
- •Частка і. Праграма курса лекцый па філасофіі
- •Раздзел іі. Філасофскія праблемы быцця.
- •Частка іі. Канспект лекцый па філасофіі Раздзел і. Філасофія ў сістэме культуры
- •Філасофія і светапогляд
- •Прадмет філасофіі ў яго гістарычнай дынаміцы
- •Структура філасофіі
- •Метады філасофскага даследавання
- •Статус філасофіі ў сучаснай культуры
- •Філасофская думка цывілізацый Старажытнага Усходу.
- •Асноўныя этапы развіцця антычнай філасофіі
- •Перыядызацыя антычнай філасофіі.
- •Філасофія еўрапейскага сярэдневякоўя
- •Філасофія Адраджэння: адметнасці і кола праблем
- •Новаеўрапейская філасофія
- •Ідэалы асветніцкай філасофіі
- •Нямецкая класічная філасофія
- •Марксізм і філасофская класіка
- •Традыцыі філасофскага класіцызма і посткласічная філасофія
- •Заходнееўрапейская філасофія другой паловы хіх ст.
- •Асноўныя праграмы сучаснай посткласічнай філасофіі
- •Сацыякультурныя перадумовы фарміравання беларускай філасофскай думкі
- •Асноўныя этапы развіцця беларускай філасофскай думкі
- •Слоўнік асноўных тэрмінаў да першага раздзела
- •Раздзел іі. Філасофскія праблемы быцця.
- •Філасофскае вучэнне аб быцці
- •Праблема субстанцыі ў філасофіі
- •Філасофскае вучэнне аб матэрыі
- •Структурная арганізацыя матэрыі
- •Дынамічная арганізацыя Універсума
- •Прасторава-часавая арганізацыя свету
- •Прырода як аб’ект філасофскага пазнання
- •Сучасныя канкрэтнанавуковыя мадэлі прыроды
- •Філасофская канцэпцыя прыроды
- •Эвалюцыя філасофскіх уяўленняў пра чалавека
- •Біясацыяльная прырода чалавека
- •Аксіялагічная ацэнка быцця чалавека
- •Праблема свядомасці і спосабы яе вырашэння ў гісторыі філасофіі
- •Паходжанне свядомасці, яе структура і функцыі
- •Сацыякультурная прырода свядомасці
- •Праблема пазнання ў гісторыі філасофіі
- •Гістарычныя версіі суб’екта і аб’екта пазнання
- •Структура пазнавальнага працэса
- •Праблема ісціны ў філасофіі
- •Метады навуковага пазнання
- •Грамадства як аб’ект філасофскага аналіза
- •Грамадства як здольная да самаразвіцця сістэма.
- •Крыніцы і фактары сацыяльнай дынамікі
- •Адзінства і разнастайнасць гістарычнага працэса
- •Культура як аб’ект філасофскага аналіза
- •Асноўныя канцэпцыі культуры
- •Структура культуры
- •Асноўныя формы культуратворчасці
- •Слоўнік асноўных тэрмінаў па другому раздзелу
- •Заключэнне
Асноўныя канцэпцыі культуры
Тэрмін культура ўзнікае ў XVIII ст. для абазначэння працэса і вынікаў пераўтварэння прыроды ў штучнае асяроддзе існавання чалавека. Паняцце культура, па-першае, фіксуе агульнае адрозненне чалавечай жыццядзейнасці ад біялагічных форм жыцця. У гэтым сэнсе культура ёсць сферай спецыфічна чалавечай жыццядзейнасці ў розных формах яе праяўлення. Па-другое, культура – гэта аб’ектывізаваны змест разнастайнай чалавечай дзейнасці, зафіксаваны ў адпаведных сацыяльных каштоўнасцях ад звычаяў і традыцый да філасофскіх тэорый. Праз гэтыя аб’ектывацыі ажыццяўляецца сацыялізацыя чалавека, уключэнне кожнага ў сацыяльна-культурную творчасць.
Але ж формы жыццядзейнасці чалавека вельмі разнастайныя, яшчэ большай разнастайнасцю характарызуюцца вынікі гэтай дзейнасці. І ў залежнасці ад таго, якім формам дзейнасці і якім вынікам яе надаецца больш значнасці ў культуратворчым працэсе, розныя даследчыкі прапануюць розныя канцэпцыі культуры. Асноўнымі сярод іх з’яўляюцца натуралістычная, класічная, некласічная і постмадэрнісцкая. Першая звязана са спробай вывядзення культуры з нязменнай натуральнай прыроды чалавека. Культура тут разглядаецца як сістэма механізмаў і інстытутаў, якія забяспечваюць жыццё людзей у адпаведнасці з патрабаваннямі і патрэбнасцямі іх “натуральнай” прыроды.
Класічная канцэпцыя атаясамлівае культуру з формамі духоўнага і палітычнага развіцця грамадства, заснаванымі на розуме. Культура паўстае тут як духоўнае багацце грамадства і ўнутраны здабытак чалавека, у аснове якога ляжыць імкненне да ісціны, дабра і прыгажосці.
Некласічная канцэпцыя тлумачыць культуру як сістэму каштоўнасцей і ідэй, якія з’яўляюцца арганічнай часткай сацыяльнай сістэмы, надаюць ёй уладкаванасць і забяспечваюць кіраванне ёю.
Постмадэрнісцкая канцэпцыя ўяўляе культуру як пазбаўленую ўсеагульнасці ацэнтрычную сістэму знакаў, якія забяспечваюць больш-менш надзейную арыентацыю чалавека ў навакольным, найперш – сацыяльным, асяроддзі.
У межах гэтых канцэптуальных мадэлей культуры сфарміраваліся розныя падыходы ў даследаванні яе: аксіялагічны, сацыялагічны, семантычны, дзейнасны і інш. Аксіялагічны падыход разглядае культуру як адзінства матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія забяспечваюць годны чалавека лад жыцця. З пункту гледжання сацыялагічнага падыходу культура – гэта сістэма сацыяльных інстытутаў, якія забяспечваюць трансляцыю норм і правіл чалавечай жыццядзейнасці. Семантычны падыход звязаны з разуменнем культуры як сукупнасці знакаў (сацыякодаў), якія служаць арыенцірамі ў жыцці чалавека і яго дзейнасці.
Найбольш распрацаваным з’яўляецца дзейнасны падыход да тлумачэння культуры, дзе культура разглядаецца як вынік практычнай дзейнасці людзей. Гэтыя вынікі матэрыялізуюцца, ці дакладней – аб’ектывізуюцца ў тых або іншых прадметах ці духоўных каштоўнасцях. Толькі ў працэсе светапераўтваральнай творчай дзейнасці чалавек уваходзіць у сферу сацыяльнасці, сацыяльнага бытавання, у сферу культуры. У гэтай дзейнасці ствараецца спецыфічна чалавечы свет, які паўстае як сацыльная рэальнасць. Толькі ў працэсе аб’яднання прыродных якасцей і творчай дзейнасці чалавек стварае свой чалавечы свет і самога сябе як чалавека. З гэтага пункту гледжання культура ёсць: 1)дзейнасць грамадскага чалавека, якая ажыццяўляецца ў пэўных гістарычных умовах і скіравана на стварэнне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей; 2)сукупнасць гэтых каштоўнасцей як вынікаў дзейнасці; 3)працэс аднаўлення гэтых каштоўнасцей. Адсюль вынікае, што культура – гэта створаны людзьмі свет спецыяфічна чалавечай жыццядзейнасці, а таксама сродкі і спосабы яе здзяйснення, дзе ўвасабляюцца мэты, ідэалы, нормы і каштоўнасці грамадства.
Культура азначае: 1)сферу жыццядзейнасці чалавека; 2)спосабы і сродкі ажыццяўлення дзейнасці і яе вынікі; 3)спосабы наследавання сацыяльнага цела і сацыяльнай памяці; 4)якасны стан чалавечай супольнасці; 5)сродак сацыялізацыі індывіда; 6)праяўленне актыўнасці чалавека; 7)спосаб пераўтварэння індывідуальнага ў агульназначнае.