
- •Стылістыка
- •Афіцыйна-справавы стыль
- •Парадак стылістычнага аналізу тэкстаў афіцыйна-справавога стылю:
- •Навуковы стыль
- •Парадак стылістычнага аналізу тэкстаў навуковага стылю:
- •Публіцыстычны стыль
- •Парадак стылістычнага аналізу тэкстаў публіцыстычнага стылю:
- •Мастацкі стыль
- •Парадак стылістычнага аналізу мастацкага тэксту
- •Гутарковы стыль
- •Парадак стылістычнага аналізу гутарковага тэксту
- •Стылістычная афарбоўка слова
Стылістыка
Стылістыка (лац. stilus – палачка для пісьма ў старажытнасці) – раздзел мовазнаўства, які даследуе ўжыванне слоў, словазлучэнняў, сказаў паводле іх адпаведнасці зместу і мэце выказвання. Стылістыка – лінгвістычная дысцыпліна, звязаная з іншымі мовазнаўчымі дысцыплінамі. Курс СБЛМ дае сінхроннае апісанне ўсіх узроўняў мовы. ГБМ паказвае шляхі фарміравання сучасных нормаў беларускай літаратурнай мовы.
С. бярэ пачатак у рыторыцы Ст. Грэцыі і Рыма ≈ у 5-4 ст. да н. э. Высокаму ўзроўню прамоўніцкага майстэрства ў старажытным свеце спрыяў дэмакратычны лад жыцця. У гэты ж час з’яўляюцца законы Салона, якія прадугледжвалі, што кожны афінянін павінен асабіста абараняць свае інтарэсы на судовым працэсе. Паколькі не ўсе маглі гэта рабіць, з’явіліся так званыя лагографы – складальнікі судовых прамоў. З асяроддзя лагографаў выйшаў у прыватнасці вядомы дзеяч Ст. Грэцыі Дэмасфен, які лічыцца заснавальнікам прамоўніцкага майстэрства ў Афінах.
Частыя выступленні на судовых працэсах, рытарычных спаборніцтвах, якія таксама былі папулярнымі, палеміках у Народным сходзе, дзе аратар тлумачыў перад суайчыннікамі свае погляды і палітычныя праграмы, выклікалі пільную патрэбу ў спецыяльных і сістэматычных занятках па авалоданні прамоўніцкім майстэрствам. Адпаведна ўзнікаюць школы прамоўніцкага майстэрства. І мы цяпер можам гаварыць пра вучняў і выкладчыкаў.
Сярод славутых прамоўцаў старажытнасці трэба адзначыць Катона старэйшага, братоў Гракхаў, Марка Тулія Цыцэрона.
Тэарэтыкі: Марк Фабій Квінтыліян – аўтар працы “Настаўленне аб прамоўніцкім майстэрстве” ў 12 кнігах; Арыстоцель – аўтар “Паэтыкі” і “Рыторыкі”.
У Расіі станаўленню і зараджэнню С. паспрыяў Міхаіл Ламаносаў – “хадзячы ўніверсітэт” – які распрацаваў “тэорыю трох стыляў” (штилей) – высокага, сярэдняга і нізкага.
Станаўленне беларускай С. непасрэдна звязана з рыторыкай. Майстрамі царкоўна-славянскай кніжнасці з’яўляліся Кірыла Тураўскі, Аўрамій Смаленскі.
У ХVІ ст. Францыск Скарына сваімі прадмовамі і пасляслоўямі заклаў пачатак кніжнай С. Яго працу працягвалі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Значную ролю ў развіцці С. адыгралі першыя старажытнабеларускія граматыкі Лаўрэнція Зізанія і Мялеція Сматрыцкага.
Першыя распрацоўкі праблем беларускай С. з’явіліся ў 20-я – 30-я гг. ХХ ст. Значны ўклад у развіццё беларускай С. унеслі Якуб Колас, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Максім Лужанін, Пятро Глебка і інш. Іх увагу прыцягвалі пытанні стылістыкі мастацкага і публіцыстычнага слова. К. Чорны ў артыкулах “Небеларускае слова ў беларускай літаратуры”, “Публіцыстычныя нататкі”, “Заўвагі да стылістычных тэндэнцый у творчасці Сяргея Знаёмага” закранае разнастайныя пытанні культуры мовы і стылю.
Грунтоўнае навуковае вывучэнне С. у беларускай філалогіі пачалося ў пасляваенны час. У 50-я – 60-я гг. ХХ ст. з’яўляюцца працы Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага “Пытанні культуры мовы”, “Беларускае літаратурнае вымаўленне”, “Беларуская фразеалогія”. Цікавыя стылістычныя назіранні можна знайсці ў Уладзіміра Васільевіча Анічэнкі, Алеся Аляксандравіча Каўруса, Івана Якаўлевіча Лепешава, Аркадзя Іосіфавіча Наркевіча, Віктара Іванавіча Іўчанкава і інш.
Напачатку пытанні С. разглядаліся ў аспекце культуры мовы, прытым найбольшая ўвага даследчыкаў была скіравана на вывучэнне асаблівасцей мовы мастацкай літаратуры.
Аб’ект вывучэння С. – стыль.
У межах С. гістарычна склаліся і развіваліся тры асноўныя напрамкі:
1) С. мовы – займаецца апісаннем і характарыстыкай стылістычна афарбаваных сродкаў мовы;
2) С. маўлення (функцыянальная С.) – даследуе заканамернасці функцыянавання мовы ў розных сферах зносін;
3) С. мастацкай літаратуры – вывучае асаблівасці функцыянавання мовы ў мастацкіх творах і пытанні індывідуальнага стылю пісьменніка.
Прыкладныя задачы вывучае практычная С., якая цесна звязана з культурай маўлення.
Стыль – гэта грамадска ўсвядомленая, унутрана аб’яднаная спецыфічная сістэма моўных сродкаў, якая абумоўлена мэтамі і прынцыпамі адбору гэтых сродкаў у той ці іншай сферы грамадскай дзейнасці і найлепшым чынам абслугоўвае зносіны ў гэтай сферы. Выбар моўных сродкаў залежыць ад экстралінгвістычных фактараў:
1) змест маўлення;
2) форма зносін (вусная ці пісьмовая, дыялагічная ці маналагічная);
3) мэты і задачы выказвання;
4) сфера зносін (бытавая, вытворчая, грамадска-палітычная);
5) умовы і акалічнасці зносін, якія ўключаюць сацыяльныя і індывідуальныя асаблівасці ўдзельнікаў маўлення.
Усе стылі падзяляюцца на падстылі, разнавіднасці пэўнага стылю. Жанр – пэўны тып тэксту.
Існуюць стылі мовы і стылі маўлення (пэўныя тыпы тэкстаў: стыль рэкламы, стыль юрыдычнай дакументацыі, стыль сяброўскага пісьма).