
- •Уводзіны ў літаратуразнаўства
- •Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка.
- •Уводзіны
- •1. Літаратуразнаўства як навука
- •1.1. Сістэма ведаў пра літаратуру
- •1.1.1. Навука пра мастацкую літаратуру
- •1.1.2. Галоўныя галіны літаратуразнаўства
- •1.1.3. Дапаможныя галіны літаратуразнаўства.
- •1.1.4. Напрамкі сучаснага літаратуразнаўства
- •1.2. З гісторыі літаратуразнаўства
- •1.2.1. Замежнае літаратуразнаўства.
- •1.2.2. Расійскае літаратуразнаўства.
- •2.2.3. Беларускае літаратуразнаўства.
- •1.3. Метадалагічныя праблемы літаратуразнаўства
- •1.3.2. Спецыфіка літаратуразнаўчай метадалогіі
- •1.3.3. Галоўныя прынцыпы аналізу мастацкага твора
- •1.3.4. Асноўныя навуковыя школы
- •1.3.5. Літаратуразнаўчыя метады
- •1.3.6. Праблема цэласнага аналізу мастацкага твора
- •1.3.7. Навуковыя цэнтры па вывучэнні метадалагічных праблем літаратуразнаўства
- •2. Эстэтыка літаратуры
- •2.1. Агульнае і рознае ў мастацка-эстэтычным і навуковым пазнанні жыцця
- •2.1.1. Аб’ект, прадмет і змест мастацкага і навуковага пазнання
- •2.1.2. Сродак навуковага і мастацкага пазнання
- •2.1.3. Даўгавечнасць твораў навукі і мастацтва
- •2.1.4. Мэты і функцыі мастацка-эстэтычнага пазнання
- •2.2.1. Грамадскі воблік пісьменніка. Светапогляд мастака.
- •2.2.2. Ідэйнасць літаратуры.
- •2.2.3. Грамадзянскасць мастака.
- •2.2.4. Партыйнасць мастацтва.
- •2.2.5. Тэндэнцыйнасць у мастацтве.
- •2.2.6. Народнасць мастацтва.
- •2.2.7. Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў мастацтве.
- •2.2.8. Мастацкасць літаратуры.
- •2.3. Літаратура як від мастацтва
- •2.3.1. Вытокі літаратуры
- •2.3.2. Літаратура і фальклор
- •2.3.3. Спецыфіка мастацтва
- •Каштоўнасці
- •2.3.4. Падзел мастацтва на віды
- •2.3.5. Сутнасць літаратуры
- •2.3.6. Нярэчыўнасць вобразаў у літаратуры. Славесная пластыка
- •2.3.7. Слова і вобраз
- •2.3.8. Пісьменнік як адзін з асноўных стваральнікаў, узбагачальнікаў і захавальнікаў “душы народа” – яго мовы
- •2.3.9. Літаратура і іншыя віды мастацтва
- •2.3.10. Месца літаратуры сярод розных відаў мастацтва
- •2.3.11. Пісьменнік як творчая асоба
- •2.3.12. Асаблівасці літаратурнага таленту і асноўныя формы яго рэалізацыі: паэзія, проза, драматургія
- •2.3.13. Віды літаратурнай дзейнасці:
- •2.3.14. Розныя формы слоўна-мастацкага выказвання:
- •2.3.115. Этапы творчага працэсу
- •3. Паэтыка
- •3.1. Паэтыка як навуковая дысцыпліна
- •3.1.1. Сутнасць паэтыкі.
- •3.1.2. Віды паэтыкі
- •3.2. Літаратурныя роды, віды, жанры
- •3.2.1. Мастацкая літаратура як сістэма
- •3.2.2. Лірыка
- •3.2.3. Драма
- •3. 2.4. Эпас
- •3.2.5. Ліра-эпас і іншыя міжродавыя ўтварэнні
- •3.3. Літаратурны твор як мастацкае цэлае. Змест
- •3.3.1. Паняцце пра літаратурны твор
- •3.3.2. Мастацкая рэальнасць і мастацкая умоўнасць
- •3.3.3. Катэгорыя аўтара
- •3.3.4. Змест і форма як кампаненты структуры мастацкага твора
- •Літаратура Даведачная літаратура
- •Ауэрбах, э. Мимесис / э. Ауэрбах. -- м., 1976.
- •1. Літаратуразнаўства як навука
- •1.1. Сістэма ведаў пра літаратуру
- •2. Эстэтыка літаратуры
- •3. Паэтыка
2.2.1. Грамадскі воблік пісьменніка. Светапогляд мастака.
Літаратура як форма грамадскай свядомасці не толькі пазнае аб’ектыўную рэчаіснасць, але і сама ўздзейнічае на яе. Яна мае выключныя магчымасці для таго, каб паказаць жыццё людзей, паводле слоў Максіма Горкага, “у бесперапынным руху, у дзеянні, у бясконцых сутыкненнях паміж сабой, у барацьбе класаў, груп, адзінак”. Літаратура імкнецца выразіць думкі, перажыванні сучаснікаў, іх інтарэсы, спадзяванні, памкненні. Пісьменнік выбірае з масы з’яў і падзей жыцця тое, што найбольш яскрава выявіць яго думкі. Але ён не можа тварыць так, як яму захочацца, без уліку праўды жыцця, логікі развіцця падзей, без залежнасці ад прадмета пазнання, часу, таго матэрыялу, які ён па-мастацку выяўляеў сваім творы. Рэчаіснасць можа адлюстроўвацца ў ім з большай або меншай ступенню праўдзівасці, можа аказацца і ўвогуле скажонай. Усё залежыць ад светапогляду пісьменніка, яго грамадскай свядомасці, ідэйнай скіраванасці.
Кожны творца разлічвае, што зробленае ім будзе мець грамадскі водгук, акажацца хоць кім-небудзь успрынятым. Няхай сабе напачатку гэта будзе нехта адзін: сябра, таварыш па службе, каханая жанчына. Мець грамадскае прызнанне неабходна кожнаму, хто ўсведамляе сябе творцам, хоча данесці да іншых тое, што хвалюе яго, вымушае падзяліцца думкамі, пачуццямі, уражаннямі ад убачанага, перажытага. Кожны від мастацтва валодае такімі канкрэтнымі функцыямі, як пазнавальная, выхаваўчая, эстэтычная, камунікатыўная, этнагенетычная, якія непасрэдна звязаны з успрыняццем твора рэцэпіентам, кантактамі паміж ім і аўтарам. Але перш, чым будзе нешта створана ў любым відзе мастацтва, перш чым грамадства ўспрыме твор, яно спачатку само паўплывае на асобу мастака, паспрыяе яго нараджэнню, выспеліць яго талент, дасць яму дарогу ў жыццё. Творца нараджаецца ў грамадстве, яго здольнасці да пэўнага віду мастацтва павінны быць некім заўважаны, падтрыманы, ды і ён сам не можа адбыцца як мастак, калі не ўспрыме назапашанае яго папярэднікамі, народам, калі не будзе ў яго паклікання да таго, каб паслужыць грамадству сваім талентам. Вось чаму асаблівае значэнне мае светапогляд мастака, вось чаму ці не кожны з тых, хто ўзняўся да вяршынь у сваёй творчасці, з удзячнасцю ўспамінае пра тое, што паспрыяла яе вытокам. Рэчаіснасць, якая акружае кожнага чалавека з самага яго нараджэння, рознымі сваімі праявамі спрыяе фармаванню пэўных поглядаў на навакольны свет, паступова надае яму сістэму асабістых перакананняў, ідэалаў, светабачанне і светаўспрыманне. Працэс фармавання мастака заўсёды звязаны з канкрэтна-гістарычнымі абставінамі. На абуджэнне здольнасцей, развіццё таленту ўплывае многае – месца і час нараджэння, асяроддзе, сям’я, фізічныя і псіхічныя асаблівасці, сярод якіх -- памяць, развітае ўяўленне, воля да працы, набытыя веды і жыццёвыя ўражанні, здароўе, уплыў успрынятых відаў мастацтва (для пісьменніка – фальклору, прачытаных кніг), адоранасць, адносіны да першых крокаў у мастацкай творчасці, спрыяльныя або неспрыяльныя сацыяльныя ўмовы, магчымасці для развіцця здольнасцей, маральная і матэрыяльная падтрымка. Стымуламі да творчасці могуць быць жаданне выказацца, эмацыянальныя, патрыятычныя парывы, схільнасць да славалюбства, суперніцтва, а часам -- толькі задавальненне ад працэсу і вынікаў творчай працы. Усе яны звязаны з самавызначэннем і самасцвярджэннем мастака ў грамадстве. Грамадскі і эстэтычны ідэал мастака мае не толькі канкрэтна-гістарычны, але і класавы, нацыянальны характар. Кожны талент праяўляецца, расцвітае або гіне ў працэсе дзейнасці ў пэўнай дзяржаве, ён заўсёды належыць свайму народу, сваёй нацыі. Працэс фармавання светапогляду творчай асобы звязаны з яго маральна-этычнымі, сацыялагічнымі, філасофскімі, а часта і з рэлігійнымі пошукамі, вызначэннем каштоўнасных арыенціраў, патрэбнасцю ўсвядоміць сябе ў свеце, выявіць свае грамадзянскія схільнасці. Ад гэтага залежыць тое, якім будзе пафас творчасці, ідэйная скіраванасць мастака, выбар тэматыкі і праблематыкі яго твораў.
Творчыя няўдачы некаторых пісьменнікаў часта бываюць звязанымі з супярэчнасцямі ў іх светапоглядзе. Неакрэсленыя, няўстойлівыя погляды, ідэалы, перакананні аўтара прыводзяць да стварэння супярэчлівых характараў. Такімі аказаліся вобразы Базарава з “Отцов и детей” І. Тургенева, Марка Волахава ў “Обрыве” М. Ганчарова, Платона Каратаева ў “Войне и мире” Л. Талстога. Памылковыя грамадска-палітычныя погляды пісьменніка могуць праявіцца пад уплывам пэўных зрухаў у грамадстве, асабліва ў пару змен у дзяржаўным ладзе краіны, рэвалюцый, калі ломіцца звыклы лад жыцця. Каб усвядоміць, што адбылося, разабрацца ў падзеях, непрадузята ацаніць новае, многім бывае патрэбен вялікі адрэзак часу.