Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Канспект лекцый па філасо.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Прадмет філасофіі ў яго гістарычнай дынаміцы

Адказ на пытанне аб тым, што вывучае філасофія, трэба шукаць у яе статусе тэарэтычнага тыпу светапогляду. Светапогляд жа заўжды звернуты да асноў свету і чалавека, да першых перадумоў іх існавання. Светапогляд нідзе не ставіць пытанне пра сутнасць асобных рэчаў, яго цікавіць існасць свету як татальнасці, у якую інтэграваны чалавек.

Пошук адказаў на гэтыя пытанні і ёсць мэтай філасофіі. Яна павінна даць чалавеку вобраз свету, у якім ён жыве, выявіць шляхі і сродкі пазнання гэтага свету і, нарэшце, абгрунтаваць мэты жыццядзейнасці чалавека і ацаніць яго магчымасці і спадзяванні. Акрэсліць праблемнае поле філасофіі лепш, чым гэта зрабіў Кант, немагчыма. Філасофія, на яго думку, павінна даць адказы на тры асноўныя пытанні: што я магу ведаць, што я павінен рабіць, на што я магу спадзявацца.

Гэта значыць, што філасофія на падставе рацыянальнага пазнання павінна 1)сфарміраваць тэарэтычную мадэль свету як цэласнасці, вызначыць перадумовы, формы і спосабы яго існавання; 2)асэнсаваць прыроду чалавека і на гэтай падставе паказаць яму шляхі, сродкі і спосабы дзейнасці, якія забяспечваюць дасягненне мэтаў; 3)абгрунтаваць магчымасці чалавека ў пераўтварэнні прыроднага і сацыяльнага асяроддзя, вызначыць каштоўнасць і сэнс гэтай творча-пераўтваральнай дзейнасці. Гэта азначае, што філасофія ёсць навукай аб фундаментальных асновах і ўніверсальных законах быцця свету і чалавека як узаемазвязаных і ўзаемазалежных элементах адзінай цэласнасці.

Калі абстрагавацца ад канкрэтна-цялесных праяў быцця гэтых элементаў, то мы атрымаем дзве формы існавання – матэрыяльную і ідэальную, а праблема “чалавек у свеце” паўстае як пытанне аб адносінах прыроды і духа, матэрыі і свядомасці, мыслення і быцця. У сувязі з тым, што гэтае пытанне ў той альбо іншай форме паўстае перад філасофіяй кожнай эпохі, Ф.Энгельс назваў яго асноўным пытаннем філасофіі. Ён жа адзначыў, што змест гэтага пытання акрэслены двума аспектамі: 1)што ў гэтай “звязцы” матэрыя – дух ёсць першасным, а што другасным; 2)ці пазнавальны свет. Той альбо іншы адказ на гэтае пытанне вызначаецца фундаментальнай светаўяўленчай арыентацыяй філосафаў і нараджае два асноўныя напрамкі ў філасофіі: матэрыялізм і ідэалізм.

Матэрыялізмам называецца такі напрамак у філасофіі, прыхільнікі якога прызнаюць і адстойваюць першаснасць матэрыі, прыроды, а свядомасць, дух, мысленне разглядаюць як уласцівасць матэрыі.

Ідэалізм жа – гэта абазначэнне філасофскіх вучэнняў, якія сцвярджаюць першаснасць духу, свядомасці, а свет, прыроду, матэрыю лічаць другаснымі, вытворнымі і залежнымі ад духу. У тым выпадку, калі гэты дух разумеюць як свядомасць, псіхіку чалавека, мы маем справу з суб’ектыўным ідэалізмам. Калі ж гэты дух паўстае як знешні нематэрыяльны аб’ект – Сусветны дух, Абсалютная ідэя, Бог – то перад намі аб’ектыўны ідэалізм.

Гэтае пытанне, светаўяўленчы характар якога відавочны, утварае інварыянтную частку прадмета філасофіі. Сам жа прадмет, захоўваючы гэтае інварыянтнае ядро, падвяргаўся значным дэфармацыям у працэсе гістарычнага развіцця філасофіі і культуры. На ранніх этапах свайго існавання філасофія звернута да прыроды, космаса, асэнсаванне якога разглядаюць як перадумову тлумачэння і разумення чалавека. У гэтым праяўляецца касмацэнтрызм старажытнай, у прыватнасці – антычнай філасофіі.

Прадметам сярэдневяковай філасофіі ёсць Бог як прычына і ўмова ўсякага існавання, творца свету і чалавека, а асноўнае пытанне філасофіі – гэта пытанне аб адносінах Бога і чалаека. Філасофія набывае выразна тэацэнтрычны характар.

Адраджэнне, звернутае да гуманістычных каштоўнасцей антычнай культуры, адкрывае жывога натуральнага чалавека, генія, што ў працэсе заснаванай на розуме дзейнасці стварае свет свайго існавання, як свет чалавека і для чалавека, як чалавечы свет. Гуманістычны антрапацэнтрызм вызначае адметнасць гэтай філасофіі.

Новаеўрапейская філасофія як тэарэтычнае абгрунтаванне індустрыяльнай цывілізацыі зарыентавана на пошук шляхоў і сродкаў практычнага пераўтварэння свету і знаходзіць іх у ведах, у вопытна-эксперыментальным прыродазнаўстве. “Веды – гэта сіла”. Знакамітае выслоўе Ф.Бэкана раскрывае сутнасць філасофіі гэтай эпохі – яе навукацэнтрызм.

Посткласічная філасофія адмаўляецца ад метафізічных памкненняў філасофскай класікі да пабудовы ўніверсальных сістэм, у якіх свет і чалавек паўстаюць як адрозненыя і супрацьпастаўленыя адзін аднаму аб’ект і суб’ект. Галоўнае намаганне посткласічнай філасофіі – выяўленне і асэнсаванне шматлікіх і разнастайных форм прысутнасці “чалавека-у-свеце”, інтэнцыянальнасць як істотная рыса яго існавання.