3. Стварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Разгром другога інтэрвенцкага паходу белапалякаў. Газеты «Белорусская правда», «Савецкая Беларусь»
- •1. Беларускі друк ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі
- •2. Беларуская літаратурная перыёдыка. Часопісы «Полымя», «Маладняк», газета «Літаратура і мастацтва»
- •3. Узнікненне і развіццё друку моладзі Беларусі. «Красная смена» («Чырвоная змена»), «Юный пахарь» («Малады араты»)
- •1. Беларускі друк у перыяд калектывізацыі і індустрыялізацыі
- •2. Стварэнне і развіццё беларускага радыё
- •3. Друк беларускай дыяспары
- •1. Адлюстраванне ў друку планаў пабудовы асноў сацыялізму
- •2. Рабселькораўскі pyx y Беларусі
- •3. Друк Заходняй Беларусі
- •4. Стварэнне інфармацыйнай службы БелТа
1. Адлюстраванне ў друку планаў пабудовы асноў сацыялізму
«Першая пяцігодка завершана! Няхай жыве другая пяцігодка!» – пад такім лозунгам выйшла «Звязда» 1 студзеня 1933 г. Заканчэнне першай пяцігодкі дазволіла савецкай краіне перайсці на новы сацыяльна-эканамічны ўзровень. Камуністычная партыя стала адзінай палітычнай сілай. Яна распрацоўвала тэорыю і практыку сусветнага камуністычнага руху і сацыялістычнага будаўніцтва ў СССР.
Выканаўчая ўлада – Саветы – рэалізоўвала генеральную лінію партыі ў масах працоўных. Усе савецкія людзі, творчыя і грамадскія арганізацыі выконвалі волю Камуністычнай партыі. Такім чынам сфарміравалася сацыялістычная дзяржаўная сістэма, a разам з ёй і аўтарытарная форма кіравання. Такія ўмовы садзейнічалі развіццю культу асобы Сталіна.
Намаганнямі савецкага народа была створана прамысловасць: пабудаваны заводы, фабрыкі; падрыхтаваны кваліфікаваныя кадры рабочых і тэхнічная інтэлігенцыя ў вышэйшых навучальных установах. Развіццё прамысловасці павінна было заснаваць магутны навуковатэхнічны патэнцыял сацыялізму. У «Звяздзе» паведамлялася, што асноўныя фонды беларускай прамысловасці павялічыліся ў 3,5 разы. Пабудаваны магутныя прадпрыемствы: Белдрэс імя Сталіна, Гомсельмаш, Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя заводы, Магілёўская фабрыка штучнага валакна. Як адно з важнейшых дасягненняў газета падкрэслівала той гістарычны факт, што рабочы клас рэспублікі павялічыўся з 240 да 500 тыс. чалавек.
Газеты пісалі, што на сацыялістычны шлях калектывізацыі была пераведзена вёска. У калгасах і саўгасах створана буйнатаварная сельскагаспадарчая вытворчасць, забяспечаная тэхнікай кадрамі спецыялістаў. Аблічча вёскі набывала сучасныя рысы: будаваліся школы, клубы, новыя дамы, пачалі развівацца электрыфікацыя і радыёфікацыя.
У тым жа нумары «Звязды» было сказана, што калгасны лад у БССР «перамог канчаткова і незваротна»: 46% бядняцка-серадняцкіх гаспадарак уступілі ў калгасы, іх створана 9 тыс., на сяле працуюць 59 МТС, якія маюць 1453 трактары. Пасяўныя плошчы павялічыліся ў параўнанні з 1913 г. на 1 млн гектараў. Створаны фактычна дзве асобныя галіны вытворчасці: жывёлагадоўля і льновытворчасць. Свінагадоўля ў рэспубліцы выйшла на адно з першых месцаў у свеце, а плошча пасеваў ільну (26,6 тыс. гектараў) перавысіла плошчу высеву гэтай культуры ва ўсёй Заходняй Еўропе. Значнымі былі паказчыкі развіцця эканомікі, хаця савецкая краіна яшчэ адставала ў сацыяльнаэканамічных адносінах ад еўрапейскіх краін.
I тым не менш, у прапагандысцкай сферы складваліся спецыфічныя рысы савецкага грамадства. Галоўнай каштоўнасцю станавіўся чалавек працы. Стваральнасць стала сімвалам магутнасці краіны, росквіту грамадства і дабрабыту кожнага чалавека. Ідэя сацыялізму была верай асноўнай часткі насельніцтва, ідэалам маладога пакалення. На гэтай падставе замацоўвалася маральнапалітычнае адзінства савецкага народа, асноўнай рысай характару стала вера ў камуністычныя ідэалы і патрыятызм. Складаліся грандыёзныя планы другой і трэцяй перадваенных пяцігодак. СССР у эканамічных адносінах павінен быў стаць адной з высокаразвітых краін свету.
Для прапаганды ідэй сацыялізму, стварэння ўмоў для рэалізацыі пяцігадовых планаў, падпарадкавання свядомасці мільёнаў людзей палітычнаму курсу Камуністычнай партыі быў створаны магутны інфармацыйны апарат.
Асноўнае месца ў ім займаў перыядычны друк. У Беларусі ў пачатку другой пяцігодкі выходзіла 201 газета. Асноўнымі былі рэспубліканскія: «Звязда», «Савецкая Беларусь» (выходзіла да 1933 г.), «Чырвоная змена», «Калгаснік Беларусі» (з 1931 г.), «Піянер Беларусі», «Літаратура і мастацтва» – друкаваліся на беларускай мове; «Рабочий» – на рускай; «Orka» («Ворыва») – на польскай; «Дэр Юнгер арбетэр» («Малады рабочы») – на яўрэйскай мове, «Раўдонасіс артояс» – на літоўскай. Да таго ж выдавалася 75 раённых, 113 шматтыражных газет.
Пераважная колькасць газет выходзіла на беларускай мове. Акрамя таго, у 11 раённых газетах друкаваліся польскія старонкі, у 10 – яўрэйскія; кожная раённая газета мела сваю друкарню; у рэспубліцы выпускаліся тысячы насценных газет, друкавалася восем часопісаў і было зарэгістравана 40 тыс. рабселькораў. Такая сістэма друку прадстаўляла сабой моцную агітацыйна-прапагандысцкую сілу.
Беларускі друк быў масавым. Гэта азначала, што газеты і часопісы станавіліся неад'емнай часткай жыцця большасці насельніцтва. У 1933 г. амаль на кожнага дарослага жыхара рэспублікі, з улікам саюзных газет, якія распаўсюджваліся ў БССР, прыпадала па аднаму экземпляру перыядычных выданняў. Газета арганічна ўваходзіла ў штодзённае жыццё людзей, станавілася ідэалагічным, эканамічным і культурным фактарам адукацыі.
Палітычная функцыя перыядычнага друку была манапалізавана Камуністычнай партыяй, фактычна друк і радыё сталі дырэктыўнымі органамі. На старонках газет друкаваліся пастановы ўрада, якія былі абавязковымі для выканання ўсімі партыйнымі, савецкімі і грамадскімі арганізацыямі, а затым працоўнымі калектывамі і кожным чалавекам. Савецкая прэса пранізала распараджэннямі кіраўніцтва краіны ўсю жыццядзейную сферу грамадства, пакідаючы за рамкамі інфармацыйнай плыні іншыя погляды на развіццё савецкай рэчаіснасці. «Вальнадумства» не было. Яно не магло трапіць на старонкі выданняў.
Змест газет быў падзелены на дзве часткі: адна – стваральная сацыялістычная, другая – выкрывальна-крыміналістычная. Вось толькі адзін характэрны прыклад: у студзені 1933 г. «Звязда» надрукавала вялікі артыкул «Справа контррэвалюцыянераў-шкоднікаў з Белдзяржснабу» (па матэрыялах абвінаваўчага заключэння). «Гэтымі днямі, – гаварылася ў артыкуле, – Вярхоўны Суд БССР пачне слухаць справу групы контррэвалюцыянераў-шкоднікаў, былых работнікаў Белдзяржснабу, якія сістэматычна раскрадалі і разбазарвалі дзяржаўныя фонды прадуктаў і вострадэфіцытныя тавары.
Усяго да адказнасці прыцягнута 23 чалавекі. На першы погляд, гэта чыста крымінальная справа. Але даволі прыглядзецца да сацыяльнага складу групы, да палітычнага твару тых, хто ўзначальваў яе, да метадаў яе работы, каб стала зразумелым, што пралетарскі суд будзе мець справу не толькі з крымінальнымі злачынцамі, a з групай контррэвалюцыйных антысавецкіх і нацыяналістычных элементаў, якія ставілі сваёй мэтай шляхам сістэматычнай шкодніцкай дзейнасці выклікаць незадавальненне мас, сарваць разгорнутае сацыялістычнае будаўніцтва ў нашай краіне».
Такі матэрыял у цэнтральнай газеце насцярожваў чытачоў, выклікаў пачуццё страху і сацыяльнай неабароненасці. Рэпрэсіўная абстаноўка ў краіне ўскладнялася. У савецкай прэсе развівалася сістэма маніпуляцыі грамадскай думкай.
Перыядычны друк і радыё рэспублікі ўжо да часу зацвярджэння планаў другой пяцігодкі сталі ідэалагічным стрыжнем сацыялістычнай эканомікі. Гэта быў другі, пасля партыйных дырэктыў, найбольш значны пласт грамадскай інфармацыі, які, у сваю чаргу, складаўся з двух напрамкаў абмеркавання. Спачатку газеты аналізавалі, «даводзілі» да чытачоў кантрольныя лічбы або паказчыкі эканамічных дасягненняў, затым вёўся пошук, як дасягнуць гэтых вынікаў. «Звязда» звярталася да чытачоў: «Другая пяцігодка будзе пяцігодкай, галоўным чынам, асваення новых прадпрыемстваў, асваення новай тэхнікі. Гэта патрабуе карэннага ўздыму тэхнічнай узброенасці рабочых і інжынерна-тэхнічнага персаналу» – і далей расказвала, як дасягнуць найвышэйшых паказчыкаў у вытворчасці.
Такім чынам, разгорнутыя планы (галоўныя мэты сацыялістычнага будаўніцтва), рэальная іх карціна і дынаміка развіцця штодзённа адлюстроўваліся ў перыядычным друку. Гэта станоўчая функцыя прэсы мела вялікае значэнне для грамадства.
Аднак паступова чалавек-стваральнік ператвараўся ў механізм, «вінцік» вытворчасці і грамадства. Гіпербалізаваныя рэкорды, несупынная гонка за паказчыкамі, выкананне пастаўленых планаў пазбаўлялі працоўнага чалавека нармальных умоў жыцця. Афіцыйна сцвярджалася ідэя, што нас чакае лепшая, шчаслівая будучыня. У 30-я гг. быў распаўсюджаны лозунг «Кожны рабселькор – ударнік, кожны ўдарнік – рабселькор».
Гэта ўдалае вынаходніцтва эфектыўнасці масавай работы партыйна-савецкага друку. Кожны рабселькор быў прыкметным чалавекам у калектыве. Ён быў перадавым рабочым, калгаснікам, камсамольцам, членам партыі або прафсаюза. Яго аўтарытэт складаўся з прафесійнай, эфектыўнай, рацыянальнай працы, адукаванасці, сувязі з канкрэтным выданнем. Ён быў дзяржаўнай асобай, бо яго прыкладныя паводзіны і працоўная дзейнасць фактычна былі пад аховай дзяржавы.
Але галоўнае было ўсё ж тое, што рабселькоры знаходзіліся ў цэнтры вытворчага працэсу. Ад асабістага ўдарніцтва рабселькоры пераходзілі да стварэння перадавых брыгад, пастоў, звенняў у калгасах. Накіраванасць на эфектыўную вытворчасць пацвярджалася ў газетах рэспублікі, перыядычны друк ператвараўся ў «трыбуну перадавога вопыту».
Разам з тым беларускі друк паступова станавіўся нацыянальным па змесце і форме. Пераважная колькасць выданняў выходзіла на беларускай мове. Каля дзесяці газет друкаваліся на рускай, польскай, яўрэйскай, літоўскай мовах. Такім чынам, захоўвалася тэндэнцыя падтрымкі інтарэсаў нацыянальных меншасцей і дынаміка развіцця культуры карэннай нацыі – беларусаў. Патрэбна адзначыць, што ў Беларусі распаўсюджваліся і рускамоўныя саюзныя газеты і часопісы. На тэрыторыі рэспублікі паўсюдна прымаліся маскоўскія радыёперадачы. Тыражы маскоўскіх газет і працягласць радыёперадач былі значнымі і ў поўнай меры забяспечвалі інфармацыяй насельніцтва рэспублікі. Інтэнсіўнасць развіцця перыядычнага друку ўвесь час павялічвалася. Ужо ў 1934 г. выходзіла 256 газет. Сярод іх 11 цэнтральных, 75 раённых, 6 транспартных, 44 палітаддзельскія і саўгасныя, 55 фабрычназаводскіх, 36 шматтыражных выданняў вышэйшых навучальных устаноў. Агульны разавы тыраж складаў 800 тыс. экземпляраў.
Газеты і часопісы БССР былі адным з асноўных фактараў развіцця нацыянальнай культуры, рухавіком працэсу беларусізацыі грамадства і ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва. Такія агульнанацыянальныя кампаніі развіваліся хутка, дынамічна і вынікова. У рашэнні праблем агульнай і тэхнічнай адукацыі БССР была ў ліку лідэраў сярод іншых рэспублік СССР.
Адной з нацыянальных асаблівасцей беларускага друку стаў удзел у рабоце рэдакцый пісьменнікаў і паэтаў, якія ў 20-я гг. былі маладнякоўцамі, а ў 30-я ўжо зарэкамендавалі сябе як вядомыя літаратары. Вырас таксама журналісцкі склад вопытных работнікаў друку, што моцна ўплывала на змест газет і часопісаў, развіццё жанраў, глыбіню адлюстравання рэчаіснасці. Такім чынам, беларускі друк быў падрыхтаваны да прапаганды і выканання планаў другой пяцігодкі.
Тлумачальная праца пачалася з абмеркавання матэрыялаў XVII Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі. Рэспубліканскія газеты «Звязда», «Рабочий», «Чырвоная змена», абласныя, раённьія шматтыражныя, а затым і насценныя газеты пачалі сістэмнае тлумачэнне ідэалогіі другога пяцігадовага плана, асноўнай мэтай якога было завяршэнне пабудовы асноў сацыялізму. Палітычнай стратэгіяй з'яўлялася неабходнасць дасягнення высокага ўзроўню прамысловасці і сельскай гаспадаркі, якія б забяспечвалі абароназдольнасць краіны, матэрыяльны дабрабыт савецкіх людзей. Сацыяльна-культурны фактар пяцігадовага плана прадугледжваў высокае развіццё нацыянальнай культуры, літаратуры, навукі і адукацыі: ставілася задача дасягнуць усеагульнай пісьменнасці насельніцтва.
У гэтай сувязі ў газеце «Звязда» і іншых выданнях была ўведзена рубрыка «За што мы будзем змагацца». Журналісты імкнуліся на прыкладах дасягненняў народнай гаспадаркі ў першай пяцігодцы паказаць, што новыя планы сацыялістычнага будаўніцтва – рэальная праграма развіцця савецкай краіны і яна адпавядае магчымасцям савецкіх людзей. Аднак, каб здзейсніць задуманае, неабходна пераўзброіць прамысловасць новымі тэхналогіямі, давесці вытворчасць тэхнікі і абсталявання да поўнага забеспячэння ўнутраных патрэб. Асаблівая ўвага ўдзялялася абароннай прамысловасці, стварэнню і вытворчасці новай тэхнікі для паляпшэння ўзбраення Чырвонай Арміі.
Асноўнай часткай планаў пабудовы сацыялізму, падкрэслівала «Звязда», з'яўляецца далейшая калектывізацыя сельскай гаспадаркі і перавод яе на сучасныя навукова-тэхнічныя асновы функцыянавання, забеспячэнне сяла неабходнай тэхнікай і абсталяваннем (у 1932 г. у калгасах Беларусі працавалі толькі чатыры зернеўборачныя камбайны). Без інтэнсіўнага насычэння сельскагаспадарчай тэхнікай немагчыма было дасягнуць карэннага паляпшэння функцыянавання калгаснасаўгаснай сістэмы.
Газеты падкрэслівалі, што тэхнічнае забеспячэнне прамысловасці і сельскай гаспадаркі, агульнае навучанне і асваенне новых прафесій з'яўляюцца аднымі з галоўных кірункаў развіцця другой пяцігодкі і адначасова магчымасцю яе паспяховага выканання. У краіне быў разгорнуты масавы рух за авалоданне новай тэхнікай. Гэта вельмі значная акцыя беларускай прэсы і радыё ў час другой пяцігодкі. У чарговы раз друк станавіўся арганічнай сувяззю паміж вытворчасцю і чалавекам. На старонках газет, у першую чаргу ў «Звяздзе», «Калгасніку Беларусі», «Рабочем», «Чырвонай змене», была разгорнута інтэнсіўная і эфектыўная прапаганда дзейнасці таварыства «За авалоданне тэхнікай», якое вядома ў савецкай гісторыі як «зотаўскі рух».
Газета «Рабочий» была куратарам гэтай справы і паведамляла, што на многіх прадпрыемствах да тэхвучобы адносяцца фармальна. У лепшым выпадку праведзены тэхэкзамен, і на гэтым павышэнне кваліфікацыі скончана. 3 поля зроку знікалі маладыя рабочыя і асабліва работніцы, якім патрэбна было вучыцца. Як станоўчы прыклад прыводзілася арганізацыя тэхвучобы на вілейскім заводзе «Бальшавік», дзе рабочыя вучыліся пастаянна .
У друку сістэматычна і аргументавана вялася кампанія вучобы рабочых. Да ўдзелу ў ёй запрапіаліся вопытныя арганізатары і інжынерна-тэхнічныя работнікі. Папершае, асноўнай стратэгіяй тэхнічнага навучання павінна была стаць сістэма падрыхгоўкі і перападрыхтоўкі кадраў. На прадпрыемствах ствараліся групы, участкі, было арганізавана шэфства майстроў над маладымі рабочымі. Узначаліць тэхнічнае навучанне, зразумела, маглі інжынеры прадпрыемстваў. Таму газета «Рабочий» рэкамендавалі вылучыць на гэту адказную працу найбольш вопытных спецыялістаў. Калі такая дзейнасць разгарнулася на прадпрыемствах, адразу высветлілася, што інжынерна-тэхнічныя кадры таксама патрабуюць значнага павелічэння іх колькасці і новай падрыхтоўкі.
Другім аспектам указанай глабальнай праблемы было павышэнне вытворчасці працы, эканомія сыравіны і электраэнергіі, дысцыпліна на прадпрыемствах і паляпшэнне якасці прадукцыі. «Звязда» даводзіла чытачам, што авалоданне новай тэхнікай – гэта новая якасць арганізацыі вытворчасці і яе нельга дасягнуць толькі практычным вопытам. Неабходна забяспечыць працоўных неабходнай літаратурай, практычнымі заняткамі на новай тэхніцы. Але, што асабліва важна, вучоба павінна павялічвапь, а не зніжаць тэмпы выпуску прадукцыі, як гэта адбылося на некаторых прадпрыемствах рэепублікі. Там адмовіліся ад старых метадаў працы, не засвоіўшы новых.
У 1934 г. узнікла неабходнасць правесці ўсебеларускую канферэнцыю перадавікоў вучобы. Яе мэтай, пісала газета «Рабочий», з'яўляецца ўсямернае пашырэнне радоў ударнікаў вытворчасці новай тэхнічнай падрыхтоўкі, абмеркаванне ўмоў і тэмпаў пераабсталявання прадпрыемстваў сучаснай тэхнікай, а таксама выхад усёй прамысловасці на якасна новы ўзровень выпуску прадукцыі.
Патрэбна падкрэсліць асаблівую актыўнасць газеты «Рабочий» у перыяд пераходу на новы ўзровень тэхнічнага забеспячэння. На жаль, вопыт рэдакцыі ў справе арганізацыі вытворчасці, тэхнічнай адукацыі рабочага класа, колькасць якога вельмі хутка ўзрастала ў 30-я гг., а таксама стварэнне сучаснага прамысловага комплексу рэспублікі слаба вывучаны. Між тым тады закладваліся асновы пераўтварэння БССР з аграрнай краіны ў аграрна-прамысловую, што адпавядала гістарычнай аб'ектыўнасці развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу.
Рэдкалегія «Рабочего» лічыла сябе адказнай за рэканструкцыю прамысловасці, укараненне новай тэхнікі і пастаяннае павышэнне вытворчасці прадукцыі. Таму на старонках газеты разам з панарамай прамысловага будаўніцтва, тысячамі прыкладаў пазітыўнага развіцця прамысловасці змяшчаліся таксама аналітычныя і крытычныя артыкулы, у якіх абмяркоўваліся вострыя праблемы савецкага ладу жыцця, а таксама падвяргаліся крытыцы шматлікія недахопы: безгаспадарчасць, марнатраўства, разбазарванне дзяржаўнай маёмасці.
Журналісты «Рабочего» ўказвалі ў сваіх матэрыялах на залежнасць асваення і ўкаранення новай тэхнікі ад адукацыі рабочых, санітарнага стану працоўных месцаў, узроўню зарплаты, сацыяльных, бытавых умоў. Гэта быў новы падыход да арганізацыі вытворчасці. Маральныя стымулы былі суаднесены з матэрыяльнымі, і за ўдарную працу неабходна было плаціць добрую зарплату.
Тым больш што інтэнсіўнасць працы на вытворчасці ў гэты час узрасла. У сярэдзіне 1935 г. разгарнуўся стаханаўскі рух. Як бы негатыўна ні ацэньвалі асобныя сучасныя гісторыкі гэтую з'яву, стаханаўства ў сярэдзіне 30-х гг. адыграла значную ролю ў інтэнсіфікацыі вытворчасці.
У Беларусі пра стаханаўскія метады працы ў верасні 1935 г. расказвала «Звязда». Гэта інфармацыя адразу разышлася па ўсіх газетах, абмяркоўвалася і станоўча ўспрымалася на вытворчасці і ў сельскай гаспадарцы ў працоўных калектывах. Пад уплывам павелічэння інфармацыі складвалася думка па ацэнцы новага пачынання.
Змест і сэнс стаханаўства, расказвала газета «Рабочий» у кастрычніку 1935 г., больш складаны, чым фактар высокай прадукцыйнасці працы ў адзінку часу працоўны дзень. У гэтым факце спалучыліся магчымасці прафесіянала – асваенне тэхнікі і выкарыстанне яе патэнцыялу, зацікаўленасць савецкага рабочага ў развіцці вытворчасці, а таксама выкарыстанне яго вопыту на іншых прадпрыемствах. У перадавога рабочага фарміраваліся новыя калектывісцкія рысы савецкага чалавека. Стаханаўства стала паказчыкам эфектыўнай працы, рысай характару асобы і значным перыядам інтэнсіфікацыі вытворчасці пяцігодак. Гэта старонка сацыялістычнай рэчаіснасці яркімі вобразамі была адлюстравана ў шматтыражным беларускім друку, які дынамічна развіваўся. Вышэй называлася лічба – 113. Столькі шматтыражак выходзіла ў 1933 г. У час другой пяцігодкі новыя прадпрыемствы ўводзіліся адно за другім. Там адкрываліся і шматтыражныя газеты – важнейшы агітацыйна-прапагандысцкі фактар непасрэдна на вытворчасці. Прывядзём некалькі прыкладаў выданняў буйнейшых прадпрыемстваў і ўстаноў: «Сцяг індустрыялізацыі» – Віцебскай швейнай фабрыкі, «Сельмашавец» – Гомсельмаша, «За ўдарны камбінат» – Аршанскага льнокамбіната, «За пралетарскія кадры» – Беларускага політэхнічнага інстытута, «Савецкі студэнт» – Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Газеты прадпрыемстваў сканцэнтравалі ў сабе ўсю грамадска-палітычную і вытворча-тэхнічную інфармацыю, якая збіралася каля станкоў, у цэхах і брыгадах, апрацоўвалася ў рэдакцыях і вярталася да чытачоў у выглядзе публіцыстычных матэрыялаў. Газета прадпрыемства такім чынам стварала дзеючую панараму падзей, паказвала ўнутраны механізм функцыянавання вытворчасці, а галоўнае – падавала рэальны партрэт працоўнага чалавека.
Яшчэ больш важнай тэмай у дзейнасці заводскіх газет была рэканструкцыя прадпрыемстваў, павышэнне вытворчасці і якасці, зніжэнне сабекошту прадукцыі. Toe адметнае, што адбывалася ў канкрэтнай брыгадзе, на рабочым месцы, адразу станавілася інфармацыяй для ўсіх рабочых і тэхнічных супрацоўнікаў. Гэта было распаўсюджанне вопыту, перадавых форм і метадаў працы, аналіз развіцця вытворчасці. У газеце ішоў пастаянны дыялог прафесіяналаў, зацікаўленых людзей, перадавікоў-ударнікаў, вынаходнікаў, рацыяналізатараў; адлюстроўваўся працэс сацыялістычнага спаборніцтва, стаханаўства і г.д. Шматтыражная газета станавілася неад'емнай часткай прадпрыемства і ўсёй прамысловасці рэспублікі.
Заводскія газеты мелі, як правіла, невялікі штат супрацоўнікаў. Часта рэдакцыю прадстаўляў адзін рэдактар, а матэрыял рыхтавалі рабкоры, інжынерна-тэхнічныя работнікі. Выходзілі газеты на розных прадпрыемствах парознаму: адзін раз на тыдзень, раз на месяц, a то i на квартал; на асобных прадпрыемствах выпускаліся спецыяльныя нумары. Тыраж таксама залежаў ад колькасці рабочых і фінансавых магчымасцей завода.
Партыйная і савецкая ўлада, рэспубліканская прэса імкнуліся стварыць спрыяльныя ўмовы для дзейнасці фабрычна-заводскіх газет. Акрамя партыйных дырэктыў для мясцовага кіраўніцтва, якія абавязвалі аказваць усямерную дапамогу рэдакцыям, праводзілася вучоба рэдактараў і супрацоўнікаў па паляпшэнні ідэйнага і прафесійнага зместу газет, паглыбленым адлюстраванні партыйнага і грамадскага жыцця, вытворчых праблем, падрыхтоўкі працоўных на канкрэтным заводзе ці фабрыцы. У канцы другой пяцігодкі на ўсіх буйных прадпрыемствах рэспублікі была свая газета, своеасаблівы «ідэалагічны цэх» сацыялістычнай прамысловасці рэспублікі.
У 30-я гг. актыўна развіваўся галіновы друк, што адпавядала інтэнсіфікацыі ўсіх бакоў дзейнасці беларускага грамадства. У першую чаргу гэта адносіцца да выданняў сістэмы адукацыі. У Мінску, у абласных гарадах ствараліся перыядычныя органы па асвятленні арганізацыі адукацыі ў Беларусі. Ужо ў 1921-1922 гг. выходзілі «Бюллетень Гомельского губернского отдела народного образования», «Веснік Наркамата асветы ССРБ» (г. Мінск); у 1922-1926 гг. – часопісы «В помощь просвещенцу» (г. Гомель), «Працаўнік асветы» (1928-1929), дадатак да газеты «Савецкая Беларусь» і інш.
Найбольш значным выданнем быў часопіс «Асвета» – орган Народнага камісарыята асветы, першы нумар якога выйшаў у чэрвені 1924 г. Рэдакцыя ставіла перад сабой важную задачу: дапамагчы ў арганізацыі савецкай школы. У адрасаваным чытачам, у першую чаргу настаўнікам, звароце гаварылася, што ў час мірнага будаўніцтва неабходна звярнуць першасную ўвагу на адукацыю. На аснове дарэвалюцыйнай школы патрэбна ствараць новую сістэму. У яе ўключаюцца дашкольныя ўстановы, хаты-чытальні, школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы. Аднак галоўная ўвага – настаўніку. Ён у цэнтры адукацыі, палітыкі, культуры.
Патрэбна падкрэсліць, што часопіс «Асвета» (з 1929 г. «Камуністычнае выхаванне») свае задачы выканаў. Ён выходзіў да 1933 г., а значыць, у самы складаны перыяд станаўлення савецкай адукацыі. На яго старонках адлюстравалася дынаміка ліквідацыі непісьменнасці, арганізацыі школьнай справы і распрацоўкі вучэбных планаў, падрыхтоўкі савецкіх настаўнікаў. Рэдакцыя «Асветы» паставіла сабе мэту зрабіць часопіс першым дарадчыкам і памочнікам культурна-асветнага працаўніка. У першую чаргу рэдакцыя імкнулася задаволіць патрэбы вёскі, «дзе так востра адчуваецца недахоп метадычнай літаратуры», гаварылася ў звароце да чытачоў.
Узніклі ў той час і выданні транспарту і сувязі. 3 1929 г. пачынае выходзіць газета «Рачнік». У 1931-1940 гг. у Гомелі друкавалася газета чыгуначнікаў «Голас ударніка», a 30 ліпеня 1936 г. выйшаў першы нумар «Железнодорожника Белоруссии».
Былі створаны самастойныя перыядычныя выданні прафесійных саюзаў, хаця яны і былі ў полі зроку партыйна-савецкага друку. Часопіс «Голос труда» выдавалі віцебскія прафсаюзы ў 19201921 гг., Савет беларускіх прафсаюзаў у Мінску выпускаў у 1921-1922 гг. часопіс «Голос производственных союзов», а з 1925 да 1935 г. выходзіў часопіс «Прафсаюзны рух Беларусі» орган праўлення прафсаюзаў Беларусі.
Стваралася аснова для ўзнікнення савецкага ваеннага друку. У многіх часцях і падраздзяленнях, якія размяшчаліся на тэрыторыі рэспублікі, перыядычна друкаваліся газеты і часопісы: «Кавалерыст-ударнік» (1931 г., Мінск), «На варце» – дадатак да «Беларускай вёскі» для вайскоўцаў (1929-1931). 3 12 лютага 1931 г. пачала выходзіць вядомая газета «На варце Кастрычніка» (цяпер «На страже») – орган Рабоча-сялянскай міліцыі БССР.
Пачалі выходзіць таксама медыцынскія, краязнаўчыя газеты і часопісы («Наш край» – 1925-1930 гг.), для паляўнічых, нават сатырычныя («Дубінка» – часопіс сатыры і гумару, дадатак да «Звязды», 1924 г.).
Для ўмацавання партыйнага кіравання калгасамі пры МТС у 1933 г. былі створаны спецыяльныя палітаддзелы, якім было даручана таксама выпускаць газеты. У Беларусі такія выданні імкнуліся стварыць амаль пры кожнай МТС. Гэта характэрная з' ява ў сістэме партыйна-савецкага друку. Маленькія, больш падобныя да лістоўкі, палітаддзельскія газеты выконвалі дырэктыўную функцыю на сяле. Іх матэрыялы былі заўсёды мясцовымі. Разам з паведамленнямі аб дзейнасці партыйных і савецкіх органаў вялася размова аб сельскім «палітычным моманце», сезонных работах і перспектыве іх ажыццяўлення.
Палітаддзельскі друк – важная з'ява ў гаспадарча-палітычным жыцці савецкай краіны. Праграма савецкай улады па ўсталяванні калектывізацыі сельскай гаспадаркі атрымала свой працяг у мясцовым друку фактычна ў кожнай вёсцы, калгасе, саўгасе, МТС. Палітаддзельскія газеты былі цікавыя тым, што яны ўтрымлівалі інфармацыю двух планаў: тлумачэнне пастаноў гіартыі і ўрада і функцыянаванне мясцовай улады і калектываў калгасаў па арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.
Галоўным у змесце газет МТС было наступнае. Тэхналогія арганізацыі і ўмацавання калгасаў, агратэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці, эканамічнае выкарыстанне тэхнікі, павышэнне земляробчай культуры і г. д. Газеты палітаддзелаў былі невялікімі па фармаце, выходзілі не часцей аднаго разу на тыдзень невялікімі тыражамі пад характэрнымі для таго часу назвамі: «Бальшавік ільнаводства» – Дрысенская МТС, «Бальшавіцкі прызыў» – Уздзенская МТС, «Бальшавіцкі трактар» – Чавуская МТС, «Бальшавіцкі шлях» – Любаньская МТС і інш.
У асноўным палітаддзельскія газеты МТС выходзілі з 1933 да 1935 г. і былі накіраваны на ажыццяўленне поўнай калектывізацыі і пабудовы асноў сацыялізму ў вёсцы.
Інфармацыя палітаддзельскіх газет была яскравым сведчаннем арганізацыі працы ў калгасах, куды МТС накіроўвала сваю тэхніку і дзе распаўсюджваліся выданні. Кожны механізатар і ўвогуле вясковец ведаў, як працуюць у суседніх калгасах, дзе найбольш якасна і прадуктыўна выкарыстоўваюць тэхніку і дзе збіраюць лепшыя ўраджаі. Несумненна, што пры агульным дэфіцыце інфармацыі, адносна слабай забяспечанасці насельніцтва перыядычнымі выданнямі і з улікам таго, што радыё было далёка не ў кожнай вёсцы, газеты МТС сваю інфармацыйна-арганізацыйную функцыю выконвалі.
Аднак трэба адзначыць, што стварэнне палітаддзелаў прыводзіла да бязмернага павелічэння ўпраўленчага апарату пры абмежаваных дзяржаўных сродках. Пры ўвядзенні стаўкі рэдактара ў палітаддзеле неабходна было павялічыць яго штат на некалькі дзесяткаў чалавек. А калі заўважыць, што большасць рэдактараў былі партыйнымі работнікамі і журналісцкага вопыту ім не хапала, то і якасць газет МТС не заўсёды адпавядала патрабаванням таго часу.
I ўсё ж палітаддзельскія газеты былі дзейсным фактарам агітацыі за калгасны лад, эфектыўным сродкам прапаганды ідэалогіі сацыялістычнага будаўніцтва і рэгулятарам складаных адносін на сяле ў 30-я гг. Выкараненне «варожага класа кулакоў», затым «вайна з сераднякамі», а ў завяршэнні «дыктат над беднякамі», якія «не разумелі» калгаснага шчасця, што адлюстроўвалася ў друку ў выглядзе «рэалізацыі метадаў генеральнай лініі партыі», выхоўвалі Ў грамадстве псіхалогію самазахавання. Аднак гэта тэма, якая яшчэ чакае свайго глыбокага даследавання.
Рэзкае павелічэнне колькасці газет і часопісаў абвастрыла таксама праблему якасці перыядычнага друку. Для яе вырашэння невыпадкова ў 1934 г. быў створаны часопіс «Бальшавіцкі друк» – орган ЦК КП(б)Б, які выходзіў два разы на тыдзень да 1936 г. Новы часопіс змяшчаў агляды газет як асноўнай формы кіраўніцтва і дапамогі друку, вучыў рэдакцыйныя кадры палітычна і літаратурна, дапамагаў выхоўваць рабселькораўскі актыў, аналізаваў лепшы вопыт рэдакцый рознага ўзроўню і адпаведна ўзнімаў пытанні перад ЦК КП(б)Б аб паляпшэнні якасці і эфектыўнасці беларускага друку.
Рэдкалегія часопіса шэсць разоў на месяц выпускала інфармацыйны бюлетэнь для мясцовага друку па самых актуальных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця. Акрамя таго, яго супрацоўнікі выязджалі непасрэдна ў рэдакцыі газет, каб на месцы вывучыць абставіны і дапамагчы выправіць недахопы ў працы.
Рэдакцыя прытрымлівалася сваёй рабочай праграмы. Па асноўных пытаннях партыйнага жыцця выступалі кіраўнікі БССР. У першым нумары аб задачах арганізацыі расказаў сакратар ЦК КП(б)Б А.Галадзед. Рэдактары, журналісты і партыйныя работнікі аналізавалі дзейнасць асобных газет і часопісаў, развіццё рабселькораўскага руху. Цікавым і эфектыўным быў агляд газет. У такіх артыкулах аналізавалася дзейнасць рэдакцыйных калектываў, выказваліся прапановы па паляпшэнні тэматычнага зместу, выкарыстанні розных жанраў.
Патрэбна падкрэсліць, што часопіс «Бальшавіцкі друк» аналізаваў якасць беларускай мовы ў перыядычным друку і літаральна вучыў журналістаў правільна ўжываць літаратурныя тэрміны і асобныя словы ў газетным тэксце. Часопіс станоўча паўплываў на абнаўленне зместу і формы беларускага друку.
Разгалінаваная сістэма нацыянальнай прэсы 30-40-х гг. патрабавала кваліфікаваных кадраў. Існуючая падрыхтоўка не адпавядала палітычным, літаратурным і прафесійным патрабаванням да беларускіх журналістаў. Пагэтаму ўзнікла неабходнасць стварэння спецыяльнай навучальнай установы, для чаго ў рэспубліцы ўжо меліся пэўныя перадумовы.
Яшчэ ў 1918 г. Віцебскі губком партыі арганізаваў спецыяльную школу з тэрмінам навучання шэсць месяцаў для партыйна-савецкіх работнікаў, дзе ўдасканальвалі сваё майстэрства і журналісты.
У Віцебску было даволі моцнае аддзяленне Расійскага тэлеграфнага агенцтва (РОСТА), пашыраная сетка друку і вопытныя публіцысты, якія разумелі неабходнасць павышэння кваліфікацыі газетных работнікаў, што і было асноўнай мэтай установы. Віцебская школа праіснавала нядоўга, аднак дапамогу работнікам мясцовага друку аказала значную. Лекцыі чыталі вопытныя журналісты, партыйныя дзеячы. Таксама там друкаваліся дапаможныя матэрыялы і інфармацыйныя бюлетэні для практычных работнікаў.
На базе партыйнай школы ў 1920-1921 гг. дзейнічаў Камуністычны універсітэт імя Ф.Энгельса, дзе была секцыя культурна-асветнай работы, а ў 1921 г. універсітэт быў рэарганізаваны ў губернскую партшколу.
Затым падрыхтоўку журналістаў вяла партыйная школа ў Мінску (1920-1925), дзе было адкрыта газетнае аддзяленне. Слухачы вывучалі тэорыю і практыку партыйна-савецкай работы, a таксама асновы творчай журналісцкай дзейнасці. У партыйнай школе будучыя пісьменнікі і публіцысты (П.Галавач, В.Харужая) выпускалі свой часопіс «Партшкольский мирок».
У 1925 г. на базе мінскай партшколы быў адкрыты Камуністычны універсітэт імя У.I.Леніна – вышэйшая навучальная ўстанова для кіруючых кадраў. Там было арганізавана газетнае аддзяленне з тэрмінам навучання тры гады. Студэнты ў 1930-1931 гг. выпускалі газету «Ленінец».
Аднак узровень падрыхтоўкі газетных кадраў патрабаваў спецыяльнага падыходу і стварэння спецыфічнага вучэбнага плана. Пагэтаму ў 1932 г. Камуністычны універсітэт быў рэарганізаваны ў Вышэйшую камуністычную сельскагаспадарчую школу, а на базе газетнага аддзялення быў створаны Камуністычньі інстытут журналістыкі (КІЖ) – вышэйшая партыйная навучальная ўстанова.
Гэта першая спецыялізаваная журналісцкая навучальная ўстанова ў нашай рэспубліцы. У інстытут прымаліся маладыя людзі ва ўзросце ад 22 да 32 гадоў з трохгадовым стажам працы ў СМІ і двума гадамі партыйнай і грамадскай работы. Тэрмін вучобы складаў тры гады. Пры інстытуце працавала таксама адкагадовая вячэрняя школа журналістаў камсамольска-маладзёжных газет, туды прымалі 19-23-гадовых юнакоў і дзяўчат. У 1934 г. быў адкрыты сектар завочнага навучання газетных кадраў.
Вучэбны план КІЖа ўключаў спецыяльныя журналісцкія дысцыпліны, літаратуру: беларускую, рускую, замежную; гісторыю УКП(б) і КП(б)Б, усеагульную і народаў СССР, палітэканомію, дыялектычны матэрыялізм, гістарычны матэрыялізм, ленінізм, беларускую і рускую мовы, эканамічную геаграфію.
Паступалі ў інстытут па накіраванні партыйных органаў. Студэнты былі на поўным дзяржаўным забеспячэнні: атрымлівалі стыпендыю, інтэрнат, харчаванне ў інстытуцкай сталоўцы. Такім чынам, журналісцкае навучанне набывала паслядоўнасць, навуковасць і сістэмнасць. Інстытут існаваў да 1941 г., у ім было падрыхтавана больш за 300 журналістаў. Сярод іх вядомыя пісьменнікі: П.Кавалёў, А.Пысін, А.Дзеружынскі і інш. Студэнтам КІЖа быў Герой Савецкага Саюза У.Амельянюк.
Студэнты інстытута журналістыкі з 1932 г. выпускалі сваю газету «Кіжавец», з 1934 г. – «Кіравец». Перайменаванне выдання было звязана з тым, што ў 1934 г. інстытуту было прысвоена імя С.М.Кірава. Акрамя гэтага, у 1934-1935 гг. у інстытуце выходзіла штомесячная «Літаратурная газета». Тэарэтычная падрыхтоўка студэнтаў інстытута была арганічна злучана з практычнай журналістыкай.
У сувязі з тым, што набор студэнтаў у КІЖ быў абмежаваны, газетных работнікаў не хапала. Таму ў 1935-1937 гг. у Магілёве працавала Усебеларуская газетная партыйная школа, у 1936 г. ператвораная ў Магілёўскі газетны тэхнікум. Там выходзіла газета «За газетныя кадры».
Журналістаў рыхтавалі не толькі ў Беларусі, але і ў Маскве. У 1937 г. былі створаны цэнтральныя газетныя курсы пры ЦК УКП(б). Туды на адзін год накіроўвалі лепшых рэдактараў раённых газет, работнікаў гарадскіх, цэнтральных выданняў, якія скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы.
У 30-я гг. кіраўніцтва СССР паставіла задачу завяршыць калектывізацыю сельскай гаспадаркі. Якраз на мяжы першай і другой пяцігодак у гэтым працэсе праявіліся значныя цяжкасці. Амаль прымусовае ўступленне ў калгасы выклікала незадаволенне часткі насельніцтва. Паспешлівасць у арганізацыі калгасаў, іх маламаёмаснасць і нізкія стартавыя фінансавыя і тэхнічныя магчымасці прывялі да таго, што ў 1932 г. значна знізіўся аб'ём сельскагаспадарчай прадукцыі. А ўзросшыя планы на дзяржаўныя нарыхтоўкі перавысілі магчымасці забеспячэння насельніцтва прадуктамі: па краіне пракацілася жорсткая хваля голаду 1932-1933 гг., якая закранула і Беларусь.
Масавы голад прывёў да вялікіх ахвяр сярод насельніцтва, выклікаў крызіс партыйна-савецкай улады і далейшае пашырэнне рэпрэсій. Класавая барацьба стала нормай жыцця ў вёсцы. «Кулакі і заможнікі не толькі ўхіляюцца ад выканання цвёрдых заданняў, – пісала «Звязда», – але і арганізуюць сабатажы нарыхтовак у асобных калгасах, вёсках і бядняцка-серадняцкіх гаспадарках». Зразумела, што падобныя матэрыялы выклікалі адмоўную рэакцыю ў грамадстве і стваралі сацыяльнае напружанне. Аб сапраўдных прычынах голаду, на жаль, маўчала і савецкая прэса, падтрымліваючы працэс «выкрыцця ворагаў народа».
Складаная сацыяльна-палітычная абстаноўка на сяле не спрыяла хуткаму росту вытворчасці. I тым не менш калектывізацыя працягвалася ўжо фактычна ў рэпрэсіўных умовах. Уладныя структуры ўкаранялі ідэалогію калгаснага будаўніцтва партыйна-савецкім уціскам.
Толькі пасля 1936 г. прыйшоў час адноснай лібералізацыі вясковага жыцця. Першым крокам у гэтым кірунку было стварэнне машына-трактарных станцый (МТС), яны пачалі ўзнікаць у 1930 г., але развіццё атрымалі на працягу даваеннага дзесяцігоддзя.
Тэхнізацыя ўзброіла саўгасы і калгасы сучаснымі трактарамі, разнастайнымі прыстасаваннямі і прыладамі працы, пачалося будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм, калгасных двароў з тэхнічным паркам. Адносна лягчэйшай стала праца людзей, хаця заробкі ў калгасе былі мізэрныя і самазабеспячэнне ажыццяўлялася натуральнай асабістай гаспадаркай, з якой, між іншым, неабходна было плаціць вялікі падатак.
У рэспубліканскай прэсе такія вострыя пытанні сельскагаспадарчай вытворчасці і жыцця вясковага насельніцтва не ўзнімаліся. Галоўнай тэмай была неабходнасць умацавання калгасаў. «Звязда», «Калгаснік Беларусі», «Чырвоная змена», абласны друк заклікалі пераадолець кулацкі ўплыў і стварыць калектыўныя гаспадаркі. Зразумела, што рэдакцыі практыкавалі пазітыўны метад адлюстравання падзей і на шматлікіх прыкладах даказвалі яго жыццядзейнасць, неабходнасць і перспектыву.
Калі ў развіцці прамысловасці асноўнай праблемай было павелічэнне выпуску прадукцыі, то ў сельскай гаспадарцы вытворчасць ставілася ў залежнасць ад вынікаў барацьбы з кулакамі. На гэтай падставе галоўная сельскагаспадарчая газета «Калгаснік Беларусі» пастаянна заклікала «зламаць кулацкае супраціўленне» і такім чынам «выконвала галоўную задачу партыі»: абвастрыць супрацьстаянне ў сяле .
Аднак, нягледзячы на палітычныя цяжкасці, у першай палове 30-х гг. калгасы былі забяспечаны кадрамі, тэхнікай і арганізацыйна. На дзяржаўным узроўні быў захаваны іх аўтарытэт як асноўнай формы сельскагаспадарчай вытворчасці. Кіраўніцтвам краіны былі праведзены буйныя мерапрыемствы для замацавання масавага калгаснага руху. У 1933 г. у Маскве прайшоў Усесаюзны з'езд калгаснікаў-ударнікаў. Тады ж быў праведзены такі з'езд і ў БССР, а ў 1935 г. ужо быў арганізаваны II Усесаюзны з'езд калгаснікаў-ударнікаў.
Гэтыя і іншыя саюзныя і рэспубліканскія мерапрыемствы давалі шырокія магчымасці перыядычнаму друку весці глыбокі аналіз тых умоў, у якіх развівалася савецкая вёска.
За «палітычнай траскатнёй», гучнымі пачынаннямі, ударніцтвам, зваротамі, ганаровымі вахтамі і іншым, што запаўняла партыйна-савецкія газеты таго часу, прабівалася сапраўдная стваральная сіла вяскоўцаў. Гэта ў тую пару ў 1934 г. народны паэт Янка Купала надрукаваў у часопісе «Борьба за технику» артыкул «Мы жывём у казачны час ». Было нешта асабліва моцнае ў тагачаснай трагічнай рэчаіснасці, што давала магчымасць мудраму празарліўцу бачыць надзею ў нейкай асаблівай сіле беларусаў, нескаронасці і настойлівасці «самім будаваць сваю долю», аб чым ён пісаў у сваіх творах.
Аптымістычным для чытачоў быў 1935 г., калі сельская гаспадарка Беларусі дасягнула значных вынікаў. Калектывізацыя ўжо набліжалася да свайго завяршэння. Калгасы былі забяспечаны тэхнікай, спецыялістамі, якія валодалі агранамічнай культурай. Многія з іх атрымалі высокія ўраджаі, было адноўлена пагалоўе жывёлы. «Звязда» вяла рубрыку «Дошка гонару», дзе расказвала аб перадавых гаспадарках і рэкордах асобных калгаснікаў. Такім чынам, у перыядычным друку фарміраваліся новыя матывы эканамічнай стабільнасці і росту сацыялістычнай вытворчасці. Калгасная вёска выходзіла з жабрацтва і рухалася да забеспячэння насельніцтва рэспублікі прадуктамі. Увесь беларускі друк падтрымліваў і прапагандаваў агульнасаюзнае імкненне сялян вырасціць і сабраць 78 млрд пудоў зерня. Гэта ў той час былі адменены нормы на мясныя прадукты, зніжаны кошт на хлеб, а ў 1936 г. адменена картачная сістэма на розныя тавары.
Умацаванне сацыяльна-эканамічнага становішча ў СССР дало падставу для прыняцця 5 снежня 1936 г. новай савецкай Канстытуцыі. Напярэдадні гэтай падзеі ў СССР і Беларусі газеты і часопісы, радыё інфармавалі насельніцтва аб змяненнях у Асноўным Законе. У рэспубліканскіх і абласных газетах быў надрукаваны праект Канстытуцыі. Потым змяшчаліся матэрыялы пра абмеркаванне Канстытуцыі, пра змяненні і прапановы.
Неабходна адзначыць, што абмеркаванне праекта Канстытуцыі праходзіла актыўна і эфектыўна. «Звязда» друкавала артыкулы вучоных, грамадскіх дзеячаў, у якіх разглядаліся праблемы правоў грамадзян на працу, вучобу, развіцця правазаконнасці, існавання форм уласнасці. Разам з тым змяшчаліся паведамленні пра сходы рабочых, сялян, інтэлігенцыі, дзе выказваліся прапановы па ўдасканаленні праекта з улікам рэальнага становішча савецкага грамадства і яго аддаленых перспектыў.
З вялікай увагай насельніцтва адносілася да пытанняў правоў і абавязкаў асобы, уласнасці, міжнародных адносін, арганізацыі вытворчасці, умацавання абароназдольнасці і Чырвонай Арміі. Новая Канстытуцыя замацоўвала рэвалюцыйныя заваёвы і заканадаўча сцвярджала аб пабудове асноў сацыялізму ў СССР.
У час абмеркавання новага праекта Канстытуцыі ў беларускім друку распрацоўвалася тэма параўнання савецкага і буржуазнага ладу жыцця і аналізавалася палітыкаэканамічнае становішча ў Заходняй Беларусі, Польшчы і ўсёй Еўропе. «Звязда» амаль штодзённа змяшчала артыкулы аб падзеях у «гарачых кропках», якіх станавілася ўсё больш і больш. Да ўлады ў Італіі, Германіі прыйшлі фашысты, у Іспаніі разгараўся пажар грамадзянскай вайны. Палітычны крызіс выклікаў сацыяльны пратэст насельніцтва ў еўрапейскіх краінах, узнікала небяспека пагрозы новай сусветнай вайны. На VII кангрэсе Камінтэрна ў 1935 г. было прынята рашэнне аб стварэнні адзінага фронту барацьбы супраць фашызму.
На фоне гэтых падзей, пісала «Звязда», народы Савецкага Саюза адмаўляюць палітыку ваеннай канфрантацыі і нарошчваюць патэнцыял сацыялістычнай эканомікі, умацоўваюць мірнае жыццё горада і вёскі, а таксама дабрабыт насельніцтва.
Такія матэрыялы мелі значны ўплыў на чытачоў. Добрымі былі і вынікі ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва рэспублікі, яно станавілася палітычна адукаваным. Складаныя працэсы, якія адбываліся ў рэспубліцы, накладвалі моцны адбітак на грамадскую свядомасць. I тое, што насоўваецца новая вайна, беларусы добра разумелі. А таму захоўвалі і падтрымлівалі мірную палітыку, дэклараваную савецкім урадам, хаця бачна было і тое, што ў СССР таксама ідзе ўмацаванне Чырвонай Арміі.
У рэспубліцы была створана сістэма ваеннай падрыхтоўкі насельніцтва, а ў перыядычным друку гэта была адна з важнейшых, пастаянных тэм. «Звязда», «Чырвоная змена», «Калгаснік Беларусі» і іншыя зыданні паказвалі дзейнасць спецыялізаваных грамадскіх арганізацый – ГПА, ПВХА, «Варашылаўскі стралок», якія былі створаны для падрыхтоўкі моладзі да службы ў арміі.
Дзейнасць гэтых арганізацый ахоплівала фактычна ўсю моладзь рэспублікі, яны пастаянна праводзілі розныя масавыя мерапрыемствы: лыжныя паходы, стрэльбы, ваенныя манеўры, лагерныя зборы, практыкаванні з парашутам, экскурсіі ў ваенныя часці, радыёпераклічкі і іншае, што давала ўяўленне аб стане сучаснай арміі і ўмовах службы ў ёй.
Падрыхтоўка да вайны ўваходзіла ў свядомасць людзей разам з неабходнасцю ўмацавання савецкай эканомікі, выканання планаў трэцяй «сталінскай» пяцігодкі. I адначасова гэтыя глабальныя задачы былі пастаўлены партыйным кіраўніцтвам краіны ў прамую залежнасць ад барацьбы з «класавым ворагам» унутры СССР.
Умоўнай вяршыняй барацьбы партыйна-савецкай улады з «ворагамі народа» стаў 1937 г. Ідэалагічным інструментам рэпрэсіўнага апарату быў таксама перыядычны друк. На працягу 20-30-х гг. паступова ў савецкай перыёдыцы выпрацоўваўся своеасаблівы стыль.
У рэдакцыях складваліся ўмовы судовага, пракурорскага пераследавання ўсяго, што нават «пад павевам ветру» адхілялася ад генеральнай лініі партыі. Многія журналісты, члены партыі фактычна сталі абвінаваўцамі, даносчыкамі. У той стратэгіі дзейнічала ідэалагічная схема: абвінаваўчы «прыгавор» у газеце «ворагу народа» – смяротны прыгавор суда «фашысцкім вырадкам» і ... расстрэл «азвярэлай банды». Такія матэрыялы з'яўляліся і на старонках беларускага друку.
Ужо ў 1936 г. у газетах была разгорнута чыстка радоў ад «акапаўшыхся ворагаў». Прыводзім толькі назвы матэрыялаў са «Звязды»: «Эсэраўска-нацдэмаўскае ахвосце ў органах Наркамасветы» (6 студзеня), «Працэс над контррэвалюцыйнай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыяй, арудаваўшай у Мазырскай акрузе» (26 кастрычніка), «Варожыя справы ў Суражскім раёне» (24 кастрычніка), «Ачысціць Горацкі раён ад ворагаў народа» (17 снежня) і г.д. Такім чынам, «барацьбой з ворагамі» была ахоплена ўся рэспубліка. Ішла ўсенародная, бо ўсе людзі былі ўцягнуты ў працэс выкрыцця «злачынцаў», жахлівая грамадзянская вайна.
У «Звяздзе» 8 студзеня 1936 г. быў надрукаваны артыкул «Вораг». У ім гаварылася, што ворагаў на мінскім заводзе «Бальшавік» было многа. Заядлыя праціўнікі партыі і савецкай улады, трацкісты-нацдэмаўцы выкрыты. I далей называліся імёны тых, каму, на думку аўтара, не месца ў нашым жыцці. За такімі абвінавачаннямі ў савецкую рэчаіснасць і на старонкі газет прыходзілі смяротныя прыгаворы.
Змест савецкага друку стаў насцярожаным. Газеты ахапіла выкрывальная ліхаманка. «Чырвоная змена» пісала пра часопіс «Полымя рэвалюцыі»: «Сляпая, беспрынцыпная даверлівасць, гнілы лібералізм да ворага, яго агентуры прывялі рэдакцыю да таго, што з нумара ў нумар на старонкі часопіса, як ядавітыя гадзюкі, выпаўзаюць ворагі народа, адкрыта паклёпнічаюць на нашу радзіму, народ, на нашу сацыялістычную сапраўднасць». А ў дакладзе на XII з'ездзе ЛКСМ ужо судзілі рэдакцыю маладзёжнай газеты. Пра яе было сказана: «Фашысцкім вырадкам удалося замусарыць апарат рэдакцыі газеты "Чырвоная змена": тут каля года сядзела цэлае гняздо фашыстаў і нацдэмаў» .
Вядома, у такіх абставінах «журналісты-абвінаваўцы» ператвараліся ў вінаватых і самі часта станавіліся ахвярамі рэпрэсій. Беларускі друк 30-х гг. таксама нясе адказнасць за ўдзел у абвінавачанні многіх нявінных грамадзян нашай краіны.
Другая пяцігодка была завершана, як аб'яўлялася ў друку, пабудовай асноў сацыялізму ў СССР. На самай справе Савецкі Саюз, у яго складзе і Беларусь, у параўнанні з дакастрычніцкім часам ператварыўся ў эканамічна развітую краіну, якая ўступала ў новы якасны перыяд існавання. Гэта пазначалася ў планах развіцця народнай гаспадаркі на трэцюю пяцігодку (1938-1942 гг.).
Беларускі друк і радыё гэтай пары функцыянавалі стабільна, нягледзячы на складаныя палітычныя абставіны, яны выконвалі асноўную задачу – прапаганды і агітацыі будаўніцтва і ўмацавання сацыялізму. Гэтай праблематыцы быў падпарадкаваны змест газет і часопісаў. Пашыралася жанравая палітра, удасканальваліся мова і стыль матэрыялаў. Стаў прывабным знешні выгляд перыёдыкі. Яна выходзіла на якаснай паперы, сталі часцей з'яўляцца на газетнай паласе фотаздымкі. Літаратурная, моўная, паліграфічная, эстэтычная культура беларускага друку дасягнула ў той час даволі высокага ўзроўню.
Адбывалася далейшае складванне тыпалогіі газет і часопісаў. У 1937 г. 2 кастрычніка газета «Рабочий» атрымала назву «Советская Белоруссия». У вялікім перадавым артыкуле гаварылася, што перайменаванне газеты звязана з пашырэннем задач, якія стаяць перад рэдкалегіяй. Краіна рыхтавалася да 20-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, таму «Советская Белоруссия» «выступала змагаром за грандыёзныя задачы партыі, павінна весці бязлітасную барацьбу з ворагамі народа, мабілізаваць масы на павышэнне рэвалюцыйнай пільнасці, умацоўваць абарону краіны і дружбу народаў СССР».
За гэтым штампаваным абрысам бачыліся ў першую чаргу сацыяльна-эканамічныя праблемы савецкага грамадства, далейшае развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі па планах трэцяй пяцігодкі. Новая газета паведамляла чытачам, напрыклад, што на палях рэспублікі працуе 8 тыс. трактароў, 389 камбайнаў – вынік работы прамысловасці; калгаснікі вырасцілі ўраджай ад 15 да 30 цэнтнераў з гектара, да 500 цэнтнераў бульбы і да 10 цэнтнераў ільну. Усё гэта было вынікам напружанай працы савецкіх людзей.
Назва новай газеты падкрэслівала палітычны аўтарытэт Савецкай Беларусі як адной з высокаразвітых сацыялістычных рэспублік Савецкага Саюза. Таму «Советская Белоруссия» выйшла на рускай мове; адразу быў павялічаны тыраж з 25 тыс. экземпляраў да 45, а ў снежні 1937 г. ён дасягнуў ужо 65 тыс. Было створана буйное рэспубліканскае выданне, якое мае сваю непаўторную, цікавую і доўгую гісторыю.
Яшчэ адна значная падзея адбылася ў 1938 г.: 10 красавіка выйшаў першы нумар газеты «Сталинская молодежь» (з 1956 г. «Знамя юности») – орган ЦК ЛКСМБ. Была створана газета, якая стане важнай грамадскай з'явай у гісторыі беларускага друку, прыме ўдзел у лёсе многіх пакаленняў моладзі, а ў вызначальныя перыяды савецкай эпохі будзе адным з галоўных камсамольскіх выданняў Савецкага Саюза.
Падчас выхаду «Сталинской молодежи» камсамол Беларусі стаў масавай арганізацыяй. Гэта на самай справе была ўдарная сіла савецкай улады на ўсіх франтах сацыялістычнага будаўніцтва. Асноўнымі рысамі характару маладых людзей былі патрыятызм і інтэрнацыяналізм. Увогуле такія якасці падрастаючага пакалення былі нормай паводзін юнакоў і дзяўчат. Ішла вялікая міграцыя моладзі: з вёскі – на буйныя будоўлі, у армію, з горада на дапамогу вёсцы; беларусы ехалі ў іншыя рэспублікі, а спецыялісты з Расіі на прадпрыемствы Беларусі.
Акрамя таго, да гэтага часу ўжо спынілі выхад піянерскія газеты «Піянер Беларусі», «Дэр Юнгер Ленінец», камсамольскі часопіс «Дэр Юнгер арбетэр». Вось дзеля гэтага і неабходна была газета для моладзі. Ды і ёй патрэбна было лепш вывучаць рускую мову, хаця зразумела, што рускамоўныя «Советская Белоруссия», «Сталинская молодежь» – гэта несумненнае звужэнне нацыянальнай сферы, якая была ўсталявана дваццацігадовай беларусізацыяй.
Тым не менш новая камсамольская газета разам з «Чырвонай зменай» правяла значную арганізацыйную і палітыка-прапагандысцкую працу сярод беларускай моладзі перад пачаткам Другой сусветнай вайны.
Такім чынам, у 1938 г. у Беларусі дзейнічала аптымальная сістэма партыйна-савецкага друку, якая мела моцны палітыка-гаспадарчы ўплыў на насельніцтва. У друку і на бёларускім радыё вырашаліся тры асноўныя задачы: ідэалагічнага забеспячэння сацыялістычнага будаўніцтва, маральна-палітычнай падрыхтоўкі да вайны і дасягнення бяскласавага грамадства праз «выкрыццё ворагаў народа». Канец 30-х гг. – гэта самы складаны, трагічны час савецкай гісторыі, пра што і сведчаць газеты.
У пачатку 1938 г. савецкі друк шырока абмяркоўваў пастанову ЦК УКП(б) аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў і разглядзе іх апеляцый. Было надрукавана шмат матэрыялаў, у якіх расказвалася аб паспешна прынятых рашэннях у адносінах да партыйцаў і камсамольцаў, аб памылках партыйных ячэек, якія, «не праверыўшы дэталёва фактаў, выключалі сваіх таварышаў і калег з партыйных радоў», і падкрэслівалі «бальшавіцкі стыль работы – давяраць і правяраць».
Аднак рэпрэсіўная тэматыка пераважала над астатнімі публікацыямі. «Звязда» 3 сакавіка 1938 г. надрукавала перадавы артыкул «Няма літасці трацкісцка-фашысцкім бандытам». Для высвятлення накіраванасці матэрыялу прывядзём толькі «шапку», пад якой ён надрукаваны. «Учора ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР пачала разгляд справы антысавецкага "праватрацкісцкага блока" – агалцелай банды шпіёнаў, дыверсантаў. Адзіны ў сваім вялікім гневе, у сваёй нянавісці да трацкісцка-бухарынскіх бандытаў, савецкі народ патрабуе – знішчыць, як шалёных сабак, подлых змоўшчыкаў, гнусных здраднікаў радзімы!» Потым да 13 сакавіка кожны нумар газеты амаль поўнасцю быў запоўнены матэрыяламі аб гэтай крымінальнай справе. I прысуд – расстрэл. Але ўжо ў пачатку судовага працэсу фактычна быў вынесены прыгавор ад імя народа. Чытач атрымліваў праз газету гатовы прысуд самай вышэйшай інстанцыі – волевыяўлення ўсяго народа.
Такая інфармацыя перыядычнага друку моцна ўплывала на чалавека, калектыў і ўсё насельніцтва, тым больш што асноўная яго частка адносілася да газетных паведамленняў з увагай і даверам.
З выхадам «Сталинской молодежи» структурызацыя беларускага друку ў асноўным была закончана. У 1938 г. у рэспубліцы выходзіла больш за 200 газет: восем рэспубліканскіх (асноўныя: «Звязда», «Советская Белоруссия», «Чырвоная змена», «Сталинская молодежь»), чатыры абласныя – «Гомельская праўда» (з 1938 г.), «Савецкае Палессе» (з 1935 г.) – Мазыр, «Віцебскі рабочы» і «Камунар Магілёўшчыны». У дадатак да гэтага выдаваліся 22 раённыя, 90 фабрычна-заводскіх і каля 15 тыс. насценных газет. Уся рэспубліка была ў сферы інфармацыйнага поля камуністычнага друку.
Многія газеты і часопісы набылі вопыт інфармацыйнага і публіцыстычнага адлюстравання рэчаіснасці, узгадавалі вопытныя кадры журналістаў. У аглядзе друку 5 мая 1938 г. «Звязда» адзначала ў якасці ўзорнага, прафесійнага падыходу да працы рэдакцыі газет «Камуна» (Клімавічы), «Прамень камунізму» (Шклоў), «Калгасны сцяг» (Камарын). На буйнейшых прадпрыемствах і ва ўстановах шматтыражныя газеты лічыліся «ідэалагічным цэхам», а рэспубліканскія «Звязда» і «Чырвоная змена» былі аўтарытэтнымі і жаданымі сярод чытачоў.
Зразумела, што праблем у арганізацыі дзейнасці рэспубліканскага друку таксама было многа. Колькасць газет павялічвалася, раслі тыражы, а кваліфікаваных кадраў не хапала. На XVII з'ездзе КП(б)Б у справаздачным дакладзе было сказана, іпто ў 36 раённых газетах не заняты пасады адказных рэдактараў, не хапала літсупрацоўнікаў, сакратароў рэдакцый і работнікаў друкарняў. Адзначым, што гата было таксама і вынікам рэпрэсій у адносінах да журналістаў. Таму некаторыя раённыя газеты нагадвалі бюлетэні, у якіх друкаваліся партыйныя дырэктывы і пастановы ўрада, і адставалі ад асвятлення палітычных падзей: «Сталінскі шлях» (Багушэўск), «Сцяг Леніна» (Свяцілавічы), «За бальшавіцкія тэмпы» (Ветка).
Пільная ўвага да дзейнасці беларускага друку, асобных газет і часопісаў з боку партыйных і савецкіх органаў была звязана з разгортваннем прапаганды трэцяй пяцігодкі (1938-1942 гг.) Савецкая краіна па паказчыках развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі і савецкай культуры выходзіла на параўнальна высокі ўзровень у свеце. Разам з вялікімі выдаткамі на ваенную індустрыю, інтэнсіўным развіццём прамысловасці ўмацоўваліся дабрабыт і культура савецкіх людзей. Узрастала палітычная адукаванасць грамадства. У 1938 г. у друку шырока прапагандаваўся «Кароткі курс гісторыі УКП(б)», які фактычна стаў нормай жыцця і канчаткова замацаваў дыктатуру Камуністычнай партыі ў савецкай краіне.
Першага верасня 1939 г. нападзеннем Германіі на Польшчу была развязана Другая сусветная вайна: 17 верасня Чырвоная Армія пачала вызваленне Заходняй Беларусі, якая была ўз'яднана з БССР. На далучаных тэрыторыях разгарнулася інтэнсіўнае савецкае будаўніцтва і арганізоўваліся органы перыядычнага друку. Там было створана пяць абласцей і сто адзін раён, дзе і ўзнікалі савецкія газеты і часопісы.
У Баранавічах выходзіла абласная газета «Чырвоная звязда», у Беластоку – «Свободный труд» (на рускай і польскай мовах). У раёнах Беластоцкай вобласці перыядычныя выданні друкаваліся на польскай мове, у 1940 г. пачала выходзіць газета «Штандар вольнасці» («Сцяг свабоды») – орган ЦК КП(б)Б. Сярод насельніцтва вызваленых абласцей распаўсюджваліся рэспубліканскія выданні: «Звязда», «Советская Белоруссия», «Чырвоная змена», «Сталинская молодежь» і інш.
Змест друку быў мэтанакіраваны. У газетах абмяркоўвалася гістарычная неабходнасць і справядлівасць аб'яднання беларускага народа ў адной краіне, гаварылася аб задачах савецкай улады і арганізацыі яе органаў у Заходняй Беларусі, правядзенні неабходных мерапрыемстваў па нацыяналізацыі заводаў і фабрык, памешчыцкай зямлі і стварэнні калгасаў, саўгасаў і МТС. Асабліва шырока асвятляўся ў друку ход выбараў у мясцовыя Саветы, Вярхоўны Савет БССР і СССР. Гэта былі першыя выбары на заходніх беларускіх тэрыторыях, і таму яны выклікалі вялікую цікавасць у насельніцтва.
Такім чынам, з далучэннем да БССР яе заходняй часткі колькасць беларускіх выданняў амаль падвоілася. У 1940 г. выходзіла 9 рэспубліканскіх, 14 абласных, 119 раённых і 110 шматтыражных газет. Агульны тыраж вырас да 1 млн 115 тыс. экземпляраў. Такая моцная і дзейсная была сістэма рэспубліканскай прэсы.
На гэтай падставе было ўзмоцнена арганізацыйна-партыйнае кіраўніцтва, створаны аддзелы друку ў абласных камітэтах партыі, праведзены нарады рэдактараў раённых газет, арганізаваны курсы для супрацоўнікаў рэдакцый, прайшлі інструктыўныя нарады рабселькораў. У агітацыі і прапагандзе на першы план выходзіла тэма вайны. Яе распрацоўка вялася ў двух кірунках: выкрыццё мілітарысцкіх планаў фашызму і ўмацаванне абароназдольнасці краіны.
У кожным нумары рэспубліканскіх і абласных газет прысутнічала рубрыка «Чырвоная Армія», у якой распрацоўваліся наступныя тэмы: падрыхтоўка дапрызыўнікоў, гераізм салдат і афіцэраў, правядзенне манеўраў, аб шэфстве піянераў і камсамольцаў над воінскімі часцямі, ажыццяўленне на прадпрыемствах і ва ўстановах ваеннай вучобы. У грамадскай свядомасці пад уплывам перыядычнага друку фарміравалася ўсведамленне неабходнасці барацьбы за свабоду краіны, асабістага ўдзелу кожнага грамадзяніна ва ўмацаванні абароны і пры пэўных умовах – гатоўнасць выступіць супраць ворага са зброяй у руках.
У перадваенных абставінах, нібы падкрэсліваючы мірную стваральную накіраванасць грамадства, была заснавана рэспубліканская дзіцячая газета «Піянер» – орган ЦК ЛКСМБ, якая выходзіла на польскай мове. Першы нумар яе выйшаў 12 чэрвеня 1941 г. Чытачоў віталі Я.Купала і Я.Колас, а рэдакцыя абяцала шчаслівае жыццё савецкім дзецям. Разам з гэтым палова новай газеты была запоўнена матэрыяламі на ваенную тэму.
У нядзелю 22 чэрвеня 1941 г. «Чырвоная змена» паведамляла, што на меліярацыі працуе 184 тыс. калгаснікаў, МХАТ паставіў у Мінску спектакль «Тарцюф» Мальера, у Мінскай вобласці ішла падрыхтоўка да алімпіяды дзіцячай творчасці, a 24 чэрвеня адкрыецца выстава, прысвечаная 20-годдзю БДУ. Падобная інфармацыя была ва ўсіх беларускіх газетах. Ды толькі чытач больш увагі звярнуў на ваенныя паведамленні, якімі была запоўнена палова газеты. Вайна ішла ў Еўропе, Азіі, Афрыцы. Германскі і італьянскі ўрады прапанавалі ЗША адклікаць сваіх паслоў. Вайна пачалася і на Беларусі.