
- •7. Развіццё сацыяльна-культурнай антрапалогіі: спецыялізацыя ад другой сусветнай вайны да нашых дзён: неаэвалюцыянізм, культурная экалогія, тэорыя канфлікту, даследаванні структуры пазнання.
- •Неаэвалюцыянізм
- •Культурная экалогія
- •Тэорыі канфлікту
- •Неафункцыяналізм.
- •Марксісцкая антрапалогія.
- •Кагнітыўная антрапалогія.
- •Сімвалічная антрапалогія.
Марксісцкая антрапалогія.
Яшчэ адна група антраполагаў, якую натхнялі ідэі Карла Маркса (1818-1883), таксама бачыла ў канфлікце натуральную з'яву чалавечай культуры. Аднак у адрозненне ад Глюкмана антраполагі-марксісты маюць справу пераважна з трансфармацыяй грамадскага ладу і сувяззю канфлікту і культурнай эвалюцыі. Сам Маркс у сваіх ранніх працах і шэраг іншых навукоўцаў- марксістаў выпрацавалі адналінейную мадэль сацыяльнай эвалюцыі — ад "прымітыўнага" да "буржуазнага" грамадства. Аднак у больш позніх працах Маркс адзначаў, што змены ў грамадстве — куды больш складаная з'ява. Апошнім часам некаторыя марксісты прызнаюць існаванне некалькіх, а не адзінага універсальнага шляху эвалюцыі. Асноўны метад марксістаў-антраполагаў — даследаванне такіх зменаў у структуры грамадства, якія вядуць да рост напружанасці і канфліктнасці ў працэсе ўсталявання новых формаў сацыяльнай і эканамічнай арганізацыі. Тлумачачы перадумовы грамадскіх зменаў, Маркс акцэнтаваў увагу на сістэмах эксплуатацыі, у той час як функцыяналісты — на гарманічнай прыродзе сацыяльных сувязяў. Марксісты сцвярджалі, што пераважная большасць грамадстваў характарызуецца неаднолькавым размеркаваннем рэсурсаў і ўлады. Такі дысбаланс заўсёды выклікае канфлікт паміж багатымі і беднымі. Культурная эвалюцыя, згодна з марксістамі, характарызуецца пераразмеркаваннем сродкаў вытворчасці і спажывання. Рэдка калі такая трансфармацыя грамадства адбываецца бяскроўна, пра што сведчаць Французская рэвалюцыя канца XVIII ст., а таксама Расійская на пачатку XX ст., бо заўсёды існуюць тыя, хто меў добрае жыццё пры старым ладзе і не хоча яго губляць, і тыя, хто імкнецца ўсталяваць новы лад. Марксісцкая думка прыйшла ў сучасную антрапалогію з Францыі напрыканцы 60-х гадоў XX ст., калі такія навукоўцы, як Марыс Гадэлье Клод Мейясу, паспрабавалі прааналізаваць структуру племянных і сялянскіх супольнасцяў перш за ўсё праз эканамічны базіс сацыяльнай арганізацыі гэтых грамадстваў. У хуткім часе антраполагі англамоўнага свету таксама пачалі выкарыстоўваць марксісцкія канцэпцыі, больш увагі надаючы гістарычнаму развіццю і ўсведамляючы неабходнасць даследавання ўсёй сусветнай сістэмы — з тым, каб лепш разумець умовы існавання дробных сацыяльных адзінак.
Даследаванні структуры пазнання
У той час як марксісты і функцыянаяісты імкнуліся растлумачыць ролю канфлікту ў грамадстве, іншыя антрапалагічныя школы, якія ўзніклі ў 50-х і на пачатку 60-х гадоў, засяродзілі сваю ўвагу на тым, што забяспечвае цэласнасць культуры, — на структурах пазнання і мыслення. У сувязі з гэтым узніклі два розныя падыходы да праблем культуры — структуралізм і кагнітыўная антрапалогія. Нягледзячы на адрозненні, абодва яны адчулі моцны ўплыў структурнай лінгвістыкі, найперш спробаў адкрыць структурныя прынцыпы, якія вызначаюць мадэлі моўных паводзін.
СТРУКТУРАЛІЗМ.
Галоўным прадстаўніком структурнага падыходу ў даследаванні культуры з'явіўся французскі антраполаг Клод Леві-Строс (нар.1908). На яго думку, універсальныя прынцыпы, якія фарміруюць нашы паводзіны і светапогляд, закладзены ў структуры чалавечага мыслення. Хоць самі па сабе ідэі Леві-Строса ўплывалі на даследаванні ў галіне сваяцтва і міфалогіі, практычнае іх значэнне сталася абмежаваным, бо яны ў значнай меры не паддаюцца праверцы. Больш таго, ён разглядаў грамадства як статычную пабудову і не здолеў растлумачыць з'яву варыятыўнасці ў культуры. Іншыя структуралісты ставілі перад сабой больш простую задачу — вылучыць асноўныя структурныя прынцыпы асобных сістэм культуры. Сярод іх найбольш вядомы французскі антраполаг Луі Дзюмон (нар.1911). Дзюмон тлумачыў феномен каставай сістэмы Індыі праз тры структурныя прынцыпы ў гэтым грамадстве, а менавіта праз размежаванне, іерархію і ўзаемадзеянне. Першы прынцып адлюстраваны дакладным рытуальным статусам кожнай касты, другі — узроўнем іх сацыяльнага становішча і трэці — іх узаемазалежнасцю пры выкананні разнастайных задач. І хоць такі падыход карысны пры вызначэнні некаторых пазнавальных перадумоў сацыяльных паводзін, аднак ён не дазваляе растлумачыць ні прычын іх існавання, ні іх сэнсу. Больш таго, пры гэтым амаль што ігнаруецца роля адаптацыі, бо даследчык не здолеў спалучыць асноўныя структурныя прынцыпы культуры з навакольным і сацыяльным асяроддзем. У даследаванні Дзюмона, прынамсі, недастаткова ўвагі надаецца ўздзеянню палітычнай і эканамічнай канкурэнцыі на розныя бакі жыцця індыйскага грамадства, таксама як і ролі брытанскага каланіялізму ў трансфармацыі каставай сістэмы Індыі.