Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Канспект лекцый па філасо.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Крыніцы і фактары сацыяльнай дынамікі

Складанасць грамадства, разнастайнасць яго элементаў і, адначасова, яго цэласнасць ставяць перад даследчыкамі праблему выяўлення і тлумачэння сістэмаўтваральных фактараў сацыяльнай дынамікі. У творчасці Конта, Маркса, Вебера, Сарокіна асновай жыццядзейнасці грамадства выступае супольная дзейнасць людзей і сацыяльныя адносіны паміж імі. Менавіта дзейнасць з’яўляецца асновай класіфікацыі сфер грамадскага жыцця і ўмовай адзінства грамадства. Пад дзейнасцю разумеюць спецыфічна чалавечую форму актыўных адносін да прыроднага і сацыяльнага свету з мэтай яго змянення і перўтварэння. Сацыяльныя ж адносіны – гэта разнастайныя формы і спосабы сувязей і ўзаемаадносін вялікіх сацыяльных груп, якія ўзнікаюць у працэсе супольнай дзейнасці ў розных сферах грамадскага жыцця.

Розныя аўтары па-рознаму ацэньваюць ролю тых альбо іншых фактараў у жыцці грамадства. Маркс, напрыклад, асновай фармірвання грамадства і ўмовай яго існавання лічыў спосаб матэрыяльнай вытворчасці і характэрныя для яго аб’ектыўныя эканамічныя адносіны. Менавіта яны дэтэрмінуюць віды дзейнасці і характар сацыяльных сувязей. Вебер жа ў якасці асноўнага фактара выдзяляў нарматыўна-каштоўнасныя асновы сацыяльных дзеянняў, характэрныя для розных гістарычных эпох: традыцыйныя і афектыўныя дзеянні традыцыйнага грамадства, каштоўнасна-рацыянальныя дзеянні эпохі перахода ад традыцыйнага да індустрыяльнага грамадства і мэтарацыянальныя дзеянні індустрыяльнага грамадства. З гэтага вынікае, што ўсе прычыны, якія абумоўліваюць сацыяльную дынаміку, можна раздзяліць на аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары. Да аб’ектыўных фактараў можна аднесці сацыяльна-эканамічныя (узровень развіцця эканомікі, яе характар, патрэбнасці, узровень равіцця навукі і тэхнікі і інш.), прыродна-геаграфічныя (клімат, ландшафт, наяўнасць альбо адсутнасць прыродных рэсурсаў), дэмаграфічныя (колькасць і якасць насельніцтва, суадносіны пакаленняў). Да суб’ектыўных адносяцца этнакультурныя фактары (менталітэт, традыцыі, звычаі, духоўныя каштоўнасці, мэты, інтарэсы). Першыя фактары фарміруюцца незалежна ад волі і свядомасці як асобных індывідаў, так і супольнасцей людзей, другія ж з’яўляюцца вынікам свядомай дзейнасці сацыяльных суб’ектаў.

Неабходна адзначыць той факт, што працэс развіцця грамадства, гэта значыць гістарычны працэс, хоць і ажыццяўляецца праз свядомую дзейнасць людзей, але носіць аб’ектыўны характар і не залежыць ад волі і жаданняў чалавечай супольнасці. Аднак гэта не азначае, што гісторыя грамадства фатальна прадвызначана, а чалавек у гісторыі ўсяго толькі марыянетка. У супольнай арганізаванай дзейнасці людзі здольны вырашаць самыя грандыёзныя задачы, дасягаць самых высокіх мэтаў, але мусяць лічыцца з тымі аб’ектыўнымі фактарамі, якія з’яўляюцца вынікам папярэдняй гісторыі, ад іх волі не залежаць і служаць перашкодай на шляху адвольнага суб’ектывізма. Ігнараванне суб’ектыўнага фактару вядзе да фаталізма, які выключае свабоду, а чалавека ператварае ў раба падзей. Недаацэнка ж аб’ектыўнага фактару з’яўляецца асновай валюнтарызма, які волю разглядае як вышэйшы і вызначальны фактар гістарычнага працэса. У рэальнай жа гісторыі аб’ектыўны ход падзей дапаўняецца свядомай мэтанакіраванай дзейнасцю людзей.

Менавіта людзі, індывіды і іх супольнасці, выступаюць суб’ектамі сацыяльнага развіцця. Гэта народныя масы, сацыяльныя групы, грамадскія аб’яднанні, гістарычныя асобы, якія сваёй дзейнасцю спрыяюць сацыяльнаму прагрэсу. Народ – гэта грамадская супольнасць, якая на канкрэтных этапах гісторыі ўключае ў сябе сацыяльныя слаі і групы, здольныя па свайму рэальнаму становішчу рашаць задачы прагрэсіўнага развіцця грамадства. Дзякуючы сваёй арганізаванасці і ўсведамленню адзінства народ і выступае вырашальнай сілай гістарычнага працэса. Саслоўі, класы і нацыі, якія аб’ядноўваюць вялікія масы людзей, у працэсе сваёй дзейнасці вырашаюць найбольш значныя праблемы грамадскага жыцця. Што да гістарычных асоб, то іх роля ў сацыяльным працэсе тым вышэйшая, чым больш поўна і паслядоўна яны выражаюць, абараняюць і праводзяць у жыццё інтарэсы людзей.

Праблема сацыяльнай дынамікі цесна звязана з пытаннем аб скіраванасці сацыяльных працэсаў. Пытанне гэтае вырашалася неадназначна. Адны даследчыкі грамадскага жыцця адстойвалі ідэю паступальнага ўзыходжання ад простых і ніжэйшых форм арганізацыі да больш складаных і вышэйшых і абгрунтоўвалі канцэпцыю сацыяльнага прагрэса. На пазіцыі сацыяльнага аптымізма стаялі Сен-Сімон, Конт, Гегель. Ідэя прагрэсіўнага ўзыходжання чалавецтва са стану дзікасці да камунізма як “царства свабоды” знайшла абгрунтаванне у сацыяльнай філасофіі Маркса. У ХХ ст. гэтая ідэя знайшла ўвасабленне ў ідэалогіі тэхнакратызма, заснаванай на веры ў неабмежаваныя магчымасці навукі і тэхнікі і эфектыўнасць кіравання тэхнічных спецыялістаў. Па-рознаму вырашалася і праблема крытэрыяў прагрэсіўнага развіцця. Асветнікі, напрыклад, умовай прагрэсіўнага развіцця лічылі свабодны розум. Марксізм крытэрыем сацыяльнага прагрэса лічыў узровень эканамічнага развіцця. У сучасным грамадазнаўстве сцвярджаецца, што крытэрыем сацыяльнага прагрэса з’яўляецца комплексны паказчык, які ўключае ў сябе становішча чалавека ў грамадстве, узровень яго свабоды, ступень сацыяльнай і экалагічнай бяспекі, мера духоўнасці.

Аднак неадназначнасць сацыяльных працэсаў і супярэчлівасць шляхоў іх развіцця нараджае ідэю сацыяльнага рэгрэса і гістарычнага песімізма. Прыхільнікі гэтай ідэі альбо зусім адвяргаюць здольнасць людзей да паступальнага развіцця (канцэпцыя “канца гісторыі” Фукуямы), альбо абмяжоўваюць прагрэсіўныя тэндэнцыі сферай лакальных цывілізацый.

Асноўнымі формамі сацыяльнай дынамікі з’яўляюцца эвалюцыя і рэвалюцыя. Эвалюцыйныя змены ажыццяўляюцца шляхам паступовага рэфармавання розных бакоў грамадскага жыцця і ўдасканалення заканадаўства ў межах існуючага ладу. Рэвалюцыя ж – гэта форма сацыяльнага развіцця шляхам радыкальных пераўтварэнняў усёй сістэмы грамадскіх адносін з карэнным змяненнем сацыяльна-класавай структуры, палітычных інстытутаў. Рэвалюцыйныя перамены ажыццяўляюцца шырокімі масамі людзей і суправаджаюцца звяржэннем існуючага грамадскага ладу. Часцей за ўсё вынікі эвалюцыйнага і рэвалюцыйнага працэсаў бываюць аднолькавыя, але пры гэтым рэвалюцыя суправаджаецца шматлікімі стратамі і ахвярамі, што ставіць пад сумненне апраўданасць гэтага шляху развіцця.