Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
2_ist_noveysh_Evr_kurs_lekts.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
402.94 Кб
Скачать

Лекцыя 6. Францыя падчас пасляваеннага крызіса і стабілізацыі

  1. Вынікі вайны для Францыі

  2. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё краіны ў 1919–1923 гг.

  3. Францыя ў перыяд урадаў Левага блока.

  4. Францыя ў перыяд урадаў "Нацыянальнага яднання".

1. Францыя адносілася да катэгорыі краін-пераможцаў у Першай сусветнай вайне, што значна ўмацоўвала яе пазіцыі ў пасляваеннай Еўропе. Разам з тым, наступствы вайны былі для краіны вельмі складанымі. Матэрыяльныя страты, выкліканыя вайной, складалі 200 млрд. франкаў, 10 паўночных дэпартаментаў – цэнтры цяжкай металургічнай і вуглездабываючай вытворчасці – былі разбураны ваеннымі дзеяннямі. Прамысловая вытворчасць скарацілася за гады вайны на 55 %, а сельскагаспадарчая – на 77 %. Запазычанасць Англіі і ЗША дасягнула 62 млрд. залатых франкаў. У выніку рэвалюцый у Расіі, Турцыі і Аўстрыі Францыя страціла 40 % сваіх замежных інвестыцый. У 1919 г. дэфіцыт бюджэта складаў 27 млрд. франкаў. Перавод эканомікі на мірны шлях прывёў да зацяжнога крызісу, які працягваўся да 1921 г.

З другога боку, пасляваеннае аднаўленне эканомікі суправаджалася яе структурнай перабудовай, канцэнтрацыяй вытворчасці, асабліва у новых галінах: аўтамабільнай, авіяцыйнай, хімічнай і г.д. Далучэнне Эльзас-Латарынгіі, права на 15-гадовую эксплуатацыю Саарскага вугальнага басейна, 52 % рэпарацый з Германіі садзейнічалі ўмацаванню эканамічнага патэнцыяла краіны. Францыя таксама пашырыла сваю каланіяльную імперыю, атрымаўшы мандат на Сірыю і Ліван, а таксама на палову тэрыторыі Тога і Камеруна. яна мела самую моцную сухапутную армію ў Еўропе.

2. Перыяд пасляваеннага крызіса характарызаваўся абвастрэннем сацыяльных супярэчнасцяў. Уся краіна была ахоплена забастовачнай барацьбой. Яе пік прыйшоўся на 1919 г., калі ў забастоўках удзельнічала звыш 1 млн чалавек. У 1920 г. баставалі чыгуначнікі, докеры, металургі, будаўнікі. У выніку масавага незадавальнення і забастовак быў уведзены 8-гадзінны рабочы дзень, прафсаюзы атрымалі права заключаць калектыўныя дагаворы. У 1919 г. заработная плата была павышана на 20–25 %.

Абвастрэнне сацыяльных і палітычных супярэчнасцяў прывяло да радыкалізацыі рабочага руху. Гэта праявілася ў расколе сацыялістычнай партыі ў 1920 г. і стварэнні на базе яе левага крыла камуністчнай партыі. У 1922 г. адбыўся раскол і ў прафсаюзах – Усеагульнай канфедэрацыі працы. Адна яе частка пайшла за сацыялістамі. Другая – за камуністамі.

Буржуазныя палітычныя сілы ва ўмовах актывізацыі рабочага руху імкнуліся да кансалідацыі. Напярэдадні парламенцкіх выбараў 1919 г. яны аб'ядноўваюцца ў Нацыянальны блок, які прадстаўляў сабой увесь спектр рэспубліканскіх партый ад ліберальных да правакансерватыўных. Па характару гэта былі правацэнтрысцкія сілы, якія занялі правы фланг у палітычным жыцці краіны. Злева былі сацыялісты, у цэнтры знаходзілася партыя радыкалаў.

На выбарах 1919 г. Нацыянальны блок атрымаў перамогу. Урады нацыянальнага блока ажыццяўлялі правакансерватыўны курс. У галіне ўнутранай палітыкі галоўным было пераадоленне фінансавых цяжкасцей. У галіне знешняй – імкненне стварыць ў Еўропе сістэму бяспекі ад магчымых рэваншысцкіх пагроз з боку Германіі. З гэтай мэтай у 1920–21 гг. пад эгідай Францыі была створана Малая Антанта , у склад якой увайшлі Румынія, Югаславія, Чэхаславакія. Гэтыя краіны былі таксама звязаны з Польшчай, а апошняя – з Францыяй. Таму Польшча мела непасрэднае дачыненне да гэтай сістэмы.

У студзені 1923 г. Францыя ўводзіць свае войскі на тэрыторыю Рурскай вобласці Германіі з мэтай прымусіць апошнюю плаціць рэпарацыі. Была і другая, даўняя ўжо мэта – умацаваць свае пазіцыі ў Еўропе з надзеяй на лідэрства. Але ўсе планы, звязаныя з Рурскай авантурай праваліліся. Гэта прывяло да краху ўрадаў Нацыянальнага блоку.

  1. У 1924 г. ў Францыі пачаўся перыяд стабілізацыі, які працягваўся да 1930 г. За гэты час краіна пераўтварылася ў індустрыяльна-аграрную. Ужо ў 1924 г. аб'ём прамысловай вытворчасці перавысіў даваенны ўзровень, а ў аграрным сектары дасягнуў гэтага узроўню. У 1930 г. аб'ём вытворчасці на 40% пераўзыходзіў паказчыкі 1913 г.

У 1924 г. у Францыі адбыліся парламенцкія выбары, на якіх барацьба ішла паміж Нацыянальным блокам і Левым блокам, у склад якога ўваходзілі партыя радыкалаў, сацыялістычная партыя, партыя рэспубліканскіх сацылістаў і інш. Перамогу на выбарах атрымаў Левы блок. Урад Левага блока ўзначаліў вядомы французскі палітык, лідэр партыі радыкалаў Э.Эррыо. Палітыка Францыі значна змянілася. Была праведзена палітычная амністыя, лібералізаваліся ўмовы для дзейнасці партый, былі адноўлены на рабоце чыгуначнікі, звольненыя за ўдзел у забастоўцы 1920 г. У аснове знешняй палітыкі ляжалі прынцыпы пацыфісцкай дыпламатыі: арбітраж, бяспека, раззбраенне. Францыя далучылася да плана Дауэса, вывела войскі з Рурскай вобласці, устанавіла дыпламатычныя адносіны з СССР. Аднак былі і сур'ёзныя цяжкасці і праблемы. На Лакарнскай канферэнцыі стала відавочным аслабленне французскіх пазіцый у Еўропе. Каланіяльныя войны ў Марока і Сірыі негатыўна адбіваліся на фінансава-эканамічным становішчы краіны, якое і так было вельмі складаным. Рэзка падаў курс франка. У гэтых умовах у ліпені 1926 г. урад Левага блока выходзіць у адстаўку.

4. У 1926 г. фарміруецца шырокая кааліцыя ў складзе партый Нацыянальнага блока, а таксама радыкалаў і рэспубліканскіх сацыялістаў ад былога Левага блока. Лідэрам кааліцыі, атрымаўшай назву "Нацыянальнае яднанне", стаў вядомы французскі палітык Раймон Пуанкарэ. Галоўная задача кааліцыі заключалася ў стабілізацыі фінансавай сферы, якая знаходзілася ў стадыі сур'ёзнага крызісу. Урад Пуанкарэ для дасягнення мэты вымушаны быў пайсці на непапулярныя меры. Ён пераходзіць да палітыкі жорсткай эканоміі. Былі павышаны ўскосныя падаткі, скараціліся бюджэтныя выдаткі на сацыяльныя праграмы, была праведзена дэвальвацыя франка на 4/5 у параўнанні з 1913 г. Акрамя гэтага ўрад атрымаў англа-амерыканскія займы. У выніку гэтых і другіх крокаў у 1928 г. фінансавая сістэма была стабілізавана. Р. Пуанкарэ атрымаў назву "выратавальніка франка". Пасля стабілізацыі фінансаў у 1928 г. быў прыняты закон аб сацыяльным забеспячэнні, які меў на ўвазе ўвядзенне пенсій па старасці, а таксама дапамогі пры хваробе , інваліднасці і цяжарнасці для бяднейшых слаёў насельніцтва. Яшчэ ў 1926 г. была ўведзена дапамога для беспрацоўных.

У аснове знешняй палітыкі ўрадаў "Нацыянальнага яднання" ляжала пан'еўрапейская ідэя, якая мела на ўвазе эканамічную і і палітычную інтэграцыю Еўропы пад французскай эгідай. У сувязі з гэтай ідэяй у 1930 г. А.Брыян прапанаваў праект аб'яднання Еўропы, які аднак, не быў падтрыманы другімі дзяржавамі. З другога боку працягваўся курс на пацыфісцкія прынцыпы міжнародных адносін. У гэтым сэнсе асабліва характэрным быў пакт Брыяна–Келлага ад 1928 г.

На выбарах 1928 г. пераканаўча перамаглі партыі "Нацыянальнага яднання" на чале з Р.Пуанкарэ. Аднак пасля выбараў кааліцыя пачала развальвацца. Першай з яе выйшла партыя радыкалаў, дзе змянілася кіраўніцтва. Пасля адстаўкі ў 1929 г. у сувязі з цяжкай хваробай Р.Пуанкарэ "Нацыянальнае яднанне" зышло з палітычнай арэны.

Лекцыя 7. Францыя ў 1930–1939 гг.

  1. Сусветны эканамічны крызіс у Францыі

  2. Палітычнае развіццё Францыі ў першац палове 30-х гг.

  3. Стварэнне народнага фронта

  4. Палітыка ўрадаў народнага фронта.

  5. Францыя напярэдадні вайны

  6. Знешняя палітыка францыі ў другой палове 30-х гг.

1. Крызіс у Францыі пачаўся ў 1930 г., г.зн. крыху пазней, чым у іншых краінах. Працягваўся ён да 1936 г. За гады крызіса эканоміка краіны два разы аказалася на мінімальным узроўні ў параўнанні з 1930 г., найбольш паспяховым у пасляваенны час. У 1932 г. аб'ём вытворчасці скараціўся на 44 %, потым у 1932–1934 гг. адбылося слабае ажыўленне, а ў 1935 г. – новае падзенне на 46% ад узроўня 1930 г. Сельскагаспадарчая вытворчасць панізілася да ўзроўня 1913 г. Даходы рабочых скараціліся на 30%, служачых - на 15–18 %. Разаралася сялянства, дробная буржуазія, некаторыя буйныя прадпрыемствы і банкі. Расло беспрацоўе. Прыкладна палова рабочых ці зусім не мела работы, ці працавала непоўны тыдзень. З мэтай не дапусціць поўнага краха эканомікі, дзяржава стварыла так званы абаронены сектар, у склад якога ўвайшлі буйнейшыя і важнейшыя ў сістэме народнай гаспадаркі прадпрыемствы і банкі. У сваім супрацьстаянні крызісу яны абапіраліся на дзяржаўную дапамогу.

2. У 1929–1932 гг. пасля адстаўкі Р. Пуанкарэ краінай кіравалі ў асноўным непартыйя кабінеты А. Тардзье і П. Лаваля. Яны прытрымліваліся правакансерватыўных пазіцый, імкнуліся да абмежавання канстытуцыйных свабод, праў парламента, да стварэння моцнай выканаўчай улады. У дачыненні да крызіснай сітуацыі яны ажыццяўлялі палітыку правага дырыжызма. Сутнасць яе заключалася ва ўскосным рэгуляванні эканомікі пры дапамозе буйному капіталу і скарачэнні бюджэтных расходаў на сацыяльныя праграмы.

На парламенцкіх выбарах 1932 г. перамогу атрымалі леварэспубліканскія партыі, якія раней уваходзілі ў Левы блок. Па ініцыятыве сацыялістаў яны стварылі ўрад на чале з Э. Эррыо. адбылося як бы другое выданне Левага блока. Сацыялісты прапанавалі і новы, левы варыянт дырыжызма, блізкі да класічнага кейнсіянства. Ён прадугледжваў скараэчнне ваенных расходаў, стварэнне адзінай дзяржаўнай сістэмы сацыяльнага страхавання, увядзенне 40-гадзіннага рабочага тыдня, рэгламентацыю працоўных адносін, стварэнне дзяржаўнага сектара за кошт нацыяналізацыі стратэгічна важных галін вытворчасці і г.д. Праграма левага дырыжызма да канца рэалізавана не была ў выніку нестабільнага становішча ўрада, асабліва пасля адстаўкі ў снежні 1932 г. Э. Эррыо. Гэтая нестабільнасць была абумоўлена ў першую чаргу барацьбой груп Э. Эррыо і Э. Даладзье ў радыкальнай партыі і саперніцтвам фракцый у СФІО.

Знешняя палітыка Францыі таксама не была паспяховай. Яна ўсё больш ішла у рэчышчы англійскіх ініцыятыў. Францыя вымушана была пагадзіцца з адменай германскіх рэпарацый, а таксама з Жэнеўскімі пагадненнямі аб роўнапраўі Германіі ў ваенна-прававых пытаннях. У 1932 г. урад Э.Эррыо падпісаў з СССР пакт аб ненападзе. Гэта была адна з нямногіх ініцыятыў самой Францыі.

3. Пасля прыхода да ўлады ў Германіі фашыстаў у Францыі таксама актывізаваліся праварадыкальныя сілы фашысцкага накірунку. Тут яны былі разрозненнымі , часта сапернічалі паміж сабой, не мелі шырокай сацыяльнай базы, падтрымлівалі кантакты з традыцыйнымі правакансерватыўнымі арганізацыямі, з прадстаўнікамі ваенных колаў і царквы. Сярод арганізацый фашысцкага тыпу найбольш уплавовай былі "Баявыя крыжы", аб'ядноўваўшыя каля 200 тыс. чалавек. Былі і другія, больш дробныя арганізацыі кнакшталт "Французскай моладзі", "Французскага дзеяння", "Французскай салідарнасці". Французскі фашызм часта называюць "сарамлівым фашызмам", бо ён нават не выкарыстоўваў слова фашызм у сваёй назве, не патрабаваў поўнай ліквідацыі парламентарызма, а толькі абмежавання паўнамоцтваў парламента і "рэжыма партый". Фашысты імкнуліся да ўсталявання жорсткага парадка, пашырэння паўнамоўцтваў выканаўчай улады, абмежавання дэмакратычных праў і свабод.

6 лютага 1934 г., выкарыстоўваючы ў якасці падставы негатыўны рэзананс у грамадстве, выкліканы афёрай з каштоўнымі паперамі белаэмігранта А.Ставісскага, фашысты арганізавалі путч у Парыжы. 20 тысяч чалавек, многія з якіх былі ўзброены, накіраваліся да будынка парламента з намерам захапіць яго. Адбыліся сутыкненні з паліцыяй, і путчысты хутка былі разагнаны. Акцыі супраць актывізацыі сіл рэакцыі арганізавалі левыя сілы: камуністы, сацыялісты і прафсаюзы. 27 ліпеня 1934 г. ФКП і СФІО падпісалі пакт аб сумесных дзеяннях супраць фашысцкай пагрозы, у абарону дэмакратычных праў і свабод, супраць падрыхтоўкі вайны і г.д. Такім чынам, адзіны рабочы фронт стаў у Францыі рэальнасцю. Разам з тым прадстаўнікі левых партый імкнуліся пашырыць фронт барацьбы з фашызмам за кошт далучэння да яго ў першую чаргу сярэдніх слаёў грамадства. Справа ішла аб партыі радыкалаў, якая прадстаўляла інтарэсы гэтых слаёў і мела, дарэчы, багаты вопыт супрацоўніцтва з сацыялістамі. Пасля адпаведных перагавораў з'езд партыі радыкалаў у кастрычніку 1935 г. прыняў рашэнне далучыцца да левых партый з мэтай сумеснай барацьбы супраць наступлення рэакцыі, у абарону дэмакратыі. Такім чынам у Францыі быў створаны народны фронт, шырокае аб'яднанне дэмакратычных сілаў на антыфашысцкай аснове.

4. У студзені 1936 г. была абвешчана Праграма Народнага фронта. Яна прадугледжвала шырокія дэмакратычныя пераўтварэнні ў сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сферах. Мелася на ўвазе палепшыць становічша працоўных, абмежаваць магчымасці рэакцыйных сіл, абараніць дэмакратычныя заваёвы грамадзян, прадпрыняць намаганні для ўмацавання міру на кантыненце. З гэтай праграмай партыі народнага фронта пайшлі на выбары 1936 г. і атрымалі пермогу , сабраўшы 57 % галасоў. У выніку быў створаны ўрад Народнага фронта на чале з лідэрам сацыялістаў Л.Блюмам. Камуністы ў склад урада не ўвайшлі, але абавязаліся падтрымліваць яго дзейнасць у парламенце. Урад Народнага фронта адразу ж пачаў рэалізацыю сваёй праграмы. Летам 1936 г. было прынята каля 130 законаў, якія ў асноўным закранулі сацыяльную сферу. Была павышана заработная плата, уведзены 40-гадзінны рабочы тыдзень, двухтыднёвыя аплачаваемыя водпускі для рабочых, пашыраны правы прафсаюзаў. Прадугледжвалася таксама правядзенне амністыі палітычным зняволеным, забарона фашысцкіх арганізацый, нацыяналізацыя ваеннай прамысловасці. Устанаўліваўся кантроль дзяржавы над Французскім банкам і чыгуначным транспартам. Гэта быў прыклад шырокага рэфармавання кейнсіянскага тыпа, у выніку якога значна палешылася становішча рабочых, сялянства, дробнай буржуазіі горада. Буйны капітал адрэагаваў на рэформы негатыўна. Пачаўся вываз капіталаў за мяжу. Толькі за 1936–1937 гг. у замежныя банкі было пераведзена каля 100 млрд. франкаў. На фоне паляпшэння матэрыяльнага становішча працоўных гэта прывяло да дыспрапорцыі паміж грашовай і таварнай масай, да інфляцыі і скарачэння залатога запаса краіны. У гэтых умовах у 1937 г. Л.Блюм выходзіць у адстаўку. На змену яму прыходзіць прадстаўнік партыі радыкалаў К.Шотан, прыхільнік курса на жорсткую эканомію. У Народным фронце ўзрастаюць супярэчнасці, якія з цягам часу набываюць усё больш жорсткі і непрымірымі характар. Пасля Мюнхенскай канферэнцыі ў верасні 1938 г. Народны фронт фактычна, а ў кастрычніку і фармальна перастаў існаваць. Розныя па сваіх прынцыпах і па сваіх інтарэсах партыі не змаглі ў складаных умовах тагачаснай Францыі знайсці аснову для кампраміса.

5. Пачынаючы з красавіка 1938 г. у Францыі дзейничаў урад на чале з Э. Даладзье, лідэрам партыі радыкалаў. Ён яшчэ некаторы час называўся ўрадам Народнага фронта, хаця па сутансці яго дзейнасць не адпавядала , а супярэчыла Праграме Народнага фронта. Э. Даладзье бачыў адну з галоўных сваіх задач у тым, каб умацаваць абароназдольнасць Францыі ва ўмовах роста пагрозы з боку фашысцкай Германіі. Ён абвясціў аб стварэнні ўрада "нацыянальнай абароны" з удзелам вядучых партый і атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы для гэтага ўрада. Пасля гэтага дзейнасць урада была сканцэнтравана на аздараўленні эканомікі і падрыхтоўцы да вайны. Ажыццяўляліся гэтыя планы пры дапамозе палітыкі жорсткай эканоміі і цвёрдай сістэмы дзяржаўнага рэгулявання. Такая дзейнасць дала свае вынікі: эканоміка была стабілізавана, выраслі ваенныя інвестыцыі. Аднак у хуткім часе кааліцыя нацыянальнай абароны пачала распадацца. Левыя не прынімалі палітку скарачэння сацыяльных расходаў, а правыя – жорсткі ціск дзяржавы ў гаспадарчай сферы. У красавіку 1940 г. Э. Даладзье выходзіць у адстаўку. Ствараецца новы ўрад на чале з П. Рэйно, у склад якога ўжо ўваходзяць так званыя "капітулянты", якія імкнуліся любой цаной да прымірэння з Германіяй. Яны прывялі краіну ў хуткім часе фактычна да нацыянальнай катастрофы.

6. У сярэдзіне 30-х гг. некаторыя французскія палітыкі, напрыклад Луі Барту, імкнуліся пашырыць сістэму бяспекі краіны за кошт далучэння да яе ў нейкай форме Савецкага Саюза. У 1934 г. па ініцыятыве Францыі СССР быў прыняты ў Лігу Нацый, а ў 1935 г. падпісаны савецка-французскі дагавор аб узаемадапамозе. Аднак на гэтым фактычна збліжэнне з СССР закончылася, бо ў краіне было многа праціўнікаў такога курса. Не адбыўсся і альянс Францыі з Італіяй, які быў сарваны па ініцыятыве Англіі пасля агрэсіі Італіі ў Эфіопіі. На французскую знешнюю палітыку моцна ўплывала Вялікабрытанія. Пад яе ўздзеяннем Францыя ўключылася ў рэалізацыю палітыкі ўміратварэння агрэсара і ў рэшце рэшт падпісала нават Мюнхенскае пагадненне, здрадзіўшы фактычна свайму саюзніку, Чэхаславакіі. Неаднаразовыя заявы Э. Даладзье і другіх французскіх палітыкаў аб тым, што Мюнхенскае пагадненне неабходна было для таго, каб выйграць час для ўмацавання абароназдольнасці Францыі, не выклікаюць даверу. Будучыня паказала, што "выйграны" час нічога сур'ёзнага не змяніў. Пад уплывам Вялікабрытаніі Францыя ўдзельнічала і ў палітыцы няўмяшання ў іспанскія справы падчас грамадзянскай вайны у гэтай краіне. Тым самым законны ўрад Іспаніі застаўся без адпаведнай дапамогі, а германа-італьянскім інтэрвентам былі фактычна развязаны рукі. Падчас англа-франка-савецкіх перагавораў 1939 г. аб стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе, Францыя гатова была пайсці значна далей Англіі ў дасягненні кампраміса, але сітуацыя ў той час была такой, што гэта ўжо нічога не мяняла. Французская палітыка і французскія палітыкі ў многім самі вінаватыя ў тым, што адбылося з краінай 22 чэрвеня 1940 г.

Лекцыя 8. Вялікабрытанія ў 1919–1929 гг.

  1. Вынікі вайны для Англіі

  2. Пасляваенны крызіс ў краіне

  3. Першы лейбарысцкі ўрад і яго палітыка

  4. Асаблівасці стабілізацыі.

  1. Англія адносілася да катэгорыі краін-пераможцаў у Першай сусветнай вайне. За гады вайны яна поўнасцю рэалізавала свае планы і задачы. Германія была разгромлена і перастала існаваць як ваенна-марская і каланіяльная дзяржава. Англія нават пашырыла сваю каланіяльную імперыю за кошт былых германскіх калоній. У гады вайны хуткімі тэмпамі развівалася англійская эканоміка, асабліва тыя яе галіны, якія забяспечвалі ваенныя патрэбы.

Разам з тым вайна мела і негатыўныя наступствы. На франтах загінула каля 750 тыс. чалавек і 1,7 млн было паранена. Было страчана 70 % гандлёвага флота. Знешняя запазычанасць склала 1,2 млрд. ф. ст., хаця да вайны Англія сама была крэдыторам. У цяжкім стане знаходзіліся старыя галіны вытворчасці, такія як здабыча вугля, суднабудаванне, выплаўка чугуна. Заработная плата ў 1917 г. складала 62 % ад узроўня 1900 г.

За гады вайны змяніліся суадносіны палітычных сіл у краіне. Кансерватыўная партыя захавала свае пазіцыі ў якасці найбольш уплывовай, застаючыся на правым фланзе палітычнага жыцця. А вось яе партнёр па традыцыйна існаваўшай двухпартыйнай сістэме – партыя лібералаў – свае пазіцыі страчвала. Яе ўплыў у грамадска-палітычным жыцці хоць і патупова, але няўхільна скарачаўся. Партыя была раздзелена на некалькі груп, якія сапернічалі паміж сабой. На змену лібералам усё больш прыходзіла лейбарысцкая партыя, якая прадстаўляла сабой звычайную сацыял-дэмакратычную партыю з некалькі правым палітычным ухілам у параўнанні з многімі другімі еўрапейскімі сацыял-дэмакратыямі. Лейбарысты дзейнічалі ў межах канстытуцыі і імкнуліся да правядзення сацыяльна-эканамічных рэформаў на карысць працоўных слаёў насельніцтва.. У якасці сваёй мэты яны абвясцілі сацыялізм.

2. У гады пасляваеннага крызіса эканоміка Брытаніі не змагала дасягнуць даваеннага ўзроўня. У 1920 г. выпуск прадукцыі склаў 90% ад узроўня 1913 г., у 1921 г. – 61,5 %, у 1923 г. – 82,9%. У цяжкім стане знаходзілася вучгальная, тэкстыльная, суднабудаўнічая, металургічная прамысловасць. Скарачалася сельскагаспадарчая вытворчасць і пасяўныя плошчы. Экспарт за гады пасляваеннага крызіса скараціўся на 44,6%, імпарт – на 39,8%. Захаваўся высокі ўзровень беспрацоўя. 40% бюджэта ішло на выплату крэдытаў, што абвастрала фінансавую праблему. У 1919 г. Вялікабрытнія вымушана была адмовіцца ад залатога парытэту фунта стэрлінгаў. Урад імкнуўся аздаравіць фінансы і эканоміку за кошт скарачэння сацыяльных праграм і павышэння падаткаў. У выніку ў Вялікабрытаніі склаўся адзін з самых высокіх узроўняў падаткаабкладання ў Еўропе. Цяжкасці сацыяльна-эканамічнага развіцця ўплывалі на абвастрэнне сацыяльна-эканамічнай напружанасці. У 1919 г. у забастоўках удзельнічала каля 2,5 млн чалавек. Другой формай рабочага руху з актыўным удзелам прадстаўнікоў інтэлігенцыі быў рух салідарнасці з Савецкай Расіяй, які ахапіў практычна ўсю краіну. Ва ўмовах відавочнай актывізацыі барацьбы рабочых у 1920 г. была створана камуністычная партыя Вялікабрытаніі, якая аднак на працягу дзесяцігоддзяў свайго існавання так і не змагла стаць масавай і ўплывовай палітычнай сілай.

Пасля парламенцкіх выбараў 1918 г. у Англіі дзейнічаў кааліцыйны ўрад кансерватараў і лібералаў на чале з Д. Ллойд-Джорджам. З мэтай аслабіць сацыяльныя супярэчнасці ўрад правёў некаторыя рэформы. Выбарчае права было прадастаўлена ўсім мужчынам ад 21 года і жанчынам ад 30 гадоў. Была ўведзена бясплатная пачатковая адукацыя. Забаранялася зніжаць зарплату дэмабілізаваным салдатам і рабочым, звольненым з ваенных прадпремстваў. Яны, акрамя гэтага, атрымоўвалі матэрыяльную дапамогу.

3. Пасля парламенцкіх выбараў у снежні 1923 г. у Вялікабрытаніі быў створаны першы лейбарысцкі ўрад на чале з Р. Макданальдам. Лейбарысты не мелі большасці ў парламенце, але кансерватары і лібералы не змаглі дамовіцца паміж сабой, і лейбарысты пайшлі на стварэнне ўрада меньшасці. У сваёй перадвыбарнай праграме яны абяцалі нацыяналізаваць галоўныя галіны вытворчасці, увесці падатак на капітал, ліквідіаваць беспрацоўе, павысіць зарплату і г.д. Не маючы, аднак, большасці ў парламенце лейбарысты не змаглі рэалізаваць сваю праграму поўнасцю. Тым не менш, яны змаглі дабіцца паляпшэння сістэмы падтрымкі беспрацоўных, павышэння пенсій, пашырэння дзяржаўных датацый на жыллёвае будаўніцтва і г.д. Зразумела, што ажыццявіць нацыяналізацыю, ці павысіць падаткаабкладанне капіталаў ім было не па сілах.

У галіне знешняй палітыкі ўрад Р. Макданальда ўстанавіў у 1924 г. дыпламатычныя адносіны з СССР. Ён імкнуўся садзейнічаць прымірэнню Францыі і Германіі пасля Рурскага канфлікта. У Лізе Нацый лейбарысцкі ўрад падтрымліваў пацыфісцкія прынцыпы і супрацоўнічаў з французскім урадам Э.Эррыо. Летам 1924 г. Брытанія актыўна ўдзельнчала ў распрацоўцы рэпарацыйнага плана Дауэса, пасля зацвярджэння якога яе пазіцыі ў еўрапейскай дыпламатыі ўмацавалаіся. Першы лейбарысцкі ўрад дэманстраваў сваю галтоўнасць да пошуку кампрамісаў у адносінах са сваімі калоніямі і дамініёнамі. Аб гэтым сведчыла імперская канферэнцыя ў Лондане. Разам з тым урад прымяняў ваенную сілу ў адносінах да нацыянальна-вызваленчага руху ў Індыі, Іраку, Судане. У кастрычніку 1924 г. па ініцыятыве фракцыі кансерватараў ў Вялікабрытаніі былі праведзены датэрміновыя выбары, на якіх перамогу атрымалі кансерватары.

4. У 1924 г. Вялікабрытанія ўступіла ў перыяд стабілізацыі. Характэрнай яе рысай было тое, што і ў гэты час тэмпы роста вытворчасці заставаліся невысокімі. Толькі ў 1929 г. краіна змагла дасягнуць даваеннага ўзроўня выпуска прамысловай прадукцыі. Гандлёвы баланс меў пасіўны характар, становішча працоўных прыкметна не палепшылася, захоўваўся высокі ўзровень беспрацоўя. Міжнародныя пазіцыі Брытаніі ўмацаваліся ў Еўропе, але ў свеце яна ўсё больш ўступала ЗША, і гэта датычылася нават некаторых брытанскіх дамініёнаў.

У гэты час ва ўладзе знаходзіліся кансерватыўныя ўрады. З 1923 да 1929 г. прэм'ер-міністрам быў Стэнлі Болдуін. Была т. зв. "эпоха Болдуіна". Болдуін імкнуўўся да кансалідацыі кансерватыўнай партыі, ажыццяўляючы яе пры дапамозе новай праграмы: "Мэты і прынцыпы". Галоўным прынцыпам буў кансерватыўны рэфармізм. Ён меў на ўвазе абнаўленне праграмы кансерватараў, адмаўленне ад яе састарэлых установак. Урад С. Болдуіна імкнуўўся да стымулявання вытворчасці, умацавання фінанасавай сістэмы. Быў скарочаны падаходны падатак і падатак на зверхпрбыткі. Быў зноў уведзены залаты стандарт фунта стэрлігаў. Тым не менш , дабіцца сур'ёзных перамен у эканамічнай сферы не ўдалося. Старыя галіны вытворчасці наогул знаходзіліся ў поўным заняпадзе. Гэты вяло да роста сацыяльнай напружанасці. У выніку ў маі 1926 г. у краіне адбылася ўсеагульная забастоўка, узнікшая ў вугальнай прамысловасці. У барацьбе ўдзельнчала каля 5 млн. чалавек. У хуткім часе кіраўніцтва прафсаюзаў фактычна страціла кантроль над развіццём падзей. 12 мая Генсавет трэд-юніёнаў аб'явіў аб заканчэнні забастоўкі. У выніку зарплата шахцёрам была зніжана, а рабочы дзень павялічаны.

У 1927 г. парламент прыняў закон "Аб прамысловых канфліктах", які забараняў усеагульная забастоўкі і забастоўкі салідарнасці. Дзяржаўным служачым наогул забаранялася баставаць. За падтрымку недазволеных забастовак прафсаюзныя кіраўнікі маглі быць прыгавораны да турэмнага зняволення. Гэты закон разглядаўся ў прафсаюзных колах не інакш як антыпрафсаюзны.

У 1928 г. па ініцыятыве кіраўніка Імперскага хімічнага трэста А.Монда прафсаюзнае кіраўніцтва і кіраўніцтва саюзаў прадпрыймальнікаў падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве, які прадугледжваў кансультацыі пры падрыхтоўцы сур'ёзных рашэнняў у сацыяльна-эканамічнай сферы. Гэтая форма супрацоўніцтва па прозвішчу яе ініцыятара атрымала назву "мандызм".

У галіне знешняй палітыкі у гэты час Англія дэманстравала гатоўнасць ісці на ўступкі Германіі, скарачаючы абмежаванні, прадугледжаныя Версальскім дагаворам. У гэты час абвастрыліся адносіны з ЗША па пытаннях марскіх уззбраенняў. Англія, хаця і беспаспяспяхова, імкнулася кампенсаваць сабе страты , якія яна панесла на Вашынгтонскай канферэнцыі. У 1927 г. Англія парвала дыпламатычная адносіны з СССР. Яна, як і раней, заставалася на першых пазіцыях антысавецкай барацьбы.

Лекцыя 9. Англія ў 1930-я гады

  1. Уплыў сусветнага эканамічнага крызісу на Англію

  2. Другі лейбарысцкі ўрад

  3. Дзейнасць нацыянальнага урада

  4. Англія ў другой палове 30-х гадоў

  1. Крызіс ахапіў брытанскую эканоміку ў пачатку 1930 г. і працягваўся да 1933 г. У Англіі яго разбуральная сіла была значна меншай, чым ў іншых краінах і ў першую чаргу, чым у ЗША і Германіі. Гэта было абумоўлена нізкімі тэмпамі роста эканомікі падчас стабілізацыі. Разам з тым, крызіс, безумоўна, абазначаў значнае падзенне вытворчасці. У сярэднім яно склала 18%. Асаблівыя цяжкасці перажывалі старыя галіны вытворчасці. Здабыча вугля скарацілася на 20%, вытворчасць сталі і чугуна – амаль на палову, суднабудаванне – на 90%. У 1931 г. упершыню быў прызнаны дэфіцыт бюджэта. Крызіс меў сур'ёзныя сацыяльныя наступствы. У першую чаргу – гэта беспрацоўе. У 1932 г. 25% рабочых не мелі работы. У некаторых месцах, дзе былі сканцэнтраваны старыя галіны вытворчасці, сфарміраваліся раёны дэпрэсіі, дзе эканамічнае жыццё наогул замёрла.

  2. Пасля выбараў 1929 г. быў створаны другі лейбарсцкі ўрад на чале з Р. Макданальдам. На гэты раз лейбарысты мелі самую вялікую фракцыю ў парламенце, але як і ў 1924 г. не дасягнулі абсалютнай большасці. Гэта не давала ім магчымасці рэалізаваць свае найбольш радыкальныя перадвыбарныя абяцанні, як, напрыклад, нацыяналізацыя, адмена антыпрафсаюзнага закона 1927 г., ці павышэнне падаткаў на высокія даходы. Тым не менш, лейбарысцкі ўрад змог правесці некаторыя сацыяльныя рэформы на карысць працоўных. Быў прыняты новы закон аб страхаванні беспрацоўных, які крыху паляпшаў іх становішча, былі выдзелены новыя сродкі на арганізацыю грамадскіх раброт, быў скарочаны рабочы дзень шахцёраў з 8 гадзін да 7,5. Урад ажыццяўляў таксама перасяленне непрацуючай працаздольнай часткі насельніцтва з рэгіёнаў дэпрэсіі ў эканамічна актыўныя рэгіёны. Усе гэтыя крокі, аднак, не змянілі кардынальным чынам сацыяльна-эканамічную сітуацыю да лепшага.

У галіне знешняй палітыкі лейбарысцкі ўрад аднавіў ў 1929 г. дыпламатычныя адносіны з СССР. У 1930 г. ў Лондане па яго ініцыятыве адбылася імперская канферэнцыя, на якой англійскія дамініёны атрымалі роўныя правы з Англіяй у галіне унутраных спраў. Разам з тым, англійскі кароль заставаўся для іх агульным манархам. Паняцце каланіяльная імперыя было заменена тэрмінам Брытанская садружнасць нацый. Усе гэтыя рашэнні былі замацаваны ў 1931 г. у прынятым англійскім парламентам Вестмінстэрскім статуце. Тым часам, сацыяльна-эканамічныя праблемы ў краіне абвастраліся. У 1932 г. аб'ём вытворчасці склаў толькі 82,5% ад узроўня 1913 г. Экспарт скараціўся ў 2 разы. Дэфіцыт бюджэта складаў 100 млн фт. ст. У 1930 г. адбыліся масавыя выступленні беспрацоўных. Яны арганізавалі галодны паход на Лондан і іншыя гарады. У гэтых умовах урад стварае незалежную камісію спецыялістаў на чале з Дж. Мэям, якая павінна была вывучыць сітуацыю ў англійскай эканоміцы і даць рэкамендацыі па пераадоленню крызіса. У сакавіку 1931 г. камісія прапанавала даклад, з якога вынікала, што неабходна праводзіць палітыку жорсткай эканоміі, у першую чаргу за кошт скарачэння бюджэтных сацыяльных расходаў і заработнай платы. Лейбарысцкі ўрад раздзяліўся на дзве амаль роўныя часткі адносна таго, прымаць ці не прымаць рэкамендацыі камісіі. У гэтых умовах 23 жніўня 1931 г. Р. Макданальд аб'явіў аб адстаўцы ўрада.

3. У канцы жніўня 1931 г. па дамоўленасці трох буйнейшых партый Англіі быў створаны Нацыянальны ўрад. У яго склад увайшлі 4 лейбарысты, 4 кансерватары і 2 лібералы. Узначаліў урад Р. Макданальд. Аднак у хуткім часе кіраўніцтва лейбарысцкай партыі абвінаваціла Р. Макданальда і яго прыхільнікаў у здрадзе і выключыла іх з партыі. Пасля гэтага яны называлі сябе нацыянальнымі лейбарыстамі. Пасля выбараў 1931 г. кансерватары мелі ў парламенце абсалютную большасць. Пазіцыі лейбарыстаў у выніку раскола былі моцна аслаблены. Тым не менш прэм'ер-міністрам заставаўся Р.Макданальд. Нацыянальны ўрад з самага пачатку сваёй дзейнасці прыступіў да выканання рэкамендацый камісіі Мэя. Была скарочана дапамога беспрацоўным, у 1932 і 1933 г. г. зніжана заработная плата значнай частцы рабочых. У 1931 г. быў адменены залаты стандарт фунта стэрлінгаў, а ў 1932 г. ажыццёўлены пераход да пратэкцыянізму з увядзеннем 10-%-ай мытнай пошліны. Гэтыя жорсткія і непапулряныя меры далі тым не менш станоўчыя вынікі. Быў пераадолены бюджэтны дэфіцыт, з 1934 г. пачаўся паступовы рост вытворчасці і у 1937 г. прамысловая прадыкцыя скаладала ужо 123,6% ад узроўня 1913 г.

У сувязі з тым, што ўвядзенне пратэкцыянізма стварала складанасці ў гандлёва-эканамічных адносінах Англіі з краінамі Садружнасці нацый, ў жніўні 1932 г. адбылася імперская канферэнцыя ў Аттаве, якая вырашыла гэтыя праблемы. Там была распрацавана сістэма прэферэнцыяльных тарыфаў, якая прадугледжвала, што 80% тавараў з краін Садружнасці дапускалася на англійскі рынак без пошліны, а застаўшыяся 20% – з пошлінай ніжэй 10%. Дамініёны рабілі тое ж самае з англійскімі таварамі. Такім чынам, рынак Садружнасці быў абаронены ад канкурэнцыі з іншымі краінамі.

  1. У 1935 г. быў створаны чыста кансерватыўны ўрад на чале са Стэнлі Болдуінам. Выбары 1935 г. зноў далі абсалютную большасць кансерватарам. З 1937 г. прэм'ер-міністрам становіцца Н.Чэмберлен. У сярэдзіне 30-х гадоў адбываюцца сур'ёзныя перамены ў палітычных партыях. Лейбарысты, значна аслабіўшыя свае пазіцыі пасля раскола 1931 г., шукалі шляхі да кансалідацыі. У 1934 г. была прынята новая праграма партыі "За сацыялізм і мір". Ставіліся задачы нацыяналізацыі важнейшых галін вытворчасці, рэарганізацыі банкаўскай, транспартанай і энергентынай сістэм. З 1935 г. новым лідэрам партыі стаў Клемент Эттлі. Партыя ў гэты перыяд адмаўляецца ад рэшткаў рэвалюцыйнасці і левага радыкалізму. У другой палове 30-х гадоў становішча ў партыі было стабілізавана, яна замацоўвае свае пазіцыі аднаго з двух удзельнікаў брытанскай двухпартыйнай мадэлі.

Пазіцыі ліберальнай партыі ў гэты час былі яшчэ больш аслаблены. У партыі дзейнічала ўжо тры групы. Яны сапернічалі паміж сабой, ці нават знаходзіліся ў стане супрацьстаяння. Гэта не давала ім магчымасці распрацаваць адзіную ідэалагічную платформу. Менавіта у гэты час партыя была канчаткова выцеснена з сістэмы двухпартыйнага кіравання дзяржавай.

Кансерватары адыгрывалі вядучую ролю ў палітычным жыцці. На чале партыі знаходзіліся прадстаўнікі яе правага крыла. Ва ўрадавай дзейнасці партыя прытрымлівалася прынцыпа кампетэнтнасці без асаблівых тэорый. У партыі ішло саперніцтва паміж групамі С. Болдуіна – Н.Чэмберлена і У.Чэрчыля у асноўным па праблемах знешняй палітыкі.

У 30-я гады ў Брытаніі актывізуецца фашысцкі рух. Ен быў прадстаўлены Брытанскім саюзам фашыстаў, які узначальваў О.Мослі. У 1934 г. колькасць яго членаў складала 20 тыс. чалавек. Аднак ўплывовай сілай фашысты ў Англіі не сталі. У 1937 г. фашысцкі рух прыйшоў у поўны заняпад.

У 30-я гады ў Брытаніі ажыццяўляюцца буйнамаштабныя праграмы пераўзбраення. У 1934 г. адбылося абнаўленне тэхнічнай базы ВПС, павялічылася колькасць самалётаў. У 1936 г. пачалася мадэрнізацыя сухапутных сіл. У 1935 – 1939 гг. дзяржаўныя расходы на ваенныя мэты павялічыліся ў 4,5% разы. Дзяржаўныя інвестыцыі ў ваенную прамысловасць садзейнічалі эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ў краіне.

У галіне знешняй палітыкі ўрады С. Болдуіна і асабліва Н.Чэмберлена прытрымліваліся курса на ўміратварэнне агрэсара, ці стратэгіі паступоай прававой рэабілітацыі Германіі. Апагеем гэтай палітыкі была Мюнхенская канферэнцыя 1938 г. Палітыка ўміратварэння была разлічана на захаванне міра, але ў рэальнасці яна прывяла да ўмацавання агрэсіўных дзяржаў, у першую чаргу Германіі і аблягчала ім задачу падрыхтоўкі да вайны.

Лекцыя 10. ЗША пасля першай сусветнай вайны (1919-1923 гг.)

  1. Вынікі вайны для ЗША

  2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё

  3. Палітычная сітуацыя ў краіне

  4. Знешняя палітыка ЗША

1. Вайна карэнным чынам змяніла эканамічнае становішча ЗША ў свеце. На амерыканскай тэрыторыі не было ваенных дзеянняў, эканоміка развівалася ў нармальных умовах. ЗША сталі фактычна падчас вайны арсеналам Антанты. Усё гэта забяспечыла небывалыя тэмпы эканамічнага роста. Чысты прыбытак амерыканскай эканомікі за 1914–1919 гг. склаў 33,4 млрд. долараў Экспарт ЗША у 1919 г. складаў 7,9 млрд. долараў у параўнанні з 2,4 млрд. у 1914 г. ЗША давалі амаль палову сусветнай здабычы каменнага вугля, каля 3/5 выплаўкі чыгуна і сталі, 2/3 здабычы нафты, 85% выпуска аўтамабіляў і г.д. Тыкім чынам, ЗША ператварыліся ў высокаразвітую індустрыяльную краіну, якая па асноўных эканамічных паказчыках выйшла на першае месца ў свеце. Важным было і тое, што за гады вайны ЗША ператварыліся з краіны, якая мела запазычанасць, у краіну-крэдытора.. займы еўрапейскім дзяржавам складалі прыкладна 11 млрд. долараў. Улічваючы тое, што буйнейшыя еўрапейскія дзяржавы былі моцна аслаблены вайной, можна сказаць, што пасля вайны Злучаныя Штаты сталі мацнейшай ва ўсіх адносінах краінай свету. Усё гэта дазволіла прэзідэнту В.Вільсану, які прыбыў у 1919 г. на Парыжскую мірную канферэнцыю, заявіць: "У пасляваенным свеце фінансавае кіраўніцтва будзе нашым. Прамысловае кіраўніцтва будзе за намі. Перавага ў гандлі будзе нашай. Другія краіны свету павінны будуць ісці пад нашым кіраўніцтвам".

  1. Падчас вайны па ініцыятыве прэзідэнта В. Вільсана, вядомага рэфарматара, які належыў да схільнай да рэформаў дэмакратычнай партыі, былі ажыццёўлены значныя перамены ў эканамічнай палітыцы. Неабходнасць гэтых перамен аргументавалася спецыфічнымі ўмовамі ваеннага часу. Былі створаны такія механізмы, якія дазвалялі дзяржаве ажыццяўляць непасрэднае кіраўніцтва эканомікай. Існавала ўпраўленне ваеннай прамысловасцю і галіновыя ваенна-гаспадарчыя ўпраўленні. Яны раздзялялі ваенныя заказы, забяспечвалі прамысловыя прадпрыемствы сыравінай, палівам, транспартымі сродкамі, рабочай сілай. У 1917 г. адміністрацыя В. Вільсана перавяла ўсю сетку чыгуначных дарог пад кіраўніцтва дзяржавы. У 1918 г. было створана ваеннае ўпраўленне працы з прадстаўнікоў прафсаюзаў і прадпрымальнікаў , задача якога заключалася ў тым, каб не дапусціць канфліктаў на ваенных прадпрыемствах. Вільсан быў прыхільнікам захавання далейшага развіцця гэтай палітыкі пасля вайны. Ён асабліва настойліва даказваў амерыканскаму кангрэсу, што не можа быць ніякага ўстойлівага і пастаяннага ўрэгулявання адносін паміж працай і капіталам, пакуль не прызнаны фундаментальныя правы, за якія даўно ўжо змагаюцца рабочыя. Ён прапаноўваў прадставіць рабочым права на арганізацыю, на заключэнне калектыўных дагавораў, на забастўку і г.д. Аднак гэтыя прапановы не былі падтрыманы рэспубліканскай большасцю ў кангрэсе і сенаце. Больш таго, пасляваенныя гады сталі перыядам дэмантажа мехнізмаў дзяржаўнага рэгулявання эканомікі і сацыяльных адносін. У многім гэты было звязана і з эканамічным крызісам 1920 г., які ў кансерватыўных колах лічылі вынікам палітыкі В.Вільсана. У 1922 г. пачаўся новы эканамічны пад'ём, які цяпер звязвалі з вяртаннем рэспубліканскай адміністрацыі да "нармальных часоў", г. зн. да згортвання ролі дзяржавы ў эканоміцы і сацыяльных адносінах і да пашырэння свабоды дзейнасці рынкавых механізмаў.

Рабочы рух у ЗША у гэты час размаху не меў. Найбольш масавай арганізацыяй рабочых быў прафсаюзны цэнтр Амерыканская федэрацыя працы (АФП). Яна прытрымлівалася рэфармісцкай ідэалогіі і імкнулася да класавага супрацоўніцтва. У склад АФП уваходзіла 4 млн членаў. У 1919 г. была створана камуністычная партыя. Аднак на працягу ўсіх гадоў існавання яна так і не стала больш-менш уплывовай палітычнай сілай.

3. Палітычная сітуацыя ў краіне характарызавалася актывізацыяй кансерватыўна-рэакцыйных сіл. У многім гэта было рэакцыяй на рэвалюцыі ў Еўропе і асабліва на ўсталяванне савецкай улады ў Расіі. Гэтыя падзеі разглядаліся як непасрэдная пагроза амерыканскаму ладу жыцця, ў аснове якога ляжалі прынцыпы індывідуалізму і неабмежаванай свабоды рынкавых адносін. У гэтых умовах фарміруецца атмасфера "палявання на чырвоных". Дзейнічалі расісцкія шавіністычныя арганізацыі, як, напрыклад, "Амерыканскі легіён", аднавілася дзейнасць Ку-клукс-клана. Пад лозунгамі абароны амерыканізма, барацьбы супраць чырвонай пагрозы быў развязны сапраўдны тэрор супраць радыкалаў, камуністаў, неграў. Прапагандаваліся лозунгі выкаранення "апосталаў Леніна сярод амерканцаў".Асабліва абвастрылася сітуацыя падчас прэзідэнцкіх выбараў 1920 г. Рэспубліканцы рэзка выступілі супраць "эксперыментаў В.Вільсана", разглядаючы яго ліберальныя рэформы таксама як адну з пагрозаў амерыканскаму ладу жыцця. Галоўным лозунгам рэспубліканцаў было вяртанне да нармальнага парадку, аднаўленне сапраўды амерыканскіх прынцыпаў і галоўнага з іх – цвёрдага індывідуалізма. Перамогу на выбарах атрымаў кандыдат ад рэспубліканскай партыі У. Гардзінг. У 1923 г. ён нечакана памёр і на прэзідэнцкую пасаду заступіў віцэ-прэзідэнт К.Кулідж, які быў вядомы сваім лозунгам "Справа Амерыкі – гэта бізнес". Рэспуліканская адміністрацыя павяла лінію на вяртанне да традыцыйных амерыканскіх каштоўнасцяў. Эканамічным поспехам рэспубліканскіх адміністрацы садзейнічала спрыяльная эканамічная кан'юнктура, якая пачала праяўляцца з 1922 г.

4. На Парыжскай мірнай канферэнцыі Злучаныя Штаты мелі моцныя пазіцыі і ў значнай ступені ўплывалі на яе вынікі. Праграма "14 пунктаў Вільсана" , прынятая яшчэ ў студзені 1918 г., была пакладзена ў аснову пасляваеннага ўрэгулявання. Яна мела ліберальны характар і адпавядала ў першую чаргу інтарэсам ЗША. Прыхільнік глабальнай палітыкі ЗША, прэзідэнт В.Вільсан дабіўся ў Парыжы прыняцця рашэння аб стварэнні пасля вайны міжнароднай арганізацыі па падтрыманню міра – Лігі Нацый. Не ў апошнюю чарку Вільсан бачыў у ёй інструмент амерыканскага ўплыву на астатні свет. Аднак падзеі ў ЗША развіваліся не па планах В.Вільсана. Ізаляцыяністы, сканцэнтраваныя ў асноўным у Рэспубліканскай партыі не прымалі ідэю Лігі Нацый наогул. Яны лічылі, што Ліга Нацый можа стаць інструментам, які ўцягне ЗША у еўрапейскія канфлікты, супраць чаго яны заўсёды выступалі. У выніку Сенат не ратыфікаваў Версальскі дагавор, у склад якога ўваходзіў статут Лігі Нацый. Пазней Злучаныя Штаты падпісалі свой мірны дагавор з Германіяй, які фактычна паўтараў Версальскі дагавор, але не ўтрымліваў статута Лігі Нацый.

Пасля выбараў 1920 г. рэспубліканская адміністрацыя ажыццяўляла свой знешнепалітычны курс пад уплывам ізаляцыяністаў. Прыярытэты былі звязаны з умацаваннем пазіцый ЗША на амерыканскім кантыненце, у раёнах Ціхага акіяна і Далёкага Усходу. У гэтых адносінах важнейшае значэнне для Злучаных Штатаў мела Вашынгтонская канферэнцыя (лістапад 1921 – люты 1922 г.г.). Усе дагаворы канферэнцыі адпавядалі інтарэсам ЗША і ўмацоўвалі іх пазіцыі на Далёкім Усходзе, асабліва ў Кітаі, а таксама ў сферы марскіх узбраенняў. У гэты час ЗША не падтрымлівалі дыпламатычных адносін з СССР.