Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Канспект лекцый па філасо.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Філасофія Адраджэння: адметнасці і кола праблем

Рэнесанс – гэта эпоха нараджэння новай цывілізацыі, якая прынцыпова адрознівалася ад традыцыйнага сярэдневяковага грамадства. Асновай гэтай цывілізацыі з’яўляецца прамысловасць з шырокім падзелам працы і ўкараненнем тэхніка-тэхналагічных сродкаў вытворчасці. Імклівы рост гарадоў, развіццё гандлю і мараплавання, вялікія геаграфічныя адкрыцці, з аднаго боку, патрабавалі шырокіх ведаў, а з другога – выступалі эфектыўным стымулам развіцця навуковага пазнання. Вось чаму філасофія Адраджэння самым непасрэдным чынам звязана з новым прыродазнаўствам, якое абумоўлівала і напрамак філасофскіх даследаванняў, і змест філасофскіх ідэй.

Ля вытокаў гэтай цывілізацыі стаялі чатыры тэхнічныя вынаходніцтвы, ужо ўкаранёныя ў будзёнае жыццё: магнітны компас, порах, механічны гадзіннік ды друкарскі станок. Наступствы гэтых вынаходніцтваў нельга пераацаніць. Магнітны компас адкрываў новыя землі і спрыяў нараджэнню новай геаграфіі, знаёміў еўрапейцаў з новымі культурамі, новымі рэлігіямі, новым ладам жыцця. Панаваўшая раней упэўненасць у непарушнасці, абсалютнасці і ўнікальнасці еўрапейскіх традыцый саступае месца ўсведамленню адноснасці звыклых каштоўнасцей. Порах, агнястрэльная зброя і артылерыя ўзвышалі нацыянальныя дзяржавы, надавалі ім свецкага характару і рабілі здольнымі супрацьстаяць каталіцкай царкве, давалі перавагу еўрапейцам у каланізацыі новых зямель. Гадзіннік стаўся не толькі і не проста правобразам і ўзорам машын і механізмаў, ён фарміраваў новае светаўяўленне, новы ідэал навукі, сучасны погляд на Сусвет, чалавека і грамадства і нават на Бога. Друкарскі станок спрыяў адкрыццю і масаваму асэнсаванню новых ідэй. Без яго была б немагчымай навуковая рэвалюцыя, што абапіралася на сувязі навуковай супольнасці. Друкарскі станок спрыяў распаўсюджванню адукацыі, ператвараў мысленне ў асабовы, нават інтымны працэс, развіваў індывідуалізм, разбураў калектыўныя формы кантролю над разумовым жыццём.

Гэтая цывілізацыя ды інспіраваны ёю навуковы пошук вельмі хутка выявілі ўпадак і адсталасць паслярымскай культуры, дэградацыю маральнасці, нікчэмнасць чалавека. Мінулае ўяўлялася як “цёмны век”, дзе нельга знайсці апраўдання ні свету, ні чалавеку. Намаганнямі Петраркі хрысціянская Еўропа адкрыла для сябе сваё мінулае – класічную антычнасць, знайшла ў ёй тое, што не залежала ад царквы, а мела сваю ўласную каштоўнасць і ўзвышала чалавечы дух. Адкрытая антычнасць паўстае не проста і не толькі ўзорам для пераймання. Яна праяўляецца як магутны стымулятар і інспіратар культуратворчай дзейнасці. Гэта было не простым запазычаннем культурных каштоўнасцей антычнасці, а іх арыгінальнай творчай перапрацоўкай, тварэннем новай культуры. І ў гэтым творчым працэсе адкрываецца натуральнасць чалавека, яго зямное паходжанне, яго творчая прырода. Аказваецца, што ў тым свеце, дзе жыве чалавек, чалавечага не меней, чым боскага. Яго намаганнямі створаны гарады, замкі, дамы, храмы і палацы. Ён стваральнік жывапісу, музыкі, літаратуры. Яго талентам ствараецца навука і філасофія. Чалавек – гэта геній, які творыць свет свайго існавання. Натуралізм у інтэрпрэтацыі свету і чалавека спалучаецца тут з антрапацэнтрызмам і гуманізмам. Яны праяўляюцца не толькі ў тым, што менавіта чалавек становіцца галоўнай праблемай гэтай філасофіі, і не ў тым, што культывіруецца любоў да гэтага чалавека. Сутнасць рэнесанснага антрапацэнтрызма і гуманізма найперш і галоўным чынам заключаецца ў прызнанні за чалавекам права і абавязку ўдасканальваць свет і самога сябе з дапамогай розуму і ў адпаведнасці з яго прынцыпамі. Дантэ Аліг’еры, Франчэска Петрарка, а пазней Леон Баціста Альберці, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандола, Эразм Ратэрдамскі разбуралі традыцыйны вобраз чалавека як істоты грахоўнай і залежнай ад Бога, і сцвярджалі думку аб тым, што месца чалавека ў свеце абумоўлена не грахом і выратаваннем, а выключна яго годнасцю. Яна заключаецца ў здольнасці чалавека ўзвышацца ад жывёльнага стану да чалавечага, гэта значыць – у здольнасці да самаўдасканалення, і сведчаннем гэтай здольнасці ёсць створаны чалавекам свет навукі і мастацтва, эканомікі і рамёстваў, свет культуры, які дапаўняе і завяршае створанае Богам. Homo humanitas – гэта культурны, дзейны чалавек, які стварае і пазнае свет свайго існавання і дзякуючы гэтаму ўзвышаецца да ўзроўню творцы. Мэтай і сэнсам жыцця чалавека павінна стаць свабода чалавечага дзеяння.

Такое разуменне чалавека і яго прызначэння ў свеце не магло не прывесці да пытання аб тым, ці адпавядае сучаснае грамадства гэтаму “свабоднаму генію”, а калі не адпавядае, то якім яно павінна быць. Томас Мор у сваёй “Утопіі”, Тамаза Кампанела ў “Горадзе сонца” ствараюць мадэлі ідэальнага грамадства, свабоднага ад прыватнай уласнасці, няроўнасці і несправядлівасці. Так завяршаецца першы антрапацэнтрычна-гуманістычны этап развіцця рэнесанснай філасофіі (сярэдзіна XIV – сярэдзіна XV стст.).

Актуальнасць праблемы чалавека ў філасофіі Адраджэння не выключала, а нават абвастрала цікаўнасць да прыроды, яе будовы і прынцыпаў існавання, стымулявала анталагічныя пошукі. І тут мы знаходзім відавочныя антычныя ўплывы, і тут мы заўважаем, што гэта было не простае паўтарэнне натурфіласофскіх ідэй антычнасці, а пошук уласнага шляху ў навуцы. Менавіта ў анталогіі сувязь Адраджэння з папярэдняй эпохай праявілася найбольш выразна. Галоўнай праблемай новай натурфіласофіі ёсць праблема дачыненняў Бога і свету. Бернардына Тэлезіа, Франчэска Патрыцы, Парацэльс, Мікола Кузанскі, прызнаючы Бога ў якасці творцы свету, адступаюць ад кананічнага біблейскага разумення яго. Бог не па-за светам, не над ім, ён душа гэтага свету, святло, што пранізвае ўвесь свет і кожную рэч у ім і надае ўсяму сэнс і значэнне, нараджае гармонію. Бог і свет адзіны. Чым далей развівалася рэнесансная філасофія, тым больш сваіх кананічных рысаў страчваў Бог, тым выразней станавілася яшчэ неадэкватнае разуменне яго як прыроднага закона, натуральнай неабходнасці. Бог не гэтак творца прыроды, як гарманізуючы яе закон, а сама прырода са сферы, падпарадкаванай духу, ператвараецца ў натуральны пачатак усіх рэчаў. Да такіх высноваў прыходзіць рэнесансная філасофія на другім этапе свайго развіцця (сярэдзіна XV – першая траціна XVI стст.), які атрымаў назву анталагічна-неаплатанічнага.

Трэці этап у гісторыі філасофіі Адраджэння (другая палова XVI – пачатак XVII стст.) цесна звязаны з прыродазнаўствам і характарызуецца як натурфіласофскі. Мікола Капернік, Йоган Кеплер, Галілеа Галілей, Джардана Бруна стваралі новую тэарэтычную мадэль Сусвету, канчаткова парывалі з антычнымі і сярэдневяковымі поглядамі на яго будову, фарміравалі перадумовы навуковай рэвалюцыі. Ідэя бясконцага Сусвету, які развіваецца па сваіх уласных законах, рабіла відавочнай несумяшчальнасць навукі і рэлігіі, розуму і веры, дэманстравала згоду паміж будовай Сусвету і матэматычнымі законамі і стварала перадумовы ператварэння матэматыкі з абстрактнага занятку ў сродак спачатку астранамічных, а затым і прыродазнаўчых даследаванняў. Так у супярэчнасцях пераходнага перыяду нараджаюцца і набіраюцца моцы элементы новай навукі, новага светапогляду, новай культуры – Новага часу.

Падсумуем сказанае. Філасофія Адраджэння паўстае як самасвядомасць новай эпохі, звернутай да антычнай культуры, антычнай вучонасці, антычнага ладу жыцця і адначасова як выхад, пераадоленне сярэдневяковай схаластыкі і засілля рэлігіі. Але гэта было не “паўтарэнне пройдзенага”, а тварэнне новай філасофскай і культурнай прасторы, у цэнтры якой стаяў чалавек – творца сваёй рэчаіснасці. Галоўнымі рысамі гэтай філасофіі з’яўляюцца:

1)антрапацэнтрызм – прызнанне чалавека галоўнай праблемай філасофіі, цэнтральным элементам прыроды, вышэйшай праявай боскага тварэння;

2)гуманізм – прызнанне за чалавекам права і абавязку актыўна ўмешвацца ў прыроднае і сацыяльнае жыццё з мэтай яго ўдасканалення на падставе розуму і паводле яго прынцыпаў;

3)эстэтызм – стаўленне да Сусвету як увасаблення гармоніі, сіметрыі і прыгажосці;

4)натуралізм – свет і чалавек разглядаюцца не з пазіцый крэацыянізма, а як натуральныя існасці, прынцыпы існавання якіх знаходзяцца ў іх саміх;

5)пантэізм – атаясамленне свету і Бога, растварэнне Бога ў свеце, дзякуючы чаму Бог страчвае свой надпрыродны і па-запрыродны характар і зліваецца з прыродай, а прырода абагаўляецца.