Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводзіны ў літаратуразнаўства. Частка 1..doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

2.2.3. Беларускае літаратуразнаўства.

Гісторыя беларускага літаратуразнаўства бярэ свой пачатак з часоў Францыска Скарыны. Наш першы асветнік быў не толькі перакладчыкам, друкаром, тэолагам, гравёрам, выдаўцом, але таксама паэтам, публіцыстам, заснавальнікам беларускай літаратуры. Ён распрацоўваў жанры прадмоў і пасляслоўяў, акравершаў-акафістаў, духоўных вершаў. Скарына выпрацаваў падчас перакладу Бібліі свае прынцыпы перакладу мастацкага тэксту, вядучым з якіх быў прынцып даступнасці, зразумеласці твора тагачаснаму чытачу. Ён надаваў вялікае значэнне выхаваўчай ролі кнігі.

Яшчэ да зараджэння новай беларускай літаратуры на беларускай мове на яе працавалі М. Гусоўскі, Я Вісліцкі, А. Міцкевіч, Я. Чачот і многія іншыя, хто пісаў свае творы на лацінскай, польскай ці рускай мове. Невычэрпнай скарбніцай для творцаў многіх і многіх пакаленняў быў багаты беларускіх фальклор. Не дзіўна, што з яго даследавання пачаў першы тэарэтык, які ўнёс уклад у беларускую філалагічную навуку -- акадэмік Яўхім Карскі (1860-1931). У сваёй фундаментальнай чатырохтомнай працы “Беларусы” ён даў апісанне гісторыі беларускага фальклору і пісьменнасці ў сувязі з гісторыяй мовы, этнаграфіі беларускага этнасу.

Са з’яўленнем мажлівасці друку на беларускай мове ў выніку рэвалюцыйных падзей у Расіі ў 1905—1907 гг., першай галіной літаратуразнаўства, якая пашырылася ў Беларусі, была літаратурная крытыка. Заснавальнікамі яе, як гісторыі і тэорыі літаратуры, сталі два геніяльныя Максімы -- Максім Багдановіч (1891—1917) і Максім Гарэцкі (1893—1838). М. Багдановіч пачаў займацца літаратурна-крытычнай дзейнасцю яшчэ ў час навучання ў ліцэі. Яму належаць шматлікія водгукі на творы беларускіх, украінскіх і рускіх аўтараў: “І.Неслухоўскі”, “Глыбы і слаі”, “Краса и сила”, “Памяти Т.Г.Шевченко”, “С.Д.Дрожжин”, “К генеологии одного стихотворения”, “Грицько Чупринка” і інш. Ён пісаў літаратурна-крытычныя даследаванні, гадавыя агляды беларускай літаратуры, нарысы па гісторыі беларускай пісьменнасці: “Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХУІ сталецця”, “За сто лет”, “За тры гады” і інш. Пакінуў Багдановіч свой яскравы след і ў тэорыі літаратуры: “Санет”, “Забыты шлях”, “Поэзия гениального ученого” і інш.

Уклад Багдановіча ў развіццё беларускага літаратуразнаўства ўжо дастаткова вывучаны. Менш мы ведаем пра літаратуразнаўчую дзейнасць аднаго з першых беларускіх савецкіх акадэмікаў, вядомага пісьменніка Максіма Гарэцкага. У ранні перыяд сваёй мастацкай творчасці Гарэцкі пачаў выступаць і з ацэнкай напісанага іншымі як крытык, літаратурны аглядальнік, каментатар. Яго артыкул “Наш тэатр” (1913 г.) не толькі даваў разгорнутую панараму беларускай драматургіі таго часу, але і ставіў актуальныя пытанні развіцця нацыянальнага тэатра. “Тэатр наш павінен стаць Храмам Нашага Адраджэння… Тое, што вы скажаце добра са сцэны, з вялікаю сілаю ўкладзецца ў душу беларускую”. Гэта было сказана ў пару, калі тэатр быў для народа тым, чым цяпер сталі тэлевізар, кіно, інтэрнэт. Гарэцкі не задавальняўся толькі ўласнай роллю пісьменніка, ён шчыра дбаў пра развіццё ўсёй літаратуры, спрабаваў актыўна ўплываць на працэсы, якія адбываліся ў яго на вачах. “Беларуская ж літаратура маладзенька, як дзяўчынка, і хоць вока бяжыць любавацца прыгажосцю гэтай дзяўчынкі, але, але… зразумець яе – яна ўсё яшчэ дзяўчынка!” – пісаў ён у артыкуле “Развагі і думкі” (1914 г.) і задаваўся пытаннем, “куды ж ісці ў творчасці нашым пісьменнікам?”. Ён заклікаў тых, хто працаваў тады ў літаратуры актыўней асвойваць новыя жанры, у першую чаргу празаічныя: “Прозы, прозы, добрай мастацкай розы беларускай дайце нам. Каб на стале ў нас каля тоўстай кніжкі вершаў “Шляхам жыцця” ляжала б не цянейшая кніжка прыгожай прозы”. Гарэцкі прадракаў нацыянальнаму прыгожаму пісьменству адметнае будучае: “Беларускай літаратуры суджана сказаць многае новае ў вобласці духа…” У тым жа артыкуле Гарэцкі выказваў клопат і аб літаратурнай крытыцы, адзначаў, што яна асабліва патрэбна маладой літаратуры, выказваў сваю думку наконт крытэрыяў , якімі павінен кіравацца крытык. “Па-мойму, крытыкаваць – значыць шукаць таго ж, чаго шукаў аўтар, і рабіць думку яго яснейшай чытачу, і даходзіць, ці добра выклаў думку аўтар, і як выкладаў, і як бы мог выкласці лепей. На добрай крытыцы гадуюцца пісьменнікі і грамадзянства, і нездарма з вялікай нецярплівасцю жду я беларускага крытыка”, – пераконана пісаў ён. А пакуль такога аўтарытэтнага і спрактыкаванага крытыка яшчэ не было, Гарэцкі сам час ад часу выступаў у ролі крытыка, даў узоры розных разнавіднасцей літаратурна-крытычных і гісторыка літаратурных жанраў. Ён надаваў важнае значэнне аглядным артыкулам і гісторыка-літаратурным нарысам: “Беларуская літаратура пасля “Нашае нівы”, “Белоруссая литература. Краткий очерк”, “Беларускі тэатр у палове ХIX веку”… Пісаў крытыка-біяграфічныя нарысы “ Платон Галавач”, “Аркадзь Моркаўка”, “Сымон Баранаў”, “Творчасць Міхася Чарота”, юбілейныя артыкулы -- “На ўгодкі па Максіму Багдановічу”, “Уладзіслаў Галубок” і інш.

Максім Гарэцкі надрукаваў шэраг артыкулаў, прысвечаных творчасці беларускіх пісьменнікаў. Многія з іх былі затым скарыстаны падчас стварэння падручніка “Гісторыя беларускае літаратуры” (Вільня, 1920) – першай сістэматызаванай гісторыі беларускай літаратуры ад самага яе зараджэння. Падручнік вытрымаў чатыры выданні (1920, 1921, 1924, 1926) і больш дзесяці гадоў служыў адзіным навучальным дапаможнікам не толькі для сярэдняй, але і для вышэйшай школы, у якім змяшчалася цэласная, паслядоўна выкладзеная, перыядызаваная гісторыя беларускага краснага пісьменства з уключэннем артыкулаў аб жыцці і творчасці многіх пісьменнікаў, у тым ліку і яго сучаснікаў. У чацвёртым выданні падручніка Гарэцкі змясціў слоўнічак літаратуразнаўчых тэрмінаў “Назваслоўе”. Гэта была першая спроба сістэматызаваць літаратуразнаўчую тэрміналогію, скарыстоўваючы ўжо распаўсюджаныя, распрацаваныя яшчэ з часоў антычнасці тэрміны, дапоўніць іх беларускімі варыянтамі пэўных назваў. На жаль, многія прапанаваныя ім арыгінальныя тэрміны не прыжыліся. Пасля арышту Гарэцкага падручнік быў выдалены з навучальных праграм, канфіскаваны з бібліятэк. Перавыдадзены ён толькі ў 1992 годзе.

Кнігі іншых вучоных – даследчыкаў беларускай літаратуры Мікалая Янчука “Нарысы па гісторыі беларускае літаратуры” (1922) і Антона Луцкевіча “Нашы песняры” (1918) таксама адлюстроўвалі першыя поспехі маладой беларускай літаратуры. Яшчэ ў 1912 годзе Янчук у нарысе “Некалькі слоў пра найноўшую беларускую літаратуру” не толькі зрабіў агляд мастацкіх твораў, але і паспрабаваў даць перыядызацыю той невялікай яшчэ гісторыі прыгожага пісьменства на Беларусі, якая была. Антон Луцкевіч пакінуў досыць значную літаратуразнаўчую спадчыну. Ён напісаў артыкулы пра першы Статут Вялікага княства Літоўскага, жыццё і творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі, займаўся вывучэннем мовы скарынаўскіх выданняў. Большасць яго літаратурных прац была выдадзена ў Вільні ў 1929 г. ў зборніку “Адбітае жыццё”.

Іван Замоцін яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі быў вядомы як даследчык рускай літаратуры ХІХ ст. У час працы ў Беларусі ён стаў адным з вядучых беларускіх літаратуразнаўцаў. Аўтар нарысаў пра Багдановіча, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Кандрата Крапівы, праблемных артыкулаў, рэцэнзій, ён узначаліў Інстытут літаратуры Акадэміі навук Беларусі. Вацлаў Ластоўскі выдаў у 1926 годзе ў Каўнасе “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі”. Гэта была “адна з найбольш салідных кніг ва ўсёй гісторыі беларускага літаратуразнаўства” (паводле сведчання У. Казберука). Яўген Барычэўскі з’ўляўся прадстаўніком культурна-гістарычнай школы ў беларускім літаратуразнаўстве даваеннай пары, адным з першых беларускіх бібліёграфаў і даследчыкаў тэорыі літаратуры. Яго працы “Паэтыка літаратурных жанраў”(1927) і “Тэорыя санета” (1927) былі першымі кнігамі, прысвечанымі чыста тэарэтычным пытанням літаратуразнаўства. Аляксандр Вазнясенскі стаў адным з заснавальнікаў беларускага параўнальна-тыпалагічнага літаратуразнаўства, выступаў з артыкуламі пра беларускіх пісьменнікаў, На жаль, яго доктарская дысертацыя “Даследаванні па гісторыі новай беларускай літаратуры” (1944) не была надрукавана. Адам Бабарэка – першы беларускі прафесійны крытык, “наш Бялінскі”, як яго называлі. Акрамя шматлікіх крытычных артыкулаў у беларускіх літаратурных часопісах, друкаваў і літаратурныя нататкі, у якіх распрацоўваў метадалагічныя праблемы літаратуразнаўства.

У 30-я – 40-я гады ХХ ст. негатыўна праявіла сябе вульгарна-сацыялагічная крытыка, прадстаўнікамі якой былі А. Кучар, Л.Бэндэ, Я. Герцовіч. Многія пісьменнікі на падставе крытычных водгукаў у тагачаснай прэсе былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. Такі ж лёс спасціг і многіх вучоных, тым ліку і згаданых намі літаратуразнаўцаў – М.Гарэцкага, І. Замоціна, А.Бабарэку, А. Вазнясенскага, В. Ластоўскага.

У 1931 годзе ў складзе Акадэміі навук БССР быў утвораны Інстытут літаратуры і мастацтва, які з 1935 па 1952 г. далучаў да сябе таксама і даследчыкаў мовы. У 1957 г. ён быў рэарганізаваны ў Інстытут літаратуры, а ў 2008 годзе зліты з Інстытутам мовы і атрымаў назву Інстытут мовы літаратуры імя Якуба Коласа Янкі Купалы. Як вядучая навуковая установа ў галіне літаратуразнаўства акадэмічны інстытут каардынуе даследчую работу па літаратуразнаўстве ва ўсёй рэспубліцы. Літаратуразнаўцы -- супрацоўнікі Інстытута выдалі многа манаграфічных даследаванняў, прысвечаных праблемам мастацкага метаду і стылю, мастацкаму перакладу і літаратурным узаемасувязям, тэксталогіі, творчасці асобных пісьменнікаў. Важнейшыя дасягненні Інстытута – выданне “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” ў 4хт., 5-і кн. (1999—2003), “Гісторыі беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў” у 2-х т. (2006—2007), “Анталогіі даўняй беларускай літаратуры: ХІ—першая палова ХУІІІ стагоддзя” (2003), біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі” ў 6-і т. (1992--1995), “Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей” у 4-х кн. (1993—1995) і інш. У Інстытуце працуе аддзел тэксталогіі, у якім падрыхтаваны поўныя акадэмічныя Зборы твораў класікаў Максіма Багдановіча (у 3-х т.) і Янкі Купалы (у 9-і т., 10-і кн.), шэраг Збораў твораў і выбраных твораў пісьменнікаў ХХ стагоддзя (цяпер выдаюцца Зборы твораў Максіма Танка ў 13-і т. і Якуба Коласа ў 20-і т.) і інш.

Акадэмічныя вучоныя В. Барысенка, І. Навуменка, Н. Перкін, Ю. Пшыркоў, У. Гніламёдаў, В. Каваленка, М. Мушынскі, А. Мальдзіс, А. Адамовіч, В. Жураўлёў, Г. Кісялёў, С. Лаўшук, П. Дзюбайла, І. Шпакоўскі, В. Чамярыцкі, М. Тычына, У. Казбярук, В. Гапава, Я.Гарадніцкі, А. Коршунаў, М. Ярош, А. Яскевіч – аўтары шматлікіх прац, прысвечаных актуальным праблемам беларускага літаратуразнаўства, мастацкай творчасці.

БДУ як вядучая навукова-педагагічная установа з самага яго заснавання (1921 г.) меў у сваім складзе на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака выдатных вучоных-тэарэтыкаў, у тым ліку філолагаў, сярод іх -- Замоцін, Барычэўскі, Вазнясенскі, М. Піятуховіч, Бабарэка. На асобным філалагічным факультэце (заснаваным у 1939 г.) працавалі і працуюць такія спецыялісты ў галіне гісторыі і тэорыі літаратуры, як І. Гутараў, М. Ларчанка, С. Александровіч, Н. Гілевіч, І. Навуменка, А. Лойка, І.Шаблоўская, Дз. Бугаёў, К. Хромчанка, М. Яфімава, Т.Шамякіна, В. Рагойша, А. Бельскі, І. Чарота, А. Андрэеў, І.Багдановіч, У.Кароткі і інш.

Шэраг вядомых літаратуразнаўцаў, сярод якіх У. Калеснік, М. Штэйнер, В.Шынкарэнка, З.Мельнікава, М. Мішчанчук, С.Мусіенка, І.Жук, П.Васючэнка, працавалі і працуюць у іншых вышэйшых навучальных установах. Па падручніку В.Лазарука і А. Ленсу “Уводзіны ў літаратуразнаўства” вучылася некалькі пакаленняў філолагаў рэспублікі. Падрыхтоўка літаратуразнаўцаў праз аспірантуру і дактарантуру пастаянна дае прыток новых маладых кадраў вучоных.

У 70-90-я гг. ХХ ст. шырокую вядомасць набыла дзейнасць літаратурных крытыкаў, сярод якіх В. Бечык, Р. Бярозкін, Т. Грамадчанка, Г. Шупенька, Т. Чабан. Да думкі якіх прыслухоўваліся як творцы, так і чытачы.

У савецкі час было беларускімі літаратуразнаўцамі было створана нямала грунтоўных літаратуразнаўчых прац, якія не страцілі сваёй навуковай каштоўнасці і пазней. Аднак новыя грамадскія ўмовы, звязаныя з абвяшчэннем незалежнасці Рэспублікі Беларусь, зменамі ў сацыяльным ладзе запатрабавалі канцэптуальных змен у вывучэнні шэрагу літаратуразнаўчых праблем. Пераасэнсаванне датычыла новага прачытання творчасці пісьменнікаў, асобных перыядаў гісторыі нацыянальнай літаратуры, шляхоў яе развіцця, перыядызацыі. Сярод праблем сучаснага беларускага літаратуразнаўства аказаліся неабходнасць сцірання белых плям у гісторыі літаратуры, вяртання ў літаратуру, вывучэнне жыцця і творчасці раней забароненых пісьменнікаў і іх твораў, пераацэнка шэрагу пытанняў тэорыі літаратуры. Наспела і распрацоўка новых праблем, звязаных з паэтыкай літаратуры, нараталогіяй, гендэрнымі праблемамі. Пераасэнсоўваюцца і па-новаму разглядаюцца пытанні фалькларыстыкі, параўнальнага літаратуразнаўства, перакладазнаўства, тэксталогіі, аналізу мастацкага твора і інш.

Пытанні для самаправеркі:

1. Што вы можаце сказаць пра тэарэтыка-літаратурную думку ў старажытных Індыі, Кітаі, Грэцыі і Рыме?

2. Раскажыце пра станаўленне навукі пра літаратуру ў краінах Заходняй Еўропы.

3. Назавіце вядучых расійскіх літаратуразнаўцаў. Які ўклад яны ўнеслі ў развіццё літаратуразнаўства?

4 Як развівалася айчынная навука пра літаратуру? Назавіце вядомых беларускіх літаратуразнаўцаў і іх асноўныя працы.