Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Канспект лекцый па філасо.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Структура культуры

Чалавек, як вядома, істота біясацыяльная. Працэс яго жыццядзейнасці – гэта працэс задавальнення разнастайных матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей. На гэтай падставе і ўсе вынікі чалавечай дзейнасці, альбо культуру можна раздзяліць на матэрыяльную і духоўную. Матэрыяльная культура ўключае ў сябе сферу вытворчасці і засваення прадметнага свету: будынкі і збудаванні, тэхналогіі вытворчасці і маніпулявання матэрыяльнымі аб’ектамі, устойлівыя сувязі паміж людзьмі і формы, спосабы і сродкі рэгулявання адносін паміж імі (сям’я, працоўны калектыў, дзяржава). Гэта азначае, што пад матэрыяльнай культурай разумеюць дзейнасць, скіраваную на вытворчасць і аднаўленне каштоўнасцей, здольных задавальняць матэрыяльныя патрэбнасці людзей, а таксама вынікі, спосабы ажыццяўлення і рэгуляцыі гэтай дзейнасці.

Духоўная культура складаецца з ідэалаў і ідэй, праграм зносін і паводзін людзей, працэсаў духоўнай вытворчасці, маральна-эстэтычных, навуковых і рэлігійных каштоўнасцей. Базіснымі элементамі духоўнай культуры з’яўляюцца традыцыі, звычаі, норавы, законы, каштоўнасці, якія разам утвараюць нарматыўную сістэму культуры. Гэтая сістэма і ажыццяўляе рэгуляцыю паводзін чалавека, яна паказвае, што, як і ў якіх сітуацыях яму належыць рабіць. Каштоўнасці і нормы з’яўляюцца эфектыўнымі сродкамі фарміравання культурнага асяроддзя. Духоўная культура, выконваючы функцыю сацыялізацыі індывіда, фарміруе светапоглядныя ўяўленні, стыль мыслення і спосаб паводзін. Культура выконвае задачу сувязі індывідаў у супольнасць і забяспечвае злучнасць пакаленняў.

Вядома, падзел культуры на матэрыяльную і духоўную вельмі ўмоўны. Ён заснаваны на дзвюх асноўных формах дзейнасці чалавека: матэрыяльна-практычнай і духоўна-мастацкай. Але калі ўсё ж улічыць, што канчатковай мэтай гэтай дзейнасці ёсць ачалавечванне нечалавечага свету, то культура – гэта адзіны працэс пераводу рэчаіснасці са стану натуры ў стан роднаснай чалавеку духоўнасці.

Кожнае грамадства стварае складаную сістэму культурных каштоўнасцей, якія адрозніваюцца як па спосабу іх вытворчасці, так і па формах функцыянавання, сферы распаўсюджання і ўтвараюць сферы культуры: эканамічную, палітычную, мастацкую, маральную ды іншыя. Сферы культуры выступаюць элементамі тыпаў культуры – канкрэтна-гістарычных сукупнасцей норм і каштоўнасцей, якія ўтвараюць цэласныя і адносна замкнутыя сістэмы. З гэтага пункту гледжання выдзяляюць дамінуючую, элітарную, народную, масавую культуру і субкультуру.

Дынаміка культуры – гэта складаны працэс вытворчасці, назапашвання і трансляцыі культурных каштоўнасцей, які характарызуецца спалучэннем разнастайных механізмаў, форм і спосабаў культуратворчасці. З аднаго боку, гэты працэс звязаны з напрацоўкай, захаваннем і перадачай новым пакаленням культурных каштоўнасцей і “тэхналогій” іх вытворчасці, а з другога – вынаходніцтвам новых творчых тэхналогій і стварэннем новых культурных аб’ектаў.

Першая тэндэнцыя ўвасабляецца ў пераемнасці, якая ўказвае на сувязь паміж культурнымі эпохамі і стылямі, наследаванне і захаванне ідэй, творчых прынцыпаў і прыёмаў. Пераемнасць у культуры існуе як традыцыя і як захаванне. Культурная традыцыя звязана з засваеннем і наследаваннем ідэй, гіпотэз, прыёмаў культуратворчасці, што вядзе да накаплення і памнажэння культурных каштоўнасцей і забяспечвае сувязь культур розных часоў і народаў. Захаванне ж – гэта наследаванне не асобных кампенентаў культуратворчасці альбо актуальных ідэй, а духоўна-культурных каштоўнасцей як цэлага. Пераемнасць – гэта не проста паўтарэнне, кананізацыя, а творчы адбор і трансляцыя лепшага ў суполным культурным вопыце чалавецтва.

Другая тэндэнцыя ажыццяўляецца ў інавацыйных працэсах, у наватарстве, якое звязана са стварэннем новых культурных узораў, памнажэннем культурных каштоўнасцей. Дзякуючы наватарству ў культуры з’яўляюцца новыя жанры і стылі, новыя навуковыя тэорыі, новыя ідэалы і каштоўнасці. Гісторыя культуры, такім чынам, паўстае як гісторыя захавання, узбагачэння і развіцця культурных каштоўнасцей.

Як элемент грамадства, культура выконвае шэраг надзвычай важных сацыяльных функцый. Аксіялагічная функцыя выражае здольнасць культуры напрацоўваць і прапаноўваць чалавеку сістэму каштоўнасцей і каштоўнасных арыентацый, якія, будучы засвоенымі чалавекам, напаўняюць яго жыццё значэннем і сэсам, гарманізуюць і гуманізуюць яго. Адаптацыйная функцыя праяўляецца ў тым, што культура праз разнастайныя нормы і ўзоры паводзін дапамагае чалавеку прыстасавацца да зменлівага прыроднага і сацыяльнага асяроддзя і прыстасаваць гэтае асяроддзе да сваіх патрэб і інтарэсаў. Нарматыўная функцыя адлюстроўвае здольнасць культуры ствараць ідэалы і нормы, а таксама культурныя праграмы, якія фарміруюць стандарты паводзін, вызначаюць каштоўнасныя арыентацыі людзей і ўплываюць на лад жыцця і спосабы дзейнасці. Функцыя сацыялізацыі праяўляецца ў тым, што засваенне культурных каштоўнасцей у працэсе навучання і выхавання фарміруе ў індывіда сацыяльныя рысы, якія злучаюць яго з грамадствам і надаюць асобе здольнасць да адказнай і сацыяльна значнай дзейнасці. Інтэгратыўная функцыя праяўляецца ў здольнасці культуры аб’ядноўваць людзей на падставе адзіных каштоўнасцей і нормаў, якія адначасова і адрозніваюць адны супольнасці ад другіх, надаючы ім культурную адметнасць. Знакава-сімвалічная (сігніфікатыўная) функцыя звязана са здольнасцю культуры выступаць у якасці знакаў, у якіх захоўваецца сэнс і значэнне культурных каштоўнасцей. Спасціжэнне культуры – гэта, па стунасці, разшыфроўка і засваенне яе знакаў і сімвалаў і спасціжэнне на гэтай аснове сэнса жыцця і гісторыі. Важнае значэнне мае камунікатыўная функцыя культуры як сродка зносін людзей, абмена вопытам і ведамі, перадачы, прыёма і асэнсавання інфармацыі. Дзейнасна-творчая функцыя адлюстроўвае актыўную, канструктыўную прыроду культуры, яе здольнасць стымуляваць творчую актыўнасць людзей з дапамогай назапашанага сацыяльнага досведу.