Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводзіны ў літаратуразнаўства. Частка 1..doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.27 Mб
Скачать

1.3.4. Асноўныя навуковыя школы

На тых ці іншых метадалагічных прынцыпах аналізу ў сучасным літаратуразнаўстве грунтуюцца асобныя навуковыя літаратуразнаўчыя напрамкі і школы. Аб’ядноўвае іх імкненне адказаць на важнейшыя метадалагічныя пытанні, звязаныя з вывучэннем мастацкага твора, суадносінаў у творы зместу і формы, гістарычнага развіцця літаратуры ў цэлым.

Вытокі гэтых праблем сфарміраваліся ў гісторыі сусветнай эстэтычнай думкі і літаратурна-мастацкай крытыкі, на іх аказалі ўплыў філасофскія канцэпцыі старажытнагрэчаскіх і рымскіх філосафаў. Вынікі ўсяго, што было выпрацавана сусветнай навуковай літаратуразнаўчай думкай да сярэдзіны ХІХ ст., былі сістэматызаваны выдатным нямецкім мысляром Г. Гегелем. У прыватнасці, ён прасачыў эвалюцыю пытання аб суадносінах у творы зместу і формы, і прыйшоў да высновы, што:

– у старажытнасці (ад эпохі Архаікі (фігуркі палеалітычных “венер”, роспісы на сценах пячор) і да Антычнасці) форма пераважала над зместам;

– у часы Антычнасці і Адраджэння ў мастацтве назіраецца гармонія зместу і формы (фізічная і ўнутраная прыгажосць чалавека);

– у Сярэднявеччы (пошук ісціны ў імкненні да Бога) і ў Новы час (перавага розуму над эмоцыямі, веліч чалавечага духу) змест пераважае над формай.

У ХІХ ст. літаратуразнаўства аформілася ў асобную навуку, якая займалася гісторыяй і тэорыяй літаратуры і ўключала ў сябе шэраг дапаможных дысцыплін – тэксталогію, крыніцазнаўства, бібліяграфію і інш. Для літаратуры ХІХ ст. пачалося сапраўднай рэвалюцыяй – узнікненнм рамантызму. Менавіта з узнікненнм рамантызму пачынаюць сваё існаванне першыя літаратуразнаўчыя школы.

Міфалагічная школа

Штуршком для яе развіцця з’явіўся выхад у свет кнігі Я. Грыма “Нямецкая міфалогія” (1835). Асноўны даследчыцкі прынцып школы – пошук у фальклорных і нават літаратурных творах “праміфа” ці “першаміфа”, да якога зводзілася ўся пазнейшая творчасць. Гэта школа аказала вялікі ўплыў на літаратуразнаўства іншых краін. У Германіі і Расіі цікавасць да айчыннай міфалогіі спрыяла росту нацыянальнай самасвядомасці, дапамагала вызначыць вытокі і гістарычныя шляхі развіцця многіх фальклорных жанраў. У Англіі намаганні вучоных былі накіраваны не столькі на выяўленне вытокаў нацыянальнай літаратуры, колькі на глыбокае вывучэнне прыроды міфа. Дзве англійскія школы міфолагаў – лінгвістычная (М. Міллер) і антрапалагічная (Э. Тайлар, Э. Лэнг, Дж. Фрэзер) – былі вядучымі ў навуцы пра міф і аказалі велізарны ўплыў на літаратуразнаўства як сваёго, так і ХХ ст., прычым у ХХ ст. іх уплыў на літаратуразнаўства быў асабліва моцным. У рускім літаратуразнаўстве ідэі названых англічан выкарыстоўвалі такія выдатныя вучоныя як А. Афанасьеў і А. Патабня (лінгвістычная школа), а таксама Аляксандр Весялоўскі (антрапалагічная школа).

Культурна-гістарычная школа

Як і міфалагічная, гэтая школа атрымала агульнаеўрапейскае распаўсюджанне. Яе заснавальнікам стаў І. Тэн, ідэі і метадалогія якога былі вызначальнымі для еўрапейскага літаратуразнаўства другой паловы ХІХ ст. Гэта быў час роквіту рэалізму і натуралізму ў літаратуры, пазітывізму ў філасофіі. Асноўны даследчыцкі прынып І. Тэна – літаратура ў цэлым і творчасць асобнага пісьменніка ў прыватнасці разумеліся як спараджэнне гістарычнай эпохі, сацыяльнага і геаграфічнага “асяроддзя” і нацыянальных, “расавых” асаблівасцей. Пад “асяроддзем” І. Тэн разумеў клімат, геаграфічныя асаблівасці і сацыяльныя абставіны, пад “расай” – тэмперамент і іншыя пісхалагічныя і фізіялагічныя асаблівасці нацыі. Такая ўстаноўка спрыяла разуменню гістарычнага і сацыяльнага аспектаў літаратуры, аднак спрошчвала ролю апошняй: літаратура станавілася хутчэй служкай гісторыі, чым носьбітам уласных эстэтычных і мастацкіх уласцівасцей.

У Расіі паслядоўнікі культурна-гістарычнай школы – вядучыя рускія літаратуразнаўцы (А. Пыпін, А. Весялоўскі, М. Ціханраваў і інш.) – бачылі не толькі станоўчыя, але і адмоўныя рысы дадзенай метадалогіі. У значнай ступені гэтаму спрыялі ідэі В. Бялінскага, які дэклараваў роўнасць эстэтычнага і грамадска-гістарычнага ў мастацкім творы.

Псіхалагічная школа

Склалася ў апошнюю трэць ХІХ ст. Галоўны прадмет вывучэння – унутраны, псіхалагічны бок творчасці, і перш за ўсё – духоўнае жыццё аўтара. Прыхільнікі гэтай школы (В. Вундт, Э. Энекен, А. Патабня і інш.) твор лічылі мадэллю душы аўтара, а само мастацтва – пераўвасабленнем перажыванняў мастака ў вобразы. Прычыну разнастайнасці твораў яны бачылі ў рознасці перажыванняў і псіхалагічных тыпаў мастака. Гістарычнае развіццё літаратуры, яе грамадская функцыя іх мала цікавілі. У пачатку ХХ ст. з псіхалагічнай школы вырас псіхааналіз, у аснову якога лягло вучэнне З. Фрэйда і яго паслядоўнікаў пра ролю несвядомага (найперш сексуальных інстынктаў) у духоўным жыцці чалавека. Асэнсоўваючы змястоўную форму, псіхааналітыкі (Л. Выгоцкі, М. Бахцін і інш.) шукалі біяграфічную падаснову мастацкай дзейнасці або нацыянальную і нават агульначалавечую падвядомасць у яе архетыпах.

Фенаменалагічная школа

У пошуках антыпазітывісцкіх і антынатуралістычных поглядаў на чалавека літаратары другой паловы ХХ стагоддзя звярнуліся да вучэння фенаменолага Э. Гусерля і экзінтэнцыяліста М. Хайдэгера. Абодва філосафы цэнтрам чалавечага існавання рабілі свядомасць. Чалавек, як адзіны носьбіт вядомасці, становіцца ў іх тэорыях цэнтрам сусвету, які дае назвы, а значыць, і сэнс усяму існаму. Сваёй заслугай экзістэнцыйна-фенаменалагічныя мысляры лічаць тое, што яны пераадолелі панаваўшае ў ХІХ ст. і не запамятаванае ў ХХ ст. прыніжана-пазітывісцкае, у прыватнасці фрэйдысцкае, разуменне чалавека як на “Homo natura”.

Сутнасць фенаменалагічнай школы зводзіцца да разумення твора не як застылага аб’екту (“тэксту”) для структурна-тэкстуальнага аналізу, а як “акту” гутаркі і, адначасова, акту стварэння (як аўтарам, так і чытачом) індывідуальнага “значэння”. Вызначаючы спецыфіку даследчыцкага метаду фенаменалагічнай школы, амерыканка С. Лоуэл пісала: “Для іх тэкст не ўяўляе сабой фармальны аб’ект, палітычны дакумент, псіхалагічны сімптом, біяграфічны ключ, сацыялагічны міф ці божаскае адкрыццё. Яны зыходзяць з пасылкі, што літаратура з’яўляецца самадастатковым чалавечым выражэннем, і ніколі не выкарыстоўваюць пры яе аналізе знешнія, нелітаратурныя падыходы”.

Значны ўплыў у літаратуразнаўстве набыла семіётыка (грэч. semion – знак) – навука аб знакавых сістэмах. Семіятычная метадалогія атрымала шырокае распаўсюджанне ў Францыі (Р. Барт, А. Грэймас), Італіі (У. Эка), ЗША (Ч. Морысан, Т. Себек), Польшчы (Г. Катарбінскі) і ў шэрагу іншых краін. Адной з вядучых семіятычных школ у літаратуразнаўстве з’яўляецца маскоўска-тартуская школа пад кіраўніцтвам Ю Лотмана. Вучоныя гэтай школы імкнуліся спачатку выявіць (з дапамогай лінгвістычных мадэлей) спецыфікі “моў” розных відаў мастацкай творчасці (танца, драмы, кіно і да т. п.). Пазней праявілі цікавасць да пазатэкставых аспектаў (“экстратэкставых ідэй, паўсядзённга здаровага сэнсу і ўсяго комплексу жыццёвых асацыяцый”), без якіх, на думку Ю. Лотмана, немагчыма зразумець тэкст. У сувязі з гэтым Лотман праводзіць адрозненне паміж “тэкстам” і “творам мастацтва”. Тэкст разумеецца ім як “адзін з кампанентаў твора мастацтва”, мастацкі эфект якога ўзнікае толькі з суадносінаў тэкста ў цэлым з шэрагам жыццёвых і эстэтычных уплываў, ідэй, асацыяцый. Гэтыя асацыяцыі могуць мець чыста суб’ектыўны характар і быць па-за межамі навуковага аналізу, хаця ў многім яны прадвызначаны гістарычнымі і сацыяльнымі фактарамі. У залежнасці ад рэцыпіента і дадзенай культурнай сістэмы адзін і той жа тэкст можа ўспрымацца як мастацкі і як немастацкі. Тэкст можа ўспрымацца ў якасці “літаратурнага” толькі тады, калі ў свядомасці рэцыпіента існуе само паняцце літаратура. Семіятычная трансфігурацыя тэксту адбываецца на мяжы паміж “калектыўнай памяццю аб культуры” і індывідуальнай свядомасцю. Працэс “дэкадзіравання” тэкста ўключае ў сябе выяўленне “сэнсавых” элементаў, якія ўваходзяць у дадзеную сістэму, і адкідванне “пазасістэмных” элементаў. Чытач сам выбірае і выкарыстоўвае пры ўспрыманні тэксту семіятычныя сістэмы, аднак гэты працэс дэтэрмініраваны сацыяльнымі фактарамі дадзенай культуры. Такім чынам, тэкстам адводзіцца месца толькі дакумента той ці іншай культуры, што сведчыць аб немагчымасці семіётыкі выявіць сапраўднае значэнне тэксту.