Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
В.И.Саитова - История краеведения Беларуси.doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Глава 3. Школьнае краязнаўства

Адметнасцю арганізацыі школьнага краязнаўства на сучасным этапе з’яўляецца сумесная дзейнасць школ і шырокага кола пазашкольных ўстаноў. Значная роля ў развіцці краязнаўчай дзейнасці ў навучальных установах на сучасным этапе належыць Міністэрству адукацыі РБ і Рэспубліканскаму цэнтру турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі. Пад іх кіраўніцтвам развіваюцца арганізацыйныя формы краязнаўства, фарміруюцца яго змястоўныя аспекты. Міністэрства адукацыі садзейнічае ўкараненню ў працэс навучання рэгіёназнаўчага зместу па шэрагу вучэбных дысцыплін, які садзейнічае як лепшаму засваенню ведаў, таму што на мясцовым матэрыяле лягчэй рэалізуюцца даступнасць, нагляднасць і некаторыя іншыя важныя педагагічныя прынцыпы. Міністэрства адукацыі ўлічвае і высокую ролю краязнаўства ў грамадзянскім і патрыятычным выхаванні дзяцей і юнацтва, ахопліваючы не толькі навучанне, але і пазакласную і пазашкольную дзейнасць. На рэгіянальным узроўні (у абласных цэнтрах) створаны аддзелы беларусазнаўства і краязнаўства абласных аб’яднанняў па арганізацыі пазашкольнай працы. Напрыклад, загадчыкам аддзела беларусазнаўства і краязнаўства Віцебскага абласнога аб’яднання па арганізацыі пазашкольнай працы з'яўляецца краязнавец А.В.Куржалаў. Гэтыя аддзелы займаюцца арганізацыяй школьнага краязнаўства і яго навукова-метадычным забеспячэннем. Краязнаўчыя аддзелы функцыянуюць у складзе рэгіянальных цэнтраў фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Удзельнікі пошукавага клуба Магілёўскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту пад кіраўніцтвам вядомага краязнаўцы М.С.Барысенкі ўстанавілі імёны 25 воінаў, загінуўшых пры абароне Магілёва.

Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства спалучае вельмі важныя для школьнай моладзі кірункі турызму і краязнаўства. Дырэктар цэнтра С.С.Мітраховіч лічыць, што нельга, “арганізуючы вандроўку з дзецьмі, кіравацца толькі аздараўляльнымі ці спартыўнымі мэтамі. Краязнаўства з’яўляецца эфектыўным сродкам выхавання ў дзяцей пачуцця любові да родных мясцін, гонару за Айчыну і суайчыннікаў, фарміравання важных асабовых якасцей грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны”. У складзе Рэспубліканскага цэнтра ёсць аддзелы — метадычны, краязнаўчы, экскурсійны, патрыятычнага выхавання. Гэтыя аддзелы каардынуюць, абагульняюць вопыт, рыхтуюць да выпуску метадычныя дапаможнікі, аказваюць дапамогу ў арганізацыі экскурсій.

У рэзалюцыях І і ІІ з’ездаў настаўнікаў Беларусі (1998, 2001) была зафіксавана практычная накіраванасць вучэбнай і пазакласнай работы на вывучэнне прадметаў нацыянальна-культурнага цыкла, неабходнасць сістэматычнай краязнаўчай работы з вучнямі.

Дзяржаўны адукацыйны стандарт па геаграфіі (1999, новая рэдакцыя 2002) прадугледжвае абавязковае вывучэнне геаграфіі сваёй вобласці, што неабходна для сістэматызацыі ведаў аб глабальных, рэгіянальных і мясцовых экалагічных, палітычных, сацыяльна-эканамічных працэсаў у свеце і ў Беларусі.

Асноўнымі арганізацыйнымі формамі краязнаўчай дзейнасці ў школах з'яўляюцца: удзел ва Усебеларускай турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі “Наш край”, зараз яна ідзе пад назвай “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, стварэнне краязнаўчых музеяў, даследчая музейная работа.

У 1992 г. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь была зацверджана Усебеларуская турыстычна-краязнаўчая экспедыцыя “Наш край” (замест экспедыцыі “Моя Родина — СССР”). У 2004 – 2006 гг. выконваўся IV этап гэтай экспедыцыі. Мэта гэтага этапу далучыць вучняў да больш глыбокага вывучэння спадчыны роднага краю, стварэння рэгіянальных краязнаўчых праграм і праектаў, распрацоўкі арыгінальных маршрутаў па наваколлі. Школьнікі ўдзельнічалі ў такіх маршрутах, як “Прыродная спадчына”, “Адраджэнне гістарычнай памяці”, “Культурная спадчына”, “Старонкі ваеннай гісторыі”, “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”. Абласныя, гарадскія і раённыя краязнаўчыя саветы распрацавалі рэгіянальныя праграмы: “”Пазнай сябе і свой край” у Гомельскай вобласці, “Нам засталася спадчына” у Гродзенскай вобласці, “Наш край Прыдняпроўскі” у Магілёўскай вобласці. На аснове абласных праграм распрацаваны раённыя і гарадскія праграмы: “Аршаназнаўства”, “Мінсказнаўства”, “Смаргоназнаўства” і інш. Праграмы дапамагаюць сістэмна развіваць турыстычна-краязнаўчую дзейнасць.

Вынікі даследаванняў, выкананых навучэнцамі, прадстаўляюцца на краязнаўчых чытаннях, алімпіядах і конкурсах, на абласных і рэспубліканскіх канферэнцыях удзельнікаў экспедыцыі, асвятляюцца ў СМІ. На Магілёўшчыне традыцыйным стала правядзенне абласных краязнаўчых алімпіяд, у правядзенні якіх удзельнічае абласны краязнаўчы музей. Краязнаўчыя конкурсы праходзяць ва ўсіх абласцях краіны. На базе Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі праводзяцца вучнёўскія канферэнцыі па рознай тэматыцы, на якіх юныя краязнаўцы асвятляюць вынікі даследчай працы, вядзецца абмен вопытам краязнаўчай працы. Прызнана навуковая каштоўнасць матэрыялаў даследаванняў і іх значэнне для выкарыстання ў вучэбна-выхаваўчай дзейнасці.

Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства сумесна з Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры і БФК праводзіць рэспубліканскія конкурсы на лепшы праект краязнаўчага маршруту “Мой край”, лепшы музей, пакой, экспазіцыю прыродазнаўчага профілю і інш. Высокія ацэнкі атрымалі краязнаўчыя праекты, падрыхтаваныя вучнямі Крэўскай СШ Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, СШ № 13 г. Мінска, Рагачоўскага краязнаўчага цэнтра Гомельскай вобласці, Дзіцяча-юнацкага цэнтра падарожжаў і краязнаўства “Бабраня” г. Бабруйска Магілёўскай вобласці і інш.

Традыцыйным стала правядзенне рэспубліканскіх краязнаўчых чытанняў педагагічных работнікаў. Такія чытанні праводзіліся ў абласных гарадах і ў Мінску. Так, БДУ культуры і мастацтваў сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі правялі рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю і чытанні з педагогамі-краязнаўцамі па тэме: “Краязнаўства і патрыятычнае выхаванне моладзі” (2005).

Паспяхова прадаўжаецца пошукавая дзейнасць вучняў па аднаўленні невядомых фактаў і падзей Вялікай Айчыннай вайны. Да свята 60-годдзя Перамогі праводзілася рэспубліканская патрыятычная акцыя навучэнцаў “Перамога”. Разам з педагогамі юныя краязнаўцы вывучалі архіўныя дакументы, гістарычную літаратуру, запісвалі ўспаміны, пабывалі на экскурсіяў і ў паходах па месцах ваенных дзеянняў, аказалі дапамогу ветэранам вайны, добраўпарадкавалі помнікі. Краязнаўцамі Гомельскай вобласці было выяўлена 1016 імён невядомых воінаў, адкрыты 22 помнікі і мемарыяльныя дошкі, а ў Мінскай вобласці – 25 помнікаў, памятных знакаў і дошак, выяўлена 133 імёны воінаў110.

У сярэдзіне 90-х гадоў ХХ ст. Міністэрствам адукацыі былі прыняты інструкцыйна-метадычныя матэрыялы па арганізацыі турыстычна-краязнаўчай і экскурсійнай работы, у якіх была раскрыта яе значнасць, правілы і нормы яе арганізацыйнага, матэрыяльнага, кадравага і метадычнага забеспячэння. Прынятыя меры дапамаглі ахапіць больш чым 40 тысяч навучэнцаў работай у 5125 турыстычна-краязнаўчых гуртках, тады як на пачатку 90-х гадоў у краязнаўчых гуртках у школах займаліся каля 38 тысяч навучэнцаў. У сістэме адукацыі дзейнічалі 33 цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму, 31 дзіцячыя турбазы. У Рэспубліканскім цэнтры турызму і краязнаўства ёсць турысцкая база на 100 месцаў. Па папярэдніх заказах складаецца праграма абслугоўвання, прапануюцца цікавыя экскурсійныя маршруты. У краіне стала традыцыяй штогод у канцы навучальнага года праводзіць “Тыдзень турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі”. Ва ўсіх школах у гэты час праводзяцца турыстычныя спаборніцтвы, конкурсы, краязнаўчыя алімпіяды, выставы, арганізуюцца экскурсіі або паходы, сустрэчы з вядомымі людзьмі горада ці вёскі, адкрываюцца новыя экспазіцыі ў школьных музеях. Турыстычна-краязнаўчая дзейнасць, лічыць С.С.Мітраховіч, “заўсёды стварае аптымістычны настрой, фарміруе станоўчыя эмоцыі ў дачыненні да народных традыцый, культуры, гістарычнага мінулага.” У раёнах вылучаны дзіцяча-юнацкія цэнтры турызму і экскурсій, дзе пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў вядзецца турыстычна-экскурсійная і пошукава-даследчая работа.

У пачатку 90-х гадоў адбылося прыметнае скарачэнне колькасці музеяў у школах, ПТУ, пазашкольных установах (з 1290 у 1989 г. да каля 900 у 1994 г.). У сярэдзіне 90-х гг. Міністэрства адукацыі прыняло некалькі нарматыўна-рэгламентуючых дакументаў, якія павысілі значэнне музейнай дзейнасці ў навучальных і выхаваўчых установах. Міністэрства адукацыі акцэнтавала ўвагу на іх выхаваўча-педагагічнай ролі. Было прапанавана ствараць музеі вайсковай і працоўнай славы, партызанскай славы; музеі гісторыі школы, вёскі, горада, раёна; музеі этнаграфіі, археалогіі, геаграфіі і інш. Важнае значэнне мела Палажэнне аб музеі ўстановы адукацыі, зацверджанае пастановай Міністэрства адукацыі № 52 ад 4 снежня 2002 г. Зараз у краіне працуюць 1426 музеяў, з якіх 63 музеі народныя (узорныя). Звыш за 600 музеяў з'яўляюцца гісторыка-краязнаўчымі, каля 300 баявой славы, каля 200 этнаграфічных, некалькі дзесяткаў літаратурных музеяў. Сярод многіх вядомых школьных музеяў можна адзначыць краязнаўчыя музеі Лоскай БШ Валожынскага раёна Мінскай вобласці (кіраўнік М.І.Вайцюлевіч), гістарычна-краязнаўчы музей Радуньскай СШ Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці (кіраўнік І.І.Фясенка), Заронаўскай БШ Віцебскага раёна (кіраўнік Л.К.Нікіціна).