
- •І. М. Гоўзіч, а. І. Лугоўскі, с. А. Сычова Методыка выкладання беларускай літаратуры
- •1. Агульныя пытанні методыкі выкладання літаратуры
- •1.1. Методыка выкладання літаратуры як навука
- •1.2. Беларуская літаратура як вучэбны прадмет
- •Літаратура
- •2. Асноўныя этапы станаўлення і развіцця беларускай метадычнай думкі
- •Літаратура
- •3. Літаратурная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь
- •3.1. Асноўныя палажэнні Канцэпцыі літаратурнай адукацыі
- •Літаратура
- •3.2. Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”
- •Літаратура
- •3.3. Адукацыйны стандарт па беларускай літаратуры
- •Літаратура
- •3.4 Вучэбна-метадычны комплекс па беларускай літаратуры новага пакалення
- •4. Прынцыпы, метады і прыёмы выкладання літаратуры
- •4.1. Прынцыпы выкладання літаратуры
- •Літаратура
- •4.2. Метады і прыёмы выкладання літаратуры
- •Літаратура
- •5. Настаўнік і вучні як суб’екты вучэбна-выхаваўчага працэсу
- •5.1. Настаўнік беларускай літаратуры і прафесійныя патрабаванні да яго
- •Літаратура
- •5. 2. Чытацкія асаблівасці вучняў ў залежнасці ад узросту
- •Літаратура
- •6. Сучасны ўрок літаратуры. Планаванне вучэбнай дзейнасці настаўніка літаратуры
- •6.1. Урок як асноўная форма навучання, патрабаванні да яго
- •6. 2 Тыпы і віды ўрокаў літаратуры
- •Літаратура
- •6. 3. Нетрадыцыйныя ўрокі літаратуры
- •Літаратура
- •6. 4. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі
- •Алгарытм напісання сінквейна
- •Літаратура
- •6. 5. Планаванне вучэбнай працы настаўніка літаратуры
- •Літаратура
- •7. Этапы вывучэння мастацкага твора ў школе
- •7.1. Падрыхтоўка вучняў да першснага знаёмства з мастацкім творам. Уступныя заняткі
- •7. 2. Чытанне як этап вывучэння мастацкага твора
- •7. 3. Вывучэнне ўспрымання мастацкага твора вучнямі
- •7.4. Прыёмы і шляхі аналізу мастацкага твора
- •7.5. Заключныя заняткі ў сістэме вывучэння мастацкага твора
- •Літаратура
- •8. Вывучэнне літаратурных твораў з улікам іх родавай спецыфікі
- •8.1. Вывучэнне вуснай народнай творчасці
- •Літаратура
- •8.2. Спецыфіка вывучэння лірычных твораў
- •Літаратура
- •8.3. Вывучэнне эпічных твораў
- •Літаратура
- •8.4. Вывучэнне драматычных твораў
- •Літаратура
- •9. Вувучэнне аглядавых і манаграфічных тэм у курсе літаратуры
- •9.1. Вывучэнне аглядавых тэм
- •9.2. Вывучэнне манаграфічных тэм
- •Літаратура
- •10. Тэорыя літаратуры ў школьным вывучэнні
- •10.1. Змест і структура тэарэтыка-літаратурных ведаў у базавай школе
- •10.2. Тэорыя літаратуры на заключным этапе літаратурнай адукацыі
- •Літаратура
- •11. Развіццё вуснага і пісьмовага маўлення вучняў
- •11.1. Спецыфіка развіцця вуснага маўлення на ўроку літаратуры
- •Літаратура
- •11.2. Сачыненні як від творчых работ
- •Уменне ўдумацца ў тэму, асэнсаваць яе, вызначыць яе мэты (абмежаваць сябе пэўнымі рамкамі).
- •Літаратура
- •11. 3. Развіццё маўлення лагічнага тыпу
- •Алгарытм працы над рэфератам
- •Алгарытм напісання даклада
- •Літаратура
- •12. Унутрыпрадметныя і міжпрадметныя сувязі пры вывучэнні літаратуры
- •Літаратура
- •13. Факультатыўныя заняткі па літаратуры
- •3. Развіваючыя курсы:
- •Літаратура
- •14. Пазакласная праца па літаратуры
- •Літаратура
- •1. Агульныя пытанні методыкі выкладання літаратуры
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі
«Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»
І. М. Гоўзіч, а. І. Лугоўскі, с. А. Сычова Методыка выкладання беларускай літаратуры
Дапаможнік
Мінск 2012
УДК 37.016:821.161.3(075.8)
ББК 74.268.3(4Беи)я73
Г576
Друкуецца па рашэнні рэдакцыйна-выдавецкага савета БДПУ
Рэцэнзенты:
кафедра беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”
кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры лінгвістычнай адукацыі ДУА “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” І.М. Слесарава
Гоўзіч, І.М.
Методыка выкладання беларускай літаратуры : дапам. для студэнтаў філал. спецыяльнасцей ВНУ / І.М. Гоўзіч, А.І. Лугоўскі, С.А. Сычова. – Мінск : БДПУ, 2012. – с.
ISBN 978-985-501-503-2
У дапаможніку разглядаюцца пытанні гісторыі і тэорыі методыкі выкладання беларускай літаратуры і арганізацыі пазакласнай працы па літаратуры ў агульнаадукацыйных установах.
Адрасавана студэнтам філалагічных факультэтаў ВНУ. Можа быць выкарыстана настаўнікамі-практыкамі.
УДК 37.016:821.161.3(075.8)
ББК 74.268.3(4Беи)я73
ISBN 978-985-501-503-2 © Гоўзіч І.М., 2012
© БДПУ, 2012
1. Агульныя пытанні методыкі выкладання літаратуры
1.1. Методыка выкладання літаратуры як навука
Слова “методыка” паходзіць ад старажытнагрэчаскага “методас”, што азначае “шлях даследавання”, “спосаб пазнання”. Методыка выкладання літаратуры – педагагічная дысцыпліна, якая даследуе працэс навучання літаратуры з мэтаю выкарыстання яго заканамернасцей для далейшага павышэння эфектыўнасці адукацыі, выхавання і развіцця школьнікаў.
Прадметам методыкі выкладання літаратуры з’яўляецца працэс выхаваўчага навучання школьнікаў літаратуры як вучэбнаму прадмету і даследаванне заканамернасцей гэтага працэсу.
Задачы методыкі выкладання літаратуры як навукі:
вызначэнне мэт, задач і зместу навучання літаратуры ў школе;
адкрыццё заканамернасцей засваення літаратуры, якія не зводзяцца да літаратуразнаўчых або педагагічных і псіхалагічных заканамернасцей;
вызначэнне прынцыпаў навучання літаратуры;
пошук найбольш эфектыўных метадаў, прыёмаў і формаў навучання літаратуры;
вывучэнне метадычнай спадчыны;
вывучэнне і навуковае асэнсаванне перадавога вопыту.
Асноўныя паняцці методыкі выкладання літаратуры як навукі: мэты і змест літаратурнай адукацыі, заканамернасці спасціжэння літаратуры як мастацтва слова, прынцыпы навучання, метады, прыёмы і формы навучання.
Методыка выкладання літаратуры цесна звязана з літаратуразнаўствам, педагогікай і псіхалогіяй.
Літаратуразнаўства вывучае заканамернасці літаратурнага працэсу, ацэньвае мастацкія творы, вызначае іх эстэтычную вартасць і грамадскую каштоўнасць і такім чынам робіць уплыў на методыку навучання літаратуры.
Педагогіка вывучае заканамернасці вучэбнага працэсу, распрацоўвае агульную тэорыю і агульныя прынцыпы навучання. Не ведаючы асноў дыдактыкі, нельга арганізаваць належным чынам навучанне літаратуры, каб яно вырашала навучальныя, развіццёвыя і выхаваўчыя задачы.
Сувязь методыкі выкладання літаратуры з псіхалогіяй мае два бакі. Першы – псіхалогія навучання, разумовага развіцця вучняў і іх выхавання. Другі – псіхалогія мастацкай творчасці і мастацкага ўспрымання.
Літаратуразнаўства, педагогіка і псіхалогія дапамагаюць знайсці адказ на 3 асноўныя пытанні методыкі: што вывучаць? як вывучаць? для чаго вывучаць?
Што вывучаць, г. зн. якім павінен быць аптымальны адбор зместу і якая яго структура, якія творы, біяграфічны матэрыял, тэарэтычныя паняцці, крытычныя артыкулы неабходна ўключыць у школьную праграму, каб з найбольшым поспехам ажыццявіць мэты навучання.
Як вывучаць, г.зн. якімі спосабамі найбольш эфектыўна ажыццяўляць вучэбную дзейнасць, якімі сродкамі і метадамі дасягаць аптымальных вынікаў у адукацыі, выхаванні і развіцці вучняў.
Для чаго вучыць, г. зн. якія мэты неабходна і можна ставіць з улікам узроставых асаблівасцей вучняў і ў адпаведнасці з канкрэтнымі магчымасцямі школьнага курса.
Непарыўную сувязь методыка выкладання літаратуры мае з эстэтыкай – навукай аб прыгожым, аб ідэйнай сутнасці і формах прыгожага ў мастацкай творчасці. Літаратура як адзін з відаў мастацтва ў эстэтыцы разглядаецца з пункту гледжання яе вобразнага адлюстравання рэчаіснасці праз яе славеснае афармленне.
Цесна звязана вывучэнне літаратуры ў школе з гісторыяй. Зварот да пэўных гістарычных падзей дапамагае вучням ўбачыць у літаратурным творы вынік інтэлектуальнай працы пісьменніка пэўнай эпохі і адначасова з’яву мастацкай творчасці, актуальную для сучаснага чытача. Нельга ўявіць урок літаратуры без гістарычнай даведкі пра час напісання твора, час, адлюстраваны ў творы, і гісторыю яго напісання. Паводле канцэпцыі літаратурнай адукацыі літаратура ў старшых класах вывучаецца на гістарычнай аснове.
Методыка літаратуры таксама звязана з такімі навуковымі дысцыплінамі, як філасофія, сацыялогія, культуралогія, этнаграфія, этыка, лінгвістыка.
Методыка, як і кожная іншая навука, мае сваю структуру. Структура методыкі выкладання літаратуры адлюстроўвае працэс навучання літаратуры ў школе, які складаецца з 4-х асноўных элементаў: мэты навучання – літаратура– настаўнік – вучань. Пытанні, якія разглядае методыка, непасрэдна звязаны з кожным з названых элементаў.
Агульныя асновы методыкі, сістэма вывучэння літаратуры на ўроках, арганізацыя факультатыўных заняткаў, сістэма пазакласнай працы – галоўныя раздзелы методыкі выкладання літаратуры.
Методыка як навука займаецца распрацоўкай праблем, мэт і задач выкладання, зместу і структуры курса літаратуры, метадаў навучання, а таксама падрыхтоўкай праграм, падручнікаў, вучэбных і наглядных дапаможнікаў, тэхнічных сродкаў навучання.
Методыка літаратуры як навука мае свае метады даследавання. Прадметам навуковага даследавання ў методыцы з’яўляецца навучанне школьнікаў літаратуры як вучэбнаму прадмету.
Адзін з пашыраных метадаў даследавання – вывучэнне перадавога вопыту настаўнікаў-практыкаў.
Прыступаючы да працы над абранай праблемай, навуковец-метадыст знаёміцца з адпаведнай навуковай літаратурай, вызначае задачы даследавання, вывучае і абагульняе вопыт настаўнікаў. Методыка будуецца на падмурку вывучэння вопыту школ, у якім даследчык чэрпае неабходны матэрыял для абагульнення і ў якім атрымлівае праверку вызначанай гіпотэзы.
Гіпотэза – абгрунтаванае, але яшчэ не праверанае на практыцы навуковае меркаванне аб пэўных метадычных заканамернасцях і прагназуемых выніках. Гіпотэза павінна быць пацверджана навукова ўстаноўленымі фактамі.
Акрамя вывучэння перадавога вопыту аднаго або некалькіх настаўнікаў, методыка выкладання літаратуры выкарыстоўвае спецыфічныя метады даследавання.
Шырока выкарыстоўваецца ў педагагічных даследаваннях адначасовае масавае апытанне школьнікаў у форме анкет або тэстаў. Такі спосаб у даследчыцкай дзейнасці атрымаў назву метад зрэзаў, мэта якога ў выяўленні чытацкіх інтарэсаў вучняў, іх начытанасці, уменняў і навыкаў, ведання тэарэтычных паняццяў, агульнай літаратуразнаўчай падрыхтоўкі.
Метад мэтанакіраванага назірання прадугледжвае выяўленне пэўных вынікаў у працэсе выкладання літаратуры ў адпаведнасці з вызначанай праблемай і гіпотэзай. У час назірання даследчык праводзіць лакальныя аднаразовыя зрэзы, вуснае або пісьмовае апытанне, праверку чытацкіх дзённікаў, міні-сачынні, вывучае школьную дакументацыю, пісьмовыя працы вучняў, што дае яму магчымасць атрымаць веды пра дасягненні і недахопы ў практыцы выкладання літаратуры.
Асноўным метадам даследавання ў галіне методыкі з’яўляецца натуральны эксперымент, у час якога навуковец-метадыст не толькі сочыць за вучэбным працэсам, як пры назіранні, але і свядома ўносіць у яго карэктывы, мэтанакіравана падключае новыя элементы ў змест, неабходныя сродкі і прыёмы навучання. Пры гэтым ствараюцца эксперыментальныя і кантрольныя класы з мэтаю супастаўлення традыцыйных і новых, толькі што атрыманых вынікаў. У навуковым эксперыменце даследуюцца агульныя для многіх настаўнікаў заканамернасці. Вынікі метадычных даследаванняў падлягаюць матэматычнай і статыстычнай апрацоўцы, пацвярджаюцца навукова аформленай дакументацыяй.
У методыцы выкладання літаратуры сустракаюцца і выключна тэарэтычныя даследаванні, прысвечаныя праблемам тэарэтыка-літаратурнага і гісторыка-літаратурнага характару.