Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводзіны ў літаратуразнаўства. Частка 1..doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

1.2.2. Расійскае літаратуразнаўства.

Літаратуразнаўства ў Расіі адставала ад заходнееўрапейскага, і гэта было звязана з больш познім пачаткам развіцця рускай літаратуры. Таму характэрна, што першыя навуковыя досведы, звязаныя з мастацкім словам, грунтаваліся на аналізе рускай міфалогіі, а ў працах рускіх даследчыкаў яго Ф. Буслаева і А. Афанасьева адчуваўся ўплыў заходнееўрапейскай міфалагічнай школы. Але Буслаеў ужо адсочваў узаемадзеянне народнай паэзіі з рускімі пісьмовымі помнікамі, а Афанасьеў цікавіўся пытаннем вытокаў рускай міфалогіі.

Пераход ад царкоўнай духоўнай кніжнасці да свецкай літаратуры ў Расіі адбываўся ў пару росквіту заходнееўрапейскага класіцызму. Таму напачатку былі ўспрыняты многія ідэі заходнееўрапейскіх вучоных-класіцыстаў. Рускія пісьменнікі-класіцысты таксама зыходзілі з вопыту сваіх замежных папярэднікаў, засвойвалі і тэарэтычныя устаноўкі класіцызму. Адным з першых на іх адгукнуўся паэт А. Сумарокаў які стаў тэарэтыкам рускага класіцызму. У яго “Эпістале аб вершатворчасці” (1748) адчуваецца ўплыў ідэй “Паэтыкі” Буало. Разам з тым, рускі класіцызм істотна адрозніваўся ад заходнееўрапейскага. Перад рускімі пісьменнікамі паўставалі і многія спецыфічныя задачы. Патрабавалася рэфармаваць рускую мову, вызваліцца ад панавання ў ёй царкоўнаславянізмаў. Наспявала і рэформа ў сферы вершавання. Васіль Трэдзіякоўскі ў сваім трактаце “Новы і кароткі спосаб да складання расійскіх вершаў з вызначэннем для гэтага прыналежных званняў” (1735) паклаў пачатак гэтай рэформе, рашуча выступіў супраць выкарыстання выключна сілабічнага прынцыпа вершавання. Ідэі Трэдзіякоўскага дапоўніў і развіў М. Ламаносаў у трактаце “Пісьмо аб правілах расійскага вершавання”(1739) і ў дзвюх філалагічных працах -- “Рыторыка” (1748) і “Граматыка”. Першая з іх была адзіным на той час даступным адукаванаму чытачу дапаможнікам па пытаннях тэорыі літаратуры і паэтычнай стылістыкі. Другая паказвала магчымасці выкарыстання рускай мовы ў мастацкай творчасці. У завяршальнай працы “філалагічнага цыкла” тэарэтычных трактатаў Ламаносава “Аб карыснасці кніг царкоўных у рускай мове” (1757) было тэарэтычна сфармулявана вучэнне аб трох стылях у рускай мове, дадзена класіфікацыя літаратурных жанраў таго часу.

Дзякуючы рэфармісцкай дзейнасці Ламаносава адбыўся досыць хуткі пераход рускай літаратуры да рамантызму. У творчасці А. Пушкіна, які зведаў яшчэ ўплыў класіцызму, рамантычныя, а затым і рэалістычныя прынцыпы мастацкага выяўлення ўвасобіліся найбольш яскрава. Гэта дало і новы накірунак тэарэтычным развагам. На аналізе творчасці Пушкіна першы рускі крытык Бялінскі разгарнуў абгрунтаванне ролі мастацкай літаратуры ў грамадстве, паказаў значэнне светапогляду аўтара для творчага працэсу. Як тэарэтык літаратуразнаўства ён выступіў у рабоце “Раздзяленне паэзіі на роды і віды” (1841), зрабіў сучаснае яму вытлумачэнне сістэматызацыі літаратуры паводле яе родавай прыналежнасці. Пад уздзеяннем Бялінскага пазнейшая крытыка набыла ў Расіі надзвычайны статус, узнімаючыся нават да палітычнай публіцыстыкі. Гэта пераканаўча засведчыла дзейнасць А. Герцэна, М. Дабралюбава, Дз. Пісарава, М.Чарнышэўскага. Рэвалюцыйна-дэмакратычная крытыка, прадстаўнікамі якой яны з’яўляліся, імкнулася звязаць чыста літаратурныя з’явы з падзеямі ў грамадстве. Дабралюбаў вызначыў галоўны прынцып “рэальнай крытыкі” – аналізаваць літаратурны твор як з’яву самога жыцця, як сродак для вытлумачэння праблем свайго часу.

У сваіх навуковых працах А. Весялоўскі адштурхоўваўся ад даследванняў прадстаўнікоў міфалагічнай школы, але пайшоў далей за іх, займаўся праблемамі генезісу мастацкай творчасці, параўнальнага літаратуразнаўства, вылучыў ідэю аб сінкрэтычным характары першабытнага мастацтва. У сваёй “Гістарычнай паэтыцы” (1906) ён зрабіў спробу расачыць працэс эвалюцыі літаратурных жанраў, а таксама вобразнасці. Другі вядомы рускі філолаг, А. Патабня, таксама звязваў літаратурную творчасць з грамадзянскасцю. У рабоце “З лекцый па гісторыі славеснасці” (1905) ён пісаў: “Патрэбна спачатку жыць у грамадстве, каб недарэмна пісаць для яго”. Патабня стаў родапачынальнікам псіхалагічнай літаратуразнаўчай школы ў Расіі.

У савецкім літаратуразнаўстве актыўна распрацоўваліся пытанні класавасці, партыйнасці, народнасці літаратуры, абгрунтоўваліся праблемы, звязаныя з сацыялістычным рэалізмам, абвешчаным у якасці асноўнага метаду мастацкай творчасці. Многія наватарскія ідэі ў галіне літаратуразнаўства з цяжкасцю прабівалі сабе дарогу. На дзейнасці такіх вучоных, як Д. Ліхачоў, В. Жырмунскі, М. Бахцін, Ю. Лотман, М. Гаспараў, адбілася негатыўнае стаўленне да наватарства, да пошуку новых шляхоў даследавання. Заходняе літаратуразнаўства, такія напрамкі яго развіцця, як структуралізм, семіётыка, асуджаліся як буржуазныя. Не было поўнай і праўдзівай інфармацыі пра дзейнасць замежных вучоных-літаратуразнаўцаў.

У постсавецкі час літаратуразнаўства ў Расіі, як і ў былых рэспубліках СССР, а таксама ў краінах былога сацыялістычнага лагера ў першую чаргу аказалася вымушаным нанава ствараць гісторыі нацыянальных літаратур, папаўняць іх матэрыяламі аб пісьменніках і творах, якія былі пад своеасаблівай негалоснай забаронай, вырашаць пытанні перыядызацыі, па-новаму разглядаць праблемы грамадзянскасці, паэтыкі, аналізу мастацкага твора. Разам з тым адбыўся і пэўны перакос у бок гіпертрафіраванай увагі да літаратуры постмадэрнізму, паралітаратуры, да таго, што і мастацкай літаратурай назваць часам нельга.