Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
В.И.Саитова - История краеведения Беларуси.doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Глава 3. Геаграфічныя і прыродазнаўчыя апісанні і даследаванні беларускіх рэгіёнаў

У часы ВКЛ узніклі не толькі гісторыка-краязнаўчыя апісанні і даследаванні, але таксама і прыродазнаўчыя. Іх кірункамі было картаграфаванне беларускіх зямель, іх вывучэнне і апісанне.

Картаграфаванне з'яўляецца адным з важных інструментаў краязнаўчых даследаванняў, а карты належаць да найбольш даставерных іх крыніц. Першыя беларускія геаграфічныя назвы захаваліся на старажытных картах, якія ствараліся ў замежных краінах, але дакладных звестак там не шмат. У наш час гісторыкі, асабліва Л.Р.Казлоў, выявілі шматлікія гістарычныя карты і даследавалі адлюстраванне на іх вядомых у мінулым геаграфічных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. На старажытных картах адзначаўся г. Полацк, рэкі Нёман і Заходняя Дзвіна. З-за недастатковасці звестак і недасканаласці картаграфавання старажытныя карты былі няпоўнымі і недакладнымі. Істотна, што некаторыя геаграфічныя аб’екты былі вядомыя далёка за межамі Беларусі. У XV – XVI стст. з’явіліся карты, на якіх былі пазначаны некалькі беларускіх гарадоў і рэк, паказаны назвы “Белая Русь” і “Чорная Русь”. У XVI ст. “бацька” польскай картаграфіі Б.Вапоўскі адлюстраваў на карце многа новых населеных пунктаў на землях Беларусі, лясоў і іншых аб’ектаў, выдатна паправіў сетку рэчак. Гэта карта была надрукавана ў рымскім выданні “Геаграфія” (1507, 1508) і шмат разоў перавыдавалася.

У канцы XVI ст. вялікага поспеху дасягнула картаграфічная дзейнасць у Беларусі. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, разумеючы недасканаласць картаграфіі ВКЛ, выдзеліў сродкі і людзей для састаўлення новай вялікай карты краю. Галоўным аўтарам карты быў вядомы гравёр Тамаш Макоўскі. Для яе стварэння былі выкарыстаны навейшыя метады картаграфавання. Лічыцца, што ў састаўленні карты прымалі ўдзел езуіты – іх калегіум М.К.Радзівіл залажыў у Нясвіжы. У 1597 г. праца была закончана, але першае выданне карты (каля 1603 г.) не захавалася. У 1613 г. у Амстэрдаме пад назвай “Magni Ducatus Lithuaniae…” была выдадзена першая вялікая карта княства маштабам 1:1300 000. Карта адлюстравала фізіка-геаграфічную структуру беларускіх земляў, фактычна ўсе населеныя пункты Беларусі-Літвы. Гэта карта засталася апошнім словам картаграфіі да паловы XVIІІ ст. Высокую яе даставернасць падцвердзіла праведзенае ў 90-я гады ХХ ст. навуковым калектывам БДУ і Маскоўскага універсітэтаў вывучэнне дакладнасці і паўнаты нанесеных аб’ектаў з дапамогай метаду зверкі іх з аб’ектамі, выяўленымі па цэламу комплексу пісьмовых крыніц. Не знайшлі сучасныя вучоныя толькі 5 населеных пунктаў, якія былі адзначаны на карце. Такім чынам сярод мясцовага насельніцтва ў XVI – XVIІІ стст. з'явіліся спецыялісты, якія дасканала ведалі тагачасную геаграфічную структуру беларускіх зямель і рэгіянальную тапаніміку.

Апісанні прыроды беларускіх краёў аставілі замежныя падарожнікі і айчынныя храністы і летапісцы. Першыя вобразы беларускіх краявідаў пададзены ў “Трактаце аб дзвюх Сарматыях” (1517) кракаўскага гісторыка і ўрача Мацея з Мехава, сачыненні “Аб норавах татараў, літоўцаў, масквіцян” (каля 1550) аўтара пад псеўданімам Міхалон Літвін, апісанні пасла Свяшчэннай Рымскай імперыі славака С.Герберштэйна, рускага стольніка П.А.Талстога і інш. Літоўска-беларускія землі уяўляліся ім раўнінным краем з вялікімі лясамі, з вельмі багатым жывёльным светам, але з дрэннымі дарогамі і мастамі. У ХV ст. звесткі аб фауне асобных мясцін Беларусі падаў Я.Длугаш у “Corogrhaphie Regni Poloniae”, дзе ёсць раздзел прысвечаны фауне. Ён падрабязна апісаў розныя віды і групы звяроў, птушак і рыб, адзначаючы іх шматлікасць, пералічыў віды рыб у асобных азёрах.

Мацей з Мехава аб прыродзе беларускіх зямель паведамляў: “Дзікіх звяроў там больш, чым ва ўсім хрысціянскім свеце”. Ён пералічыў найбольш буйных: “…буйвалы і лясныя быкі, якіх яны на сваёй мове называюць турамі або зубрамі, дзікія аслы і лясныя коні, алені, лані, газелі, козы, дзікі, мядзведзі, куніцы, вавёркі, расамахі, велічынёй з сабаку і кацінай пысай, падобныя на лісіцу, чорнага колеру, сілкуюцца трупамі...”17 і інш. Таямнічасць і рэдкасць магутных зуброў выклікала зацікаўленасць сярод адукаваных еўрапейцаў. Прыгожы гімн гэтаму сімвалічнаму для Беларусі зверу склаў Мікола Гусоўскі ў “Песні пра зубра”. Здзіўляліся замежнікі як лёгка прыручаліся мядзведзі, якія сустракаліся нават ў дамах. Асобныя феадалы мелі звярынцы. П.Талстой адзначыў: “Ад таго ж горада Міра з паўвярсты – месца вялікае, сасновым гаем акружанае. Гэта таго ж Радзівіла звярынец. У тым звярынцы шмат аленяў, ласёў, сайгакаў, і іншых таму падобных звяроў”18. У рэках і азёрах Беларусі ў той час было багата рыбы. Міхалон Літвін часта быў сведкам лоўлі рыбы ў Прыпяці і яе прытоках паблізу Мазыра. Вот фрагмент з яго апісанняў: “У рэках тут мноства асятроў і іншых вялікіх рыб, якія ўзнімаюцца з мора ўверх па рэках, у прэсную ваду. Па гэтай прычыне многія рэкі называюцца залатымі, асабліва Прыпяць”… . Далей ён называе месца каля Мазыра, якое штогод у сакавіку напаўняецца такой колькасцю рыбы, што кінутае ў яе кап’ё затрымліваецца і стаіць стырчком, нібы ўторкнутае ў зямлю. Адтуль чэрпалі рыбу і за адзін дзень напаўнялі ёю да тысячы вазоў, што належаць купцам, якія штогодна прыяджаюць на гэты час”19.

Прырода ўплывала на стан сельскай гаспадаркі. Іншаземныя аўтары даволі аднадушна прызнавалі, што зямля ў Беларусі даволі ўрадлівая. С.Гербернштэйн напісаў пра Гродзеншчыну: “У тым княстве даволі добрыя ўраджаі, у адпаведнасці з прыродай той краіны”. Такое ж меркаванне ў адносінах да ўрадлівасці глебы ў Полацкім ваяводстве выказаў Р.Гейдэнштэйн. А.Гваньіні з уважлівасцю апісаў апрацоўку глебы пад ворыва. Вот паданыя ім звесткі аб тэхналогіі вырошчвання добрага ўраджаю збожжа, якая прымянялася на Віцебшчыне і ў іншых месцах: з дзвюма часткамі ячменю змешвалі частку жыта і высявалі вясной. У першае лета жалі толькі ячмень. Жыта ж буйна кусцілася і пакідалася на зіму. На наступны год яно разрасталася так густа, што з яго “ледзь віднеўся чалавек, які сядзеў на кані”. З аднаго зернейка вырастала да 30 высокіх каласоў. Гэтыя апісанні і прыёмы апрацоўкі прыцягнулі ў свой час ўвагу Я.Коласа і Героя Сацыялістычнай Працы, старшыні калгаса У.Бядулі.

У апошняй чвэрці ХVІІІ ст. у Гродна і Вільні пачаліся краязнаўчыя навуковыя даследаванні беларускай прыроды і звязаны яны з імёнамі вучоных Ж.Э.Жылібера і С.Б. Юндзіла.

Па запрашэнні А.Тызенгаўза, кіраўніка каралеўскіх эканомій і старасты ў Гродна прыбыў вядомы французскі ўрач Жан Эмануэль Жылібер (1741 – 1814). Таленавіты і ўдачлівы арганізатар, пачынальнік многіх выдатных спраў, А.Тызенгаўз бачыў неабходнасць палепшыць усю гарадскую структуру – развіваць медыцынскае абслугоўванне, навуку, адукацыю, падняць эканоміку. У 1775 г. ён пачаў працаваць у прыгадзе Гродна – Гарадніцы. Жылібер арганізаваў у горадзе медыцынскую акадэмію (школу), планаваў адкрыць сельскагаспадарчую і ветэрынарную школы і Акадэмію навук, стварыў каралеўскі батанічны сад, дзе размясціў 1500 відаў экзатычных і многа мясцовых раслін.

Дапытлівы Жылібер адразу зацікавіўся наваколлем: рэльефам, глебамі, расліннасцю, карыснымі выкапнямі, жывельным светам, непадобнымі да тых, што былі на яго радзіме. Разам са студэнтамі ён пачаў праводзіць экскурсіі на прыроду, дзе збіралі ўсе віды раслін. Гэта былі першыя экскурсіі на прыроду, вядомыя ў Беларусі. Далучэнне студэнтаў да прыродазнаўчых даследаванняў сведчыць аб зараджэнні краязнаўства ў адукацыі.

Вот як апісаў Жылібер заходнюю і цэнтральную часткі сучаснай Беларусі, так як прыбыў сюды пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай: “Вялікае княства Літоўскае, прасторная вобласць Паўночнай Еўропы, распрасціраецца з поўначы на поўдзень на 45 нямецкіх міляў, а з усходу на захад – 55. Гэта краіна абвадняецца дзвюма шырокімі рэкамі, якія звіліста цякуць з усходу на захад: Бугам, што аддзяляе Польшчу ад Літвы, і Нёманам, што цячэ амаль па яе сярэдзіне.”20 Адзначыў вышэйшыя кропкі каля Вільні, Гродна і Навагрудка. Ён заўважыў багатыя залежы торфу ў басейне Нёмана, выказаў гіпотэзу яго ўзнікнення. Жылібер і іншыя вучоныя, вывучаючы глебы Панямоння, знаходзілі ў ваколіцах Гродна, Навагрудка і Нясвіжа напоўкаштоўныя каменні, якія карысталіся ў той час вялікім попытам. У пясчаных пластах каля Гродна трапляліся агаты і сердалікі і асабліва многа бурштынаў. Аднойчы Жылібер знайшоў бурштын жоўта-апельсінавага колеру велічынёй з кулак. Французскі даследчык здзіўляўся мноству нябачаных раней краменёў, звонку пакрытых белай карой, а ўнутры чорных, бліскучых і цвёрдых. У некаторых мясцінах Жылібер і яго вучні адкопвалі каменныя глыбы цёмна-сіняга і крывянога колеру, пры паліроўцы якіх атрымліваліся пліты, па цвёрдасці роўныя яшме. У наваколлі Гродна вучоны са студэнтамі збіраў таксама скамянеласці, рыбаў, птушак, звяроў, расліны, іх паходжанне і прыметы старанна вывучаў. У гэтых месцах ён быў першым, хто метадычна апісваў расліны, укладаў гербарый, а жывыя пераносіў у батанічны сад. Жылібер уважліва сачыў і за кліматам Панямоння. Яго дадзеныя фіксуюць пацяпленне клімату ў параўнанні з апісаннямі XV – XVІ стст. “Клімат у Літве халодны, – адзначаў ён, але не настолькі, як уяўляюць. Я старанна прымячаў на працягу сямі гадоў найвышэйшыя ступені празмернага холаду і магу ўпэўнена сказаць, што ў кожны год ледзь набярэцца 10 або 12 дзён, калі б тэрмометр паказваў 20 або 25 градусаў холаду. На працягу ж астатняй часткі зімы, г. зн. з 15 кастрычніка па 15 красавіка, тэрмометр увесь час апускаецца ніжэй або паднімаецца вышэй нуля градусаў. Я прымячаў нават цэлыя месяцы, на працягу якіх стаяла цёплае надвор’е, як напрыклад, у студзені 1782 г., калі наступіла поўная адліга. Іншы раз холад даволі цвёрда трымаецца на працягу лістапада, снежня, студзеня, лютага і сакавіка, і тады снег ужо не сыходзіць з зямлі ўсю зіму; тэрмометр тады часцей за ўсё паказвае ад 5 да 10 градусаў ніжэй нуля; калі ж ртутны слупок апусціцца значна ніжэй, то жорсткі холад не працягнецца болей двух – трох дзён… Цалкам зямля ачышчаецца ад снегу звычайна толькі ў маі”21 . З апісанняў Жылібера відаць, што зіма ўсё ж была значна даўжэйшай, чым у наш час. Прыметна халадней было тады на поўначы і усходзе Беларусі. Аб Падзвінні некалькі пазней А.К.Башняк пісаў: “Маразіць тут пачынае іншы раз з першых дзён жніўня і перастае толькі ў канцы мая, а то і ў пачатку чэрвеня; гэта суровасць клімату зусім не шкодзіць здароўю жыхароў…”22.

Тызенгаўз не шкадаваў сродкаў для набыцця найлепшага абсталявання для Гродзенскай медыцынскай акадэміі. Жылібер прызнаваў, што Тызенгаўз стварыў яму такія ўмовы для працы, што за 4 гады ён зрабіў столькі, сколькі не зрабіў бы ў Францыі за 20 гадоў23.

Аднак ажыццявіць усе планы не ўдалося. Тызенгаўза змясцілі з пасады гродзенскага старасты, к гэтаму часу адносіны паміж ім і Жыліберам з вельмі прыязных сталі варожымі. Жылібер атрымаў прапанову ад канцлера ВКЛ І. Храптовіча і рэктара М.Пачобут-Адланіцкага пачаць працу ў Галоўнай школе ВКЛ у Вільні. Разам са студэнтамі і ўсім абсталяваннем Гродзенскай медыцынскай акадэміі Жылібер пераехаў у Вільню і арганізаваў на гэтай базе медыцынскі факультэт у Галоўнай школе ВКЛ. З Гродна ён перавёз калекцыю мінералаў – 10 000 штук, рэдкую па каштоўнасці бібліятэку – 3000 тамоў, медыцынскі і фізічны інструмент, прыборы. Калекцыю раслін даставілі водным шляхам па Нёману і Віліі24. (Тызенгаўз беспаспяхова пагражаў судовым працэсам Храптовічу, спасылаючыся на тое, што кабінет натуральнай гісторыі, бібліятэка і інструменты, рэчы з батанічнага саду набыты за яго сродкі, і прафесар Жылібер самавольна вывез іх. Аднак кароль Станіслаў Аўгуст зрабіў усё пералічанае падарункам Галоўнай школе ВКЛ).

Жылібер узначаліў кафедру натуральнай гісторыі і батанікі, а гэта была новая для нашай краіны навука, заснаваў кабінет прыродазнаўства, заклаў пры школе батанічны сад і зноў пачаў старанна вывучаць расліны Віленскага краю. Асноўнай працай, якая адлюстроўвае вынікі даследаванняў расліннасці Гродзеншчыны і Віленшчыны з’яўляецца пяцітомнае выданне “Флора Літвы” (Гродна, т. 1 – 2, 1781; Вільня, т. 3 – 5, 1781 – 1782). Гэта праца, негледзячы на некаторыя памылкі і недахопы, з'яўляецца важнейшай крыніцай аб раслінным свеце беларускіх зямель

Імя Жылібера хутка стала вядомым сярод высокаадукаваных беларускіх магнатаў, яго інтарэсы былі сугучнымі інтэлектуальным памкненням канцлера ВКЛ Іахіма Літавора Храптовіча, гетмана Міхала Агінскага. Яны сталі першымі прыватнымі калекцыянерамі на Беларусі, прыродазнаўчыя зборы якіх дасягнулі навуковага ўзроўняю. У іх калекцыі ўвайшлі расліны, мінералы, жывёлы і інш.

Працаваць у Галоўнай школе ВКЛ, дарэчы як і ў Гродне, Жыліберу было цяжка, у гэтай ВНУ у апошняй чвэрці XVІІІ ст. панаваў тэалагічны ўхіл у навучанні і навуковых даследаваннях, тады як еўрапейскія універсітэты пайшлі ўжо далёка наперад у развіцці свецкай навукі. Прафесары-езуіты здзекліва ставіліся да прыродазнаўчых даследаванняў, адкрыта праяўлялі варожасць да таленавітага вучонага25. У 1783 г. Жылібер вярнуўся ў Ліён, удзельнічаў у рэвалюцыі, стаў мэрам горада, працягваў займацца навукай. У свайго сына Станіслава Аўгуста Антонія, народжанага ў Гродна, і названага ім у гонар караля і Тызенгаўза, выхаваў любоў і павагу да літоўска-беларускага краю. Таму дзесяткі беларускіх удзельнікаў паўстання 1830 – 1831 гг., якія эмігравалі ў Францыю, знайшлі прытулак і падтрымку ў доме Антонія Жылібера, дзе іх прымалі вельмі цёпла.

Лёсавызначальным быў уплыў Ж.Э.Жылібера на навуковую дзейнасць нашага суайчынніка – Станіслава Баніфацыя Юндзіла (1761 – 1847). Нарадзіўся ён у фальварку Ясынцы ў Лідскім павеце ў небагатай сям’і. Вучыўся ў піярскіх школах і Віленскай езуіцкай акадэміі, бацька марыў, каб сын стаў юрыстам, але Станіслаў Баніфацый прыняў манаства і пачаў выкладаць у піярскай школе. У гады вучобы ён захапіўся прыродазнаўчымі даследаваннямі і працамі Ж.Э.Жылібера. Сам пачаў збіраць і вывучаць птушак і насякомых (авадоў), на жаль, яго калекцыі загінулі. Бліскучыя лекцыі Юндзіла ў піярскай школе ў Вільні пачалі наведваць студэнты Акадэміі. Юндзіл публікаваў вынікі сваіх даследаванняў, пачаў працаваць у Віленскай акадэміі. У 1791 г. выйшла яго лепшая праца па батаніцы “Апісанне раслін, якія натуральна растуць ў правінцыі Вялікага княства Літоўскага”. Даследчыкі адзначаюць, што ў характарыстыцы расліннага свету, адчуваецца моцны ўплыў Жылібера. Кніга прызначалася моладзі, была напісана прыгожай мовай, абуджала пазнавальную цікавасць і любоў да роднай зямлі, таму аказала прыметны ўплыў на развіццё прыродазнаўчых даследаванняў на Літве-Беларусі. За гэту працу Станіслаў Аўгуст узнагародзіў Юндзіла залатым медалём Merentibus. Аднак яго спадзяванні на атрыманне кафедры натуральнай гісторыі і батанікі ў 1792 г. не збыліся, тады ж не ўдалося Юндзілу атрымаць і пасаду бібліятэкара. Гэта былі балючыя расчараванні. Таленавітаму прыродазнаўцу нялёгка было рабіць кар’еру ў ВНУ, дзе прыродазнаўчыя заняткі выклікалі пагарду многіх прафесараў. Юндзіл працягваў вывучаць айчынныя землі: ён пачаў шукаць крыніцы солі. За кнігу па гэтай тэме ён атрымаў другі медаль Merentibus ад караля, ад акадэміі – пасаду віцэ-прафесара і працяглую замежную камандзіроўку “з мэтай ўдасканалення ў натуральнай гісторыі” – так было запісана ў рашэнні Акадэміі. Юндзіл наведаў некалькі еўрапейскіх краін, вывучаў дасягненні прыродазнаўства, зацікавіўся поспехамі прамысловасці. У Вільню ён вярнуўся ў 1797 г. і прадоўжыў навукова-педагагічную дзейнасць у Расійскай імперыі.

Дзякуючы рэформам Адукацыйнай камісіі і дзейнасці такіх выдатных прыродазнаўцаў, якімі былі Ж.Э.Жылібер і С.Б.Юндзіл, узмацняўся свецкі характар вышэйшай адукацыі і ў яе прадметным полі вызначыўся кірунак краязнаўчых даследаванняў прыроды. Гарады Гродна і Вільня вызначыліся як цэнтры вывучэння мясцовай прыроды.

Паслядоўны падыход да краязнаўства як кампанента навукова-адукацыйнага комплексу ўпершыню прасочваецца ў дзейнасці Адукацыйнай камісіі. 11 мая 1783 г. М.Панятоўскі падпісаў рашэнне аб выплаце 3500 злотых доктару медыцыны, члену Таварыства падручнікаў Чэньпінскаму для падарожжа ў Літву “з волі камісіі разам з мастаком адправіцца павінен”26. Польскія даследчыкі лічаць, што мэтай падарожжа было даследаванне вод і мінеральных багаццяў. Таварыства падручнікаў пры Адукацыйнай камісіі прыйшло да высновы, што вучні школ недастаткова вывучаюць прыроду родных мясцін у параўнанні з ведамі, якія атрымлівалі па геаграфіі і прыродзе свету. Па прапанове І.Патоцкага Таварыства пастанавіла накіраваць кіраўнікам школ ліст, абавязуючы апошніх арганізаваць у ваколіцах збор матэрыялу аб прыродзе. Аднак гэта акцыя не дала чакаемых вынікаў. На месцах не было добра падрыхтаваных настаўнікаў для падобных даследаванняў. Таварыства таксама не паклапацілася аб распаўсюджанні інструкцый, таму, не ўсе дасланыя адказы суправаджаліся рэчавымі матэрыяламі.

Прыродазнаўчыя звесткі рэгіянальнага зместу знайшлі адлюстраванне і ў атрымаўшых распаўсюджанне календарах. Календары рознага зместу здаўна былі вядомыя літцвінам-беларусам, але менавіта у другой палове XVIІІ ст. выходзілі календары, у якіх змяшчаліся карты ВКЛ (“Каляндар віленскі” на 1760 г.), прыродазнаўчыя і сельскагаспадарчыя звесткі. Краязнаўчая інфармацыя была ў “Гаспадарскіх календарах на будучы год” (1776 – 1800) Напрыклад, у “Гаспадарскім календары” на 1780 г. пазначаны тэмпература паветра, час цвіцення, прышчэпкі дрэў, усход і захад сонца (дакладна па гродзенскаму мерыдыяну) і іншыя звесткі.

У другой палове XVIІІ ст. друкавалася шмат літаратуры для паляпшэння сельскай гаспадаркі, прымянення новых тэхналогій. Асаблівымі прыхільнікамі навацый былі біскуп І.Масальскі і канцлер І.Храптовіч. Масальскі прымаў захады, каб стварыць сельскагаспадарчае таварыства, сярод задач якога было б стварэнне для кожнага рэгіёну асобнага дасканалага календара. Аднак да рэалізацыі справа не дайшла.