Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводзіны ў літаратуразнаўства. Частка 1..doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

1.3.5. Літаратуразнаўчыя метады

Самым выдатным літаратуразнаўцам і крытыкам эпохі рамантызму быў Шарль Сент-Бёў. Творчасць паэта, на яго думку, вынік і выражэнне яго асобы, яго псіхалагічных асаблівасцей, сфарміраваных выхаваннем, адукацыяй, сямейным і грамадскім асяроддзем і да т. п. Задача крытыка ў тым, каб вывучыць усе абставіны асабістага жыцця паэта і ўзнавіць “непаўторны” партрэт аўтара, прасачыўшы яго самавыражэнне ў творах. “Мая крытыка, – пісаў Ш. Сент-Бёў, – міжволі пераўтвараецца ў псіхалагічнае даследаванне кожнага пісьменніка, кожнага твора”. Даследчыцкі метад Ш. Сент-Бёва атрымаў назву біяграфічнага (30-я г. ХІХ ст.). Яго прыхільнікі – вышэйзгаданы пачынальнік культурна-гістарычнай школы І. Тэн, Г. Брандэс і інш. Апанентам біяграфічнага метаду выступіў В. Бялінскі, які падкрэсліваў самакаштоўнасць мастацкага твора і тым самым крытыкаваў залежнасць развіцця літаратуры ад біяграфіі творцы.

Пераадоленнем абмежаванасці культурна-гістарычнай школы можна назваць сталую дзейнасць буйнейшага рускага літаратуразнаўцы Аляксандра Весялоўскага, які напрыканцы ХІХ ст. стаў пачынальнікам новага арыгінальнага метаду ў літаратуразнаўстве – параўнальна-гістарычнага. Весялоўскі звязваў развіццё літаратуры з гісторыяй народа, аднак не згаджаўся з перанясеннем законаў развіцця прыроды на развіццё грамадства, як гэта рабілі пазітывісты. Асноўную ўвагу ён звяртаў на гістарычна абумоўленую эвалюцыю мастацкай творчасці, дасканала даследуючы, у прыватнасці, развіццё і ўзаемапранікненне сюжэтаў. Апошнія разглядаліся як у гістарычным плане – ад міфа да новага часу, так і ў структурным – ад першаснага сюжэта, “матыва”, да самых складаных сюжэтных форм. Гістарычны падыход да літаратуры, якая, на яго думку, развіваецца па сваіх законах, добра адлюстраваны ў яго знакамітай рабоце “Гістарычная паэтыка” (1897–99).

На пачатку ХХ ст. рэакцыяй на метадалогію буйнейшых на той час культурна-гістарычнай і міфалагічнай школ, якія звярталі мала ўвагі на форму мастацкага твора, стала развіццё фармальных метадаў ў літаратуразнаўстве, пачатак якіх быў пакладзены рускай фармальнай школай (1910–1920-я гг.; прадстаўнікі В. Вінаградаў, Ю. Тынянаў, В. Шклоўскі, Б. Эйхенбаум, Б. Тамашэўскі і інш.).

Фармальны метад зыходзіць з таго, што менавіта форма робіць паэзію паэзіяй, вызначае спецыфіку апошняй. Змест твора можна перадаць без выкарыстання рыфмы, рытма – іншымі словамі, парушыўшы яго форму, аднак пры гэтым знікае і паэтычнае ўражанне. Паэзія знікае. Адпаведна паэтычнай форме, паэтычнай мове надаецца першаснае значэнне. Пры гэтым дапускалася магчымасць самаразвіцця паэтычнай формы без залежнасці ад зместу. Адзін з тэарэтыкаў фармальнага метаду В. Шклоўскі прапанаваў думку аб мастацтве як “прыёме”. “Прыём” разумеўся як галоўны інструмент стварэння мастацкага твора. З дапамогай розных паэтычных прыёмаў, якія свядома выкарыстоўваюцца аўтарамі, прадметы і з’явы пераўтвараюцца ў факт мастацтва.

Сацыялагічны метад з’яўляецца ў навуцы пра літаратуру адным з самых традыцыйных. Ужо ў антычнасці літаратура разглядалася як важная грамдская з’ява: дастаткова тут спаслацца на Платона, які шмат распавядаў аб месцы мастацкай творчасці ў дзяржаве. У новы і навейшы час сацыялагічныя падыходы да літаратуры былі заснаваны на розных сацыялагічных і палітычных тэорыях. У гэтых адносінах моцны ўплыў на літаратуразнаўчую думку аказаў марксізм (другая палова ХІХ ст., Г. Плеханаў, Ф. Мерынг і інш.). Моцным бокам марксісцкага літаратуразнаўства з’яўляецца імкненне падыходзіць да ўсіх літаратурных з’яў гістарычна і дыялектычна. Слабым месцам з’яўляецца перабольшаная ўвага да эканамічных фактараў, якія быццам нараджаюць літаратуру і ў ёй жа адлюстроўваюцца. Вынікам гэтага перабольшвання з’яўляецца вульгарны сацыялагізм, які набыў распаўсюджанне ў СССР у 1920–30-я гг. ХХ ст., прыхільнікі якога (В. Келтуяла, В. Пераверзеў і інш.) бачылі ў любым творы выражэнне класавай “псіхаідэалогіі”, ігнарыруючы яго эстэтычнае і філасофскае значэнне.

Структуралісцкі метад у літаратуразнаўстве ўзнік на аснове лінгвістычнага структуралізма Ф. дэ Сасюра. Структуралісты-літаратуразнаўцы (Р. Барт, Ц. Тодараў, Ю. Крысцева, 50–70-я гг. ХХ ст.) імкнуліся да стварэння “марфалогіі літаратуры”, іншымі словамі – да выяўлення агульных законаў і правіл пабудовы мастацкага твора. Мастацкі твор яны разглядалі як “сістэму адносінаў”, дзе, як фанемы ў слове, элементы твора набываюць сэнс толькі ва ўзаемадзеянні. Асаблівую ўвагу структуралісты звярталі на “бінарныя” пары тыпу “верх – ніз”, “жыццё – смерць” і да т. п., аналізуючы творы ў кантэксце названых апазіцый. Такім чынам, структуралісцкі метад імкнуўся вынайсці тыя універсальныя прынцыпы і законы, на аснове якіх ствараецца любая літаратурная форма. Менавіта таму сваю паэтыку структуралісты называлі “марфалогіяй” літаратуры. Прыкладам таго, як складваецца “граматыка” літаратуры, з’яўляецца знакамітая праца рускага літаратуразнаўцы У. Пропа “Марфалогія казкі” (1928), якая з’явілася задоўга да французскага структуралізму і ў якой вучоны вылучыў некалькі дзесяткаў “матываў” – першасных сюжэтаў, да якіх і зводзіцца ўвесь змест гэтага жанру.

На змену структуралісцкаму метаду прыйшлі розныя тэкстацэнтрычныя методалогіі, якія аб’ядноўваюцца пад адной назвай постструктуралісцкіх. Асобае месца сярод іх займае дэканструктывізм, які ў 80–90-я гг. ХХ ст. атрымаў у заходняй навуцы шырокае распаўсюджанне. Пачынальнік дэканструктывізму француз Ж. Дарыда сцвярджаў, што слова і, шырэй, мастацкі тэкст губляюць сувязь з рэчаіснасцю, нічога фактычна ў ёй не абазначаюць, нічога не “адлюстроўваюць”, а жывуць сваім уласным жыццём, па асаблівых “тэкставых” законах. Цвёрды сэнс тэксту, сцвярджае Ж. Дарыда, гэта выдумка. Яго не існуе. І шукаць не трэба. Лепшае, што можа стварыць крытык – аддацца свабоднай гульні з тэкстам, уносячы ў яго які заўгодна сэнс і любыя тлумачэнні. У дачыненні да агульнай тэорыі літаратуры Ж. Дарыда сцвярджае: “Літаратура знічтажае сябе па прычыне сваёй бязмежнасці”, што мае на ўвазе “бязмежнасць” сэнсаў, якія ўласцівы кожнаму мастацкаму тэксту.

Герменеўтыка (ад грэч. hermeneutike – тлумачыць, каменціраваць) – навука аб мастацтве разумення, аб прынцыпах інтэрпрэтацыі тэкстаў (не толькі мастацкіх). Узнікла ў старажытнасці як мастацтва тлумачэння прароцтваў аракула. У эпоху элінізму сферай яе выкарыстання сталі тэалагічныя, мастацкія, юрыдычныя і інш. тэксты. Пазней герментеўтыкі тлумачылі Біблію, яе цёмныя месцы. Пачынальнікам герменеўтыкі ў яе сучасным разуменні з’яўляецца нямецкі вучоны Ф. Д. Шлейермахер (1768–1834), а найбольш вядомымі пазнейшымі тэарэтыкамі – В. Дзільтэй, Х. Гадамер, М. Хайдэгер.

Ф. Д. Шлейермахер у сваіх працах “Герменеўтыка” і “Крытыка” праводзіў думку аб тым, што крытык можа зразумець твор лепей, чым сам аўтар. Для гэтага крытык павінен перажыць, следам за аўтарам, “акт стварэння”. Увогуле можна зразумець толькі тое, што валодае індывідуальнасцю, у якой, як у кроплі вады, адлюстроўваецца ўся паўната жыцця. Яго паслядоўнік В. Дзільтэй падкрэсліваў сувязь “душэўнага жыцця” індывіда з “духоўнасцю” гістарычнага свету (пазней гэтая думка распрацоўвалася рускім філосафам М. Бярдзяевым). Для Г. Гадамера твор перш за ўсё – прадукт культурнага, духоўнага вопыту эпохі. І каб зразумець яго, трэба пранікнуцца духам гэтай эпохі, вывучыць яе культурна-гістарычны вопыт.

Агульныя ідэі герменеўтычнага метаду ў розных варыянтах выкарыстоўваюцца сучаснымі літаратуразнаўцамі. У прыватнасці, уплывовы заходні літаратуразнаўца Н. Фрай, падкрэсліваючы значэнне крытыкі ў разуменні літаратуры, паўтарае думку Шлейермахера аб тым, што нават геній не ў стане паглядзець з боку на свой твор і правільна яго ацаніць. У якасці прыкладу Н. Фрай прыводзіць спробу Дантэ каменціраваць сваю “Боскую камедыю”, якая, як лічыць даследчык, аказалася не “лепшай” і не самай правільнай.