Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
В.И.Саитова - История краеведения Беларуси.doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Глава 3. Дзяржаўнае краязнаўства

3.1. Удзел органаў адміністрацыйна-тэрытарыльнага кіравання ў краязнаўчым руху

На сучасным этапе мясцовыя ўлады аказваюць значную падтрымку развіццю розных формаў краязнаўчага руху і часта самі ініцыіруюць вельмі цікавыя і карысныя краязнаўчыя акцыі. Так, на працягу трох месяцаў у канцы 2007 – пачатку 2008 г. па ініцыятыве Вілейскага райвыканкама ішло інтэрнет-галасаванне “Сем цудаў Міншчыны”, у якім прынялі ўдзел звыш 300 000 чалавек. Прыгажэйшыя помнікі Мінскага рэгіёну: Будслаўскі касцёл, Уваскрасенскі сабор у Барысаве і іншыя ўжо вясной 2008 г. стануць аб’ектам спецыяльна распрацаванага турыстычнага маршруту пад той жа назвай. Шматлікія фестывалі, конкурсы і святы, якія праходзяць у многіх рэгіёнах Беларусі пры падтрымцы мясцовых уладаў, раскрываюць багацці традыцыйнай народнай культуры і мастацтва, садзейнічаюць іх зберажэнню і засваенню падрастаючым пакаленнем.

Распрацоўваючы рэгіянальныя праграмы, органы мясцовага кіравання ў іх кантэксце вырашаюць шматлікія пытанні зберажэння і папулярызацыі гістарычна-культурнай спадчыны, прыродных рэсурсаў, вопыту эканамічнай дзейнасці, патрыятычнага выхавання насельніцтва і інш. Афіцыйныя сайты многіх адміністрацыйна-тэрытарыльных органаў кіравання змяшчаюць каштоўную краязнаўчую інфармацыю, якая бесперапынна папаўняецца і ўдасканальваецца.

Краязнаўцы, са свайго боку, уносяць прапановы для супрацоўніцтва, ставяць пытанні, вырашэнне якіх патрабуе ўдзелу мясцовых улад.

    1. Развіццё краязнаўчай дзейнасці навуковых устаноў

Структурныя падраздзяленні Нацыянальнай акадэміі навук РБ аказваюць падтрымку сучаснаму краязнаўчаму руху. На базе НАН зарэгістравана Заходнепалескае навуковае краязнаўчае таварыства “Загароддзе”, вучоныя акадэміі ўдзельнічаюць у краязнаўчых канферэнцыях у рэгіёнах, а інстытуты – у іх арганізацыі. Правядзенне акадэміяй шматлікіх рэгіёназнаўчых даследаванняў аказвае станоўчы ўплыў і на актывізацыю навуковай работы мясцовых краязнаўваў.

Прыметны інтарэс да краязнаўчай дзейнасці праявіў Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Францішка Скарыны, створаны ў 1991 г. у сувязі са святкаваннем 500-годдзя з дня нараджэння вялікага беларускага патрыёта і першадрукара. Ініцыятарам адкрыцця гэтай унікальнай установы быў выдатны вучоны і краязнавец А.І.Мальдзіс. Цэнтр быў размешчаны ў доме, дзе ў 20-я гады працаваў Інбелкульт. У Скарынаўскім цэнтры вяліся навуковыя даследаванні па гісторыі, краязнаўству, беларусазнаўству. Цэнтр стварыў банк даных у выглядзе выразак артыкулаў аб развіцці краязнаўства ў розных мясцінах Беларусі. Цэнтр арганізаваў дзесяткі навуковых канферэнцый, на якіх знайшла месца і краязнаўчая тэматыка. У шматлікіх выданнях, асабліва ў зборніках “Беларусіка =Albaruthenica” апублікаваны краязнаўчыя матэрыялы вялікай навуковай каштоўнасці. Гіпатэтычна гэта ўстанова магла б прэтэндаваць на кіруючую ролю ў сучасным грамадскім краязнаўчым руху, але такая роля самім цэнтрам не разглядалася.

Важную ролю ў інфармацыйна-дакументальным забеспячэнні краязнаўства і ў правядзенні краязнаўчых даследаванняў выконваюць музеі і архівы.

Абласныя краязнаўчыя музеі распрацоўваюць шматлікія навуковыя тэмы, папаўняюць калекцыі і экспазіцыі, папулярызуюць краязнаўчыя веды. Узрасла іх роля ў арганізацыі краязнаўчага руху ў рэгіёнах. Абласныя музеі выступаюць арганізатарамі краязнаўчых канферэнцый, распачалі выданне краязнаўчых зборнікаў. Так, у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі шырока прадстаўлена гісторыя і прырода края, мастацтва. Каштоўнымі экспанатамі з'яўляецца гравюра Гродна 1586 г., вырабы гродзенскіх рамеснікаў XVII – XVIII стст., рэчы, звязаныя з нацыянальна-вызваленчымі паўстаннямі, партрэты выдатных землякоў і інш. З 1990 г. музей выдае “Краязнаўчыя запіскі”.

Колькасць краязнаўчых музеяў бесперапынна павялічваецца, узбагачаюцца іх калекцыі, пашыраюцца формы дзейнасці. Значная колькасць краязнаўчых музеяў ствараецца не толькі ў гарадах, але і ў сельскіх населеных пунктах. Так, у 1997 г. пачалася дзейнасць Валожынскага раённага краязнаўчага музея, цікавейшы Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі імя Я.Драздовіча з 1992 г. у Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці і інш. А ў вёсцы Ракаў Валожынскага раёна былі створаны аж 3 краязнаўчыя музеі: Музей політэхнічнай культуры Ракаўшчыны, заснаваны доктарам філалагічных навук, прафесарам В.П.Рагойшам, Арт-музей, прысвечаны мастацтву ракаўскай керамікі, заснаваны мастаком Ф.Янушкевічам і школьны музей гістарычна-этнаграфічнага профілю. Большасць краязнаўчых музеяў вядуць навукова-даследчую, навукова-экспазіцыйную, выставачную, навукова-асветніцкую і выдавецкую дзейнасць. Важнай з’явай у дзейнасці краязнаўчых музеяў стала яе дэідэалагізацыя. У многіх музеях аднавіліся экспазіцыі, зараз яны больш поўна і аб’ектыўна адлюстроўваюць гістарычны шлях рэгіянальнай супольнасці.

Пад кіраўніцтвам Камітэта па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (Белкамархіў) працуе сетка архіваў, якую складаюць 6 рэспубліканскіх, 6 абласных, 16 занальных архіваў, 3 абласных архівы грамадскіх аб’яднанняў, раённыя, гарадскія і ведамасныя архівы. У архівах змяшчаецца велізарная колькасць дакументаў, з дапамогай якіх можна вывучаць падзеі мінулага, сямейную гісторыю, гісторыю арганізацый і устаноў. У 2000 г. была створана Археаграфічная камісія Белкамархіва. Археаграфічная камісія садзейнічае ўвядзенню ў навуковае абарачэнне каштоўных архіўных дакументаў, публікацыі гістарычных першакрыніц, праводзіць навуковыя канферэнцыі. Так, Віцебскае аддзяленне Археаграфічнай камісіі правяло навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя 150-годдзю з дня нараджэння А.П.Сапунова і 90-годдзю Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Умацаванне архіўнай службы ў краіне, павышэнне ўвагі да выкарыстання архіўных збораў у грамадскіх мэтах, спрыяла публікацыі дакументаў, значных для краязнаўчых даследаванняў. Пачалося выданне зборнікаў актавых дакументаў, прысвечаных рэгіёнам: “Аграрные преобразования в Вилейской области” (2003), “Гродненская губерния в законодательных актах Российской империи (1801 – 1913) (2004). Такія выданні пашыраюць кола дакладных крыніц, неабходных даследчыкам краю. Дакументы для ўзнаўлення радаводаў ураджэнцаў Гродзеншчыны і беларускіх зямель Віленшчыны часоў Расійскай імперыі захоўваюцца пераважна ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродна, ураджэнцаў былых Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, а таксама часткова Гродзенскай губерняў – у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ). Гэты кірунак гістарычна-краязнаўчых даследаванняў не быў запатрабаваным у савецкі час. Упершыню ў 90-я гг. архіўныя ўстановы пачалі выданне рэгіянальных гербоўнікаў беларускай шляхты, надзвычай каштоўных крыніц для вывучэння сямейна-родавай і саслоўнай гісторыі (“Малы гербоўнік Наваградскай шляхты”, “Малы гербоўнік Халопеніцкай шляхты”і інш.)

Адным з буйнейшых сучасных праектаў захавання і пашырэння даступнасці архіўных матэрыялаў стаў праект “Нясвіж – культурны цэнтр Еўропы і нацыянальны помнік”, з якім Беларусь увайшла ў міжнародную праграму ЮНЕСКА “Памяць свету”. У межах праекта ствараецца электронны банк даных, у які будуць уключаны ўсе дакументы з архіву Радзівілаў. У Беларусі захоўваецца звыш 28 тысяч дакументаў з былога нясвіжскага збору, столькі ж захоўваецца ў Польшчы, каштоўныя рукапісы засталіся ў Літве, Расіі і Украіне. Усе гэтыя краіны аб’ядналіся для стварэння віртуальнага нясвіжскага архіву. Гэты праект дапаможа ўвесці ў навуковы ўжытак каштоўныя дакумент аб Нясвіжы і многіх іншых мясцінах Беларусі і замежжа.