Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Канспект лекцый па філасо.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Філасофія еўрапейскага сярэдневякоўя

Шлях да разумення сярэдневяковай філасофіі праходзіць не праз дакладна акрэсленыя храналагічныя межы яе развіцця. Такое абмежаванне немагчыма. Сапраўды, калі пачынаецца сярэдневякоўе? І калі яно канчаецца? Не мае перспектывы і спроба азначыць гэтую філасофію як філасофію феадалізма. Не таму, што сувязі паміж феадалізмам і сярэдневяковай філасофіяй няма, а найперш таму, што тая праблематыка, якая вызначае сутнасць гэтай філасофіі, узнікла значна раней, чым усталяваўся класічны феадалізм, а страціла яна сваю актуальнасць значна раней, чым феадалізм распаўся.

Але ў гэтым негатыўным азначэнні ёсць адно пазітыўнае сцвярджэнне: спасылка на характэрную для гэтай філасофіі праблематыку. Асаблівасцю сярэдневяковай філасофіі, якая праходзіць праз усю гісторыю гэтага перыяда, уласціва кожнаму філосафу і ў розных варыянтах пераносіцца з адной філасофскай сістэмы ў другую, з’яўляецца яе сувязь з рэлігіяй ва ўсім спектры ўзаемаадносін: ад поўнага падпарадкавання рэлігіі ў якасці яе служкі, да спробаў вызвалення філасофіі ад тэалагічнай апекі. Характэрнай рысай гэтай філасофіі з’яўляецца яе злучнасць з рэігійнай ідэалогіяй, заснаванай на прынцыпах монатэізма і боскага абвяшчэння. Што гэта азначае? Па-першае, сярэдневяковая філасофія фундаментальна залежала ад рэлігіі. Хоць яна і не растваралася цалкам у рэлігіі, але была прынцыпова ёй падпарадкавана. Па-другле, гэтая філасофія прынцыпова тэацэнтрычная, для яе ідэя Бога выконвала такую ж функцыю, якую для антычнай філасофіі выконвала ідэя эстэтычна-космацэнтрычная, ці для новаеўрапейскай філасофіі – ідэя пазітыўнай навукі. Гэта дае нам падставы для вызначэння храналагічных межаў сярэдневяковай фіасофіі: яна пачынаецца са свядомага падпарадкавання рэлігіі, а канчаецца тады, калі гэтая злучнасць філасофіі і рэлігіі распадаецца. А вядома, што гістарычна першую спробу скарыстацца філасофіяй для абгрунтавання чыста рэлігійных праблем зрабіў Філон Александрыйскі. Завяршылі ж распад гэтай злучнасці прадстаўнікі наміналістычна-сенсуалістычнай школы Оккама, зацвердзіўшыя канчаткова тэорыю “дзвюх ісцін”, якая ўзарвала маналітную сярэдневяковую ідэалогію. Гэта значыць, што сярэдневяковая філасофія ахоплівае перыяд прыкладна з канца І-пачатку ІІ ст. да канца XIV-пачатку XV ст. Па-трэцяе, сярэдневяковая філасофія ўзнікае пад час глыбокага крызісу рабаўладальніцтва, разбурэння познеантычнай культуры і ўзнікнення новых протафеадальных сацыяльна-палітычных і эканамічных рэалій. Яна была інспіравана біблейска-іудзейскай і эліністычнай (у першую чаргу – неаплатанічнай) традыцыямі, якія разам стваралі культурны падмурак новага светапогляду. Першы феномен вёў да тэалагізацыі філасофіі, прыстасавання яе да новых сацыякультурных рэалій і ўспрыняцця яе рэлігійна арыентаванай варварскай свядомасцю. Эліністычная ж традыцыя выконвала ролю філасафізацыі тэалогіі, якая дзякуючы гэтаму страчвала сваю эмацыянальна-рэлігійную агрэсіўнасць і набывала талерантнасці. Гэтыя ж інспірацыі вызначалі і характэрныя ўласцівасці сярэдневяковага мыслення: зварот да Бібліі і звязаная з гэтым рэтраспектыўнасць, сімвалізм і аўтарытарызм, схаластычнасць.

У гісторыі сярэдневяковай філасофіі выдзяляюць два асноўныя этапы: патрыстыку і схаластыку. Патрыстыка (ад лацінскага patres – бацькі) ахоплівае перыяд з ІІ да VIII стагоддзяў і звязана з дзейнасцю гэтак званых “бацькоў царквы”, якія, з аднаго боку, абаранялі хрысціянства і хрысціян ад язычніцкай дзяржавы, а з другога – распрацоўвалі тэарэтычныя асновы новага светапогляду, фарміравалі філасофскую, дакладней – тэалагічную парадыгму сярэдневяковага мыслення. Яны пераарыентавалі антычнае мысленне з яго космацэнтрызмам і рацыяналізмам на звышпрыроднага Бога і ірацыяналізм і гэтым заклалі падмурак лацінскага культурнага ўніверсума. Філасофскай асновай патрыстыкі быў платанізм, для якога характэрны зварот да трансцэндэнтнасці. Менавіта праз гэтую трансцэндэнтнасць вучэнне Платона набліжаецца да хрысціянскага вучэння з яго цвярджэннем: “Царства маё не ад гэтага свету...”

Філасофскія асновы новага светапогляду распрацоўваліся рознымі даследчыкамі як грэка-візантыйскай (Арыген, Васіль Вялікі, Рыгор Ніскі, Дыяніс Арэапагіт, Ян Дамаскін), так і лацінскай (Цертуліян, Баэцый, Аўгусцін) арыентацыі. Вынікам дзейнасці гэтых людзей сталася распрацоўка філасофскай парадыгмы сярэдневякоўя. Найбольш паслядоўна і поўна гэтая тэматыка распрацавана ў творах Аўгусціна Аўрэлія, думка якога ўспрымалася як узор, а творы – як ідэал навуковасці. Падмуркам гэтай парадыгмы сталіся наступныя прынцыпы:

тэацэнтрызм – прынцыпам і крыніцай усякага быцця, дабра і прыгажосці з’яўляецца Бог. Служэнне Богу – аснова маральнасці, перайманне Бога і прыпадабненне да яго – вышэйшая мэта. Усё існуючае суадносіцца з боскай дасканаласцю і дзякуючы гэтаму займае сваё месца ў свеце;

крэацыянізм – усё зменлівае створана Богам з нічога і ўсё створанае змяняецца і імкнецца да небыцця;

правідэнцыялізм – Бог перманентна правіць светам, людзкой гісторыяй і лёсам кожнага чалавека. Усё, што адбываецца, адбываецца паводле волі Бога, які адзіны напаўняе свет гармоніяй і сэнсам;

рэвеляцыянізм – крыніцай усякіх ведаў і самым надзейным спосабам пазнання з’яўляецца Святое Пісанне, у якім увасоблена боскае абвяшчэнне. Пазнаваць – значыць спасцігаць сэнс боскага слова;

персаналізм – створаны Богам чалавек ёсць недасканалае адлюстраванне ўседасканалай асобы Бога, таму ён – непаўторная персона, надзеленая розумам і воляй, падпарадкаваная толькі Богу і прызначаная служыць толькі яму.

Схаластыка ахоплівае ІХ – XV стст. і ў сваім развіцці праходзіць тры стадыі: ранняя схаластыка (ІХ – ХІІ стст.), у якой пераважалі ідэі Аўгусціна і хрысціянізаванага неаплатанізма (Эрыўгена, Расцэлін, Ансельм); класічная схаластыка (ХІІ – ХІІІ стст.), калі пачалі ўзвышацца універсітэцкія цэнтры (Оксфард, Кембрыдж, Тулуза, Падуя) начале з Парыжскім універсітэтам, дзе пераважалі ідэі хрысціянізаванага Арыстоцеля (Фама Аквінскі); позняя ці крытычная схаластыка (XIV – XV стст.) з яе намаганнямі ўраўнаваць у правах розум і веру (Дунс Скот, У. Окам).

Сімвалам схаластыкі сталася барацьба рэалізма і наміналізма. Прадстаўнікі рэалізма (лацінскае realis – сапраўдны) лічылі, што сапраўднай рэальнасцю валодаюць не адзінкавыя рэчы, а толькі агульныя паняцці, універсаліі, якія існуюць па-за светам і незалежна ад яго. Універсаліі ўтвараюць ідэальны і самадастатковы свет, які пранізвае свет матэрыяльны і надае яму форму і якасную вызначанасць. Наміналісты (лацінскае nomina – імя, найменне) адстойвалі думку, што рэальна і аб’ектыўна існуюць толькі адзінкавыя рэчы, а ўніверсаліі – гэта імёны тых рэчаў, якія праяўляюцца ў мове і не існуюць па-за межамі свядомасці. Варта адзначыць, што рабіліся спробы прымірэння рэалізма і наміналізма, пераадолення іх крайнасцей. Прыкладам можа служыць творчасць П’ера Абеляра і яго ідэя канцэптуалізма.

Сваёй вяршыні схаластыка дасягае ў творчасці вялікага сістэматызатара сярэдневякоўя Фамы Аквінскага. Ён не толькі абагульніў вынікі тысячагадовых пошукаў хрысціянскай тэалогіі, не толькі пераадолеў крайнасці рэалізма і наміналізма, але і стварыў вучэнне, якое стала падставай для кананізацыі Фамы і паслужыла фундаментам неатамізма – афіцыйнай філасофскай дактрыны сучаснага Ватыкана.

Такім чынам, сярэдневяковая філасофія была інспіравана элінізмам і біблеска-іудзейскай традыцыяй. Яна адлюстравала, з аднаго боку, распад рабаўладальніцтва і заняпад антычных каштоўнасцей, а з другога – нараджэнне і станаўленне феадальнага грамадства. Гэтая філасофія фарміравалася пад уплывам монатэістычнай богаабвешчанай рэлігіі і выступала тэарэтычнай асновай новага светапогляду. Яе галоўныя задачы:

1)тэарэтычнае абгрунтаванне асноўных прынцыпаў монатэістычнага светапогляду: тэацэнтрызма, крэацыянізма, рэвеляцыянізма, правідэнцыялізма;

2)спасціжэнне існасці Бога рацыянальнымі сродкамі;

3)тэалагічнае абгрунтаванне субардынацыі душы і цела, веры і розуму, дабра і зла, боскага закона і свабоднай волі чалавека.

Вырашэнне гэтых ірацыянальных задач рацыянальнымі сродкамі не толькі нарадзіла непераадольныя супярэчнасці паміж розумам і верай, але і падрыхтавала перадумовы для вызвалення розуму з-пад апекі рэлігіі і царквы і ўзнікнення новай філасофіі.