Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводзіны ў літаратуразнаўства. Частка 1..doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

2.2.3. Грамадзянскасць мастака.

Грамадзянскасць у мастацтве ўвасабляе тыя якасці і ўласцівасці паводзін творцы, якія праяўляюцца ў яго здольнасці або гатоўнасці актыўна ўдзельнічаць у справах дзяржавы, падтрымліваць яе сваёй творчасцю, адстойваць яе ідэалы. Літаратура як форма грамадскіх адносін мае грамадзянскі характар. Звычайна творчая асоба, выхаваная ўсім ладам сямейнага і грамадскага жыцця, з дзяцінства надзеленая пэўнымі маральна-этычнымі і грамадскімі ўяўленнямі, выступае і ў сваёй творчасці як прыхільнік таго ладу, у межах якога давялося з’явіцца на свет і жыць. Але часта негатыўныя праявы ў жыцці дзяржавы, дзейнасці яе кіраўнікоў, усвядомленыя творцам, пабуджаюць яго выступіць у абарону справядлівасці, словам і справай уключыцца ў барацьбу супраць існуючых парадкаў. Такога роду дзейнасць аацэньваецца як з’ява пазітыўная. Негатыўныя ж тэндэнцыі ў дзейнасці мастака-грамадзяніна могуць выявіцца ў яго папулізме, канфармізме або ў сервільнасці – ліслівым дагаджанні ўладзе, кіраўнікам дзяржавы. Грамадзянскасць мастака супрацьлеглая апалітычнасці, сацыяльна-палітычнай індыферэнтнасці, абыякавасці да палітыкі і грамадзянскіх абавязкаў. Яна бачыцца ў выразным патрыятызме, палітычнай актыўнасці, удзеле пісьменніка ў пэўных акцыях грамадства не толькі словам, але і непасрэднай працай у радах якой-небудзь партыі, згуртавання.

Пытанне аб грамадзянскасці ў творчасці хвалявала многіх пісьменнікаў, асабліва тых, хто імкнуўся пісаць пра надзённыя праблемы свайго часу, зыходзячы з пэўных светапоглядных крытэрыяў. Разуменне грамадзянскасці мастака Пушкіным выявілася ў многіх яго вершах. Аляксандр Пушкін выступаў супраць рэакцыйных для яго часу напрамкаў у літаратуры, супраць прыдворнай эстэтыкі класіцызму, якая патрабавала услаўлення існуючага ладу, супраць тых, хто захапляўся ўсім іншаземным, і тых, хто адстойваў патрыярхальныя устоі даўніны. Выказванні М. Някрасава аб літаратуры і мастацтве, як і яго вершы, таксама непарыўна звязаны з яго поглядамі на грамадзянскасць літаратуры, яе сацыяльную ролю. “Будь гражданин! Служа искусству, для блага ближнего живи…”, -- заклікаў М. Някрасаў у вершы “Поэт и гражданин”. “Любоў да айчыны, -- пісаў ён у адным са сваіх артыкулаў аб літаратуры, -- заключаецца перш за ўсё ў глыбокім, страсным і небясплённым жаданні яму дабра і асветы, у гатоўнасці несці яму на алтар грамадзянскі набытак і само жыццё; у гарачым спачуванні ўсяму добраму ў ім і ў высакародным абурэнні супраць таго, што запавольвае шлях да ўдасканалення”. Творчасць класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Багдановіча, Гарэцкага была прасякнутай ідэяй служэння свайму народу. Творчая і грамадзянская дзейнасць у іх непадзельна спалучаліся.

У філасофіі, эстэтыцы і тэорыі літаратуры яшчэ ў XIX стагоддзі ўзніклі ідэі класавасці і тэндэнцыйнасці мастацтва. Сапраўды, свядома ці несвядома, кожны творца адлюстроўвае жыццё з пазіцый пэўнага класа сучаснага яму грамадства, пераважна таго, у якім ён узгадаваўся. Але прымяненне паняцця класавасці ў адносінах да культуры абмяжоўвае ўяўленне пра пазіцыю, якую займае творчая асоба. Нават і раней прызнавалася, што часта чалавек, выхаваны ў ідэалогіі пануючага класа, станавіўся абаронцам класа прыгнечанага, абараняў ідэалы, якія былі чужымі таму саслоўю, да якога ён сам належаў. У якасці прыкладаў прыводзілася грамадзянская пазіцыя дваран: Аляксандр Пушкін як антаганіст у адносінах да царызму, прыхільнік дзекабрыстаў; Мікалай Някрасаў, які выступаў выразнікам ідэй рэвалюцыйных дэмакратаў; Леў Талстой з яго “мужыцкім дэмакратызмам”; Аляксей Талстой, які стаў прыхільнікам камуністычнай ідэі. У перыяды рэзкіх змен у сацыяльным ладзе многія выхадцы з класаў, якія панавалі да перамен, станавіліся на бок класаў, якія выступалі з новых пазіцый. Паняцце грамадзянскасці дазваляе усвядоміць сутнасць адносін мастака да сучаснай яму грамадзянскай супольнасці. Галоўнае для вызначэння грамадскіх поглядаў пісьменніка – яго творчасць. Яго ідэйная пазіцыя выразна бачна ў напісаных ім творах.

Грамадзянскасць пазіцыі мастака праявілася даўно, яшчэ пры рабаўласніцкім ладзе. Яна яскрава відаць у адносінах тагачаснага творцы да існаваўшых тады парадкаў у дзяржаве, нораваў, ідэй, у выбары персанажаў, у сацыяльных сімпатыях і антыпатыях аўтара. Арыстафан у сваіх камедыях “Коннікі”, “Лісістрата” высмейваў заганы грэчаскіх гараджан, крытыкаваў афінскіх філосафаў-дэмагогаў, узнімаў свой голас супраць войнаў. Грэчаскі паэт Гіпанакт у сваіх вершах асуджаў прадстаўнікоў “вышэйшых класаў”, багацеяў, нават багоў папракаў у тым, што яны апякуюцца знаццю, але не звяртаюць увагі на бедных. І ў далейшым, у Сярэднявеччы, у эпохі Адраджэння, Асветніцтва, ажно да сённяшніх дзён грамадзянская скіраванасць творчасці любога пісьменніка заўсёды яскрава выяўляецца Прычым не толькі пры адлюстраванні ім сацыяльных з’яў. Грамадзянская пазіцыя творцы накладвае адбітак і на эстэтычнае ўспрыняцце жыцця. Ідэалы прыгажосці, адносіны ў сям’і, каханне таксама падаюцца па-рознаму, у залежнасці ад сімпатый і антыпатый аўтара, яго светапогляду. Нават, здавалася б, поўнасцю індыферэнтнае, адасобленае апісанне падзей у мастацкім творы ўсё ж дазваляе выявіць пазіцыю аўтара, яго сімпатыі і антыпатыі ў адносінах да персанажаў. І сам выбар форм творчасці, арыентаванасць на пэўныя жанры паказвае, на каго разлічана напісанае.

Часам прадстаўнікі таго ці іншага віду мастацтва заяўляюць аб сваіх нібыта абыякавых адносінах да грамадскіх спраў, дзяржаўнага ладу, існуючых ідэалагічных установак. Аднак у грамадстве не можа быць “чыстых” ідэй, вольных ад рознага роду ўплываў. Так, французскі пісьменнік ХІХ стагоддзя Флабэр адмаўляў творчасці ў грамадскай ролі, прапаведваў ідэю “чыстага мастацтва”, лічыў, што для мастака існуе адзінае выйсце: жыць у “вежы са слановай косці”. У той жа час сам жа і прызнаваў, што “цвікі ягоных ботаў” ўвесь час прыцягвалі яго да зямлі. Нямецкі паэт Ф. Фрэйліграт у вершы “З Іспаніі”, напісаным у 1841 годзе, таксама скарыстаў сімвал вежы “больш высокай, чым вышка партыі”, для абгрунтавання сваёй надкласавай пазіцыі ў творчасці. Аднак адсядзецца ў “вежы” нікому з прадстаўнікоў самых розных відаў творчасці так і не ўдалося, ім даводзілася так ці інакш кантактаваць з грамадствам, вызначацца ў сваіх стаўленнях да яго. Больш таго, многія актыўна ўключаліся ў грамадскую дзейнасць, палітычную барацьбу, падтрымліваючы які-небудзь лагер не толькі ў творчасці, але часам і непасрэдным удзелам у парламенцкай дзейнасці, судовых працэсах, баявых дзеяннях. І ўлады звярталі ўвагу на дзейнасць асабліва актыўных змагароў за праўду і справядлівасць. Так, у фашысцкай Германіі палілі кнігі, знішчалі карціны няўгодных гітлераўскаму рэжыму творцаў, а іх саміх кідалі ў канцлагеры, знішчалі або вымушалі выехаць за межы краіны.

Крытыка эстэтычных канцэпцый “чыстага мастацтва”, “мастацтва для мастацтва”, у якіх дэкларавалася самамэтнасць мастацкай творчасці, яе незалежнасць ад палітыкі і сацыяльных умоў, з асаблівай палемічнай сілай разгарнулася ў XIX стагоддзі. “Няма навукі для навукі , няма мастацтва для мастацтва, усе яны існуюць для грамадства, для надання высакароднасці, для ўзвышэння чалавека, для яго ўзбагачэння ведамі і матэрыяльнымі зручнасцяі жыцця” , – слушна сцвярджаў Някрасаў.