Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводзіны ў літаратуразнаўства. Частка 1..doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

2.3. Літаратура як від мастацтва

2.3.1. Вытокі літаратуры

Літаратура, як і іншыя віды мастацтва, зарадзілася ў першабытным сінкрэтычным (нерасчлянёным) мастацтве, якое было цесна звязана з магіяй, рытуалам і міфалогіяй. На думку выдатнага рускага гісторыка і тэарэтыка літаратуры ХІХ ст. Аляксандра Весялоўскага, станаўленне літаратуры як віду мастацтва адбывалася праз вылучэнне з першабытнага абрадавага хора эпасу, лірыкі і драмы як літаратурных родаў. Дзеянні абрадавага хора першабытных народаў уяўлялі сабой рытуальныя гульні-скокі, у якіх целарухі суправаджаліся спевамі-воклічамі радасці або смутку. З воклічаў найбольш актыўных удзельнікаў хора (запявал-карыфеяў) выраслі ліра-эпічныя песні (канцілены), якія з часам адасобіліся ад абраду. Такім чынам, перашапачатковай формай уласна паэзіі стала ліра-эпічная песня. На аснове такіх песень пасля сфарміраваліся эпічныя аповеды. З воклічаў уласна хора вырасла лірыка (спачатку групавая, калектыўная), якая з часам таксама вылучылася з абраду. А з абмену рэплікамі паміж хорам і запяваламі ўзнікла драма, якая, у адрозненне ад эпасу і лірыкі, атрымаўшы самастойнасць, захавала ўвесь сінкрэтызм абрадавага хора.

Тэорыя паходжання літаратурных родаў, прапанаваная А. Весялоўскім у яго фундаментальнай працы “Гістарычная паэтыка”, пацвярджаецца мноствам вядомых сучаснай навуцы дадзеных з жыцця перашабытных народаў. Несумненна паходжанне драмы з абрадавых дзеянняў: скокі і пантаміма паступова ўсё больш актыўна суправаджаліся словамі ўдзельнікаў абрадавага дзеяння. Разам з тым, у тэорыі А. Весялоўскага не ўлічана, што эпас і лірыка маглі фарміравацца і незалежна ад абрадавага дзеяння. Так, міфалагічныя казанні, на аснове якіх замацоўваліся празаічныя легенды, сагі і казкі, узнікалі па-за хорам. Яны не спяваліся ўдзельнікамі масавага абраду, а апавядаліся кім-небудзь з прадстаўнікоў племені. Лірыка таксама магла фарміравацца па-за абрадам. Лірычнае самавыражэнне ўзнікала ў вытворчых (працоўных) і бытавых адносінах перашабытных народаў. Такім чынам, існавалі розныя шляхі фарміравання літаратурных родаў і літаратуры як віду мастацтва. І абрадавы хор быў адным з іх.

2.3.2. Літаратура і фальклор

Перш чым з’явіліся ўласна літаратурныя эпічныя або лірычныя творы, чалавецтва атрымала ў спадчыну ад архаічных часоў старажытныя вусныя віды і жанры – замовы, працоўныя песні, казкі, загадкі, прыказкі і прымаўкі, якія складаюць аснову жанрава-відавой сістэмы фальклору розных народаў свету. Гэта дало падставы вучоным разглядаць вусную народную творчасць (ці фальклор) у якасці папярэдніка ўласна літаратурнай мастацкай творчасці. Аднак і сёння лічыць фальклор асновай мастацкай літаратуры як выразна індывідуальнай аўтарскай творчасці не зусім карэктна.

Фальклор і літаратура ўтвараюць адзіную прастору слоўнага мастацтва, але гэта дзве, хоць і блізкія, але розныя мастацкія сістэмы, два розныя спосабы творчасці:

1) фальклор і літаратура старажытнага перыяду маюць розныя жанравыя сістэмы. Напрыклад, замовы, песні, прымхліцы, загадкі – у фальклоры, а хронікі, словы, летапісы, аповесці – у старажытнай літаратуры;

2) фальклор першасны ў дачыненні да літаратуры, але не лепшы і не горшы за яе. Вышэйшыя дасягненні вуснай народнай творчасці могуць быць суаднесены з эстэтычнымі каштоўнасцямі літаратуры. Старажытная літаратура, як і літаратура пазнейшага часу, многім фальклору абавязана. Пад час свайго нараджэння літаратура атрымала ў спадчыну ад фальклору адпаведныя структуры, выпрацаваныя ў фальклоры:

  • апазіцыю верш – проза;

  • прынцыповую схему сюжэта “завязка – развіццё дзеяння – развязка”, звязаную з вырашэннем лакальнага канфлікту;

  • практычна ўсе прынцыпы стварэння мастацкага вобраза (структуру метафары, прынцып метаніміі, сімвал, эпітэт, іронію, гратэск, гіпербалу, літоту);

3) мова фальклору і літаратуры належыць розным дыскурсам. Аднак у розныя перыяды гістарычнага развіцця яны ўзаемадзейнічалі з рознай ступенню інтэнсіўнасці:

  • эпоха Сярэдневечча: у летапісах часта сустракаюцца пераказы народных абрадаў, гулянняў, легенд; у “Слове пра паход Ігаравы” выкарыстоўваюцца выразныя сродкі паэтыкі, характэрныя для фальклору (плач Яраслаўны і інш.).

  • Новы час: літаратуру характарызуе працэс дэмакратызацыі, што зрабіў яе свецкай. Прыблізна ў гэтых час дэмакратызацыя праходзіла і ў фальклоры. Адначасова фарміруецца кантавая культура – рэлігійная (псальмы) і свецкая (канты), у стварэнні якой прымаюць удзел і духавенства, і свецкія аўтары. Пад уплывам царквы названыя творы трапляюць “у народ”, пачынаюць перадавацца з вуснаў у вусны, набываючы фалькларызаванае гучанне;

  • эпоха Асветніцтва і рамантызму: стасункі паміж фальклорам і літаратурай адбываюцца на ўзроўні распрацоўкі фальклорных вобразаў, матываў, сюжэтаў, стылізацыі “пад фальклор”, пад “міфалагічнае” (творчасць братоў Грым, А. Міцкевіча, В. Дуніна-Марцінкевіча і інш.). Так з’явілася ў навуцы паняцце “фалькларызм” – другасная форма існавання фальклору. Ён з’яўляецца адным з фактараў станаўлення нацыянальных літаратур, у прыватнасці беларускай, з іх адметным поглядам на свет, стылістыкай, сістэмай персанажаў (напрыклад, купалаўскі Машэка, “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Караткевіча і інш.);

  • эпоха рэалізму: у ХІХ ст. атрымлівае жыццё неаміфалагізм – фальклорна-міфалагічная плынь, якая выкарыстоўваецца для паглыблення сацыяльна-філасофскага зместу літаратурных твораў. Гэта дазволіла пашырыць маштабы падзей і разглядаць іх у кантэксце праблем быцця (“Апошняя пастараль” А. Адамовіча). Фальклорныя рэмінісцэнцыі, цытаты – гэта выключна прыналежнасць літаратуры, таму што яны набываюць у аўтарскіх творах новую семантыку (творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, Лесі Украінкі і Т. Шаўчэнкі, М. Жукоўскага і М. Гогаля і інш.).