
Лекцыя 1
Населеныя пункты Беларусі
20-х гг. ХХ – пачатку ХХІ ст.
1. Планіроўка і забудова сельскіх пасяленняў Беларусі.
2. Сялянская сядзіба.
3. Горадабудаўніцтва.
4. Гарадское жыллё.
1. Кастрычніцкая рэвалюцыя палажыла пачатак зменам у абліччы беларускай вёскі. У лістападзе 1917 г. быў выдадзены Дэкрэт аб зямлі, які ліквідаваў памешчыцкае землеўладанне і перадаў зямлю ў карыстанне сялянам. Улічваючы патрабаванні большасці сялян, партыя бальшавікоў пайшла на ўраўняльнае размеркаванне зямлі. Савецкія законы дазвалялі сялянам выбіраць форму землекарыстання, аднак урад заўсёды падкрэсліваў перавагу грамадскай апрацоўкі зямлі.
Аднаўленне народнай гаспадаркі ў сярэдзіне 1920-х гг. дазволіла перайсці да сацыялістычнай рэканструкцыі беларускай вёскі. Меркавалася стварэнне дастаткова буйных, добраўпарадкаваных пасёлкаў не менш як на 200-х дзесяцінах зямельнай плошчы. Разам з тым дробныя пасяленні ў гэты час не рэкамендавалася рассяляць. Больш таго, у перыяд НЭПа на Беларусі актыўна праводзілася палітыка хутарызацыі.
Вёска пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі стала асноўным тыпам сельскага пасялення. Такія тыпы населеных пунктаў, як “фальварак”, “ваколіца”, “засценак”, безумоўна, зніклі. Савецкаму селяніну нічога не павінна было нагадваць пра былых эксплуататараў.
У снежні 1927 г. ВКП(б) узяла курс на калектывізацыю сельскай гаспадаркі. У сувязі з гэтым спынілася рассяленне на хутары. Новы спосаб вытворчасці прыйшоў у супярэчнасць з існуючымі формамі рассялення – узнікла неабходнасць стварэння калгасных і саўгасных пасёлкаў. Па тагачасных праектах тэрыторыя пасёлка падзялялася на некалькі функцыянальных зон: адміністрацыйна-кіруючую (праўленне калгаса, сельсавет), культурную (клуб, школа, бібліятэка), гандлю і абслугоўвання (магазін, дом быту), вытворчую (калгасны двор, ферма) і жылую. У вёсках меркавалася будаўніцтва мікрараёнаў са шматпавярховай забудовай.
У 1936 г. пачалося перасяленне сялян з хутароў на цэнтральныя калгасныя сядзібы. Многіх жыхароў раскулачылі і вывезлі ў Сібір. У чэрвені 1939 г. Пленум ЦК КП(б)Б зацвердзіў план ссялення з хутароў і вызначыў шэраг мер у дапамогу перасяленцам. Перасяленне з хутароў было не звычайным пераездам сялянскай сям’і з аднаго месца на другое. Гэта была карэнная ломка старога ўкладу жыцця беларускага селяніна. Да вайны на Беларусі было сселена ў вёскі каля 190 тысяч хутарскіх гаспадарак. У выніку сельскія пасяленні павялічыліся тэрытарыяльна і змянілі свой агульны выгляд. Дарэчы, планіроўка беларускай вёскі была вулічнай і толькі на паўночным усходзе сустракаліся вёскі з бессістэмнай забудовай.
Прамежкавае становішча паміж сельскімі і гарадскімі пасяленнямі ў даваенны час займалі мястэчкі. Аднак, па Указу Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (верасень 1938 г.) “Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР” большасць мястэчак была пераўтворана ў гарады і пасёлкі гарадскога тыпу, астатнія атрымалі статус вёскі.
Добраўпарадкаванне беларускіх вёсак было спынена вайной і працягвалася ў пасляваенны час. У 1950-я гады былі значна палепшаны тыпавыя праекты сельскіх пасяленняў. Па індывідуальных праектах былі пабудаваны Палац культуры ў в. Мышкавічы, Палац культуры і спорту ў в. Сарычы, Дом культуры ў пасёлку Малеч. Пры забудове пасёлкаў у пасляваенны час была выпрацавана значная колькасць прыёмаў азелянення вуліц, плошчаў, унутрыдваровай прасторы, а таксама вытворчых зон. Усе масавыя грамадскія будынкі (школы, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, бані) будаваліся паводле тыпавых праектаў БелНДІсельбуда.
З сярэдзіны 1960-х гадоў у выніку ўзбуйнення гаспадарак паскорылася будаўніцтва аб’ектаў вытворчага сельскагаспадарчага прызначэння – жывёлагадоўчых і птушкагадоўчых ферм, кармацэхаў, майстэрняў, складоў, збожжасховішчаў, сянажных і воданапорных вежаў. Кантраст вертыкальных вышынных аб’ёмаў (воданапорныя і сянажныя вежы) і гарызантальных падоўжаных будынкаў для ўтрымання жывёлы стварала выразнае архітэктурнае аблічча. Выкарыстанне стужачнага шклення надавала будынкам выгляд прамысловых збудаванняў. У гэты час распацоўваліся і будаваліся буйныя жывёлагадоўчыя комплексы з адміністрацыйна-бытавымі карпусамі і добраўпарадкаванай тэрыторыяй.
У лютым 1967 г. ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР прынялі пастанову “Аб мерах па далейшаму паляпшэнню жыллёвага і культурна-бытавога будаўніцтва ў вёсцы”. У адпаведнасці з пастановай усе пасяленні Беларусі былі падзелены на перспектыўныя і неперспектыўныя. З 34 тысяч сельскіх пасяленняў Беларусі было вылучана 5,5 тысяч перспектыўных вёсак, якія з пункту погляду колькасці двароў, размяшчэння, рэльефу мясцовасці павінны былі быць пераўтвораны ў добраўпарадкаваныя пасяленні “новага тыпу”. Жыхароў неперспектыўных пасяленняў пачалі перасяляць у перспектыўныя вёскі. У першую чаргу меркавалася завяршыць перасяленне з хутароў (да сярэдзіны 1960-х гадоў іх заставалася каля 9 тысяч) і дробных вёсак. Тут не прадугледжвалася ні новае будаўніцтва, ні капітальны рамонт. У другую чаргу меркавалася перасяляць жыхароў сярэдніх па памерах населеных пунктаў. У гэтых вёсках было спынена новае будаўніцтва, але дазваляўся капітальны рамонт жылых, культурна-бытавых і вытворчых памяшканняў. Такія пасяленні намечана было ссяліць да сярэдзіны 1980-х гг. У трэцюю чаргу меркавалася ссяляць пасяленні са значнымі вытворчымі комплексамі, цэнтры брыгад з жывёлагадоўчымі фермамі. Тут было магчымым новае будаўніцтва жыллёвага фонду са зборна-разборных элементаў, а таксама будаўніцтва памяшканняў культурна-бытавога абслугоўвання. Як бачна, гэтыя пабудовы павінны былі паступова выносіцца ў новыя камфартабельныя пасёлкі.
У перспектыўных населеных пунктах праводзіліся значныя работы па будаўніцтву і рамонту жылых дамоў, школ, дзіцячых садоў і ясляў, бальніц, клубаў, пякарняў, лазняў, прадпрыемстваў гандлю і бытавога абслугоўвання, па развіццю сеткі мясцовых дарог, узвядзенню мастоў, больш шырокаму укараненню электрыфікацыі і газіфікацыі, сродкаў сувязі, радыё і тэлебачання. Вызначаная работа вялася да пачатку 1990-х гадоў, але так і не была завершана.
У пачатку ХХІ ст. на Беларусі ўзнік новы тып сельскага пасялення – аграгарадок. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь запланаваў да 2010 г. пераўтварыць 1481 населены пункт краіны ў аграгарадкі. У 2005 г. аграгарадкоў было 164, а на 2008 г. – ужо больш 300. На праграму адраджэння і развіцця беларускага сяла толькі за 2005-2006 гг. было затрачана 25 трлн. беларускіх рублёў. Трэба спадзявацца, што прадуманая палітыка беларускага ўрада спыніць міграцыю з вёскі ў горад, зробіць беларускую вёску перспектыўнай для моладзі.
2. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі адбыліся прыкметныя змены ў знешнім абліччы сялянскай сядзібы. Значна парушыўся традыцыйны ансамбль вяночнай сядзібы на ўсходзе Беларусі. Знікненне замётаў ад вуліцы, ранейшых глухіх варот надало сядзібе П-падобную форму, двор стаў адкрытым, прасторным. Змяненні закранулі і іншыя тыпы сядзіб. Так, на поўдні і захадзе Беларусі з’явіліся аднарадныя двары, у якіх паміж жылой і гаспадарчай пабудовамі ўтвараўся адпаведны прамежак незанятай плошчы. Змяншэнне колькасці гаспадарчых збудаванняў дазволіла аднесці хлеў далей ад хаты на 10-15 метраў. Прастора паміж жыллёвымі і гаспадарчымі пабудовамі нярэдка засаджвалася садовымі або дэкаратыўнымі дрэвамі. Прысады адначасова выконвалі ролю супрацьпажарнай і інсекцыйнай заслоны. У гэтым праявілася тэндэнцыя да паляпшэння санітарна-гігіенічнага стану двара. Хлеў цяпер стаў асноўным, а часам і адзіным збудаваннем на сядзібе селяніна і выкарыстоўваўся не толькі для ўтрымання свойскай жывёлы, але і для захоўвання сена, калі яно не складвалася пад страхой абарога. Разам з тым традыцыйная забудова сялянскіх сядзіб вянком, хоць у значнай ступені і мадыфікаваная, назіраецца і зараз ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. На Гродзеншчыне захаваўся аднарадны тып пагоннай забудовы. Традыцыйнае размяшчэнне хаты тарцом да вуліцы, як і раней, шырока бытуе на тэрыторыі ўсёй Беларусі. Традыцыйнай у даваенны час заставалася і сама сялянская хата. За перыяд фашысцкай акупацыі былі поўнасцю знішчаны 920 вёсак, спалена больш як 400 тысяч жылых збудаванняў. У першыя пасляваенныя гады вёскі часам забудоўваліся без уліку перспектывы – трэба было хутчэй вывесці тысячы сем’яў з зямлянак, стварыць для людзей больш спрыяльныя жыллёва-бытавыя ўмовы.
У развіцці сялянскага жылля ў пасляваенны час трэба вылучыць некалькі напрамкаў: змяненне будаўнічага матэрыялу, узнікненне ў будаўнічай тэхніцы новых канструкцыйна-тэхналагічных прыёмаў, мадэрнізацыя традыцыйнай планіроўкі.
У сувязі з інтэнсіфікацыяй жылога будаўніцтва ў калгаснай вёсцы і ашчаднымі адносінамі да лесу, традыцыйны будаўнічы матэрыял – драўніна – з кожным годам усё больш і больш саступаў месца новым будаўнічым матэрыялам: цэгле, шлакабетону, ДСП. Многія традыцыйныя дахавыя матэрыялы (салома, чарот) перасталі выкарыстоўвацца нават для гаспадарчых пабудоў. Салома замянялася бляхай, толлю, рубероідам ці шыферам. Тым не менш у 1970-я гады прыкладна 95% сялянскіх жыллёвых пабудоў былі поўнасцю драўлянымі, 80% дамоў крыты дранкай з асіны, сасны ці алешыны.
Адбываліся змены ў будаўнічай тэхніцы. Бярвенні на сцены сталі апілоўваць або абчэсваць з абодвух бакоў, а асноўным спосабам злучэння бярвенняў стаў чысты вугал. Карэнным чынам змяніўся падмурак сялянскай хаты. Калі раней першы вянок клалі проста на зямлю, то цяпер пад вуглы пачалі пакладваць вялізныя камяні або штандары (дубовыя калоды). Затым прастору паміж штандарамі па ўсяму перыметру запаўнялі вертыкальнымі цурбанамі. Таксама ў пасляваенны час атрымаў распаўсюджанне падмурак з камення ці цэглы. Многія сяляне падвялі падмуркі пад раней узведзеныя хаты і нават хлявы.
Змяненне жылля ішло і па шляху павелічэння карыснай плошчы. Плошча дамоў станавілася да 40 кв. м. (у дарэвалюцыйны час не перавышала 25 кв. м.). У дамах савецкага тыпу заўсёды выдзялялася кухня і спальня. Акон было не менш 5 (раней – не больш 3), вышыня ад падлогі да столі – да 3 м.
У сувязі з чляненнем жылога памяшкання на некалькі асобных пакояў, печ перамясцілася са свайго традыцыйнага месца (вугал каля дзвярэй) на сярэдзіну хаты. Сцены бялілі або пакрывалі шпалерамі, столь падшывалі дошкамі, фанерай і фарбавалі ў белы колер. Падлога таксама фарбавалася паўсюдна. Традыцыйная мэбля ручной работы паступова выцяснялася фабрычнай. У дэкаратыўна-масацкім аздабленні жылых памяшканняў, якое здаўна выкарыстоўвалася на Беларусі, таксама адбыліся змены. Калі раней арнаментальная разьба па дрэву ўпрыгожвала галоўным чынам хаты заможных гаспадароў, то цяпер амаль у кожным доме асобныя архітэктурныя дэталі (ліштвы акон, вуглоў, вільчыкі) аздабляліся выявамі нябесных цел, прыроды і геаметрычнымі фігурамі.
Электрыфікацыя калгаснай вёскі дазволіла ўкараніць у быт сялян радыё, тэлебачанне, шэраг бытавых машын (тэлевізараў, халадзільнікаў). Газіфікацыя быта значна змяніла аблічча кухні, дзе газавыя пліты прыйшлі на змену традыцыйным печам.
Сялянскія двары ў пасляваенны час пачалі агароджвацца звычайна лёгкім штакетнікавым плотам, які служыў не толькі практычным мэтам, але і выконваў важную ролю ў дэкаратыўным афармленні сядзібы. Перад хатай разбіваўся кветнік, высаджваліся бярозы, клёны, рабіны. Дарожкі ўнутры двара абсаджваліся ягаднымі кустамі.
У многіх калгасах і саўгасах Беларусі былі пабудаваны шматпавярховыя многакватэрныя дамы. Аднак, гэтыя дамы прызначаліся пераважна для спецыялістаў: інжынерна-тэхнічных работнікаў, медыкаў, настаўнікаў. Пераважная большасць калгаснікаў не хацела адмаўляцца ад традыцыйнай вясковай хаты.
На сучасным этапе ў рамках праграмы па адраджэнню беларускага сяла адбываецца будаўніцтва двухпавярховых катэджаў на 1 сям’ю. Тыповым з’яўляецца наступны праект. На першым паверсе знаходзяцца прыхожая, кухня, туалет і два сумежныя пакоі. Адсюль есць выхад на веранду. Першы і другі паверхі злучае ўнутраная лесвіца. На другім паверсе знаходзяцца дзве спальні, ванная і туалет. Праз дзверы балкона можна выйсці на адкрытую тэрасу, зробленую на даху першага паверха. Сцены будынка – цагляныя, перакрыццё зроблена са зборных жалезабетонных панеляў. Як бачна, такія пабудовы вельмі камфартабельныя, яны адпавядаюць эстэтычнай запатрабаванасці беларускага земляроба.
3. У сувязі з рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі 1917 г. у гісторыі беларускага горадабудаўніцтва пачаўся новы этап. Канфіскаваны ў “буржуазных элементаў” жыллёвы фонд размяркоўваўся паміж прадпрыемствамі для забеспячэння жыллём рабочых і служачых. Амаль у кожным горадзе з’яўляліся “дамы спецыялістаў”. Часам былыя даходныя дамы пераўтвараліся ў Дамы Саветаў ці завадскія клубы. Найбольшыя страты ў паслярэвалюцыйны час былі нанесены культавым комплексам: пусцелі манастыры, зачыняліся касцёлы і цэрквы, а вызваленыя памяшканні выкарыстоўваліся пад склады.
Беларускія гарады значна пацярпелі ў выніку першай сусветнай вайны. Многія кварталы былі цалкам разбураны. Гэта стымулявала імкненне савецкай улады аднавіць горад і надаць яму новае аблічча.
У 1919 г. Мінск стаў сталіцай БССР. Адразу паўстала пытанне стварэння ў ім комплексу ўрадавых устаноў і грамадскіх структур рэспубліканскага значэння. У 1930-я гады быў вызначаны асноўны дыяметр сталіцы – Савецкая вуліца (былая Захар’еўская). Уздоўж яе напрамку фарміраваліся некалькі новых горадабудаўнічых цэнтраў. Галоўны з іх – плошча з Домам Урада. Праз пэўны прамежак, насупраць былога Аляксандраўскага сквера, быў узведзены Дом афіцэраў, крыху далей, на былой Скобелеўскай (Чырвонаармейскай) вуліцы быў адбудаваны корпус Нацыянальнай бібліятэкі. Бліжэй да Свіслачы сфарміраваўся ансамбль плошчы Парыжскай камуны – на былой Траецкай гары, насупраць карпусоў былога Прэабражэнскага кляштара. Тут быў узведзены велічны будынак Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Завяршаў новую гарадскую вось ансамбль карпусоў Беларускай Акадэміі Навук. Усе адзначаныя комплексы, за выключэннем будынка Нацыянальнай бібліятэкі, выкананы па праектах архітэктара І.Лангбарда, таму і аб’яднаны яны адзіным стылявым малюнкам.
У міжваенны перыяд у распрацоўцы праектаў гарадоў пачало вызначацца функцыянальнае заніраванне тэрыторый: адміністрацыйна-грамадскай (адміністрацыйныя будынкі, тэатры, бібліятэкі), гандлёвай, вытворчай (прадпрыемствы, заводы, фабрыкі) і жылой. Першыя дзве размяшчаліся ў цэнтральнай частцы і акружаліся тэрыторыямі жылых раёнаў. Вытворчыя зоны імкнуліся вынесці ў загарадныя раёны, за межы лесапаркавага пояса. Унутры вызначанах зон існавалі комплексы будынкаў навучальных устаноў, навукі, аховы здароўя, спорту.
Структура, якая кіравала ўсімі напрамкамі горадабудаўніцтва – Дзяржбуд БССР (на правах урадавага камітэта). Гэта дазволіла стварыць індустрыяльную будаўнічую базу і сістэму ўстаноў праектавання. Тэхніка-эканамічныя разлікі прывялі да выпрацоўкі будаўнічых норм і правілаў, што выконвалі ролю агульнасаюзнага стандарта. Гэта патрабавала стандартызацыі будаўнічых матэрыялаў і канструкцый, выпрацоўкі тыпавых рашэнняў у праектаванні. У 1930-я гг. тыпавое праектаванне пачало з’яўляцца ў сферы жылой забудовы гарадоў, а таксама ў будаўніцтве навучальных устаноў.
З’яўленне трамвая патрабавала рэканструкцыі вуліц – пашырэння, брукавання, уладкавання тратуараў і прыпынкаў. Што датычыцца гістарычных кварталаў, то яны ці заставаліся без увагі, ці наўмысна разбураліся.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў развіцці гарадоў Беларусі існавала дыяхроннасць, абумоўленая раздзяленнем тэрыторыі на Усходнюю і Заходнюю Беларусь. За два перадваенныя гады ў гарадах Заходняй Беларусі не адбылося значных горадабудаўнічых змен.
Вайна нанесла гарадам непамерныя страты. Асабліва моцныя разбурэнні выпалі на долю Мінска і гарадоў дняпроўскага рубяжа: Магілёў, Орша, Рагачоў, Гомель, дзе трымалася абарона. Спусташэнні вайны паставілі пытанне аб фактычным адбудаванні занава многіх гарадоў. Асабліва гэта датычылася Мінска. Пры распрацоўцы генеральнага плана горада (1946 г.) было прынята рашэнне, якое вызначыла пераважныя напрамкі развіцця: першы – уздоўж шашы Брэст – Масква і другі – з Мінска на Магілёў. Вакол першага прадугледжвалася фарміраваць грамадска-адміністрацыйную і культурную інфраструктуру, вакол другога – прамыслова-вытворчую. Перавага была аддадзена праекту дойлідаў пад кіраўніцтвам М.Паруснікава. Адпраўнымі кропкамі рабіліся асноўныя ансамблі: Дом урада, Дом афіцэраў, будынак ЦК КПБ, новая плошча Перамогі, оперны тэатр, Акадэмія навук. Галоўны праспект горада набыў урачысты выгляд, што падкрэслівалася маштабам шырокай праезжай часткі і тратуараў. Вуглавыя дамы праспекта ў некаторых месцах набылі вежавае завяршэнне з гадзіннікам ці агляднай пляцоўкай. Берагі Свіслачы былі вырашаны ў выглядзе паркавай зоны, аздоблены гранітнымі набярэжнымі.
На працягу 1950-х гг. было выпрацавана тыпавое планавае рашэнне планіроўкі раённых гарадоў – плошча з размешчанымі на ёй будынкамі раённых улад, раённы дом культуры, вузел сувязі, універмаг, сталовая-рэстаран, гасцініца. У цэнтры плошчы – помнік, сквер, кветнікі. Усе раённыя цэнтры на працягу 50-60-х гг. ХХ ст. набылі такі выгляд. У гэты ж час склаўся тыпавы выгляд будынкаў школ, дзіцячых садоў, кінатэатраў, клубаў, магазінаў.
Важнае значэнне ў пасляваенны час набыло будаўніцтва прамысловых аб’ектаў. Будаваліся заводы-гіганты саюзнага і рэспубліканскага значэння. Акрамя існаваўшых, ствараліся і новыя прамысловыя зоны, якія размяшчаліся на перыферыі гарадоў з улікам прыродаахоўных аспектаў і перспектыў расшырэння. Нягледзячы на тое, што праектаванне прамысловых аб’ектаў ажыццяўлялася індывідуальна, закладваліся асновы для уніфікацыі і тыпізацыі планіровачных параметраў, вяліся работы па ўкараненню зборнага будаўніцтва. У якасці будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўвалі цэглу, сілікатныя і шлакабетонныя блокі для вонкавых сцен, жалезабетон для ўнутранага каркаса. Найбольш значнымі прамысловымі аб’ектамі, узведзенымі ў пасляваенны час былі “Палімір” у Наваполацку, “Хімвалакно” ў Магілёве, Мінскі завод халадзільнікаў, “Бабруйскшына”, “Аршанскі ільнокамбінат”.
У 1960-я гады ў фарміраванні планіровачнай структуры гарадоў асноўнае значэнне меў прыродна-ландшафтны фактар. Кампазіцыйнай воссю буйных гарадоў стаў водна-зялёны дыяметр (тэрыторыі каля рэк Свіслач у Мінску, Сож у Гомелі, Дубровенка ў Магілёве, Заходняя Дзвіна ў Віцебску, Нёман у Гродна).
З пачатку 1970-х гадоў у архітэктуры Беларусі пачалося паступовае пераадоленне жорсткага рацыяналізму, інтэнсіўнымі тэмпамі адбывалася забудова новых тэрыторый. Структурная арганізацыя гарадоў гэтага перыяду характарызуецца актыўным будаўніцтвам мікрараёнаў. Забудова новых раёнаў ажыццяўлялася з улікам прыродна-ландшафтных умоў і сістэмы транаспартных камунікацый. Сталі забудоўвацца такія мікрараёны як Зялёны Луг, Усход, Чыжоўка і Серабранка ў Мінску, Форты і Перасёлкі ў Гродна, Паўднёвы Захад у Брэсце, Поўдзень у Віцебску. Для горадабудаўнічай практыкі вызначанага перыяду характэрна хуткае прамысловае развіццё сярэдніх і малых гарадоў, у тым ліку Асіповіч, Барысава, Жлобіна, Рагачова, Слуцка. Вялікі ўплыў на архітэктурна-мастацкае аблічча гарадоў зрабілі буйныя грамадскія збудаванні, сярод якіх кінатэатры “Кастрычнік” у Мінску, “Беларусь” у Брэсце, Гомельскі цырк, Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі, комплексы ВНУ, крытыя каткі і тэнесныя корты ў Мінску, спартыўныя комплексы “Стайкі” і “Раўбічы”, лядовыя палацы. Высокімі кампазіцыйнымі якасцямі вылучаюцца Брэсцкі аэравакзал, Мінскі Палац піянераў і школьнікаў. Новай цікавай тэмай для беларускіх дойлідаў стала праца над Мінскім метрапалітэнам. Найбольш удалымі прыкладамі кампазіцыйнай сувязі з прасторавым асяроддзем могуць служыць помнікі Я.Купалу, комплекс “Мінск – горад-герой”, Курган Славы, помнік Ф.Скарыне ў Полацку, мемарыяльныя комплексы “Хатынь” і “Брэсцкая крэпасць-герой”.
У сувязі з насычанасцю гарадскіх цэнтраў транспартам і гістарычянай забудовай (Троіцкае прадмесце ў Мінску, плошча Свабоды ў Віцебску і г.д.) у 1980-я гг. узнікла праблема арганізацыі новых пешаходных зон і пераўтварэння аўтатранспартных дарог у пешаходныя, што садзейнічала захаванню гістарычнай забудовы.
Архітэктура 1990-х – пачатку 2000-х гадоў характарызуецца наватарскімі пошукамі. Адбываюцца змены ў горадабудаўнічай канцэпцыі: развіццё планіровачнай структуры гарадоў ідзе шляхам пераходу ад “кропкавага” роста да сістэмы “горад-прыгарад”. Значна ўзрастае роля будаўніцтва малапавярховых і індывідуальных жылых дамоў. Тэмпы мікрараённага будаўніцтва паступова зніжаюцца. Новыя праекты прадугледжваюць фарміраванне горада як сістэмы, падзеленай на асобныя зоны, звязаныя сеткай магістральных вуліц. Узмацняецца значэнне транспартных камунікацый. Атрымалі распаўсюджанне дарогі-“аб’езды”, якія дазваляюць абмінуць цэнтр. З пачатку ХХІ ст. станаўленне мастацкага аблічча беларускіх гарадоў ажыццяўляецца з выкарыстаннем графічных сродкаў і дэкаратыўнага асвятлення.
4. У 1920-я – 1930-я гады важным накірункам у горадабудаўніцтве было жыллёвае будаўніцтва. Разам з малапавярховым павялічыліся аб’ёмы будаўніцтва жылых дамоў вышэй за 4 паверхі, якія размяшчаліся на галоўных вуліцах у цэнтрах гарадоў. Вялікая ўвага аддавалася аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і пластыцы фасадаў, планіроўцы і добраўпарадкаванню кватэр. Характэрнымі прыкладамі ў гэтых адносінах могуць служыць пабудаваныя ў першай палове 1930-х гг. дамы спецыялістаў у Мінску, Магілёве, Віцебску. Так, Мінскі дом спецыялістаў заснаваны на спалучэнні розных па вышыні аб’ёмаў: цэнтральнага 6-павярховага і 4-павярховых бакавых крылаў. Па восі будынка на вышыні другога паверха знаходзіўся скразны парадны праём у двор. Выразнасць фасадаў дасягалася вертыкальным зашкленнем лесвічных клетак, рытмічнай групоўкай квадратных акон і балконаў. Дом складаўся з вуглавых і радавых секцый: на лесвічную пляцоўку выходзілі 2 кватэры, у якіх пакоі былі звязаны паміж сабой шырокім калідорам.
З другой паловы 1930 гг. пачаўся інтэнсіўны пошук рацыянальных тыпаў жылых дамоў, укараняліся прагрэсіўныя метады будаўніцтва. У гэты час беларускімі архітэктарамі распрацаваны тыпавыя праекты жылых дамоў на 8, 12, 24, 36 кватэр для масавага будаўніцтва. Выкарыстоўваліся ў жыллёвым будаўніцтве і тыпавыя секцыі, распрацаваныя Акадэміяй архітэктуры СССР (на 130 кватэр). Кватэры разлічваліся на 2-4 пакоі. Жылыя пакоі былі непрахаднымі. У першых паверхах многіх шматпавярховых дамоў прадугледжваліся памяшканні для прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання, гандлю, дзіцячых устаноў культуры. У 1930-я гады з’явілася і яшчэ адна форма жылля для рабочых і вучнёўскай моладзі – інтэрнаты. Гэта былі жылыя блокі калідорнай схемы, з пакоямі разлічанымі на 2-4 чалавекі. На кожным паверху меліся кухні, санітарныя блокі і агульныя пакоі.
За гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі разбурылі і спустошылі 209 гарадоў, было знішчана 75 % жыллёвага фонду. Адразу пасля вайны вялося жыллёвае будаўніцтва паводле тыпавых праектаў 1-3 павярховых дамоў на 4-24 кватэры. Імі забудоўваліся вуліцы, кварталы, цэлыя рабочыя пасёлкі (напрыклад, завода “Гомсельмаш”).
З сярэдзіны 1950-х гадоў шырокая сетка домабудаўнічых камбінатаў дала магчымасць на аснове тыпавых праектаў разгарнуць буйнаблочнае і буйнапанельнае домабудаванне (пяціпавярховыя “хрушчоўкі” з сумяшчальным санвузлом). У архітэктуры з гэтага часу і да канца 1960-х гг. функцыянальны пачатак пераважаў над дэкаратыўным. Толькі з выкарыстаннем колеру на фасадах пабудоў у 1970-я гг. стала паступова пераадольвацца праблема аднатыпнасці масавай забудовы.
У 1980-я гады важную ролю ў паляпшэнні якасці забудовы жылых масіваў адыгралі новыя серыі тыпавых праектаў, распрацаваных на аснове блок-секцыйнага метаду, што дазволіла ўзводзіць будынкі рознай павярховасці, працягласці і канфігурацыі ў залежнасці ад горадабудаўнічай сітуацыі і рэльефу мясцовасці, адмовіцца ад паўтарэння аднатыпных дамоў і шаблонных прыёмаў забудовы папярэдніх гадоў. Як правіла, гэта былі дзевяціпавярховыя збудаванні з ліфтам. У жылых раёнах праводзіліся работы па добраўпарадкаванню і азеляненню. Вялікая ўвага аддавалася развіццю інфраструктуры жылых кварталаў.
На сучасным этапе ўзводзяцца высотныя і малапавярховыя жылыя пабудовы па тыпавых праектах. На ўскраінах гарадоў шырокае распаўсюджанне атрымала будаўніцтва індывідуальных жылых пабудоў катэджнага тыпу. У архітэктуры катэджаў увасобіліся матывы барока, класіцызма, мадэрна, готыкі. Агульнай тэндэнцыяй стала імкненне да спрашчэння архітэктурных кампазіцый і гармоніі архітэктурнага і прыроднага асяроддзя.
Лекцыя 2