Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводзіны ў літаратуразнаўства. Частка 1..doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

2.2.2. Ідэйнасць літаратуры.

Светапогляд мастака, сфарміраваны ў грамадскім жыцці, пад уплывам рэчаіснасці, жыццёвага вопыту, у сваю чаргу ўплывае на тое, з чым ён сам прыходзіць да тых, каму хоча прысвяціць свой талент. У творчасці пісьменнікаў, блізкіх па светапогляду, выяўляецца збліжэнне ці супадзенне іх творчых памкненняў, ідэйных пазіцый. Маральна-этычныя, эстэтычныя, філасофскія, сацыялагічныя, рэлігійныя ўяўленні пісьменніка непазбежна выяўляюцца ў тэматыцы, праблематыцы, пафасе, ідэйнай скіраванасці яго творчасці. Ідэйнасць звязана са светапоглядам мастака, абумоўлена яго адносінамі да рэчаіснасці. Галоўную думку, ідэю мастацкага твора пісьменніку падказвае тое, што было глыбока перажыта ім. Мастацкая ідэя – гэта абагульняючая эмацыянальная вобразная думка, якая пакладзена ў аснову твора. Мастацкая ідэя, ідэйнасць вызначаюць і свядомую схільнасць асобы да пэўнай сістэмы перадавых поглядаў, ідэалаў свайго часу. Лепшыя ўзоры з напісанага класікамі сусветнай літаратуры ствараліся на падставе глыбока прагрэсіўнай ідэі, якая падпарадкоўвала сабе як іх змест, так і форму. Наяўнасць глыбокай ідэі стварае магутны стымул для творцы. “Трэба, каб выспела думка, выспела настолькі, каб вы гарэлі ёй, плакалі над ёй, каб яна атручвала вам спакой”, – пісаў Л. Талстой. У мастацтве і літаратуры ідэйнасць з’яўляецца крытэрыем ацэнкі якасці мастацкіх твораў паводле сацыяльнай значнасці яго праблематыкі і мастацкай ідэі, зместу. Мастацкія ідэі ў творчасці могуць быць розныя, яны класіфікуюцца паводле іх тыпалогіі: сацыяльныя, палітычныя, маральна-этычныя, рэлігійныя, нацыянальна-патрыятычныя. Аўтарская ідэя часцей за ўсё супадае з аб’ектыўнай ідэяй твора, але можа часам і разыходзіцца з ёй з-за таго, што матэрыял твора, паміма волі аўтара, выяўляе памылковасць установак пісьменніка. Абсалютна безыдэйных твораў не бывае. Ідэя можа быць або свядома схаванай, замаскіраванай, або выступаць у лёгкаважнай форме, як нешта нязначнае, не вартае ўвагі.

Літаратура – адна з важнейшых форм ідэалагічнага ўздзеяння. Нездарма на яе развіццё заўсёды звяртаюць увагу і спрабуюць падпарадкаваць свайму ўплыву, сваім мэтам палітычныя дзеячы, кіраўнікі дзяржаў. Ідэалагізацыя як працэс прымусовага падпарадкавання грамадскай свядомасці афіцыйным ідэалагічным канцэпцыям і ўстаноўкам уладных структур, навязванне дзеячам культуры, творцам пэўных ідэалагічных поглядаў і стэрэатыпаў заўсёды мела месца ў дзяржавах, якія прытрымліваліся не дэмакратычных, а таталітарных метадаў кіраўніцтва. Масам унушалася ідэя ахвярнасці ў імя будучага, падпарадкаванне асабістых інтарэсаў інтарэсам партыі, дзяржавы. Але і ў краінах нават з развітай дэмакратыяй назіраюцца і цяпер спробы навязваць свае маральныя і ідэйныя устаноўкі не толькі ўнутры краіны, але і “экспартаваць” іх за свае межы. Сродкі масавай інфармацыі, асабліва Інтэрнэт, тэлебачанне, кіно, радыё, садзейнічаюць сёння надзвычай імкліваму росту культурных кантактаў народаў. Пры гэтым часта з замежжа прыўносяцца і не самыя лепшыя здабыткі іншанацыянальнай культуры, якія аказваюць шкоднае ўздзеянне на культуру айчынную. Таму ў многіх дзяржавах робяцца захады, каб не дапусціць распаўсюджання заведама злачынных твораў, накіраваных на распальванне расавай, рэлігійнай, нацыянальнай варожасці, прапаганды амаральных, шкодных для грамадства ўчынкаў. Іншая справа культурная акумуляцыя – дадаванне новых элементаў да існуючай культуры, працэс яе ўзбагачэння нечым прагрэсіўным са здабыткаў іншых грамадстваў. А вось займацца культурнай экспансіяй у карыслівых мэтах, спробы ўстанавіць пад выглядам глабалізацыі адзіны “новы парадак” ва ўсіх дзяржавах свету, ці хаця б у некаторых з іх, – задума заганная. Яе ўжо спрабавала ажыццявіць фашысцкая Германія з яе прэтэнзіяй на панаванне “вышэйшай расы” арыйцаў. Шавінізм, расізм, неафашызм не зжылі сябе, іх ідэалогія яшчэ праяўляе сябе, у тым ліку і ў сферы культуры, літаратуры.

У цяперашні час назіраецца і адваротная з’ява – прапаганда дэідэалагізацыі як грамадства ў цэлым, так і яго культуры. Яе адэпты заклікаюць далучыцца да даброт спажывецкага грамадства і “цывілізацыі адпачынку”. У такім спажывецка-геданістычным варыянце прапаноўваецца развівацца і мастацкай творчасці. Небывалы размах набыла масавая нібыта мастацкая прадукцыя, а на самай справе -- “творчасць” нізкапробная, безгустоўная. Праз літаратуру, кіно, тэлебачанне ідзе часам апашленне самага святога для чалавека, разбурэнне маральных устояў, высмейванне высокіх узораў творчасці, ачарненне нацыянальнай гісторыі. Асабліва прыкметна гэтыя з’явы праявіліся ў шэрагу краін, якія раней уваходзілі ў склад СССР. Пад выглядам абнаўлення, адмовы ад негатыўных праяў у грамадскім жыцці нядаўняга мінулага ішло свядомае разбурэнне і таго добрага, што ў ім было. Распальваецца нацыянальная варожасць, часам за кошт самаўзвелічэння адной нацыі над іншымі ўзрошчваецца разнавіднасць нацыяналізму, блізкая да фашызму.

Страта духоўных, гуманістычных арыенціраў згубна адбіваецца на мастацкай творчасці. Ю. Бораў у сваёй кнізе “Эстэтыка” так характарызуе сённяшнюю сітуацыю ў мастацтве: “Цяпер гуманістычна арыентаванае мастацтва набывае двух праціўнікаў, якія падточваюць і разбураюць гуманістычныя каштоўнасці чалавецтва. З аднаго боку, гэта сацыяльная абыякавасць, эгацэнтрызм асобы, якая святкуе гістарычнае вызваленне ад кантролю дзяржавы і склала з сябе ўсе абавязкі перад грамадствам, карысталюбства неафітаў “рынкавай эканомікі”. З другога боку, гэта лявацка-люмпенскі экстрэмізм абяздоленых карумпаванай і няўмелай дэмакратыяй, што прымушае людзей азірацца на сацыялістычныя каштоўнасці мінулага з іх статкавым калектывізмам, які знішчае асобу. Развіццё грамадства, яго ўдасканаленне павінны ісці праз чалавека, у імя асобы”.

Развіццё мастацкай літаратуры звязана і з пераемнасцю ідэй як заканамернай з’явай у працэсе грамадскага руху ад мінулага да будучага. Пытанне аб адносінах мастацтва да грамадскага жыцця яшчэ з часоў антычнасці мела вялікае значэнне. Яго вырашэнне зводзілася да двух процілеглых думак: або мастацтва пазнае жыццё, каб палепшыць яго, прыстасаваць да патрэб чалавека, або яно існуе дзеля самога мастацтва. Сёння яскрава бачна, што ідэйнасць процілеглая безыдэйнасці, фармалізму, дэкадэнству, тэорыі “мастацтва для мастацтва”. Быць ідэйным у мастацтве азначае актыўна ажыццяўляць яго выхаваўчую ролю ў інтарэсах грамадства. Дэідэалагізацыя ў мастацтве прыводзіць да адрыву творцы ад народа, засяроджанасці яго на тэмах і праблемах, далёкіх ад інтарэсаў грамадства, надзённых пытанняў часу. У той жа час празмерная ідэалагізацыя творчасці, якая ў некаторыя перыяды гістарычнага развіцца падтрымлівалася нават дзяржавай, прыводзіць да скажэння рэчаіснасці ў мастацкіх творах, тэндэнцыйнасці ў яе асвятленні.