Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Канспект лекцый па філасо.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Грамадства як аб’ект філасофскага аналіза

Існаванне чалавека немагчыма па-за грамадствам. Але што такое грамадства, як яно ўзнікае, якая яго будова, паводле якіх прынцыпаў яно існуе і функцыянуе? Гэтыя пытанні складаюць прадметнае поле таго раздзела філасофскіх ведаў, які называецца сацыяльнай філасофіяй і на які абапіраюцца такія гуманітарныя тэорыі, як філасофія гісторыі і сацыялогія. Сацыяльная філасофія – гэта філасофскае вучэнне аб універсальных умовах узнікнення, існавання і развіцця грамадства.

Паняцце “грамадства” ўжываецца ў вузкім і шырокім сэнсе. Пад грамадствам у вузкім сэнсе разумеюць аб’яднанні груп людзей для супольнай дзейнасці, альбо пэўны этап чалавечай гісторыі (першабытнае грамадства), ці гістарычнае жыццё асобнага народа альбо краіны (беларускае грамадства).

Грамадства ў шырокім сэнсе – адасобленая ад прыроды, але цесна звязаная з ёю частка матэрыяльнага свету, якая ўяўляе сабой гістарычна зменлівую сістэму сувязей, зносін і форм аб’яднання людзей, што ўзнікае ў працэсе іх жыццядзейнасці.

Што вызначае характар гэтых сувязей і адносін, гэта значыць, што складае аснову грамадства? Адказы на гэтыя пытанні залежаць ад той пазіцыі (альбо праграмы даследавання), якой прытрымліваецца вучоны. Прыхільнікі натуралістычнага падыходу тлумачылі паходжанне і сутнасць грамадства дзеяннем прыродных прычын: геаграфічнага асяроддзя, клімата, касмічных выпраменьванняў, генетычных альбо расавых асаблівасцей людзей, біялагічнай прыроды чалавека. Грамадства пры такім падыходзе зводзіцца да статуса прыроднага аб’екта, уключанага ў сферу дзеяння ўніверсальных натуральных законаў і падпарадкаванага ім (Гобс, Мантск’е, Спенсер, Гумілёў). Недахопы гэтага падыходу сталі відавочныя ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст., калі грамадства становіцца самастойнай сферай даследавання сацыяльна-гуманітарных навук.

Даследчыкі, якія прытрымліваліся культурацэнтрысцкага падыходу, спецыфіку грамадства выводзілі з ідэй, мэтаў, ідэалаў, гэта значыць, з духоўных каштоўнасцей, якія вызначаюць як працэс гісторыі, так і жыццё асобных індывідаў. Гэты падыход пачынае фарміравацца ў творчасці Канта, Гегеля, Рыкерта, Віндэльбанда, развіваецца ў Хейзінгі, Бахціна і ў герменеўтыцы, дзе грамадства разглядаецца як надындывідуальнае ўтварэнне, спецыфіка якога не дазваляе рэдуцыраваць яго да прыроднага аб’екта. Грамадства выступае аб’ектам даследавання ідэаграфічных навук, якія апісваюць асобныя гістарычныя падзеі з дапамогай спецыяльных метадаў.

Прыхільнікі псіхалагічнага падыходу тлумачаць грамадства і грамадскае жыццё адметнасцю чалавечай псіхікі, неўсвядомленымі памкненнямі, спецыфікай сацыяльнай псіхалогіі. Гэты падыход абгрунтаваны ў даследаваннях Тарда, Фрэйда, Фрома і іншых.

У сучасным грамадазнаўстве выдзяляюць таксама марксісцкі падыход, дзе грамадства разглядаецца як абумоўлены эканамічнымі фактарамі вынік сацыяльна-практычнай дзейнасці людзей, сістэма сацыяльна-палітычных, ідэалагічных і духоўных элементаў, народжаных эканомікай і залежных ад яе.

Разнастайнасць даследчыцкіх праграм, метадалагічны плюралізм сацыяльнай філасофіі сведчыць аб складанасці грамадства і стварае аснову эфектыўнага пазнання сацыяльна-культурных працэсаў.