Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводзіны ў літаратуразнаўства. Частка 1..doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

2.3.9. Літаратура і іншыя віды мастацтва

а) Літаратура і музыка.

Музыка – гэта свет гукаў, якія існуюць у прыродзе і арганізуюцца ў музычным творы па асобых законах гукавой гармоніі. Вось як пра гэта сказаў паэт:

Послушай: музыка вокруг. Она во всем – в самой природе,

И для бесчисленных мелодий она сама рождает звук.

Ей служат ветер, плеск волны, раскаты грома, звук капели,

Птиц несмолкаемые трели среди зеленой тишины,

И дятла дробь, и поездов гудки..

Вот потому-то иногда почудится в концертном зале,

Что нам о солнце рассказали, о том, как плещется вода,

Как ветер шелестит листвой, как, заскрипев, качнулись ели…

А это арфы нам напели, рояль, и скрипка, и гобой! (М. Івенсен)

Калі-нікалі гэта – рэальныя гукі, якія лёгка запамінаюцца і ствараюць, як і ў жывапісе, абрысы прадметаў. Дадзены прадмет і можа быць названы словам. Успомніце, напрыклад, знакаміты “Палёт шмяля” М. Рымскага-Корсакава ці не менш вядомых “Матылькоў” (“Бабочек”) Э. Грыга. Як адрозніваюцца бархатныя гукі шмяля ў палёце ад лёгкага шэлесту крылляў матылькоў, якія кружацца ў палёце! Вы пазнаеце іх: гук быццам “прамалёўвае” рух. Такога прадметнага вызначэння няма ў назвах музычных твораў. Кампазітар абмяжоўваецца азначэннем жанру (напрыклад, “Саната” ці “Накцюрн”). Пластычныя вобразы, народжаныя вобразамі музычнымі, узнікаюць ужо ва ўяўленні чалавека, які слухае музыку. Пры жаданні ён можа перакласці такія вобразы на мову слоў, апісваючы карціны, што ўзніклі ў яго ўяўленні. Гэта будзе “пераклад” вельмі прыблізны і, безумоўна, не раўназначны.

У слове музыку акаляючага свету найбольш набліжана можа перадаць паэзія, якая існуе па тых жа законах гукавой гармоніі (кажуць “мелодыя радка”, “музыка верша”). Празаічная мова праз выразнасць маўленчай інтанацыі таксама здольна перадаваць у гуку эмацыянальны стан чалавека. Менавіта гэта здольнасць аб’ядноўвае музыку і літаратуру. З’яўляюцца гукавыя асацыяцыі – узнікае гукавы вобраз. І калі адна з важнейшых якасцей літаратуры – уменне ўзнавіць словам музыку акаляючага свету, то ўменне пачуць гэту музыку – неабходная якасць чытача. І чалавека-творцы. “Чалавек стаў чалавекам, калі пачуў шэпт лістоты і песню коніка, журчанне вясенняга ручая і звон срэбраных званочкаў жаўранка ў бяздонным летнім небе, шорах сняжынак і завыванне завірухі за вакном, пяшчотны пляск хвалі і ўрачыстую цішыню ночы, – пачуў і, затаіўшы дыханне, слухае сотні і тысячы гадоў цудоўную музыку жыцця”, – так пісаў таленавіты педагог Васіль Аляксандравіч Сухамлінскі.

б) Літаратура і жывапіс.

Славесны жывапіс – наколькі магчыма такое вызначэнне літаратуры? Ці можна адлюстраваць нябачны ўнутраны свет чалавека без жывапіснага адлюстравання акаляючага свету? Бо менавіта праз адносіны да акаляючага свету праяўляюцца пачуцці чалавека, яго светаразуменне.

Выяўленчыя мастацтвы – жывапіс, графіка, скульптура – могуць прадставіть прадмет найбольш бачна, “аб’ёмна”. Мастацкі вобраз, які ўспрымаецца гледачом, пластычны і шматфарбавы, але статычны: мастак можа адлюстраваць толькі адзін момант з жыцця чалавека (партрэт), прадмета (нацюрморт, інтэр’ер), прыроды (пейзаж).

Пісьменнік узнаўляе бачны свет з дапамогай вобразаў, якія ўвасабляюць яго думку і будзяць фантазію чытачоў. Ён здольны ўзнавіць не толькі адзін момант падзеі, але і паказаць яе ў развіцці, калі абрысы карціны змяняюцца.

І ў першым, і ў другім выпадку трэба ўмець бачыць. Глядзець і бачыць – якая розніца паміж гэтымі паняццямі? Здольнасць глядзець даецца ад нараджэння, здольнасць бачыць набываецца, залежыць ад эстэтычнага вопыту чалавека. Здольнасць бачыць фарміруецца перш за ўсё мэтанакіраваным знаёмствам з творамі жывапісу. “Любите жывопись, поэты!” – гэты зварот М. Забалоцкага можна адрасаваць і да чытача. І дапоўніць заклік: “Вучыцесь бачыць прыгажосць знешняга свету, узноўленую словам!”

Паэзія жывапісная па сваёй прыродзе. А проза? Партрэт персанажа, пейзаж і іншыя апісанні – наколькі яны “бачныя”? Бачныя, і не толькі бачныя, але і асязальныя, датыкальныя, гучныя. Бо ёсць пісьменнікі, асабліва ўважлівыя да фарбаў, гукаў, пахаў знешняга свету (Янка Купала, Якуб Колас, Я. Брыль, К. Паустоўскі, І. Бунін).

в) Літаратура і тэатр.

Узаемасувязь названых відаў мастацтваў асабліва арганічная. Па сутнасці, літаратурны твор драматургічнага характару ў роўнай ступені належыць і літаратуры, і тэатру. Сцэнічнае прадвызначэнне – галоўная спецыфічная рыса драмы як рода літаратуры. Драма жыве ў тэатры і атрымлівае закончаную форму толькі пры сцэнічным увасабленні. Аднак апошнім часам дадзеная ўзаемасувязь пацярпела змены: з’явіліся новыя разнавіднасці драматычных твораў, якія набылі назвы “драма для чытання” і “сцэнарый для чытання”. Адпаведна, яны не імкнуцца да звышзадачы быць пастаўленымі на сцэне, а таму іх прадвызначэнне – існаваць у выглядзе літаратурнага твора.

Успрыняцце і разуменне драмы патрабуе развітога ўяўлення чытачоў: пры ўспрыняцці літаратурнага твора ён павінен стварыць у сваім уяўленні некаторае дзеянне, у думках адчуць, як бы яно адбывалася на самой справе пры пастаноўцы.

Пастаноўка спектакля – праца вялікага творчага калектыву. Ажыццяўляючы задуму рэжысёра, кожны з удзельнікаў уносіць свой уклад. Сцэнаграфія спектакля вызначаецца мастаком-пастаноўшчыкам. Яго задача – настроіць гледача на “хвалю” спектакля, увесці яго ў свет п’есы, у свет герояў яшчэ да таго, як пачнецца дзеянне. Зрокавы вобраз п’есы стварае пэўную эмацыянальную атмасферу. Тут вялікая прастора для фантазіі мастака, але мастака-інтэпрэтатара.

Мастак-дэкаратар стварае дэкарацыі, дапамагаючы мастаку-пастаноўшчыку. Мастак па касцюмах працуе па эскізах касцюмаў, распрацаваных пастаноўшчыкам (з пазіцый выяўленчага рашэння ўсяго спектакля), гэта тэатральны мастак-мадэльер, які ўважліва вывучае касцюмы розных эпох і народаў. Ёсць і мастак-грымёр. Кожная з гэтых прафесій – творчая, якая патрабуе таленту мастака-інтэпрэтатара літаратурнага твора. Дзякуючы іх працы нярэчыўнасць славесна-мастацкіх вобразаў набывае жывую цялеснасць, пластыка адлюстравання становіцца бачнай.

г) Літаратура і кіно.

Кіно – малады від мастацтва. Як тэхнічны набытак яно ўвайшло ў жыццё чалавецтва толькі крыху больш за 100 гадоў таму назад і ўжо паспела пераўтварыцца ў самае масавае з мастацтваў, пацясніўшы іншыя віды. І тут няма нічога дзіўнага: кінематограф зарадзіўся ва ўлонні мастацтваў, якія існавалі тысячы год, а таму актыўна ўзбагачаўся ўсімі іх набыткамі.

Кіно і літаратуру аб’ядноўвае ўзнаўленне жыцця ў часе і прасторы. І пры ўспрыняцці кнігі, і пры праглядзе кінафільма перад намі ўзнікаюць зрокава-славесныя вобразы, адбываюцца падзеі. Зрокавыя вобразы з’яўляюцца сілай нашага ўяўлення, а кінавобразы мы бачым непасрэдна.

Па сваёй прыродзе мастацкі кінавобраз найбольш падобны да вобраза паэтычнага. Іх аб’ядноўвае сэнсавае пераўтварэнне, значнасць, навізна ўспрыняцця звычайных слоў – у паэтычным кантэксце, звычайных жыццёвых сітуацый – у кінакадры. Розніца – у “матэрыяле” мастацкага вобраза. У літаратуры гэта – слова. Сінтэтычнасць кінавобраза, які перапрацоўвае славесны вобраз, узнікае на перасячэнні ўсіх відаў мастацтва: выяўленчых (фота, жывапіс, скульптура), музычных, тэатральных.

Са славесным вобразам у кінавобраза асаблівая сувязь – магчымасць развіцця ў прасторы і ў часе. Мастацкі спосаб такога прасторава-часавага аб’яднання тэрміналагічна вызанчаецца як мантаж.