Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ХХ ст..doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
409.6 Кб
Скачать

Касцюм 20-х гг. Хх – пачатку ххі ст.

1. Касцюм 1917 – 1930-х гг.

2. Касцюм 1940-х – 1990-х гг.

3. Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці сучаснага касцюма.

1. Касцюм Савецкай Беларусі. Кастрычніцкая рэвалюцыя стала пачаткам новай эпохі для беларускага касцюма. У гэты складаны для Савецкай дзяржавы час касцюм быў простым, адзенне часам даношвалася. Адной з прыкметных частак касцюма стала “кожанка” – спецадзенне шафёраў. Яна стала сімвалам перыяду грамадзянскай вайны. Пасля завяршэння вайны кожанку насілі рабочыя – і мужчыны, і жанчыны. У жанчын яна звычайна насілася з кароткай да каленяў спадніцай, блузай, чырвонай хусткай або берэтам. Складзеная па дыяганалі хустка завязвалася ззаду. У час руска-японскай вайны медыцынскія сёстры павязвалі галовы чорнымі і белымі хусткамі з чырвоным крыжом. Гэтая форма засталася ў сясцёр і ў грамадзянскую вайну. Вобраз маладой жанчыны часу рэвалюцыі быў наступным: кароткая прычоска, прамыя валасы, якія выглядваюць з-пад заломленай набок кепкі ці берэта, у гімнасцёрцы, спадніцы ці галіфэ і ў сапагах. Такой непрыкметнай прайшла жанчына поруч з мужчынай рэвалюцыю, голад і разруху.

У 1918 г. быў аб’яўлены конкурс на стварэнне формы для Чырвонай Арміі. Першую прэмію і магчымасць ажыццявіць свой праект атрымаў мастак Сяргей Аркадзьеўскі. Узяўшы за аснову адзенне старажытнарускага воіна, ён стварыў даволі арыгінальны праект: шынель з пятліцамі і палатняны шлем з чырвонай зоркай, які атрымаў назву “будзёнаўка”. “Сімвалічным” адзеннем на флоце стала цяльняшка. У той жа час існавалі і малапрыкметныя дэталі касцюма. Прыкладам могуць служыць звычайныя мужчынскія паліто з чорнага драпу з аксамітавым каўняром. Такія паліто ў час рэвалюцыі насіла большасць мужчын у гарадах. Фрэнчы, гімнасцёркі і кепі сталі непасрэднымі атрыбутамі рэвалюцыянера. Яны склалі асноўны асартымент прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў. Да ліку “буржуазных элементаў” у час рэвалюцыі адносілі тых, хто завязваў гальштук і надзяваў капялюш.

Жаночы касцюм першай паловы 1920-х стаў больш свабодным, талія не падкрэслівалася. Сукенкі і блузы абвісалі з плячэй. “Віселі” на фігуры і шырокія рукавы. Спадніца па даўжыні даходзіла да сярэдзіны лыткі. Гэта было кожнадзённае адзенне прадстаўніц з “нэпманаўскага” асяроддзя. Вячэрні касцюм рабіўся пераважна з атласа, з глыбокімі выразамі і вышыўкай. На шыі размяшчалася шаль. Ногі ў бліскучых панчохах і вострых туфлях завяршалі выхадны касцюм, а кароткія стрыжкі з выгаленымі патыліцамі рабілі вобраз жанчыны непаўторным. На гэтым фоне кантрастам успрымаецца адзенне рабочых і сялян. Сваю вопратку яны шылі з танных баваўняных тканін. Моладзь насіла адзенне зусім простых рашэнняў. Набылі папулярнасць паласатыя суколкі з доўгімі рукавамі і кароткія спадніцы расшыранага трапецападобнага сілуэта. На галаву апраналі чырвоныя хусткі, на ногі – мацерчатыя тапачкі на гумавай падэшве. Марай кожнай дзяўчыны былі тапачкі з парусіны з блакітнай каёмачкай. Валасы маладых дзяўчат былі каротка пастрыжаны, дзяўчыны не прызнавалі ніякіх прычосак, манікюра, упрыгожанняў. Зімой дзяўчаты насілі вязаныя шапачкі з пампонамі і вязаныя берэты. Побач існавалі стрыманыя элегантныя ўвасабленні жаночага касцюма з гардэроба інтэлегенцыі, выхаванай у нормах традыцыйнага этыкету. Касцюм захоўваў прамую з невялікім завужэннем унізе форму, над якой узвышаўся авал невялікага, глыбока насунутага на галаву капялюшыка з вуалеткай. У 1920-я гады шмат людзей прыязджалі з вёскі. На вуліцах можна было сустрэць дзяўчат у доўгіх па шчыкалатку спадніцах з аборкамі, кароткімі вузкімі кофтамі з высокім каўняром-стойкай. Такім чынам, горад 1920-х гадоў быў апрануты даволі сумбурна. З 1930-х гадоў жаночая мода зрабіла рэзкі крок наперад: “жанчына-дошчачка” пераўтварылася ў “жанчыну-лінію”. На змену прамому сілуэту прыйшла лінія, якая затрымлівалася на грудзях, таліі і бёдрах. Спадніца апусцілася да шчыкалаткі, рабілася з аднаго палатнішча і зашпільвалася на левым баку зверху да нізу на вялікія гузікі.

Змены ў мужчынскім касцюме адбываліся больш маруднымі тэмпамі. Яны закраналі форму лацкана, тып крою, шырыню штаноў унізе і іх абляганне па бёдрах, даўжыню пінжака і паліто. Мужчынскія пінжакі падганяліся пад талію, а плечы некалькі пашыраліся. Усе мужчыны ў выніку здаваліся волатамі з класічнай фігурай. У 1920-я гады гэтыя суадносіны ў памерах стваралі таксама як і ў жаночым касцюме, прамую сілуэтную форму. Служачыя, настаўнікі, урачы насілі “талстоўкі” – кашулі на какетцы са зборкамі на спіне. З часоў ваеннай інтэрвенцыі па-ранейшаму выкарыстоўваўся фрэнч. Зручны, з чатырма накладнымі кішэнямі, раскляшоны па баках і апаясаны, ён заставаўся тыповым мужчынскім адзеннем да канца 1930-х гадоў. Мужчыны таксама насілі казацкія кашулі. Гэта кашуля з высокім каўняром, шэрая ці чорная з вузкім чорным кантам па барту. У 1929-1930-х гадах юнакі і рабочыя насілі форму – так званую юнгштурм, форму аўстрыйскай рэвалюцыйнай моладзі. Гэта кашуля колеру хакі з двума накладнымі кішэнямі, галіфэ і башмакі. Да гэтай формы найбольш какетлівая моладзь апранала брэзентавыя ахоўнага колеру капелюшы, якія зашпільваліся пад падбародкам. Таксама ў якасці галаўнога ўбору насілі “капітанкі” – шапкі з вялікім лакіраваным казырком. Спачатку такія шапкі насілі франты, а затым яны сталі уніформай хуліганаў. Па гэтай прычыне вытворчасць такіх фуражак была спынена.

Асаблівай прыкметай міжваеннага часу былі малюнкі на тканінах. Знішчаючы старую мяшчанскую моду, выступаючы за прастату, мастакі 1920 – 1930-х гадоў адмовіліся ад кветак і букетаў, пераўтвараючы палатно тканін у наглядную агітацыю за савецкую ўладу: выявы машын, трактароў, электралямпачак, паравозаў, сцэны лікбеза, ударнай працы.

Касцюм Заходняй Беларусі. У Заходняй Беларусі да канца 1930-х гадоў развіццё касцюма ўяўляла самастойны напрамак, які адрозніваўся ад тэндэнцый, існаваўшых у Савецкай Беларусі. Аснову вытворчасці адзення складалі дробныя прадпрыемствы, якія называліся “халупціны”. Да паслуг краўца звярталіся людзі розных прафесій і саслоўных груп. Розніца была ў выдатках кожнай сям’і на вопратку: куплялі больш дарагія або танныя матэрыялы, спраўлялі абнову кожны год або раз у некалькі гадоў.

Сяляне ацэньвалі адзенне па яго практычнасці і тэрміну нашэння. Сваімі рукамі шылі толькі рэчы з паўсядзённага асартыменту: фартухі, нескладанага фасону, спадніцы, кашулі. Верхняе адзенне – світкі, паліто насіліся па 7 і больш гадоў і доўга не выходзілі з сялянскага ўжытку. Традыцыйны жаночы комплекс паступова замяняўся прадметамі новых фасонаў. Спадніца шылася ўжо не з прамых трох-чатырох полак у зборкі, а ў кліны. Колькасць іх залежала ад моды. Яны стваралі пластычны сілуэт, які плаўна расшыраўся ад таліі ўніз. Лішак шырыні па таліі збіраўся ў швы кліноў. Самі тканіны, з якіх шылі спадніцы, па свайму афармленню былі падобнымі на фабрычныя, палатняныя фарбаваліся ў адзін колер, дэкор выкарыстоўваўся сціпла, арнамент быў спрошчаным. На змену разнастайнасці традыцыйнай вышыўкі прыходзіць тэхніка крыжа. Кашуля набыла больш зручныя ў нашэнні формы. Новае суправаджалася і іншымі прынцыпамі камплектавання касцюма. Жаночая кашуля станавілася ніжняй вопраткай. Паверх яе надзявалі кофту, традыцыйна ўпрыгожаную арнаментам па цэнтру засцежкі, па нізу рукавоў, каўняры. Верхні аб’ём фігуры, грудзі зацягваліся кароткім па таліі станікам. Спераду станік зашпільваўся на маленькія гузікі, не ўпрыгожваўся. У некаторых варыянтах станік зацягваўся ззаду цясёмкамі як гарсет. Паслядоўнасць камплектавання касцюма была наступнай: надзявалася кашуля, на яе – станік, затым кофта і спадніца. Не абавязковым ужо быў фартух. У касцюмах для выхаду фартух ператвараўся ў дэкаратыўны элемент, багата ўпрыгожваўся вышыўкай. У выніку фартух надаваў касцюму маляўнічасць і дэкаратыўнасць. Спадніца станавілася карацей, яе ўжо не насілі доўгай да пят. З’явілася мода насіць па дзве спадніцы адной даўжыні.

У заходніх раёнах працэс развіцця касцюма для заможных грамадзян вызначалі законы развіцця буржуазнага грамадства. Тут да палавіны 1930-х гадоў моцным быў уплыў заходнееўрапейскай моды. Па яе нормах адзенне падзялялася строга па прызначэнню на касцюм для працы, паўсядзённы і святочны, спартыўны і для адпачынку. Так, у адзенні інтэлегенцыі існавала некалькі стыляў: строгі класічны, спартыўны і рамантычны. З 1920-х гадоў у модзе імкліва развівалася тэндэнцыя да больш простых практычных рашэнняў. Жаночыя сукенкі станавіліся больш свабоднымі ў таліі. Лінія бёдраў акцэнтавалася, лінія таліі зніжалася. Жанчыны сродкамі касцюма імкнуліся быць падобнымі на “дзяўчынку-падлетка”, “жанчыну-дошчачку”. Абутак быў на плоскім нізкім абцасе. Акцэнт у касцюме пераносіўся на ніз: ніз сукенкі афармляўся валанамі, зборкамі. Дэкаратыўныя гузікі наўмысна павялічаных форм прышываліся на месцы закрытых складак. Маляўнічасць касцюму надавалі падабраныя па кантрасту дэталі: плоскія без стойкі каўняры, шалікі, якія завязвалі падобна гальштуку на адзін вузел. Сувязь з еўрапейскай модай прасочвалася праз выбар тканіны: палоскі, канты з аксамітавай, бліскучай матэрыі афармлялі край дэталей. За кошт розніцы ў даўжыні ніжняй і верхняй сукенак стваралася яруснасць касцюма, а шматслойнасць надавала мяккасць і маляўнічую пластыку. Вобразнасць касцюма падкрэслівалі дэталі: маленькія капелюшы з нешырокімі палямі, хусцінкі.

Заходнебеларуская мода 1930-х гадоў у параўнанні з модай 1920-х як бы пасталела і выяўляла годнасць жанчыны сваімі сродкамі. Замест эксцэнтрычнай жанчыны-хлапчука запатрабаванай модай становіцца жанчына з высокай і тонкай фігурай, пластычная і некалькі спешчаная. З адзення папярэдніх часоў пераносяцца ўсе дэталі, якія надавалі касцюму жаноцкасць – валаны, жабо, плісіроўкі. Спадніца апусцілася да сярэдзіны нагі. Яе аб’ём фарміраваўся мяккімі складкамі, якія свабодна струменіліся ад таліі. Па лініях знешняга абрысу касцюм успрымаўся як два трохвугольнікі, злучаныя вяршынямі ў сярэдзіне фігуры. Пераважалі аднатонныя, мяккія, стрыманых колераў крэпавыя, палатняныя, тканіны. Святочны камплект быў строга класічнага рашэння. У паўсядзённым жыцці пры знешніх адметнасцях вылучаўся адзін тып: сукенка са шчыльна аблягаючым стан ліфам і расшыранай за кошт зборак па таліі спадніцай. Лінія таліі падкрэслівалася поясам. Рукавы былі двух тыпаў: “ліхтарыкам” – кароткі, шырокі, сабраны ў зборкі ўверсе і кароткі гладкі, які шчыльны ахопліваў руку. Неглыбокі выраз гарлавіны афармляўся ў выглядзе авала, быў і V-падобнага выраз. Адрозненне надавалі варыянты аздаблення: у адным выпадку дэкаратыўны шнурок, уцягнуты ў вертыкальны рад прашытых петляў, нізка пацерак, якая ахоплівала шыю; у другім – лёгкі шалік завязваўся на шыі па выразу гарлавіны.

Асаблівую папулярнасць у жаночым гардэробе набылі строгія англійскага пакрою касцюмы, блузкі з доўгімі і кароткімі рукавамі, плашчы з воданепранікальнай бліскучай тканіны. Дэмісезонныя і зімнія паліто захоўвалі прыталены сілуэт. Упрыгожвалі зімнія паліто каўняры з пышнага футра чорна-бурай або рыжай лісіцы. Футра насілі як здымную дэталь. Яго накідвалі замест каўняра як на зімняе паліто так і на святочны касцюм. Жаночы абутак набыў вытанчаныя формы, у моду ўвайшлі тонкі і дастаткова высокі абцас. Абутак для паўсядзённага жыцця быў на нізкім абцасе. Жаночыя капелюшы набылі строгія абрысы, увайшлі ў моду блізкія па стылю да мужчынскіх фетравыя берэты.

У мужчынскім касцюме змены былі не адчувальнымі. Не выходзілі з ужытку традыцыйнага пакрою кашулі, світкі, штаны. Але вышыўка была ўжо больш сціплай. Шляхту ад сялян адрознівала манера насіць касцюм. Сяляне насілі кашулю паверх штаноў, шляхта запраўляла яе ў штаны, штаны – у боты. Шапка-канфедэратка дапаўняла мужчынскі касцюм Заходняй Беларусі.

2. Жаночы касцюм. У першыя пасляваенныя гады адзенне сваёй даўжынёй ледзь прыкрывала калені, у мадэлях жаночага адзення часта сустракаліся такія асаблівасці як какеткі з кішэнямі, складкамі, шырокія паясы, манжэты. З’явіўся звычай хадзіць з непакрытай галавой, распаўсюджанымі жаночымі галаўнымі ўборамі сталі шалікі, скручаныя ў выглядзе цюрбаноў, а таксама пілоткі. У 1945 г. узнік новы пакрой у жаночым адзенні – “японка” з шырокай гарлавінай і невялікімі падплечнікамі. Жаночае адзенне пачынала паступова падаўжацца. У касцюме з 1947 г. рысы жаноцкасці станавіліся больш выразнымі. Касцюм ствараў уражанне тонкай таліі, акцэнтаваў лінію грудзей. Лінія бёдраў канструктыўна падкрэслівалася складкамі на спіне жакета, паліто ці зборкамі на спадніцы. Прамыя спадніцы ў асноўным дапаўнялі жакет, а сукенкі і атрымаўшыя распаўсюджанне сукенкі–касцюмы мелі спадніцы-клёш ці спадніцу-сонейка. Высокія абцасы змянілі нізкія. У 1947 г. ў модзе пачынаецца вяртанне да аблягаючай формы ліфа ў жаночым адзенні, натуральнай, плаўнай лініі пляча, падоўжанай спадніцы, ўкладзенай у складкі. Складваўся жаночы сілуэт з маленькай галавой і нагамі, абутымі ў лёгкія туфлі на высокіх абцасах.

У 50-х – пач. 60-х гг. ХХ ст. назіралася некаторае збліжэнне жаночых і мужчынскіх касцюмаў. Жанчыны насілі штаны і спартыўныя курткі, мужчыны – клятчастыя кашулі, спартыўныя курткі, блізкія па мадэлях да жаночых. Такія змяненні касцюма ў многім звязаны з развіццём спорта і турызма. Адзенне, першапачаткова прызначанае для спорта аснавальна ўваходзіць у побыт – яго насілі на працу, дома. Найбольш характэрнымі для пач. 50-х гг. ХХ ст. сталі мяккія формы. Жаночыя паліто адрознівае свабодны пакрой, модныя вялікія каўнеры, якія маглі завязвацца наперадзе бантом. У сярэдзіне 1950-х гг. пачала зараджацца новая форма, поўнасцю скрываючая талію шляхам расшырэння сукенкі па лініі таліі і бёдраў.

Для жаночага касцюма 1960-х гг. характэрны невялікі аб’ём адзення, прастата і рацыянальнасць. У мадэлях назіраецца адказ ад лішніх дэталяў, практычнасць становіцца галоўным плюсам. Прагледжвалася тры вядучах сілуэта жаночага касцюма: паўпрылягаючы жакет і прамая спадніца, прамы жакет і прамая спадніца, паўпрылягаючы жакет з звужанай данізу спадніцай. Асноўнымі сілуэтамі сукенак былі: са звонападобнай спадніцай і прылягаючым ліфам, прамога сілуэта, прамога сілуэта з паяском.

У 1970 – 1980-я гады выявілася вялікая цікавасць да вопраткі розных стыляў. Шматлікія творчыя ідэі мастакі запазычвалі з гістарычнага касцюма, выкарыстоўвалі матывы народнай вопраткі. У практыцы мадэліравання сталі выкарыстаўваць выразныя, яркія колеры. Назіралася некаторая задзірлівая экстравагантнасць у спалучэннях асобных прадметаў і нечаканыя рашэнні ў самім кроі. Былі вырабы шырокія ўверсе (крой нызываўся “кажан”) і шчыльна аблягаючыя фігуру, спартыўныя. Перавага аддавалі чыстым колерам і іх спалучэнням, а ў выхадным касцюме – складанаму каларыстычнаму рашэнню, мяккім пастэльным колерам. Касцюм упрыгожвалі насычанай і багатай вышыўкай, карункавымі ўстаўкамі і нефункцыянальнымі дэталямі. Сукенка з джынсавай тканіны магла быць упрыгожана карункамі. Вопратка 1980-х гг. станавілася даўжэйшай, але жанчыны не адмаўляліся і ад кароткіх спадніц.

Абутак савецкага часу ў стылявых адносінах заўсёды быў набліжаны да адзення. 1940-я гг. характарызаваліся ўцежаленнем ніза (падэшвы), насочнай часткі і павелічэннем вышыні абцаса. У канцы 1940-х гг. быў створаны аблегчаны абутак на высокіх абцасах. Летам насілі туфлі з адкрытым носам і пяткай. Для падашвы выкарыстоўвалі лакіраванае дрэва і пробку.

У 1950-я гг. сустракаліся ўпрыгожанні тыпу ўставак з вышыўкай, брошак, перапляцення раменьчыкаў. Форма абутку змянілася – ускладнілася кампазіцыя, станавіўся ніжэй і таўсцей абцас, закругляўся насок. Дэкорам служылі строчка, адвароты. Для летняга абутку былі характэрны высокія заднікі з раменьчыкамі вакол нагі.

Моду 1960-х гг. характарызавала прастата і элегантнасць. Абутак быў аблегчаным, насок – завужаным. Характэрным быў сярэдні абцас. Паўсядзённы абутак адрозніваўся больш закругленым наском. Пераважаў абутак канструкцыі “лодачка”. Моднамі дэталямі былі банты, гузікі, абцягнутыя скурай, металічная фарнітура.

У канцы 1960-х – пачатку 1970-х гг. мода на кароткае адзенне адначасова стварыла абутак – сапагі з высокімі галянішчамі па назе. Абцас стаў больш трывалым, нізкім. Форма абцаса розная – ад прамога да моцна расшыранага ўнізе. У модзе быў тупаносы абутак з некалькі прыўзнятым носам. Пачатак 1970-х гг. быў адмечаны з’яўленнем абутку на платформе, у асноўным з дрэва ці з пробкі. Верх такога абутку рабілі з замшы, скуры, а таксама тэкстыльных матэрыялаў. Туфлі на абцасе рабілі таксама аб’ёмнымі. У парадным абутку назіралася вяртанне да класічных узораў. Паўсядзённым абуткам служылі боты на шнурках, невысокай і высокай платформе.

У другой палове 1970-х гг. – 1980-я гг. модным быў высокі абцас у сумяшчэнні з вузкай насочнай часткай. Абцас быў рознай формы – ад прамога і звужанага ўнізе да перавёрнутай формы. Летнім абуткам былі адкрытыя туфлі на высокім тонкім абцасе з раменьчыкамі вакол нагі, басаножкі з адкрытымі наском і пяткай.

Народны касцюм. У пасляваенны час, калі Беларусь уздымалася з руін, у абіходзе людзей яшчэ бытавала даматканае адзенне, захоўваліся традыцыі беларускага нацыянальнага касцюма. На Брэстчыне амаль да канца 1950-х гг. маладыя дзяўчаты ўвіваліся наміткамі, а свахі на вяселлі ўбіраліся ў “рожкі” ці “кветкі” – своеасаблівыя галаўныя ўборы з пучкамі фарбаванага пер’я. Аднак з цягам часу гарадскі касцюм стаў пераважаць і ў вёсцы. Толькі старыя жанчыны па традыцыі аддавалі перавагу комплексу са спадніцай, кофтай, фартухом, якія ўжо шылі з фабрычных тканін. Жанчыны сярэдняга і старэйшага ўзросту пакрывалі галовы хусткамі, пры гэтым зімой перавага аддавалася цёмным, спакойным танам, а летам насілі белыя ў дробныя кветачкі паркалёвыя хусцінкі. Маладыя дзяўчаты насілі рознакаляровыя хусткі, шалікі, у халодную пару карысталіся пуховымі хусткамі, футравымі і вязанымі шапкамі. У 70-я – 80-я гг. ХХ ст. зноў у моду ўвайшлі аднатонныя розных колераў хусткі з яркімі кветкамі.

Мужчынскае адзенне. У 1940-я гг. пад уплывам Вялікай Айчыннай вайны мужчынскі касцюм ваенізаваўся ў асартыменце, форме дэталяў, колеры. Лінія пляча стала ўтрыравана высокай і прамой, а талія – вузкай. У наступныя гады назіраецца вяртанне да класічных рашэнняў. Побач з адзеннем класічнага стыля з’яўляецца спартыўны стыль. З’яўляюцца нетрадыцыйныя пінжакі і паліто, з характэрнымі для спартыўнага стыля дэталямі – паяскамі, накладнымі кішэнямі, побач з пінжакамі – курткі. У другой палове 1940-х гг. вельмі пашыраецца колеравая гама мужчынскага адзення – уваходзяць у абіход зялёны і сіні колеры. Касцюмы як і раней рабіліся двух- або аднабортныя. Дапаўнялі касцюм белая кашуля і аднатонны ў палоску гальштук. Штаны былі шырокімі.

У мужчынскім адзенні 1950-х гг. з’яўвіліся новыя рысы. Калі раней ў аснове касцюма ляжаў дзелавы стыль, то зараз на першы план выйшла пытанне прыстасаванасці да ўмоў жыцця і камфортнасць адзення. З папярэдніх традыцыйных формаў адзення застаўся толькі фрак, і толькі для асабліва святочных выпадкаў. Усё адзенне рабілі больш лёгкім, формы памякчаліся. Даўжыня паліто рэзка ўкарочвалася, а сілуэт пашыраўся. У паліто найбольш выразна праяўляўся спартыўны стыль, зацвярджаліся і строгія формы паліто. З’явіліся звужаныя данізу штаны. Асабліва модным у гэты перыяд быў двухбортны пінжак з засцёжкай на два гузікі. Лацканы яго – падоўжаныя і шырокія. Афіцыйны касцюм быў аднатонны, цёмных таноў. Касцюм спартыўнага стыля адрознівалі вялікія накладныя кішэні, пагоны, паяскі. Вялікае распаўсюджанне атрымалі пінжакі без каўняра, якія насілі разам з кашуляй з адкладным каўняром.

Модная лінія ў касцюме 1960-х гг. з’яўлялася паслядоўным развіццём папярэдніх тэндэнцый. Але да атрыбутаў 1950-х гг. у 1960-я гг. дабавіліся новыя віды адзення: паліто на адшпільваючай падкладцы, лёгкія паліто, двухбаковыя курткі. Змяніўся і сілуэт адзення – плечы умеранай шырыні плаўна пераходзілі ў рукавы, кароткія паліто, вузкія па ўсёй даўжыні штаны – усё гэта павінна падкрэсліваць спартыўны воблік чалавека. Мужчынскі касцюм дапаўнялі пераважна светлыя кашулі, гальштукі, падабраныя ў тон і капелюшы. Побач з аднаколернымі тканінамі для касцюма прымянялі і рознакаляровыя. Доўгія паліто ў 1960-я гг. нярэдка замянялі падоўжанымі курткамі. Паўсядзённае адзенне было пазбаўлена прамога і прылягаючага сілуэта, было больш зручным і свабодным, адрознівалася палітрай больш яркіх колераў.

У 1970-я – 1980-я гг. мужчынскі касцюм таксама змяняўся. Пінжакі ў асноўным былі аднабортныя з засцежкай на 2-3 гузікі. Штаны па-ранейшаму аблягалі бёдры. Выхадны касцюм дапаўняўся жылетам. У другой палове 1970-х гадоў назіралася большая свабода выбару, разнастайнасць форм і відаў адзення. Касцюм класічнага стылю амаль не змяніўся, толькі пінжакі сталі карацей, а лацканы вузейшымі. Змяніўся сілуэт штаноў: яны сталі больш шырокімі на ўзроўні бёдраў і нязменнымі ўнізе. Паліто па свайму сілуэту нагадвала форму пінжака. Для яго таксама было характэрна мінімальнае абляганне. Дэталі цяпер сталі больш буйнымі, шырэйшым стаў каўнер, сустакаліся накладныя кішэні.

Асаблівасці меў таксама і мужчынскі абутак. У другой палове 1940-х гадоў ён рабіўся на каўчукавай падэшве з невялікім абцасам. Найбольш пашыранымі былі паўбацінкі, зімовы абутак – сапагі. Форма наска – авальная. У 1950-я гады былі распаўсюджаны туфлі на высокай тоўстай падэшве з завостранай формай наска.

Сілуэт мужчынскага абутку 1960-х гадоў некалькі падоўжаны. Лінія выразу падкрэслівалася акантоўкай. Выхадны абутак дэкараваўся нязначна: пляценнем і сумяшчэннем розных фактур матэрыялу. Невысокі абцас меў прамую форму, а насок зноў быў паўкруглым. У асартыменце летняга абутку былі сандаліі, а восеньскі абутак быў тыпу макасін. У другой палове 1960-х гадоў абутак становіцца зрокава больш аб’ёмным. Высокая лінія праяўлялася ў прымяненні буйных “языкоў”, якія закрывалі амаль палову пад’ёма нагі. Распаўсюдзіўся “клеевы” метад мацавання верха і ніза абутку. Характэрнай рысай абутку з’яўлялася лёгкасць, эластычнасць. Калі раней былі моднымі чорны і карычневы колеры, то ў 1960-я гады дадаваліся зямліста-шэрыя таны.

У пачатку 1970-х гадоў адбывалася змяненне сілуэта абутку, насочная частка была ў форме карэ ці закругленага карэ, падэшва – празмерна тоўстая, вышыня абцаса – да 80 мм. Пераважнай канструкцыяй абутку з’яўляўся канверт з засцежкай на шнуркі. Адметнымі асаблівасцямі абутку гэтага часу былі масіўнасць і аб’ёмная насочная частка. Летні абутак – сабо. У другой палове 1970-х – 1980-я гады быў шырока прадстаўлены абутак спартыўнага стылю, форма наска – змякчаны карэ. У якасці дэкору выкарыстоўваліся рамні з пражкамі. Побач з натуральнымі матэрыяламі для верхняй часткі абутка пачалі прымяняць розныя штучныя і сінтэтычныя матэрыялы.

У 1990-я гады ў нашым грамадстве адбываліся сур’ёзныя змены, звязаныя з распадам Савецкага Саюза, пачаткам эканамічнага крызісу. Гэта сваеасаблівым чынам паўплывала і на касцюм. Людзі ў параўнанні з савецкім часам сталі апранацца зусім па-іншаму. Здавалася, што паняцце “культура касцюма” было згублена, а эстэтычныя ўзоры мінулых дзесяцігоддзяў адвергнуты. Не стала выразнай сістэмы крытэрыяў, па якіх можна было б ацаніць вартасць стылю. Тое, што раней успрымалася як дрэнны густ, эстэтычная нявыхаванасць, нечакана стала нормай. Такую вопратку ў першую чаргу сталі насіць падлеткі і маладыя жанчыны. У 1990-я гады апраналіся незвычайна – разнастайна і пярэста. Адны насілі вопратку беларускіх вытворцаў, іншыя – замежных. Насілі фірмовую вопратку, а таксама “секанд хенд”.

3. У развіцці сучаснага касцюма дамінуюць чатыры асноўныя напрамкі: класічны, рамантычны, спартыўны і фальклорны.

Сучасная мода бярэ класічны стыль за аснову. Вопратка гэтага стылю найбольш распаўсюджана і робіцца з самых высакародных па якасці матэрыялаў. Класічны стыль адрозніваецца, па-першае, стрыманай прастатой у лініях, лаканічным кроем, прыёмы якога адпрацаваны дзесяцігоддзямі, далікатным колеравым рашэннем, даволі строгім вобразным гучаннем у цэлым. Вопратка гэтага стылю не кідаецца ў вочы, а прыцягвае ўвагу высокай якасцю матэрыялаў і выканання. Рэчы класічнага стылю маюць даволі працяглы цыкл і не губляюць сваёй актуальнасці, г. зн. не выходзяць з моды на працягу некалькіх сезонаў. Акрамя таго, яны добра камплектуюцца з вопраткай іншага стылю, што спрыяе іх варыянтнасці. Тыповымі для класічнага стылю з’яўляюцца жаночыя касцюмы, якія складаюцца з англійскіх жакетаў, кардыганаў, дапоўненых строгімі спадніцамі розных крояў або штанамі мужчынскага тыпу, а таксама спадніцамі-штанамі. Дарэчы, камізэлька звычайна з’яўляецца больш яркай і дэкаратыўнай, чым увесь касцюм. Блузы для жаночых касцюмаў нагадваюць мужчынскую кашулю. Найбольш характэрныя аксэсуары, якія дапаўняюць класічную вопратку, гэта: гальштукі, шалікі, капялюшы і “мужчынская” біжутэрыя (запанкі, шпількі для гальштука).

Вызначыць прыкметы, па якіх можна пазнаць вопратку класічнага стылю, досыць проста, чаго нельга сказаць аб рамантычным стылю. Ён мае столькі розных праяў, што яго называюць яшчэ фантазійным. Вопратка рамантычнага стылю можа мець маленькі аб’ём, шчыльна прылягаючы да фігуры, а можа быць вельмі аб’ёмнай. Рамантычныя касцюмы і сукенкі шыюцца альбо з лёгкай, “паветранай”, пластычнай тканіны (натуральны шоўк, віскоза), альбо з цвёрдых формаўтваральных тканін (парча, капрон). Розным можа быць і каларыстычнае рашэнне: ад пастэльных, мяккіх колераў да яркіх, насычаных. Аднак, нягледзячы на шматлікасць варыянтаў рамантычнага стылю, ён мае адзіны аб’яднаўчы пачатак – падкрэсленую жаноцкасць. Дасягаецца гэта дзякуючы розным дэкаратыўным элементам і прыёмам: хвальбонам, жабо, валанам, карункам, стужкам. Падкрэсліць рамантычны характар вопраткі дапамагае таксама выкарыстанне розных аксэсуараў: капялюшыкаў, лёгкіх шалікаў і хустак з празрыстай тканіны, карункавых пальчатак і, вядома, ювелірных упрыгожванняў і біжутэрыі – караляў, бранзалетаў, завушніц, брошак, кольцаў.

Для паўсядзённага жыцця больш падыходзіць спартыўны стыль. Галоўнае патрабаванне да спартыўнай вопраткі – забяспечыць магчымасць актыўных рухаў. Тканіна, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці спартыўнай вопраткі, як правіла, адрозніваецца добрымі гігіенічнымі ўласцівасцямі, вырабляецца з натуральных валокнаў – баваўняных, ільняных, радзей шаўковых. Колеравая палітра адрозніваецца яркасцю, кантраснасцю, “актыўнасцю”. Вопратка характарызуецца мноствам дэталяў – кішэняў, клапанаў, пагонаў, а таксама актыўным выкарыстаннем фурнітуры – кнопак, металічных гузікаў, “маланак”. Вельмі часта спартыўная вопратка ўпрыгожваецца вышытымі фірмовымі знакамі. Спартыўны стыль у сучасным касцюме ўтрымлівае ў сабе мноства мікрастыляў. Самыя папулярныя з іх: джынсавы, “сафары”, ваенізаваны (з элементамі і дэталямі, узятымі з форменнай вопраткі – гімнасцерак, мундзіраў), уніформа (гарадская вопратка па матывах працоўнай спецвопраткі – камбінезонаў, фартухаў, куртак). У апошні час становіцца вельмі папулярнай вопратка, якая нагадвае трэніровачныя касцюмы спартсменаў. Спартыўная вопратка добра падыходзіць для паўсядзённага жыцця: для працы, адпачынку, заняткаў спортам, не адпавядаючы, мабыць, толькі афіцыйна-ўрачыстаму і святочнаму становішчу.

Фальклорны стыль таксама называюць этнічным, кантры або проста народным. Сучасная вопратка гэтага стылю выканана ў духу нацыянальных касцюмаў розных народаў свету і запазычае ў іх асноўныя рысы: прастату і рацыянальнасць крою, функцыянальнасць форм, прыёмы дэкаратыўнага афармлення. Касцюм у фальклорным стылю выкарыстоўвае традыцыйныя для народнай вопраткі аксэсуары: шалікі і шыйныя хусткі, галаўныя ўборы і вязаныя вырабы. У вопратцы фальклорнага стылю чалавек адчувае сябе раскавана, вольна. Гэтыя якасці вызначаюць яе выкарыстанне ў час адпачынку, будзь то марскі курорт або зімовая горная база.

Пералічаныя стылі вельмі рэдка выкарыстоўваюцца ў чыстай форме, часцей за ўсё ў сучаснай вопратцы назіраецца змешванне стыляў – эклектыка. Пры гэтым ёсць стылі, якія натуральна і лёгка злучаюцца ў адзіны камплект. Так, напрыклад, вопратка класічнага стылю арганічна злучаецца з рамантычнай і спартыўнай. Блуза ў рамантычным стылю, надзетая са строгім гарнітурам, не толькі не псуе знешні выгляд, але і надае абліччу жанчыны мяккасць і чароўнасць. Нікога не здзівіць і спалучэнне класічнага пінжака з джынсамі. Удалыя варыянты спалучэнняў дае таксама злучэнне ў адным касцюме спартыўнага стылю з фальклорным, фальклорнага – з рамантычным. Умелае і дарэчнае спалучэнне стыляў не толькі дазваляе дамагчыся шматварыянтнасці гарнітураў у межах аднаго гардэроба, але і ўзмацняе і абвастрае вобразнае гучанне вопраткі. Пры гэтым галоўная ўмова захавання цэласнасці і гармоніі ў касцюме – прытрымліванне густу і пачуцця меры.

Тэндэнцыя эклектычнасці ў вопратцы асабліва ўзмацняецца ў апошняе дзесяцігоддзе. Цяпер злучаць тое, што традыцыйна лічылася незлучальным, стала любімым прыёмам сучасных стылістаў, якія бачаць у ім неабмежаваныя магчымасці для пошуку навізны. Сёння па парыжскіх і сусветных подыумах ходзяць мадэлі, апранутыя адначасова ў шоўк і грубае баваўнянае палатно, натуральны мех і празрысты шыфон. Шарсцяныя пінжакі дапаўняюцца рамантычнымі шыфонавымі спадніцамі, шырокія штаны са мноствам функцыянальных кішэняў носяць з абліпаючым цела віскозным світарам, а джынсы ўпрыгожваюцца стразамі. Як бачна, мода ўжо не дыктуе вызначаныя рэцэпты, а прапаноўвае кожнаму выбраць тое, што яму падыходзіць больш за ўсё. Аднак свабода выбару ўласнага варыянту камплектацыі вопраткі тоіць ў сабе і небяспеку – чалавек, не знаёмы з заканамернасцямі будовы гарманічнага касцюма, можа не толькі не палепшыць свой знешні выгляд, але і зрабіць яго недарэчным і нават агідным. Таму зараз, каб выглядаць прывабным, ужо не дастаткова проста гартаць модны часопіс, неабходна таксама развіваць свой прыродны густ і папаўняць тэарэтычныя веды ў вобласці мастацкага праектавання касцюма.

Лекцыя 4