Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Канспект лекцый па філасо.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Асноўныя этапы развіцця беларускай філасофскай думкі

Ранні этап станаўлення беларускай філасофскай думкі звязаны з імёнамі Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Кліменція Смаляціча.. Этычная тэматыка тут пераважае над усімі іншымі тэмамі. Справы зямныя і нябесныя, дабро і зло, вечнае і часовае, абавязак чалавека перад людзьмі і Богам, ідэя служэння вышэйшым мэтам – вось тэмы разважанняў нашых першых вялікіх асветнікаў. У адпаведнасці з хрысціянскімі каштоўнасцямі яны дабро і прыгажосць зямныя падпарадкоўваюць дабротам вечным. Кірыла Тураўскі, напрыклад, не адмаўляў зямной, пачуццёвай прыгажосці, але падпарадкоўваў яе прыгажосці духоўнай, якая прыносіць святло ў душы людзей. Гэтак жа разумее прыгажосць і Еўфрасіння Полацкая. Увесь свет, які мы бачым, прыгожы, але прыгажосць гэтая хутка праходзіць і, як кветка, вяне. Прыгажосць жа нябесная існуе вечна.

Жыццё дадзена чалавеку зусім не для таго, каб упівацца асалодамі зямнымі, а для падрыхтоўкі да жыцця вечнага. І сапраўднае дабро – у вернасці і адданасці Богу. Але нельга пазбягаць і дабра зямнога. Яно – у цярпенні, у слове дабрачынным, у імкненні да мудрасці, у павазе да старэйшых, у душэўнай чысціні.

Першыя асветнікі зямлі беларускай значнае месца ў жыцці чалавека адводзілі розуму. Кірыла Тураўскі разглядаў розум як вышэйшую каштоўнасць чалавечага жыцця. Развіваць свой розум, удасканальваць яго – абавязак кожнага чалавека, бо толькі розум вядзе да духоўнай раўнавагі і шчасця. Салодкі мёд і цукар салодкі, але саладзейшы за іх кніжны розум. Гэтак жа высока цаніў чалавечы розум і Кліменцій Смаляціч, які лічыў, што хоць розум і абапіраецца на пачуцці і ў іх здабывае матэрыял для разважанняў, але ён прызначаны для кіраўніцтва пачуццямі. Тут відавочны ўплыў Яна Дамаскіна, які лічыў, што няма нічога больш каштоўнага за пазнанне, бо пазнанне – гэта свет разумнай душы.

На фарміраванне грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі значны ўплыў аказалі фларылегіі (“Паралелі Яна Дамаскіна”, “Менадр”, “Пчала”, “Кветкі дараванняў”) – блізкія да народных прыказак і прымавак афарызмы кніжнага паходжання, у якіх адлюстроўваліся самыя розныя аспекты жыцця. Філасофская мудрасць фарміравалася і на падставе агіяграфічнай літаратуры, а таксама твораў свецкага характару (“Слова аб палку Ігаравым”, “Аповесць мінулых гадоў”).

На другім этапе (XIV – XVI стст.), які пачынаецца з утварэння Вялікага Княства Літоўскага і характарызуецца станаўленнем культуры новага тыпу, беларуская філасофская і грамадска-палітычная думка перажывае ўздым у сваім развіцці. Гэтая думка развіваецца ў кантэксце і ў адпаведнасці з культурнымі ўстаноўкамі агульнаеўрапейскага Адраджэння. Гуманізм, эстэтызм, фарміраванне юрыдычнага светапогляду, пранікненне і пашырэнне прыродазнаўчых ведаў, апора на антычную культуру і антычную мудрасць – вось тая духоўная аснова, на якой узнікае і развіваецца беларуская рэнесансная думка і якая лучыць нас з еўрапейскім Адраджэннем і еўрапейскай культурай. Як і ў еўрапейскім Адраджэнні, у беларускай рэнесанснай думцы можна выдзяліць гуманізм, анталогію і сацыяльную філасофію. Гуманізм беларускага Адраджэнне быў заснаваны на новай трактоўцы ролі і прызначэння чалавека. Калі ў папярэднюю эпоху чалавек разглядаецца як грахоўная пасіўная істота, падпарадкаваная Богу і царкве, то Адраджэнне адкрывае чалавечую актыўнасць, заснаваную на розуме, здольнасць чалавека да ўдасканалення сябе і свету на падставе свайго розуму і ў адпаведнасці з яго прынцыпамі. Намаганнямі Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Гусоўскага. Л.Зізанія, А.Волана ў грамадскай думцы ўкараняецца перакананне ў тым, што чалавек не толькі можа, але і абавязаны ўдасканальваць свой розум, сваё жыццё, свет свайго існавання паводле разумных прынцыпаў.

У анталагічных вучэннях гэтага часу можна выдзяліць непаслядоўны крэацыянізм Ф.Скарыны, дэізм С.Буднага, натуралізм М.Гусоўскага і атэізм К.Лышчынскага. За выключэннем апошняга, ніхто больш не парывае з рэлігійнымі поглядамі на будову свету. Скарына трымаецца ідэі крэацыянізма, але пры гэтым імкнецца скарыстаць і вучэнне Арыстоцеля аб матэрыі. Гусоўскі, не адмаўляючы Бога як першапрычыну свету, засяроджваецца на натуральных асновах яго, на творчых здольнасцях прыроды. С.Будны прызнае Бога творцам свету, але гэтым і абмяжоўвае яго ўладу над светам: створаны Богам свет існуе сам па сабе, без боскага апякунства. Спроба тлумачыць свет на падставе натуральных фактараў – характэрная рыса філасофскіх поглядаў С.Буднага.

Гуманізм Адраджэння быў тым падмуркам, на якім фарміравалмся сацыяльна-філасофскія ўяўленні таго часу. Менавіта на гуманізме грунтуецца ідэя юрыдычнага светапогляду. Калі культура мінулай эпохі палягала на ідэях граху, пакаяння і ўседаравання, то Адраджэнне асноватворнымі прынцыпамі мае антрапацэнтрызм, свабоду і натуралізм. Калі галоўным этыка-палітычным інстытутам сярэдневякоўя была царква, то такім інстытутам Адраджэння становіцца дзяржава, але не як палітычная рэальнасць, а толькі як ідэал, да якога імкнецца грамадства. Адгэтуль і ўласцівая Адраджэнню думка аб неабходнасці сацыяльнага рэфармавання ўсяго спектра грамадскага жыцця: ад рэлігійна-царкоўных інстытутаў да дзяржаўна-прававых структур. Пры гэтым філасофія права вынікала не з антычных юрыдычных канцэпцый (хоць і абапіралася на іх), а з антыаўтарытарнага рэлігійнага руху, які распачаўся ў XVI ст.

Сацыяльна-палітычная адраджэнцкая думка Беларусі мае свае асаблівасці. Па-першае, рэфармацыйныя ідэі разгортваліся тут пад моцным уплывам феадальнай ідэалогіі і таму насілі кампрамісны характар. Па-другое, прававыя ідэі часта спалучаліся з сярэдневякова-хрысціянскімі поглядамі на дзяржаву і грамадства. Развівалася гэтая думка ў двух напрамках – памяркоўна-гуманістычным і радыкальным, у якім адлюстраваны простанародныя спадзяванні.

Неабходнасць сацыяльных перамен дыктавалася інтэнсіўным культурна-эканамічным развіццём, актывізацыяй намаганняў пануючага класа да “выпраўлення дзяржавы”, узнікненнем буржуазных элементаў, ростам гарадоў і дзейнасці гараджан. Спалучэнне гэтых розных фактараў і сацыяльных груп і надавала кампрамісны характар рэфарматарскай дзейнасці. Сацыяльна-філасофскія вучэнні ставілі дзве задачы: абгрунтаваць неабходнасць сацыяльных змен і даказаць магчымасць свабоды як універсальнай здольнасці чалавека тварыць сябе і сваё акружэнне. Скарына, Будны, Міхалон Літвін, Гусоўскі праводзяць думку аб тым, што грамадскія законы гэта не кара боская, а вынік дзейнасці людзей, якія дэфармуюць жыццё сваёй нястрыманасцю і сквапнасцю. Таму чалавек не толькі можа, але і абавязаны актыўна ставіцца да сацыяльнай рэчаіснасці, прымаць удзел ва ўдасканаленні грамадскіх адносін. Рэформы – абавязковая ўмова жыццяздольнасці грамадства. Ліквідацыя супярэчнасцей грамадскага жыцця пры дапамозе разумных змен і дасягнення сацыяльнай стабільнасці – вось галоўная думка ад Скарыны да Сімяона Полацкага.

Скарына адным з першых паставіў пытанне аб магчымасці і неабходнасці сацыяльных рэформ. Асновай дзяржаўнага жыцця павінен стаць “прыроджаны закон”, што запісаны Богам у сэрцы ўсіх людзей. Закон павінен служыць агульнаму дабру, адпавядаць звычаям народа, грунтавацца на маралі і спрыяць справядлівасці. Таму ўлада павінна абапірацца не на волю суверэна, а на закон, і спрыяць асвеце грамадства. Чалавечая супольнасць будуецца на міры і згодзе, ад якіх усё добрае прыходзіць, “нязгода ж і найбольшыя царствы разбурае”.

Мікола Гусоўскі лічыў, што ў дзяржаве павінен быць справядлівы суд, міралюбівая палітыка і ідэальны правіцель, узорам якога для Гусоўскага быў вялікі князь Вітаўт. Міхалон Літвін патрабаваў памяркоўнасці ва ўласнасці, любові да бліжняга, справядлівага падаткаабкладання (“у каго зямлі больш і плаціў бы больш”).

Значнае месца ў гісторыі культуры Беларусі эпохі Адраджэння належыць Андрэю Волану. Яго поляды на дзяржаву і грамадства абапіраюцца на ідэі Арыстоцеля. Для яго дзяржава – гэта злучнасць людзей з мэтай дасягнення агульнага дабра і бяспекі жыцця і маёмасці. Як і большасць філосафаў Адраджэння, Волан прызнаваў і адстойваў “права натуры”, г.зн. натуральнае права і вяршэнства закона ў дзяржаве. Закон павінен быць скіраваны на абарону свабоды і справядлівасці, а для гэтага ён мусіць быць заснаваны на розуме і здаровым сэнсе. Адметны след у беларускай рэнесанснай культуры пакінулі Л.Сапега, А.Валовіч, П.Кахлеўскі, М.Сматрыцкі.

У XVII – першай палове XVIII стст. грамадска-палітычная і філасофская думка Беларусі развівалася пад знакам Контррэфармацыі. Рэнесансна-гуманістычная традыцыя, якая працягвалася ў творчасці Чаховіца, Лована, Лышчынскага. Л.Зізанія, сутыкнулася з каталіцкай экспансіяй, засіллем царквы, ідэалогіяй контррэфармацыі. Таму элементы матэрыялізма і атэізма, што праяўляліся ў грамадскай думцы XVI ст., саступаюць месца схаластыцы і эклектыцы. Аднак новаеўрапейскія ўплывы паступова разбураюць схаластычна-эклектычныя настроі і стымулююць развіццё навукі і філасофскіх пошукаў. Гэты працэс пачынаецца з твораў Казіміра Нарбута, А.Скарульскага, С.Шадурскага, Б.Дабшэвіча. Менавіта ў іх творчасці былі закладзены духоўныя перадумовы развіцця асветніцкай філасофіі ў Беларусі.

Беларуская Асвета пачынаецца крыху пазней, чым у Еўропе (сярэдзіна XVIII – пачатак ХІХ стст.) і развіваецца пад знакам барацьбы са схаластыкай і рэлігіяй. Ужо Нарбут, а затым і Вярней, Стырпейка адстойваюць свабоду філасофіі, падкрэсліваюць ролю розуму ў жыцці асобнага чалавека і грамадства. Навуковае асэнсаванне прыроды і чалавека ўласціва Пачобуту, Яну Снядэцкаму, вучоным-прыродазнаўцам, выкладчыкам Віленскага універсітэта Жыліберу, Форстэру, Бісісу, Юндзілу. Праблемы грамадства, права і маралі даследуюць Млоцкі, Страйноўскі, Нарушэвіч. Храптовіч, сябры “Таварыства філаматаў”. Вядомым філосафам-асветнікам быў А.Доўгірд.

Грамадска-палітычная і філасофская думка ХІХ – пачатку ХХ стст. адлюстравала асаблівасці нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, працэс фарміравання беларускай нацыі, нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальнай ідэі. Каліноўскі, Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч ствараюць, прапагандуюць і адстойваюць ідэю нацыянальнай і сацыяльнай свабоды, В.Ластоўскі прапануе тэорыю крыўскага паходжання беларусаў, Абдзіраловіч стварае культуралагічную канцэпцыю беларускага народа. Цэнтрам інтэлектуальнага жыцця, асветніцтва і нацыянальнага адраджэння становіцца “Наша Ніва”. Гэты працэс быў перарваны ўжо ў 20-я гады сталінскімі рэпрэсіямі. Свабоднае развіццё нацыянальнай думкі было заменена бальшавіцкай ідэалогіяй і марксісцка-ленінскай філасофіяй.

Такім чынам, кароткі агляд гісторыі беларускай грамадска-палітычнай і філасоскай думкі прыводзіць нас да высновы аб тым, што:

1)інтэлектуалізацыя духоўнага жыцця на старажытных беларускіх землях адбываецца пад вырашальным уплывам хрысціянства і на падставе тэалагічнай літаратуры пераважна візантыйскага паходжання. У справе фарміравання філасофскіх ідэй у Беларусі важная роля належыць таксама фларылегіям і жыццяпісанням;

2)развіццё грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі адбываецца ў рэчышчы духоўных праблем Еўропы, што сведчыць аб прыналежнасці Беларусі да агульнаеўрапейскага культурнага асяроддзя. Асабліва выразна гэта праяўляецца ў эпоху Адраджэння, калі Беларусь праходзіць еўрапейскім шляхам ад сцвярджэння гуманізма і фарміравання юрыдычнага светапогляду да распаўсюджвання ідэй новага прыродазнаўства;

3)хрысціянскі ўплыў і рэаліі палітычнага жыцця Беларусі абумовілі перавагу ў філасофскіх пошуках маральна-этычнай праблематыкі. Гэтая адметнасць праяўляецца на ўсіх этапах развіцця беларускай духоўнай культуры і з’яўляецца дамінуючай, што не азначае адсутнасці анталагічных, сацыяльна-філасофскіх і гнасеалагічных даследаванняў;

4)гісторыя беларускай філасофскай і грамадска-палітычнай думкі з’яўляецца адлюстраваннем працэса фарміравання беларускай нацыі і ўвасабленнем яе нацыянальнай свядомасці і нацыянальнага характару.