Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводзіны ў літаратуразнаўства. Частка 1..doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

1.3.6. Праблема цэласнага аналізу мастацкага твора

Каб больш ці менш вычарпальна пазнаць мастацкі твор, неабходна ў ідэале прайсці тры ступені яго навуковага разгляду, а менавіта:

1) усвядоміць твор як цэлае на ўзроўні першаснага ўспрыняцця;

2) правесці скрупулёзны аналіз яго па элементах;

3) завяршыць разгляд сістэмна-цэласным сінтэзам.

Аднак на практыцы такі разгляд вельмі аб’ёмны і здольны адвесці ўвагу даследчыка ў бок ад галоўнага, распыліць яго намаганні. У практычным літаратуразнаўстве мы заўсёды маем справу з аналізам выбарачным, калі аналізуюцца не ўсе элементы твора, а толькі тыя, якія ўяўляюцца важнымі. Каб выбарачны аналіз не стаў выпадковым ці фрагментарным, ён павінен адначасова быць і аналізам цэласным. І гэта не супрацьлегласць. Толькі пры цэласным поглядзе на сістэму можна вызначыць, якія бакі, элементы і сувязі ў ёй найбольш істотныя, а якія носяць дапаможны характар. У першую чаргу трэба пазнаць “закон цэлага”, прынцып яго арганізацыі, які і “падкажа”, на што канкрэтна звярнуць увагу.

Методыка правядзення цэласнага аналізу твора:

1) пачынаць разгляд твора пажадана не з аналізу, а з сінтэзу, усвядоміўшы сваё першаснае цэласнае ўражанне ад твора;

2) “праверыць” сваё ўражанне перачытваннем і сфармуляваць яго на паняційным узроўні;

3) вызначыць змястоўныя і стылёвыя дамінанты твора. Гэта і ёсць той ключык, які адмыкае цэласнасць будовы мастацкага творау і вызначае шляхі яго далейшага аналізу. Напрыклад, калі дамінанта зместу ляжыць у вобласці праблематыкі, то тэматыку можна не аналізаваць, засяродзіўшыся на сувязі праблематыкі і ідэі; калі ў вобласці пафасу – то аналіз тэматыкі неабходны, таму што ў пафасе натуральным чынам аб’ядноўваюцца аб’ектыўны і суб’ектыўны моманты, а праблематыка ўжо не так важная. Больш канкрэтнае вызначэнне дамінант падказвае і больш канкрэтныя шляхі аналізу: так, ідэйна-маральная праблематыка патрабуе ўвагі да індывідуальнай “філасофіі” героя, да дынамікі яго поглядаў, пры гэтым яго сувязі з сацыяльнай сферай аказваюцца другаснымі. Праблематыка ж сацыякультурная, наадварот, дыктуе павышаную ўвагу да статыкі, да нязменных рысаў знешняга і ўнутранага выгляду персанажаў, да сувязей героя з асяроддзем, якое яго спарадзіла. Вылучэнне стылёвых дамінантаў таксама ўказвае на тое, чым у творы трэба займацца ў першую чаргу. Так, аналізаваць элементы суюжэту не мае сэнсу, калі мы назіраем ў якасці стылёвай дамінанты апісальнасць ці псіхалагізм; тропы і сінтаксічныя фігуры аналізуюцца ў тым выпадку, калі стылёвая дамінанта – рытарычнасць; складаная кампазіцыя скіроўвае ўвагу на аналіз пазасюжэтных элементаў, аповедных форм, прадметных дэталей і інш. У выніку дасягаецца пастаўленая задача: эканомія часу і намаганняў спалучаецца з спасціжэннем індывідуальна-мастацкай своеасаблівасці твора, выбарачны аналіз аказваецца адначасова і цэласным.

1.3.7. Навуковыя цэнтры па вывучэнні метадалагічных праблем літаратуразнаўства

Першасныя звесткі па гісторыі і тэорыі нацыянальнай літаратуры прапануюцца грамадзянам у школьным ўзросце з 1 па 11 класы. Падрыхтоўка літаратуразнаўчых кадраў пачынаецца на спецыялізаваных факультэтах вну, найперш філалагічным, а таксама на факультэце журналістыкі, а працягваецца – пры наяўнасці навуковых здольнасцей – у магістратуры і аспірантуры пры літаратурных кафедрах названых факультэтаў. Вышэйшай ступенню па падрыхтоўцы навуковых кадраў па літаратуразнаўству з’яўляецца дактарантура. Месца працы спецыялістаў-літаратуразнаўцаў – школы, гуманітарныя кафедры вну, літаратурна-выдавецкія канцэрны, СМІ. Вядучымі навуковымі цэнтрамі па вывучэнні метадалагічных праблем літаратуразнаўства ва ўсім свеце з’яўляюцца спецыялізаваныя навуковыя інстытуты пры нацыянальных акадэміях навук ці вядучых вну краін. Так, у Беларусі гэта Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук. Яго асноўныя навуковыя дасягненні – падрыхтоўка і выданне “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (у 4-х тамах), “Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей” (у 4-х тамах), біябібліяграфічнага даведніка “Беларускія пісьменнікі” (у 6-ці тамах), поўных збораў твораў М. Багдановіча (у 3-х тамах) і Янкі Купалы (у 9-ці тамах, 10-ці кнігах) і інш. У Расіі гэта Інстытут сусветнай літаратуры імя М. Горкага Расійскай акадэміі навук (Масква), Пушкінскі дом Расійскай акадэміі навук (Санкт-Пецярбург), Аб’яднаны інстытут гісторыі, філалогіі і філасофіі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук (Навасібірск), ва Украіне – Інстытут літаратуразнаўства імя Т. Шаўчэнкі, у Латвіі – Інстытут літаратуры і фальклору Латвійскага універсітэта (Рыга), у Балгарыі – Інстытут літаратуры і мастацтва (Сафія), у Сербіі – Інстытут балканістыкі Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (Белград) і інш.

Літаратуразнаўцы свету знаходзяцца ў пастаянным навуковым пошуку. На сённяшні дзень застаецца шэраг нявырашаных пытанняў, звязаных з гістарычнай зменлівасцю літаратуразнаўчых паняццяў (напрыклад, тэрмін “эпіграма” ў Старажытнай Грэцыі і ў Новы час, паняцці “паэзія”, “літаратура” ў ХІХ ст. і цяпер), мнагазначнасцю некаторых тэрмінаў (напрыклад, “драма” як літаратурны род і як від літаратуры, “верш” як рытмічна арганізаваны спосаб маўлення і як вершаваны твор), неадэкватнасцю разумення асобных тэарэтыка-літаратурных тэрмінаў рознымі даследчыкамі мастацкай літаратуры (такіх як “метад”, “напрамак”, “від”, “жанр” і інш.). А гэта значыць, што метадалогія літаратуразнаўства будзе развівацца, удасканальвацца, адгукаючыся на новыя з’явы ў літаратуры.

Пытанні для самаправеркі:

1. У чым адрозненне паміж паняццямі “метад літаратуразнаўчы” і “метадалогія літаратуразнаўства”?

2. Раскажыце пра спецыфіку літаратуразнаўчай метадалогіі.

3. Раскрыйце сутнасць асноўных прынцыпаў аналізу мастацкага твора (эстэтычны, гістарызму, сістэмнасці, цэласнасці, паяднання аналізу з сінтэзам).

4. Якія вы ведаеце навуковыя школы ў літаратуразнаўстве?

5.Ахарактарызуйце асноўныя метады літаратуразнаўства (біяграфічны, параўнальна-гістарычны, фармальны, сацыялагічны, структурны, герменеўтычны).

6. Што такое цэласны аналіз літаратурнага твора і якая яго методыка?

7. Якія асноўныя літаратуразнаўчыя цэнтры вы ведаеце?