Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Канспект лекцый па філасо.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Структура пазнавальнага працэса

Пазнавальная дзейнасць ажыццяўляецца на двух асноўных узроўнях – пачуццёвым і рацыянальным. Пачуццёвае пазнанне ажыццяўляецца ў наглядна-вобразнай форме, скіравана на прадметы, непасрэдна дадзеныя ў паўсядзённым вопыце, адлюстроўвае знешнія прыкметы прадметаў у іх выпадковым праяўленні. Пачуццёвае пазнанне ажыццяўляецца ў трох формах. Элементарнай і гістарычна першай формай пачуццёвага пазнання з’яўляецца адчуванне. Адчуванне – гэта здольнасць псіхікі фіксаваць асобныя прыкметы прадмета, альбо суб’ектыўны вобраз асобных бакоў і прыкмет прадмета, які ўзнікае ў працэсе непасрэднага ўздзеяння яго на органы пачуццяў. Успрыманне – гэта цэласны вобраз прадмета, непасрэдна дадзенага суб’екту ў працэссе пазнання. Структурна успрыманне гэта сінтэз разнастайных адчуванняў. Уяўленне – гэта пачуццёвы вобраз раней успрынятага прадмета, які ўтрымліваецца ў свядомасці з дапамогай памяці.

Вынікам пачуццёвага пазнання з’яўляецца ідэальны вобраз, пазбаўлены якіх-небудзь фізічных параметраў. Ён фарміруецца ў працэсе актыўнай прыстасавальнай дзейнасці арганізма да навакольнага асяроддзя і ўказвае на тое, што пазнанне ёсць не пасіўным сузіраннем, а актыўнай творчай дзейнасцю. Ідэальны вобраз з’яўляецца вынікам узаемадзеяння аб’екта з разнастайнымі элементамі псіха-фізіялагічнай структуры арганізма і ўяўляе сабой функцыянальна выдзелены змест нейрадынамічнага кода, суаднесены з паводзінамі і дзейнасцю.

Рацыянальнае пазнанне ажыццяўляецца ў форме паняцця, суджэння і выснавання. Паняцце – гэта форма мыслення, у якой адлюстраваны істотныя прыкметы прадмета, што фіксуюцца моўнымі сродкамі ў дэфініцыях. Гэта зыходная і асноўная форма рацыянальнага пазнання. Фарміраванне паняццяў – працэс складаны. У ім удзельнічаюць разнастайныя пазнавальныя працэдуры, звязаныя з аналізам, крытыкай, ацэнкай пазнавальнай дзейнасці і пераўтварэннем яе вынікаў: групіроўка ўласцівасцей прадмета, параўнанне і выдзяленне дамінуючай прыкметы, выяўленне мяжы той ці іншай уласцівасці альбо ідэалізацыя і інш. Суджэнне уяўляе сабой форму мыслення, у якой штосьці сцвярджаецца альбо адмаўляецца адносна чаго-небудзь. Выснаванне (умозаключение) – форма мыслення, у якой на падставе некалькіх суджэнняў робіцца выснова, якая змяшчае новыя веды. Рацыянальнае пазнанне носіць абстрактны характар, ажыццяўляецца ў паняційнай форме, скіравана на выяўленне ўнутранай структуры аб’екта, яго сувязей і механізмаў змянення.

Выдзяленне двух узроўняў пазнання не азначае, што ў рэальным пазнавальным працэсе яны адасоблены адзін ад аднаго. Пачуццёвае і рацыянальнае – гэта два элементы адзінага працэса пазнання, якія ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго. Сувязь пачуццёвага і рацыянальнага мае характар узаемаабумоўленасці. Рацыянальнае фарміруецца на аснове пачуццёвага, залежыць ад яго, а пачуццёвае перадвызначана рацыянальным, залежыць ад семіатычных канструкцый, структур сацыяльнай практыкі, норм і каштоўнасцей, прынятых грамадствам на той ці іншай ступені яго развіцця.

Менавіта спробы асэнсавання пачуццёвага і рацыянальнага пазнання прыводзяць да ўзнікнення ў новаерапейскай філасофіі эмпірызма і рацыяналізма. Эмпірызм – гэта напрамак у філасофіі, які пачуццёвы вопыт лічыць адзінай ці пераважнай крыніцай пазнання. Прыхільнікі эмпірызма перакананы ў тым, што ў розуме няма нічога такога, чаго б не было ў пачуццях. Роля розуму ў эмпірычнай мадэлі пазнання другасная і службовая: ён абагульняе дадзеныя пачуццёвага вопыту і дае ім найменне.

Рацыяналізм – напрамак у гнасеалогіі Новага часу, які адстойвае прыярытэт розуму ў пазнанні і аддае перавагу дэдуктыўнаму метаду і інтуіцыі. Як цэласная сістэма пачаў фарміравацца ў новаеўрапейскай філасофіі пад уплывам матэматыкі і матэматызаванага прыродазнаўства. Рацыяналісты былі перакананы, што ўсеагульныя і неабходныя ісціны нельга вывесці непасрэдна з пачуццёвага вопыту, для гэтага неабходны спецыяльныя намаганні розуму, які і з’яўляецца крыніцай гэтых ісцін.

Прыхільнікі гэтых плыняў у філасофіі выявілі і абгрунтавалі істотныя характарыстыкі пазнавальнага працэса, выказалі шэраг ідэй, якія мелі вялікае значненне для далейшага развіцця тэорыі пазнання. І ўсё ж яны не пазбеглі абмежаванасці і аднабаковасці. Эмпірызм абсалютызаваў ролю пачуццяў у пазнанні, пачуццёвае пазнанне разглядаў не як этап альбо ўзровень агульнапазнавальнага працэса, а як самастойны від пазнання. Гэтым самым прыніжалася, а то і наогул адмаўлялася роля мыслення ў пазнанні. Рацыяналізм жа адмаўляў магчымасць вопытнага паходжання такіх прыкмет ведаў, як усеагульнасць і неабходнасць, арыентаваўся на выяўленне ўніверсальных лагічных схем дзейнасці, якія часцей за ўсё разглядаў у якасці прыроджаных ідэй, дадзеных суб’екту да ўсякага вопыту, апрыёрна. Гэта значыць, што як эмпірызм, так і рацыяналізм у новаеўрапейскай філасофіі не выходзілі за межы дыхатаміі пачуццёвага і рацыянальнага, іх ізаляванасці і супрацьпастаўленасці.