Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводзіны ў літаратуразнаўства. Частка 1..doc
Скачиваний:
5
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

2.1.2. Сродак навуковага і мастацкага пазнання

Здаўна, з самага зараджэння розных навук, сродкам іх пазнання сталі лагічны довад, доказ, сілагізм, формула. Сродкам мастацкага пазнання – таксама адразу з узнікненнем мастацтва – стаў вобраз. Вобраз – гэта асобы спосаб эстэтычнага ўвасаблення рэальнага і вымысленага свету ў канкрэтнай, індывідуальна-пачуццёвай форме. Разважаючы пра два розныя спосабы пазнання рэчаіснасці (навуковы і мастакі), В. Бялінскі пісаў: “Філосаф прамаўляе сілагізмамі, паэт – вобразамі і малюнкамі, а сцвярджаюць абодва адно і тое ж. Палітыка-эканом, узбройваючыся статыстычнымі лічбамі, даказвае, уздзейнічаючы на розум сваіх чытачоў ці слухачоў, што становішча пэўнага класа ў грамадстве шмат палепшылася ці шмат пагоршылася ў выніку тых ці іншых прычын. Паэт, узбройваючыся жывым і яскравым выяўленнем рэчаіснасці, паказвае, у дакладным малюнку, уздзейнічаючы на фантазію сваіх чытачоў, што становішча пэўнага класа ў грамадстве сапраўды шмат палепшылася ці пагоршылася ад тых ці іншых прычын. Адзін даказвае, другі паказвае, і абодва пераконваюць, толькі адзін лагічнымі довадамі, другі малюнкамі. Але першага слухаюць і разумеюць нямногія, другога – усе”. У гэтым выказванні скандэнсавана, бадай, асноўнае, што вызначае літаратурны вобраз. Па-першае, вобраз – сродак мастацкага пазнання рэчаіснасці (у адрознення ад сілагізму як сродку павуковага пазнання). У іншым месцы В. Бялінскі гаворыць: “У тым і сутнасць паэзіі, што яна бясплотнай ідэі дае жывы, пачуццёвы і прыгожы вобраз”. Па-другое, паэтычны вобраз – гэта пэўнае жывое і яскравае выяўленне рэчаіснасці, своеасаблівы прыгожы і пачуццёвы малюнак. Паняцці ж, якімі аперыруюць вучоныя пры лагічных довадах, гэта, у адрозненне ад вобраза, – толькі знакі нейкіх класаў прадметаў ці з’яў (напрыклад, “стол”, “вецер”, “дрэва” і г. д.). Вобраз з’яўляецца таксама знакам, фактам уяўнага і ўяўленага быцця. Аднак гэта знак спецыфічны. Ён, як і любы знак, патрабуе для свайго раскадзіравання наяўнасці ва ўспрымальніка пэўнага кодавага ключа. Адсутнасць у чытача (слухача, гледача) такога ключа ператварае твор мастацтва ў своеасаблівы рэбус, лагічную задачу. У той жа час прысутнасць зваротнай сувязі паміж стваральнікам і ўспрымальнікам мастацкага твора дазваляе вобразу данесці да свядомасці апошняга свой сэнс, да яго эмацыянальнай сферы – пачуццё, да яго “ўнутранага вока” (М. Гогаль) – яскравы малюнак. Звычайны знак такімі магчымасцямі не валодае. Па-трэцяе, вобраз, створаны з дапамогай добра развітага ў мастака ўяўлення, фантазіі, разам з тым уздзейнічае на фантазію, уяўленне чытача (слухача, гледача), у той час як сілагізм – на розум. “У мастацтве фантазія адыгрывае самую дзейсную і першаступенную ролю, а ў навуцы – розум і разважлівасць” (В. Бялінскі). Праўда, нельга лічыць, што ў вобразе зусім адсутнічае мысленчы складнік. У ім знітаваны аб’ектыўна-пазнавальны і суб’ектыўна-творчы пачаткі. Ён, паводле Гегеля, знаходзіцца “пасярэдзіне паміж непасрэднай пачуццёвасцю і думкай, што належыць да галіны ідэальнага”. Нездарма В. Бялінскі ахарактарызаваў мастацтва як “мысленне ў вобразах”, а сам вобраз – як “знаёмы незнаёмец”. Вобраз не проста выяўляе, але і абагульняе рэчаіснасць. Ва ўмоўным, ідэальным, эмацыянальна-экспрэсіўным, адзінкавым, пераходным ён раскрывае рэальнае, прадметнае, рацыянальнае, сутнаснае, вечнае. Па-чацвертае, дзякуючы вобразу, пісьменніка (шырэй – мастака ўвогуле) успрымаюць і разумеюць усе (у адрознення ад навукоўца). Тут мова ідзе пра агульнадаступнасць і агульнацікавасць сапраўднага мастацтва, пра аксіялагічнае (каштоўнаснае) значэнне вобраза і мастацтва ўвогуле, пра самадастатковасць вобраза. Нездарма як дапаможны сродак (у выглядзе слоўнай ці нагляднай ілюстрацыі) вобраз часам выкарыстоўваецца ў літаратуры навуковай і дакументальнай, у публіцыстыцы і рэкламе.

Пра літаратурны вобраз мы ў свой час яшчэ будзем гаварыць (гл. раздзел 3. 5). Цяпер заўважым, што само паняцце “вобраз” у літаратуразнаўстве ўжываецца ў розных значэннях, вобразнасцю мастацкая літаратура прасякнута наскрозь. Гэта мікравобразы (мастацкія дэталі, тропы, асобныя лексемы, фігуры літаратурнага сінтаксісу, сімвалы, алегорыі і інш.) і макравобразы: сюжэтны ланцуг падзей, апісанні (партрэт, пейзаж, рэчы, інтэр’ер), персанажы, лірычны суб’ект, цэласны малюнак жыцця, створаны пісьменнікам у творы, матыў, топас, архетып… Літаратурны вобраз – вобраз, што ствараецца з дапамогай “матэрыялу і інструмента пісьменніка” (Якуб Колас) – мовы, дакладней – маўлення. А маўленне ў літаратурным творы выступае не толькі як матэрыяльны сродак узнаўлення жыцця. Ён абумоўлівае і сутнасць прадмета выяўлення, якім становіцца не проста чалавек, а “чалавек, які гаворыць”, чалавек як “носьбіт” маўлення. У гэтым – адна з галоўных асаблівасцей менавіта літаратурнага вобраза і ўвогуле літаратуры як віду мастацтва (гл. раздзел 2. 3).