Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Канспект лекцый па філасо.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Слоўнік асноўных тэрмінаў па другому раздзелу

Аб’ект – існуючы па-за свядомасцю і незалежна ад яе знешні свет, які з’яўляецца прадметам пазнання альбо практычнага ўздзеяння суб’екта.

Аб’ектыўная ісціна – незалежны ад волі і жаданняў суб’екта змест чалавечых ведаў.

Абсалютная ісціна – поўныя, вычарпальныя, непадлеглыя абвяржэнню веды аб прадмеце.

Абстракцыя – лагічная працэдура мысленнага адцягнення ад шэрагу прыкмет прадмета з адначасовым выдзяленнем іншых яго прыкмет.

Адлюстраванне – усеагульная ўласцівасць матэрыі як здольнасць адной матэрыяльнай сістэмы ў працэсе ўзаемадзеяння аднаўляць унутры сябе пэўныя асаблівсці другой сістэмы; фундаментальная перадумова свядомасці.

Адносная ісціна – веды, залежныя ад умоў, якія абмяжоўваюць іх дакладасць і паўнату.

Адчуванне (ощущение) – здольнасць псіхікі фіксаваць асобныя прыкметы прадмета, пачуццёвы вобраз асобных бакоў і прыкмет прадмета, які ўзнікае ў працэсе непасрэднага ўздзеяння яго на органы пачуццяў.

Аксіяматычны метад – спосаб пабудовы навуковай тэорыі шляхам фармулёўкі сістэмы аксіём (пастулатаў) і правіл вывядзення, з дапамогай якіх дэдуктыўна выводзяцца тэарэмы (палажэнні) тэорыі.

Анталогія – раздзел філасофіі, які вывучае фундаментальныя прынцыпы быцця як цэласнасці.

Антрапасацыягенез – гісторыка-эвалюцыйны працэс узнікнення і фарміравання чалавека і грамадства.

Атрыбут – неад’емная, істотная, неабходная ўласцівасць аб’екта, без якой ён не можа ні існаваць, ні мысліцца.

Базіс – у марксісцкай філасофіі элемент сацыяльна-эканамічнай фармацыі, гістарычна пэўная сукупнасць вытворчых адносін, залежная ад узроўню развіцця і характару прадукцыйных сіл, на якой узнікае і развіваецца адпаведная палітычная надбудова.

Быццё – фундаментальная філасофская катэгорыя для абазначэння ўсяго існуючага ў яго ўзаемасувязі і цэласнасці.

Выснаванне (умозаключение) – форма мыслення, у якой на падставе некалькіх суджэнняў, што называюцца пасылкамі, робіцца выснова (новае суджэнне), якая змяшчае новыя веды.

Вытворчыя адносіны – адносіны, якія ўзнікаюць паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, абмену, размеркавання і спажывання матэрыяльных каштоўнасцей.

Гілазаізм – філасофскае вучэнне аб усеагульнай універсальнай адушаўлёнасці матэрыі.

Гіпатэтыка-дэдуктыўны метад – метад пабудовы навуковай тэорыі шляхам фармулёўкі адной альбо некалькіх гіпотэз, з якіх паводле ўстаноўленых правіл выводзяцца прыватныя гіпотэзы, што патрабуюць вопытнай праверкі.

Грамадскае быццё – сукупнасць матэрыяльных умоў існавання людзей.

Грамадская свядомасць – сукупнасць уяўленняў, поглядаў, тэорый і ідэй, у якіх адлюстраваны ўмовы існавання чалавека і грамадства.

Грамадства – адасобленая ад прыроды, але цесна звязаная з ёю частка матэрыяльнага свету, якая ўяўляе сабой гістарычна зменлівую сістэму адносін, сувязей і форм арганізацыі людзей, што ўзнікае ў працэсе іх жыццядзейнасці.

Дзейнасць – спецыфічна чалавечая форма актыўных адносін да навакольнага свету з мэтай яго змянення і пераўтварэння.

Дзяржава – асноўны інстытут палітычнай сістэмы, які ажыццяўляе кіраванне дзяржавай, а таксама ахову яго эканамічнай і сацыяльнай структуры.

Дэдукцыя – метад навуковага пазнання, у якім адбываецца пераход ад агульных паняццяў да асобных фактаў і адзінкавых з’яў.

Закон – сукупнасць неабходных, істотных, устойлівых сувязей паміж рэчамі, з’явамі і працэсамі.

З’ява – знешняе праяўленне сутнасці, зменлівыя, пачуццёва ўспрымальныя бакі прадметаў і працэсаў.

Індукцыя – метад пазнання, у якім думка рухаецца ад канкрэтных адзінкавых фактаў да агульнага вываду.

Індывід – паняцце, якое азначае ўсялякага асобна ўзятага прадстаўніка чалавечага роду.

Інтэнцыя – намер, мэта, скіраванасць свядомасці на які-небудзь прадмет.

Існасць (сущность) – адзінства глыбінных сувязей, адносін і законаў, якія вызначаюць асноўныя рысы і тэндэнцыі развіцця тых альбо іншых сістэм.

Ісціна – веды, аб’ектыўны змест якіх супадае з уласцівасцямі прадметаў знешняга свету.

Каштоўнасць – усё, што здольна задавальняць разнастайныя патрэбнасці людзей і выражаецца ў маральных прынцыпах, ідэалах і мэтах.

Каэвалюцыя – збліжэнне дзвюх узаемазвязаных эвалюцыянуючых сістэм такім чынам, што змены ў адной з іх інспіруюць змены ў другой і пры гэтым не вядуць да непажаданых, а тым больш непрыймальных для першай сістэмы наступстваў; супольнае, узаемаўзгодненае развіццё чалавека і прыроды.

Класы вялікія групы людзей, якія адрозніваюцца па іх месцы ў сістэме эканамічных адносін, найперш – па іх адносінах да сродкаў вытворчасці.

Матэрыя – аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе па-за межамі свядомасці і незалежна ад яе, бясконцае мноства аб’ектыўна існуючых прадметаў, з’яў і працэсаў, узятых разам.

Метад – сукупнасць сродкаў, прыёмаў і аперацый практычнага і тэарэтычнага засваення свету.

Надбудова – у марксісцкай філасофіі – элемент сацыяльна-эканамічнай фармацыі, сукупнасць духоўных адносін, тэорый і ідэй, а таксама арганізацый і ўстаноў, якія ажыццяўляюць кіраванне грмадствам.

Ноасфера – сфера ўзаемадзеяння грамадства і прыроды, у межах якой разумовая дзейнасць чалавека становіцца вырашальным фактарам развіцця.

Пазнанне– сацыяльна-гістарычны працэс творчай дзейнасці, скіраваны на вытворчасць ведаў і фармулёўку матываў і мэтаў дзейнасці.

Паняцце – форма думкі, у якой у абагульненай форме адлюстраваны істотныя прыкметы прадметаў.

Прадукцыйныя сілы – адзінства сродкаў вытворчасці і людзей, якія з іх дапамогай ажыццяўляюць пераўтварэнне навакольнага асяроддзя ў працэсе грамадскай вытворчасці.

Прастора – форма быцця матэрыі, якая характарызуе працягласць, структурнасць і ўзаемную арыентацыю матэрыяльных сістэм.

Развага (рассудок) – узровень свядомасці, на якім праяўляецца здольнасць аперыраваць паняццямі, правільна кваліфікаваць факты і сістэматызаваць веды.

Розум – узровень свядомасці, на якім праяўляецца здольнасць сінтэзавання вынікаў пазнання і стварэння новых ідэй.

Рух – усялякае змяненне матэрыяльных і сацыяльных аб’ектаў; спосаб існавання матэрыі, яе атрыбут.

Сацыяльая сістэма – складанаарганізавая цэласнасць індывідаў, сацыяльных груп і супольнасцей, аб’яданых разнастайнымі сувязямі і ўзаемаадносінамі.

Свабода – гарантаваная законам і абароненая дзяржавай здольнасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі мэтамі і інтарэсамі на падставе пазнання аб’ектыўнай неабходнасці.

Светапогляд – складаная сістэма шырока абагульненых ведаў аб будове свету, а таксама аксіялагічных установак і праксеалагічных схем, якія забяспечваюць свядомую арыентацыю чалавека ў свеце і выбар ім жыццёвага шляху.

Страта – група людзей, аб’яднаных пэўнай сацыяльнай адзнакай (напр., маёмаснай, прафесійнай, адукацыйнай і да т.п.).

Структура – сукупнасць устойлівых сувязей аб’екта, якая забяспечвае яго адзінства і цэласнасць.

Сутнасць – унутраны змест прадмета, які выражаецца ў адзінстве ўсіх разнастайных форм яго быцця.

Суджэнне – форма думкі, у якой што-небудзь сцвярджаецца альбо адмаўляецца адносна якога-небудзь прадмета.

Універсум – паняцце для абазначэння прыроды як аб’екта навуковага і філасофскага пазнання.

Успрыманне (восприятие) – цэласнае пачуццёвае адлюстраванне прадмета ў працэсе яго непасрэднага ўздзеяння на органы пачуццяў.

Уяўленне (представление) – форма пачуццёвага пазнання, у якой адлюстраваны цэласны вобраз раней успрынятага прадмета.

Фармацыя – у марксісцкай філасофіі – канкрэтна-гістрычны тып грамадства з характэрнымі для яго сувязямі, адносінамі і формамі арганізацыі людзей, які функцыянуе і развіваецца па сваіх спецыфічных законах на аснове пэўнага спосабу вытворчасці.

Фаталізм – светаўяўленчая пазіцыя, паводле якой усе працэсы, што адбываюцца ў свеце, падпарадкаваны лёсу, прадвызначаны, што выключае магчымасць свабоды.

Футуралогія – галіна ведаў аб перспектывах развіцця сацыяльных працэсаў.

Цывілізацыя – устойлівая культурна-гістарычная супольнасць людзей, якая характарызуецца агульнасцю духоўных каштоўнасцей і культурных традыцый, адметнасцю ладу жыцця і тыпу асобы, наяўнасцю агульных этнічных прыкмет і адпаведных геаграфічных межаў.

Час – усеагульная форма быцця матэрыя, якая з’яўляецца ўмовай узнікненння і змянення канкрэтных матэрыяльных сістэм і выражае працягласць іх існавання, паслядоўнасць змены станаў і структурную арганізацыю.

Эвалюцыя – у шырокім сэнсе – сінонім развіцця, у вузкім – азначае працэс павольнага, паступовага і паэтапнага змянення разнастайных сістэм.

Экалогія – навука, якая вывучае ўзаемаадносіны арганізмаў паміж сабою і навакольным асяроддзем.

Эклектыка – механічнае злучэнне разнастайных, часам узаемавыключальных поглядаў, ідэй альбо прынцыпаў.

Эксперымент – метад пазнання, пры дапамозе якога прадметы рэальнасці даследуюцца ў кантралюемых і кіруемых умовах.