Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ХХ ст..doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
409.6 Кб
Скачать

Жыллёвыя ўмовы насельніцтва Беларусі

20-х гг. ХХ – пачатку ХХІ ст.

1. Стылёвыя напрамкі ў індустрыі мэблі.

2. Асаблівасці інтэр’еру савецкай кватэры.

3. Сучасныя тэндэнцыі ў інтэр’еры кватэры.

1. За гады савецкай улады формы і канструкцыі мэблі неадначасова мяняліся пад уплывам розных фактараў. Побач з развіццём матэрыялаў і тэхналогіі на эвалюцыю мэблевых форм аказвалі моцны ўплыў змены ў эстэтычных уяўленнях людзей. Так, у 1920-я гады ідэі калектыўнага пражывання прывялі да будаўніцтва камунальных кватэр. З 1950-х гадоў пераважаў прынцып пасямейнага пражывання. Кожны тып кватэры меў свае асаблівасці і ў інтэр’еры, і ў мэблі.

Камунальная кватэра з адным пакоем на сям’ю і адной кухняй на ўсе сем’і стымулявала выпуск асобных прадметаў: ложкаў, шафаў, сталоў, крэслаў, тумбаў, этажэрак. Першыя гады савецкай улады супалі з перыядам канструктывізму – выпускалася толькі прадукцыя простых функцыянальна апраўданых форм, мэтазгодных канструкцый. У гэты час былі створаны прататыпы шэрагу сучасных вырабаў (да прыкладу, крэсла-ложак).

У пачатку 1930-х гадоў узмацнілася дэкаратыўнасць і пампезнасць мэблі – трэба было адлюстроўваць поспехі будаўніцтва сацыялізму. Пераход на шлях упрыгожвання ў архітэктуры прывёў да эклектызму і ў мэблевым мастацтве. Таксама побач з формамі класіцызму, ампіру, мадэрна і канструктывізму прапагандавалася народная мэбля. Парадныя формы, якія выкарыстоўваліся толькі ў мэблі для грамадскіх будынкаў, пачалі пранікаць і ў бытавую мэблю, што вяло да абмежавання магчымасцей яе масавага індустрыйнага выпуску. Старыя формы з залішнім упрыгожаннем аказаліся занадта складанымі для існуючай тэхналогіі з простым абсталяваннем, таму серыйна не выпускаліся. Гэта прыводзіла да таго, што асобныя вырабы не стваралі архітэктурна-мастацкага адзінства інтэр’ера. Так працягвалася і ў першыя пасляваенныя гады.

Адмаўленне ад упрыгожвання ў архітэктуры, прымяненне новых матэрыялаў і тэхналогій ў “хрушчоўскі” час абумовілі неабходнасць вырашэння супярэчнасцей паміж старымі прынцыпамі мэбліроўкі і новымі патрабаваннямі да інтэр’еру жылля. У 1956 г. на першай пасляваеннай выставе мэблі ў Маскве былі прадстаўлены новыя формы уніфікаванай мэблі. Замест пампезных і складаных вырабаў сталі выпускаць наборы секцыйнай мэблі для 1-2-3 комнатных кватэр.

З 1960-х гг. уводзіліся новыя формы канструкцыйных абліцовачных і аддзелачных матэрыялаў – ДВП, ДСП, пласцік, поліэфірныя лакі. Дэкаратыўныя элементы да сярэдзіны 1970-х гадоў не прымяняліся. Голыя тыповыя канструкцыі з плоскіх прамавугольнікаў спрыялі станаўленню так званага “скрыневага” стылю. Мінімалізм у архітэктуры і мэблі быў абумоўлены не толькі матэрыяламі і тэхналогіяй, але і ўяўленнямі аб прыгажосці, справядлівасці і роўнасці, якія фарміраваліся савецкімі і партыйнымі структурамі.

Аднатыпнасць мэблі стваралася не столькі за кошт жорсткай уніфікацыі, колькі за кошт абмежаванасці асартыменту. На буйных фабрыках на працягу некалькіх гадоў выпускалася 2-3 віда вырабаў. Да таго ж адзін праект мог распаўсюджвацца на некалькі прадпрыемстваў. Прапанова адставала ад попыту, мэбля заўсёды была ў дэфіцыце, таму на першым месцы стаяў аб’ём вытворчасці.

У сувязі з неабходнасцю далейшага паляпшэння якасці мэблі ў 1975 г. быў праведзены Усесаюзны конкурс на лепшыя ўзоры мэблі масавай вытворчасці. Конкурс прадэманстраваў магчымасці індывідуалізацыі інтэр’ера пры высокім узроўні уніфікацыі элементаў мэблі і мэтазгоднасці праектавання яе функцыянальных груп замест асобных прадметаў. Атрымала развіццё секцыйная мэбля, якая блакіравалася ў сценкі па шырыні і вышыні (за кошт рухомых антрэсоляў). Быў пакладзены пачатак наборам кухоннай мэблі, вуглавым рашэнням секцыйнай і мяккай мэблі. У вырабу мяккай мэблі намецілася тэндэнцыя да змяншэння вонкавых паверхняў з драўніны, паверхня стала “кутанай”, пачалі прымяняцца дэкаратыўныя прашыўкі. Секцыйны прынцып стаў характэрны і для спален, што дазволіла ствараць шматварыянтныя кампаноўкі ў невялікім памяшканні. Наборы кухоннай мэблі ўжо уключалі кухонную бытавую тэхніку, хаця гэта былі толькі першыя крокі механізацыя кухонных бытавых працэсаў.

Доўгі час з сярэдзіны 1970-х гадоў асноўным прыёмам дэкаравання корпуснай мэблі з’ялялася налажэнне прафіляваных рамак на ранейшыя “шчыты”. З пачатку 1980-х гадоў матывамі дэкаравання становяцца зашклёныя дзверы, арачныя формы дзвярэй. Мастацкая форма становіцца характэрнай і для малых вырабаў. Пачынаючы з 1980-х гадоў, у вырабе крэслаў акыўна выкарыстоўваліся гнуткаклейныя элементы. Яны дазвалялі эканоміць матэрыялы ў параўнанні з вырабам сталярных крэслаў.

У 1982 г. у Маскве прайшоў чарговы Усесаюзны конкурс на новыя ўзоры мэблі для масавай вытворчасці. Былі распрацаваны праекты набораў мэблі для дзіцячых комнат, прыхожых, рабочых кабінетаў, аднакомнатных кватэр. У мэтах узмацнення мастацкай выразнасці мэблі было пашырана колеравае вырашэнне за кошт прымянення плёначных матэрыялаў, злучэння натуральнай драўніны з ламініраванымі плітамі, вялікай гамы абліцовачных матэрыялаў. Павышэнне функцыянальнасці вырабаў дасягалася шляхам уладкавання абедзенных і рабочых сталоў у нішы корпуснай мэблі, уладкавання выдзвіжных і адкідных ложкаў. У кухоннай мэблі галоўную ўвагу сталі ўдзяляць падбору і ўладкаванню халадзільнікаў, газавых панелей з жарачнымі шафамі. Арыгінальныя сталы з пёстрай афарбоўкай набліжалі інтэр’ер кухні да інтэр’еру жылога памяшкання. У дзіцячай мэблі былі дакладна распрацаваны ўсе дэталі, прадугледжаны зручныя месцы для гульняў, двух’ярусныя ложкі, гімнастычныя сценкі. У мэблі для прыхожай была прадугледжана неабходная камфартабельнасць: паявіліся выдзвіжныя банкеткі, люстэркі, паліцы для тэлефону, шафы для захоўвання адзення. Вылучыўся асноўны напрамак стыляўтварэння мэблі – функцыянальна-канструктарскі: сумяшчэнне эстэтычных уласцівасцей вырабаў з патрабаваннямі іх масавай вытворчасці.

У канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. аформілася некалькі напрамкаў дызайну мэблі. Першым напрамкам з’яўляецца мінімалізм (спрашчэнне формы вырабу, адмаўленне ад дэкору і дэталей, без якіх можна абысціся). Гэты напрамак яшчэ называюць уцілітарным. Другім напрамкам з’яўляецца авангардызм. Вырабы ў дадзеным стылі адрозніваюцца навізной функцый, матэрыяла, формы (круглы ложак, ложак-аўтамабіль для дзяцей, рэгулюемае крэсла-масажор, набор мэблі для адпачынку са шкла). Трэцім напрамкам з’яўляецца этнаграфічны стыль (“кантры”). Зараз такая мэбля вырабляецца ўжо не ў ручную, а на ўдасканаленым абсталяванні. З гэтай прычыны мэбля мае добрыя прапорцыі, хаця на яе паверхні дзякуючы штучнаму старэнню матэрыяла і адчуваецца “налёт часу”. Чацвёрты напрамак – дэмакратычны. Мэбля гэтага стылёвага рашэння араентававна на масавага спажыўца і адносна невысокі кошт. У дадзеным выпадку выкарыстоўваюцца ДСП, сінтэтычныя абліцовачныя плёнкі. Разам з тым усе вырабы адпавядаюць функцыянальным і эстэтычным запатрабаванням чалавека. Пяты напрамак – мастацкі. Да яго трэба аднесці вырабы з дэкаратыўнымі элементамі (разьба, цісненне, філёнка). У мэблі мастацкага напрамку выкарыстоўваюцца розныя архітэктурныя элементы гістарычных стылей (аркі, пілястры, карнізы з арнаментам). Шосты напрамак – элітная мэбля. Яна выкарыстоўваецца для абсталявання інтэр’ераў прадстаўнічага характару (урадавых, пасольскіх). У такіх выпадках мае месца індывідуальны падыход пры вырабе мэблі.

2. Асаблівасці ў інтэр’еры савецкай кватэры мелі як нежылыя (прыхожая, кухня, санітарны вузел), так і жылыя (гасціная, спальня, дзіцячы пакой) памяшканні.

Прыхожая. У прыхожай рабіліся ўбудаваныя шафы, якія былі гардэробам, месцам захоўвання абутку, розных хатніх рэчаў, што рэдка былі патрэбны чалавеку. Разам з тым невялікая “дзяжурная вешалка” заўсёды існавала ў прыхожай (для рэчаў пасля дажджу, парасона). Яна ўяўляла сабой дзве планкі, замацаваных на сцяне. Верхняя служыла для размяшчэння кручкоў, а ніжняя аддзяляла адзенне ад сцяны. Зрэдку вешалка была напольнай і выкарыстоўвалася для галаўных убораў. Побач з вешалкай звычайна размяшчалася люстэрка. Яно было часцей высокім вертыкальным. Такое люстэрка дазваляла не толькі ўбачыць фігуру чалавека ў поўны рост, але і зрокава павялічыць памеры прыхожай. Ніжэй вешалкі і люстэрка знаходзілася невялікая банкетка з палічкай для тэлефона. На бакетцы таксама можна было зняць ці ўздзець абутак.

Кухня. У залежнасці ад прызначэння, абсталявання і выкарыстання вылучаліся кухні рабочыя, кухні-сталовыя і кухні-нішы. Рабочыя кухні былі разлічаны ў асноўным на прыгатаванне ежы і гаспадарчыя работы. Снеданне тут адбывалася нерэгулярна і як правіла асобнымі членамі сям’і і ў розны час. У кухні-сталовай размяшчаўся вялікі стол, разлічаны на адначасовае снеданне ўсёй сям’ёй. У кухні-нішы размяшчалася толькі рабочая зона: пліта, мойка, рабочы стол і халадзільнік.

Прадметы кухоннага абсталявання звычайна ўстанаўліваліся ў наступным парадку: халадзільнік – мойка – шафа – рабочы стол – пліта. З другога боку – абедзенны стол.

Кухонная мэбля і абсталяванне былі рухомымі (абедзенны стол – у невялікіх кухнях ён быў складны, стулы і табурэты – яны таксама маглі быць складнымі), а таксама стацыянарнымі (напольныя і насценныя шафы, пліта, мойка, халадзільнік, паветраачысціцель). Сярод напольных шафаў вылучаліся:

1) шафы-сталы з выдзвіжной дошкай;

2) шафы пад мойку, дзе ўтрымліваліся мыючыя сродкі (на унутраным баку дзверцы прымацоўваўся кантэйнер для адходаў);

3) шафы-калонкі (іх вышыня больш 2 метраў, прызначаліся для захоўвання кансерваў, сухіх прадуктаў, кухонных машын і апаратаў).

Насценныя шафы ўключалі шафы для сушкі посуду з паліцамі і падстаўкай з пласціфікаванага дрота, а таксама шафы для ўтрымання харчовых запасаў.

Значнае месца ў інтэр’еры кухні адыгрывалі пліта і халадзільнік. Пліты былі газавыя і электрычныя (на 2-4 канфоркі, маркі “Томь”, “Лысьва”, “Электра”). Над газавай плітой звычайна ўстанаўліваўся паветраачысціцель. Таксама выкарыстоўваліся электрапліткі з 1 ці 2 канфоркамі (маркі “Нева”, “Ока”, “Тайга”). Паступова ў жыццё савецкага грамадзяніна прыходзілі мікравалновыя печы “Электроніка”. Халадзільнікі выпускаліся аднакамерныя і двухкамерныя. У аднакамерных мелася маразільнае аддзяленне. Найбольш папулярнымі маркамі халадзільніка былі “Минск”, “Днепр”, “Снайге”, “Саратов”, “Смоленск”.

Убранства кухоннага памяшкання дапаўнялася фіранкамі, стол накрываўся абрусам. Колер сцен і кухоннай мэблі вытрымліваўся ў адным ключы. Падобнай па колеры была і глазураваная керамічная плітка, якая мацавалася на сцяну. Кухня асвятлялася так, каб у ёй было зручна працаваць. Звычайна абмяжоўваліся адным верхнім святлом, размясціўшы шкляны плафон ці абажур з тканіны пад самай столлю. Аднак над рабочым сталом гаспадыні дадаткова магло размяшчацца бра.

Сваеасаблівасць кухоннаму інтэр’еру прыдавалі керамічныя збаны і вазы, распісныя падносы, плеценыя кошыкі, тульскі самавар і гжэльскі чайнік. Над кухонным сталом добра выглядалі дошкі для нарэзкі хлеба і гародніны, наборы малаткоў і драўляных лыжак, каля пліты – рукавіцы-прыхваткі. Як упрыгожанні на кухне глядзеліся каса, сплеценая з цыбулі, звязка грыбоў, ваза з кветкамі.

Неад’емным элементам кухонных прынад з’яўляўся посуд, які выпускаўся з алюмінія, латуні, сталі, чыгуна, керамікі, шкла, пластмасы. Літы алюміневы посуд (патэльні, гусятніцы) выкарыстоўвалі ў асноўным для прыгатавання другіх страў. Стальны посуд (звычайна каструлі, міскі) выпускаўся эмаліраваным і быў прыгодны не толькі для прыгатавання страў, але і для іх доўгага захоўвання (у адрозненне ад алюміневага!). Латунны посуд выкарыстоўваўся для кіпячэння вады, вырабу варэння. Чугунны посуд выкарыстоўваецца ў асноўным для смажання. Чыгунныя патэльні былі чорнымі і мелі шурпатую паверхню. Керамічны посуд (талеркі, кубкі) дэкараваўся спецыяльнымі фарбамі. Вылучаўся фарфоравы, фаянсавы і ганчарны посуд. Са шкла вырабляўся шматлікі сталовы посуд – прыборы для вады, віна, а таксама салатніцы. Гэтыя рэчы маглі таксама быць з крышталю.

Зручнымі рэчамі для прыгатавання ежы былі камбінаваныя прыборы: міксеры-кавамолкі, мясарубкі-сокавыціскалкі, цёркі-шынкоўкі. Непасрэдна за сталом можна было прыгатаваць ежу з дапамогай электратосцера, электраблінніцы, электрафрыцюрніцы.

Санітарны вузел. У залежнасці ад тыпу кватэры санітарныя вузлы былі паасобныя і сумешчаныя. Для аднапакаёвых кватэр праектаваліся звычайна сумешчаныя, дзе ванна, рукамыйніца і унітаз знаходзіліся ў адным памяшканні. У кватэрах, дзе колькасць пакояў дзве і больш, санітарныя вузлы былі паасобныя. Акрамя сантэхнікі ў ванне знаходзіліся люстэрка з палічкай, вешалка для рушнікоў, свяцільня, штанга для фіранкі да ванны, а ў туалеце – кошык для гігіенічнай паперы.

У цагляных пяціпавярховых хатах сцяны ў санітарных вузлах выконваліся з шлакоблоков таўшчынёй 10 см. У панэльным доме сцены кабін былі жалезабетонныя або армацэментавыя (арматурная сетка і пласт цаментапясчанага раствора) таўшчынёй 4-5 см.

У невялікіх па плошчы кватэрах старога тыпу ванна ўсталёўвалася тарцом да ўваходу, таму ў памяшканні паміж сцяной і бортам ванны заставалася вольная прастора шырынёй не больш 70 см. У такім вузкім праходзе нельга было размясціць пральную машыну, таму што яна зачыняла бы падыход да рукамыйніцы.

У кватэрах, пабудаваных пасля 1971 года, габарыты ванны былі 170 х 75 см, і ўсталявана яна была ў процілеглай ад уваходу сцяны. У гэтых кабінах вольная прастора полу магла павялічыцца, і таму з’яўлялася месца для пральнай машыны. Пральныя машыны выпускаліся тыпу “СМ” без адціску бялізны, “СМР” – з ручным адціскам, а таксама паўаўтаматы тыпу “СМП”. Найболей папулярнымі маркамі пральных машын былі: “Малютка”, “Лыбидь”, “Таврия”, “Волжанка”, “Вятка”, “Ока”, “Золушка”, “Чайка”.

У жылых кватэрах таксама выкарыстоўвалася малая, так званая сядзячая, ванна. Мыцца ў ёй было не вельмі проста – і не толькі таму, што нельга было выцягнуцца ва ўвесь рост. Звычайна на пол трапляла шмат вады, таму ванну адгароджвалі поліэтыленавай плёнкай. У продажы меліся адмысловыя фіранкі з гэтага матэрыялу, у якія з аднаго боку былі ўстаўлены металічныя або пластмасавыя кольцы. Умацоўваліся фіранкі на тонкай металічнай штанзе. Дарэчы, поліэтыленавая фіранка была ледзь не адзіным упрыгожваннем ванны, таму выбіралі яе з яркім малюнкам або арнаментам. Ніжні бок фіранкі мог апускацца на 15-20 см. ніжэй борта ванны. Падчас мыцця гэты бок запраўляўся ўнутр.

У 1970-1980-е гг., як правіла, у ванне ўсталёўвалі ручны душ. Каб не станавіцца пасля прыняцця душу на халодны пліткавы пол, звычайна падсцілалі пад ногі невялікі гумавы або поліэтыленавы дыван. Аднак той і іншы хутка набіралі ваду, лёгка забруджваліся. У продажы былі для гэтага выпадку цыноўкі, якія складаліся з асобных пластмасавых секцый. Ім лёгка надавалася любая форма ў залежнасці ад канфігурацыі вольнай плошчы полу ваннай. Секцыі мелі форму рашоткі. Цыноўкі былі практычныя і служылі ўпрыгожваннем для полу.

Часам у ваннай рабілі скрыню для захоўвання бруднай бялізны. У малагабарытных кватэрах гэта было апраўдана. Калі ў ваннай была маленькая рукамыйніца, а жыхары жадалі, каб менш пырсак ляцела па баках, то набывалася адмысловае прыстасаванне на кран, так званы аэратар. Ён насычаў паветрам струю вады. Над рукамыйніцай на сцяне мацавалася адмысловая сеткаватая альбо магнітная мыльніца.

Ванная – месца не толькі для мыцця. Людзі цалкам здзяйснялі тут свой ранішні туалет: прычэсваліся, галіліся. На жаль, памеры ваннай не дазвалялі ўсталяваць тут дапаможны туалетны столік. Таму часта ў ванных падвешвалі невялікую шафу, у якой на ўнутраным боку створак было люстэрка. Пры павароце крайніх створак пад вызначаным вуглом утваралася вельмі зручнае своеасаблівае трумо.

Важнае значэнне для ваннай мелі памеры і месцазнаходжанне люстэрка. Яно магло быць усталявана ва ўсю даўжыню сцяны, над рукамыйніцай і на сцяне справа ад яе. Эфектна выглядала люстэрка, “патопленае” у сцяну. Для гэтага (у выпадку аздаблення паверхні сценаў пліткай) здымалі плітку, а ў вызваленую прастору ўстаўлялі люстэрка, латаючы бакі масцікай.

Камфорт кватэры шмат у чым залежыў ад афармлення і аздаблення санітарнага вузла. Таму вялікая ўвага надавалася колераваму рашэнню ваннай. Для аздаблення сцен выкарыстоўвалася паліваная плітка яркіх расфарбовак Для пакрыцця полу выкарыстоўвалася рыфленая паліваная плітка, няроўнасці якой памяншалі слізгаценне і тым самым памяншалі небяспеку траўмы.

Гасціная – агульны пакой. У савецкай кватэры гасціная амаль страціла сваё прызначэнне як пакой для людзей, запрошаных у дом. Гэтае памяшканне, як правіла, сумяшчала ў сабе функцыі сталовай (зручна папіць чайку або перакусіць перад тэлевізарам!), месца для заняткаў, адпачынку (у двух-трохпакаёвых кватэрах). Называлася гасціная часцей за ўсё залай або агульным пакоем.

Прынцыпы абсталявання агульнага пакоя былі не вельмі складаныя: прастата і пачуццё меры. Нічога лішняга ў гасцінай – гэта не склад і не музей. І разам з тым тут было ўсё неабходнае для стварэння камфорту і ўтульнасці. Менавіта ў афармленні інтэр’еру гэтага пакоя з найбольшай выразнасцю праяўлялася індывідуальнасць сям’і, яе інтарэсы і творчая вынаходлівасць.

У аднапакаёвай кватэры агульны пакой выкарыстоўваўся шматфункцыянальна – і як сталовая, і як зала, і як спальня. Агульны пакой у двухпакаёвай кватэры звычайна абсталявалася наступным чынам. Дзве тахты, пастаўленыя пад кутом (а з 80-х гг. ХХ ст. – канапа-ложак!), утваралі досыць ізаляваную зону адпачынку. У падгалоўі адной тахты размяшчалася секцыя-бар. Адкідная палічка бара фіксавалася ў гарызантальным становішчы і ўтварала невялікі столік. У тарцовай сцяны пакоя размяшчалася тры секцыі: скрыня для пасцельнага прыладдзя, ніжэйшая секцыя – шафа для захоўвання прайгравальніка, магнітафона, пласцінак (тут можна было паставіць тэлевізар) і невялікая бялізнавая камода – туалетны стол. Камбінаваны туалетны стол маглі выкарыстаць як падстаўку для радыёпрыёмніка. Убранне залы дапаўнялі часопісны столік, крэслы для адпачынку, дыван на падлогу.

З электрабытавых прыбораў агульнага пакоя ў першую чаргу варта назваць тэлевізар і магнітафон. Тэлевізары былі чорна-белымі (“Каскад”, “Рекорд”, “Фатон”, “Юность”, “Сапфир”), а таксама каляровымі (“Горизонт”, “Радуга”, “Темп”). Магнітафоны па спосабе размяшчэння магнітнай стужкі падпадзяляліся на касетныя (“Маяк”, “Орель”, “Яуза”, “Вильма”) і бабінныя (“Ростов”, “Комета”, “Снежеть”, “Астра”). Касетныя магнітафоны былі не толькі стацыянарнымі, але і пераноснымі. Магнітафоны былі нярэдка канструктыўна аб’яднаныя ў адным комплексе з радыёпрыёмнікам (магнітола) або з прайгравальнікам (магнітарадыёла). Акрамя названых электрапрыбораў савецкія грамадзяне выкарыстоўвалі відэамагнітафоны, вентылятары, прасы, цюнэры.

Спальня. Спальныя пакоі ў залежнасці ад памераў і складу сям’і падзяляліся на два асноўных тыпа: першы – спальня толькі для сну і другі – спальны пакой, дзе мелася месца для заняткаў і працы.

У першым выпадку спальны пакой мог быць невялікі, плошчай 10-12 кв. м, бо ва ўмовах кватэр аднасямейнага засялення маленькая спальня ў начны час магла быць пры дапамозе адчыненых дзвярэй аб’яднаная з астатнімі пакоямі кватэры, што значна павялічвала карысны аб’ём паветра ў пакоі.

Шум у агульным пакоі ад радыёпрыёмніка і тэлевізара, дзе часам да позняга вечара заседжвалася і адпачывала ўся сям’я, прымушаў размяшчаць працоўнае месца менавіта ў спальным пакоі. Працоўны стол не займаў вялікай плошчы полу, размяшчаўся заўсёды каля акна, гэта значыць у тым месцы пакоя, якое рэдка выкарыстоўвалася пры расстаноўцы ложкаў і найбольш асвятлялася натуральным святлом. На працоўным стале можна было прасаваць, карыстацца швейнай машынкай, друкаваць на машынцы. На бакавой сцяне над сталом маглі павесіць кніжную паліцу.

У спальні галоўным прадметам абсталявання быў ложак. У адрозненне ад канапы, канапы-ложка або тахты, якія размяшчаліся ў агульных і часткова ў дзіцячых пакоях, ложкі не выкарыстоўваліся ў дзённы час і пасцельнае прыладдзе з іх не прыбіралі на дзень. У спальні для шлюбнай пары ўсталёўвалі два ложкі з тумбачкамі, прычым да абодвух ложкаў быў зручны падыход. Двухспальныя ложкі рабілі пакой больш вольным. Спараныя ложкі звычайна ставілі тарцом да ўнутранай сцяны, а паўтарачныя – уздоўж яе. У падгалоўі двухспальнага ложка ўладкоўваліся паліцы для лямп або тумбачкі, дзе захоўваліся асабістыя рэчы, кнігі і часопісы, акуляры, лекі. Часам падгалоўе ўяўляла сабою частку сценавай панэлі, якая праходзіць па ўсёй сцяне. Тады з гэтай сценавай панэллю аб’ядноўваўся і туалетны столік з вялікім люстэркам або працоўны столік, які мог быць адкідным.

Абавязковым прадметам абсталявання спальных пакояў з’яўляліся шафы для адзення і бялізны. Добра выглядала і была зручнай ў выкарыстанні прысценная шафа ад сцяны да сцяны і ад столі да полу. Стварэнне такой сценкі, дарэчнай у інтэр’еры спальні, палягчалася дзякуючы выпуску мэблевымі фабрыкамі шаф рознай працягласці і антрэсолевых частак да іх.

У кватэрах меўся гардэробны пакой. На жаль, ён часта здаваўся будаўнікамі неабсталяваным, і шматлікія наваселы не зусім уяўлялі сабе яго прызначэнне. Звязаны дзвярыма са спальняй, гардэробны пакой плошчай 1.5-2.5 кв. м выконваў функцыі вялікай універсальнай шафы.

Дзіцячы пакой. У дзіцячай спальні, у залежнасці ад яе плошчы мог стаяць набор дзіцячай мэблі або “камбайн” у якім аб’ядноўваліся функцыі шафы, паліц для цацак і дзіцячага століка. Пры гэтым заўсёды заставалася досыць вольнага ад мэблі месца для гульняў на падлозе, дзе маленькае дзіця ахвотней усяго праводзіў свой час. Гэтую вольную плошчу закрывалі дыванам.

Ложак быў адным з галоўных прадметаў абсталявання дзіцячага кутка. Звычайны ложачак даўжынёй 1.4 м служыла дзіцяці да сямі-васьмігадовага ўзросту. Колы на ножках ложка рабілі яе рухомай і зручнай у карыстанні. Шафа для цацак з адчыненымі паліцамі, нішамі і дзверцамі магла быць забяспечанай невялікім адкідным столікам, адваротны бок якога выкарыстоўваўся як дошка для малявання крэйдай. У ніжняй частцы такой шафы ў нішы знаходзіліся скрыні, якія з’яўляліся адначасова месцам захоўвання цацак, а таксама служылі для розных гульняў. З іх дзіця мог рабіць хаткі для лялек, гаражы, цягнікі і ўсё іншае, што падказвала яго дзіцячае ўяўленне.

Па меры сталення ў дзіцяці павялічвалася цяга да малявання, лепкі. Для гэтага былі патрэбныя крэсла і дзіцячы стол. У савецкі час вялікае распаўсюджванне атрымаў дзіцячы набор, які складаўся са скрыні для цацак і стала. Дзеці заўсёды любяць бавіць час з раслінамі, рыбамі, птушкамі, таму ў іх пакоі мог быць уладкаваны жывы куток. Дзіцячыя малюнкі, фігуркі, вылепленыя з пластыліна, або проста малюначкі таксама маглі заняць сваё месца ў дзіцячым кутку, дапамагаючы прывіць дзіцяці любоў да мастацтва.

Калі дзіця пачынала навучанне ў школе, то спецыяльнае месца ў кватэры аддавалася ўладкаванню працоўнага кутка. У аднапакаёвай кватэры куток школьніка звычайна аддзяляўся ад астатняй часткі пакоя скразным кніжным сцелажом, які даходзіў да столі, дэкаратыўнай кветкавай сценкай або проста шафай. У двухпакаёвай кватэры пакоі падпадзяляліся звычайна на агульную і спальню. Калі ў сям’і адзін школьнік, то месца для заняткаў яму нярэдка адводзілася ў агульным пакоі, каб спальняй маглі карыстацца сталыя. Аднак лепшым быў варыянт, калі спальню (меншы пакой) аддавалі дзіцяці. У трохпакаёвай кватэры знайсці месца для школьніка было прасцей. Калі дзіця адзін, то адзін з пакояў цалкам адводзіўся ў яго распараджэнне. Калі школьнікаў было двое, то маглі ўзнікнуць нязручнасці, асабліва, калі час заняткаў у іх супадаў. Каб дзеці не перашкаджалі адзін аднаму, іх куткі ўладкоўвалі паасобна: адзін – у спальні, другі – у дзіцячай. Ва ўсіх выпадках, пакой у якой уладкоўваўся куток школьніка, была светлай і сухі. Пісьмовы стол размяшчаўся ў самай светлай частцы пакоя, каля вакна, каб працоўнае месца асвятлялася натуральным святлом.

3. Мода заўсёды адлюстроўвае рэальнасць. Сёння ў інтэр’ернай модзе вяршэнствуе раскоша. Але зараз з раскошай спалучаюцца навейшыя тэхналогіі: святлодыёды, друк з лічбавых носьбітаў, нанатэхналогіі і стэрыялітаграфія. Зноў папулярны такі атрыбут раскошы, як ляпніна. Таксама вітаецца гравіроўка, антыкварная паціна, вінтажныя вырабы з пацёртасцю, раскошныя люстры на аскетычным фоне. Моднымі з’яўляюцца кантрасты і проціпастаўленні: багацце на фоне разрухі, ультрасучаснае ў спалучэнні са старажытным. Прыкметным трэндам у інтэр’еры з’яўляецца камп’ютарны дызайн: складаныя арнаменты, графіці і аплікацыі.

Сама планіроўка сучаснага жылля некалькі перайначылася ў параўнанні з недалёкім мінулым. Зараз стала модным аб’ядноўваць разам: гасціную і кухню, кухню і бібліятэку, а таксама кухню і сталовую. Гэта прыўносіць у жыццё большы камфорт і эканоміць час. Таксама ўсё звычайней становіцца і “сістэма разумнай кватэры”, праграмуецца ацяпленне і асвятленне. Бытавая тэхніка займае істотнае месца ў жыцці сучаснага чалавека. З’явіліся такія навінкі, як кандыцыянеры і ацяпляльныя канструкцыі. Спрашчаючы працэсы падрыхтоўкі ежы, захоўванні харчавання, мыцця вопраткі, уборкі кватэры, бытавая тэхніка дала магчымасць перайсці на якасна новы ўзровень жыцця.

Сёння вельмі актуальны такі накірунак у інтэр’еры жылля як этнашык або экастыль. Дызайн, створаны не чалавекам, а самой прыродай – вось сутнасць дадзенага стылю. Дэкаратары і дызайнеры ўзнаўляюць у кватэрах прыродныя аб’екты. Пры ажыццяўленні ідэй этнічнага дызайну выкарыстоўваецца экадэкор (выкарыстанне ў афармленні пакояў каменя і металу, а таксама злучэнне прыродных элементаў з новымі тэхналогіямі), экамэбля (мэбля з натуральных матэрыялаў, неапрацаваная драўніна без фарб і паліроўкі), фларыстычныя кампазіцыі.

Не менш папулярны ў сучасным інтэр’еры і стыль хай-тэк. Ён з’яўляецца поўнай супрацьлегласцю экастылю. Папярэднікам гэтага сучаснага і вельмі папулярнага сёння стылю прынята лічыць канструктывізм. Можна сказаць, што хай-тэк – гэта прадукт эвалюцыі канструктывізму, яго вышэйшая форма. Тэрмін “хай-тэк” азначае “вышэйшая тэхналогія”, гэты стыль – ілюстрацыя магчымасцяў сучаснай тэхнікі і навукі. Пры ажыццяўленні дадзеных стылявых напрацовак выкарыстоўваюцца сучасныя матэрыялы, найноўшыя спосабы апрацоўкі металу. Разам з тым жыць у такім асяроддзі, магчыма, па гусце далёка не кожнаму. Тэхнагенны падыход у архітэктурных і інтэр’ерных рашэннях робіць кватэру своеасаблівым жылым модулем, наборам функцыянальных блокаў. Інтэр’ер вельмі нагадвае лабараторыю, дакладней, некалькі лабараторый: лабараторыю сну, лабараторыю падрыхтоўкі ежы і г.д.

Яшчэ адным модным павевам у інтэр’еры з’яўляецца так званы стылявы кірунак “космас”. Яго сімвалізуюць дзіўныя мэблевыя гібрыды, бліскучыя металізаваныя паверхні, новыя “касмічныя” матэрыялы.

Прыкметную ролю на сучасным этапе адыгрываюць і іншыя стылявыя накірункі ў інтэр’еры.

- эклектыка – спалучаюцца розныя фактуры, прадметы, стылявыя рашэнні і нават культуры. Мінулае, сучаснасць і будучыня перасякаюцца ў адной часовай прасторы.

- класіцызм – наяўнасць элементаў антычнай архітэктуры. У сучасным інтэр’еры класічны стыль камбінуецца з іншымі стылямі, утвараючы новыя варыянты.

- мадэрн – дэманструе вытанчанасць і яркую індывідуальнасць уладальніка. Лініі ў мадэрне плаўныя і мяккія, нагадваюць раслінны арнамент, яму ўласціва максімальнае выяўленне фактуры і пластычных магчымасцяў матэрыялу.

- арт-дэко – дэманстрацыя добрага густу. Гэты стыль зарадзіўся ў Францыі, адгэтуль яго лёгкасць і вытанчанасць. У інтэр’ерах арт-дэко звычайна выкарыстаюць кляновы масіў, ясень, ружовае дрэва.

- софт-мінімалізм – стыль для радыкалаў. Мінімалізм характарызуецца адсутнасцю дэкору і пошукам ідэальных прапорцый, новых колеравых рашэнняў.

- кітч – свайго роду нігілізм у архітэктуры, сумяшчэнне несумяшчальнага, стыль які адмаўляе ўсе папярэднія дасягненні і ставіць пад сумненне будучыя. Ён нараджаецца з-за празмернага багацця, перасычанасці і любові да эпатажу або, наадварот, ад абуральнай, кідаючай выклік беднасці.

- вінтаж – стыль, які спалучае разнастайныя рэчы 1950 – 1960-х гг., набытыя на базары, у антыкварных крамах або якія дасталіся ў спадчыну ад бацькоў. Фіранкі, абіўка, абрусы – усё ўжо былое ва ўжыванні, г.зн. “вінтажнае”.

Лекцыя 3