Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Канспект лекцый па філасо.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Прырода як аб’ект філасофскага пазнання

Праблема спасціжэння прыроды стаіць перад чалавекам адвеку. Дыяпазон інтарэсу людзей да прыроды шырокі і разнастайны: ад чыста спажывецкага да маральна-эстэтычнага. Як жа мяняліся погляды людзей на сутнасць прыроды, на спосабы і формы ўзаемадзеяння чалавека і прыроды?

Варта зазначыць, што ў гісторыі філасофіі існавалі і развіваліся тры асноўныя пазіцыі ў гэтым аспекце: анталагічная, задача якой заключалася ў доказе існавання прыроды як аб’ектыўнай рэальнасці; гнасеалагічная з імкненнем абгрунтаваць неабмежаваныя магчымасці ў пазнанні прыроды чалавекам; аксіялагічная – разуменне і тлумачэнне прыроды як каштоўнасці, без якой чалавек не ў стане існаваць і развівацца ў якасці разумнай і гуманнай істоты.

Кожная з гэтых пазіцый дазваляе трактаваць прыроду ў шырокім і вузкім сэнсе слова. У шырокім сэнсе прырода – гэта ўся разнастайнасць форм быцця, аб’ектыўная рэальнасць, матэрыя, адметнай рысай якой з’яўляецца існаванне па-за свядомасцю і незалежна ад яе. Розныя аспекты і фрагменты гэтай прыроды выступаюць аб’ектам прыродазнаўчага пазнання.

А ў якой жа якасці прырода цікавіць філасофію? Чаму філасофія ўвогуле звяртае сваю ўвагу на прыроду? Адказ на гэтыя пытанні павінен улічваць спецыфіку філасофіі як навукі. Яе галоўнай праблемай ёсць чалавек, таму прыроду яна разглядае выключна з пазіцый чалавека, яго інтарэсаў і патрэб. У вузкім сэнсе прырода, як аб’ект філасофскага пазнання, гэта сукупнасць натуральных умоў існавання чалавека і грамадства. Відавочна, што з пункту гледжання прыродазнаўства такое азначэнне прыроды не зусім правільнае: натуральныя ўмовы існавання чалавека – гэта не ўся прырода, а толькі частка яе: зямная кара, ніжняя частка атмасферы, глеба, гідрасфера, раслінны і жывёльны свет, г.зн. тое, што звычайна называюць геаграфічным асяроддзем. Але менавіта тут ажыццяўляецца ўзаемадзеянне чалавека са знешнім светам і менавіта гэты аспект прыроды і з’яўляецца аб’ектам філасофскага разгляду.

Сучасныя канкрэтнанавуковыя мадэлі прыроды

Сучаснае прыродазнаўства на падставе прынцыпа ўніверсальнага эвалюцыянізма стварае вобраз прыроды як сістэмнай цэласнасці, што знаходзіцца ў стане самаразвіцця. Абапіраючыся на ідэі сістэмнасці і эвалюцыянізма, сучаснае прыродазнаўства абгрунтоўвае адзіную навуковую карціну свету, у якой аб’ядноўваюцца тры яго асноўныя сферы: нежывая прырода, арганічны свет і сацыяльнае жыццё. Уяўленні аб прыродзе як сістэме, здольнай да самаразвіцця, грунтуюцца на тэорыі нестацыянарнага Сусвету, сінергетыцы і тэорыі біялагічнай эвалюцыі, дапоўненай канцэпцыямі біясферы і ноасферы.

Гістарычна першай канкрэтызацыяй тэорыі нестацыянарнага Сусвету сталася канцэпцыя расшырэння яго, якая дазволіла ўявіць Сусвет як вынік касмічнай эвалюцыі, распачатай 15-20 мільярдаў год назад. У сярэдзіне ХХ ст. была распрацавана канцэпцыя раздування Сусвету, што дало магчымасць звязаць эвалюцыйныя працэсы ў мега- і мікрасвеце. Даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў мінулага стагоддзя скіраваны на стварэнне несупярэчлівай мадэлі самаарганізацыі Універсума, у якой працэсы, што адбываюцца на розных узроўнях арганізацыі матэрыі, апісваюцца на падставе адзінага падыхода.

Сінергетыка – гэта сучасная тэорыя самаарганізацыі сістэмных утварэнняў. Свет яна разглядае як узаемадзеянне сістэм, што ўключаюць у сябе разнастайныя падсістэмы (атамы, малекулы, клеткі, органы, арганізмы, людзі, супольнасці людзей і інш.), агульнай прыкметай якіх з’яўляецца здольнасць да самаразвіцця. Самаструктураванне, самарэгуляцыя, самааднаўленне разглядаюцца ў сінергетыцы як фундаментальная ўласцівасць свету.

Ужо ў першай чвэрці ХХ ст. тэорыя біялагічнай эвалюцыі была дапоўнена вучэннем аб эвалюцыі біясферы і ноасферы. Асновы гэтага вучэння былі распрацаваны У.І.Вярнадскім і пакладзены ім у падмурак біягеахіміі. Паводле Вярнадскага, біясфера гэта не проста адна з частак свету, а спецыфічнае геалагічнае цела, структура і функцыі якога вызначаюцца адметнымі ўласцівасцямі Зямлі і космаса. Яна сталася вынікам працяглай эвалюцыі жывога рэчыва ў неразрыўнай сувязі з развіццём неарганічнага свету. Вяршыняй гэтай эвалюцыі з’явілася нараджэнне чалавека. Яго пазнавальная і практычная дзейнасць, заснаваная на розуме, паступова, але няўхільна вядзе да ноасферы як дапаўнення, працягу, новага стану біясферы, дзе разумныя магчымасці чалавека становяцца параўнальныя з геалагічнымі працэсамі ў свеце, а жыццё як эвалюцыйны працэс паўстае складовай часткай касмічнай эвалюцыі.

Такім чынам, развіццё прыродазнаўчых навук у ХІХ – ХХ стст.вяло да станаўлення агульнанавуковай карціны свету як здольнай да самаразвіцця сістэмы. Гэтая карціна свету выступае не толькі як тэарэтычная аснова сучаснага светапогляду, але і як фундаментальная праграма навуковых даследаванняў.