Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
В.И.Саитова - История краеведения Беларуси.doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Глава 1. Грамадскі краязнаўчы рух

Дасягненне дзяржаўнага суверэнітэту ў 1991 г. стала магутным фактарам ўздыму нацыянальнай свядомасці, імкненню лепш пазнаць мінулае сваёй радзімы, ганарыцца яе сучаснымі дасягненнямі, годна прадстаўляць Беларусь у свеце. Стала магчымым ўзнавіць многія забароненыя раней тэмы, “белыя плямы” айчыннай і рэгіянальнай гісторыі, вярнуць з нябыту сотні імён выдатных людзей мінулага. Спрыялі развіццю краязнаўства прынятыя ў Рэспубліцы Беларусь законы і дзяржаўныя праграмы: законы аб культуры, адукацыі (1991, новая рэдакцыя 2002), бібліятэчнай справе (1995, новая рэдакцыя 2003), турызме (1999) і іншыя; праграмы “Спадчына”, дзяржаўнай падтрымкі традыцыйнай культуры (1994 – 1996 гг.), захавання традыцыйнай культуры вёскі (на 2005 – 2010 гг.) і інш. У апошнія гады прымаюцца праграмы развіцця малых гарадоў, праграмы развіцця унікальных гістарычных цэнтраў (праграма развіцця г.Полацка).

У першай палове 90-х гг. Беларускае Краязнаўчае Таварыства (БКТ) пад кіраўніцтвам Г.А.Каханоўскага садзейнічала вызначэнню задач, кірункаў, зместу, форм краязнаўчай дзейнасці. Быў выдадзены Статут БКТ106. Пад уплывам дабратворных грамадскіх умоў хутка пашыраўся грамадскі краязнаўчы рух, адна за адной узнікалі новыя краязнаўчыя арганізацыі. Яны дзейнічалі ў многіх раёнах краіны. Так, М.Гаравы ў 1992 г. арганізаваў краязнаўчы цэнтр у Рагачове, Горацкае краязнаўчае таварыства “Бацькаўшчына” узначаліў вопытны краязнавец У.М.Ліўшыц і інш. “Віцебскі краязнаўчы фонд імя А.П.Сапунова” пад кіраўніцтвам вядомага краязнаўцы, журналіста А.М.Падліпскага значную ўвагу надае публікацыі новых даследаванняў. Некаторыя краязнаўчыя арганізацыі распрацоўвалі ўласны статут, сімволіку, адкрывалі грашовы рахунак у банку, выпускалі перыядычныя органы. Кожнае новае краязнаўчае таварыства рэгістравалася як грамадская арганізацыя. Ва ўсіх абласных цэнтрах былі створаны краязнаўчыя аб’яднанні. Абласныя краязнаўчыя аб’яднанні садзейнічалі ўзаемадзенню краязнаўцаў, расеяных інстытуцыянальна і тэрытарыяльна, актывізацыі даследчай працы, правядзенню навуковых канферэнцый, папулярызацыі краязнаўчых ведаў і развіццю краязнаўчага друку. Так, наладзілася супрацоўніцтва абласных і раённых краязнаўчых музеяў і таварыстваў у выпуску выдатных краязнаўчых зборнікаў: “Віцебскі сшытак” (Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Віцебскае абласное краязнаўчае аб’яднанне), “Браслаўскія чытанні” (Браслаўскае музейнае аб’яднанне і Браслаўскае таварыства імя О.Гедэмана) і інш.

Аднак дзейнасць рады і іншых цэнтральных органаў БКТ па аналагу з ЦБК у 20-я гг. наладзіць не ўдалося. У сучасных гістарычных умовах БКТ не мела таго адміністрацыйнага падмурка з боку уладаў, кіраўніцтва прадпрыемстваў і ўстаноў, як у міжваенны час. Не ўдалося вызначыць кірункі і формы ўдзелу цэнтральных органаў у краязнаўчым руху. Функцыянаванне цэнтру цалкам залежала ад актыўнасці і зацікаўленасці ў працы абранага кіраўніцтва. На жаль, аказалася, што галоўным рухавіком цэнтральных органаў быў толькі Г.Каханоўскі. Пасля яго заўчаснай смерці ў 1994 г. дзейнасць цэнтральных органаў БКТ прыпынілася.

Аднак праз некаторы час беларускія краязнаўцы зноў паставілі пытанне аб адраджэнні БКТ, добра ўсведамляючы важнасць арганізацыі краязнаўчага руху і ролю ў гэтым працэсе цэнтральных органаў. Другая спроба аднавіць БКТ адбылася ў 1996 г. на другім з’ездзе беларускіх краязнаўцаў. У прынятым Статуце “Беларускага краязнаўчага таварыства” было ўказана, што “краязнаўства займаецца вывучэннем гістарычнай спадчыны, прыроды пэўнай тэрыторыі, горада, населенага пункта, сіламі пераважна мясцовых аматараў” – істотная ўмова паўнакроўнага развіцця народа, нацыянальнай культуры, духоўнай паўнацэннасці чалавека”. Было вызначана шырокае кола задач БКТ па выяўленні крыніц краязнаўства, арганізацыі турыстычна-экскурсійнай і выхаваўчай дзейнасці, развіццю краязнаўчага друку, распрацоўцы прапаноў для рэгулявання праваадносін у сферы гісторыка-культурнай спадчыны. На жаль, дзейнасць БКТ не ўдалося наладзіць і на гэты раз.

Краязнаўчыя колы працягвалі адстойваць ідэю аднаўлення БКТ, як структураванай рэспубліканскай грамадскай арганізацыі, узначальваемай цэнтральнымі органамі. Для дасягнення мэты і дапамогі краязнаўцам ва ўзаемадзеянні ў 2003 г. стала магчымым распачаць выданне “Краязнаўчай газеты”. Галоўным рэдактарам газеты стаў старшыня БФК Уладзімір Гілеп. У склад рэдакцыі ўвайшлі вядомыя сучасныя краязнаўцы В.Скалабан, А.Мальдзіс, В.Рагойша, А.Грыцкевіч, А.Карлюкевіч і інш. У раздзелах і рубрыках газеты ўсебакова адлюстроўваюцца новыя дасягненні краязнаўства. Узбагачаючы веды аб мінулым розных мясцін Беларусі, газета асвятляе сучасныя формы краязнаўства, арганізуе абмен думкамі. На старонках газеты з 2003 г. друкуецца “Малая краязнаўчая энцыклапедыя”, якая знаёміць з паняццямі, неабходнымі пачынаючым краязнаўцам, аматарам краязнаўства. Рубрыка “Сучасныя беларускія краязнаўцы” – гэта матэрыялы да слоўніка дзеячаў краязнаўства.

Лідэры сучаснага краязнаўства У.Гілеп, А.Бутэвіч, В.Скалабан і іншыя выканалі вялікую работу па кансалідацыі краязнаўцаў і падрыхтоўцы чарговага ўстаноўчага з’езда. Наступная спроба стварэння БКТ адбылася вясной 2005 г., падчас краязнаўчай канферэнцыі ў БДУ культуры і мастацтваў. Аднак ініцыятары атрымалі адмову ў юрыдычнай рэгістрацыі.

Калі спробы адрадзіць цэнтральны кіруючы орган краязнаўства былі няўдалымі, то стварэнне краязнаўчых арганізацый на месцах вялося паспяхова. Гэтыя арганізацыі падтрымліваюцца мясцовымі ўладамі. У сельскіх населеных пунктах, гарадах, раёнах, абласцях, ва ўстановах пачалі дзейнічаць таварыствы, якія аб’ядналі аматараў краязнаўства, спецыялістаў і вучоных. Сучасныя краязнаўчыя арганізацыі значна адрозніваюцца паміж сабой складам і колькасцю ўдзельнікаў, матэрыяльна-рэсурснай базай, мэтамі і зместам работы. У адпаведнасці з гэтымі прыметамі магчыма дыферэнцыраваць сучасныя краязнаўчыя арганізацыі на пэўныя групы:

1) Краязнаўчыя навуковыя і навукова-асветныя таварыствы, дзейнасць якіх прысвечана даследаванню і папулярызацыі ведаў аб пэўнай тэрыторыі. Аб’ядноўваюць пераважна вучоных, спецыялістаў і даследчыкаў-аматараў пэўнага рэгіёну. Іх удзельнікі праводзяць навуковыя канферэнцыі, выпускаюць навуковую і папулярную літаратуру, перыядычныя выданні, выступаюць у сродках масавай інфармацыі, праводзяць сустрэчы з насельніцтвам у бібліятэках, школах, ВНУ. Да ліку такіх арганізацый адносіцца, напрыклад, Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”, грамадскае аб’яднанне “Культурна-гістарычная Калегія імя К.Астрожскага”, “Тураўскае навукова-асветнае таварыства”, “Віцебскі краязнаўчы фонд імя А.Сапунова”, Навагрудскае Таварыства філаматаў “Прамень” і інш. У Гродзенскай вобласці шматлікія краязнаўчыя арганізацыі аб’ядналіся ў Гарадзенскую абласную краязнаўчую асацыяцыю.

Навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”, зарэгістраванае пры НАН Беларусі, дзейнічае з 1995 г. і мае афіцыйны статус рэспубліканскага грамадскага аб'яднання. Яго членамі з'ўляюцца вучоныя, настаўнікі і іншыя краязнаўцы, чые навуковыя інтарэсы звязаны з Заходнім Палессем. Узначальвае таварыства ўраджэнец рэгіёна, вучоны Ф.Д.Клімчук. Асноўная форма дзейнасці – міжнародныя навуковыя семінары і канферэнцыі, удзельнікамі якіх з'яўляюцца як члены таварыства, так і іншыя зацікаўленыя даследчыкі. Так, актыўнымі ўдзельнікамі навуковых семінараў па пытаннях даследавання Палесся з'яўляюцца настаўнікі СШ Брэстчыны Я.Р Квачук, Ю.П.Максімовіч, вучоныя НАН Ф.Д.Клімчук, М.А.Саскевіч і інш. Матэрыялы навуковых семінараў апублікаваны ў зборніках пад назвай “Загароддзе 1, 2, 3”. Сайт таварыства прадстаўлены ў інтэрнет.

Грамадскае аб’яднанне “Тураўскае навукова-асветнае таварыства” выпускае зборнікі “Тураўшчына” разам з НАН Беларусі. Актыўную выдавецкую дзейнасць праводзіць “Віцебскі краязнаўчы фонд імя А.Сапунова” пад кіраўніцтвам вядомага краязнаўцы А.Падліпскага. Таварыства філаматаў “Прмень” (г. Навагрудак”) выдавала гісторыка-літаратурны часопіс “Земля Навагрудская”на беларускай і польскай мовах.

2) краязнаўчыя арганізацыі пры ўстановах. Дзейнасць іх найперш служыць папулярызацыі ведаў аб самой установе. Але змястоўныя кірункі работы некаторых з іх значна шырэйшыя. Так, члены гісторыка-краязнаўчага таварыства “Этна” БДУ культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам П.Каралёва вывучаюць мінулае многіх рэгіёнаў і пасяленняў Беларусі, ініцыянавалі і ўдзельнічаюць у праграме кансервацыі Крэўскага замка, здзяйсняюць шматлікія вандроўкі па гістарычных мясцінах.

3) краязнаўчыя арганізацыі, прафіляваныя на пэўным змесце, актуальнай для рэгіёна тэматыцы даследаванняў. Да іх ліку адносяцца гісторыка-краязнаўчыя цэнтры, клубы і інш. Так, у Смаргоні адстаўны афіцэр Уладзімір Лігута стварыў ваенна-гістарычны цэнтр, прысвечаны падзеям першай сусветнай вайны.

4) нацыянальна-культурныя таварыствы аб’ядноўваюць прадстаўнікоў пэўнага этнасу (палякаў, татар, літоўцаў, украінцаў) і даследчыкаў этнічнай гісторыі. Атрымліваюць пэўную спонсарскую падтрымку з боку дзяржаў, дзе этнас з'яўляецца пануючым. Праводзяць разнастайную культурна-масавую і асветніцкую работу, гістарычныя даследаванні, наладзілі друк на этнічных мовах і аб этнасах. Напрыклад, Беларускае згуртаванне татараў-мусульман выпускала зборнікі “Байрам: татары на зямлі Беларусі” і часопіс “Рамазан”, Саюз палякаў на Беларусі і яго рэгіянальныя суполкі – “Magazin Polski” і мясцовую перыёдыку (“Ziemia Lidzka”107 (Ліда), “Głos znad Niemna” (Гродна), Украінскае грамадска-культурнае аб’яднанне “Голос Берестейщини” (Брэст), асветніцкая арганізацыя “Просвіта Берестейщини імеі Т.Шевченко” – газету “Берестейский край”, на старонках якіх змешчана шмат новых па зместу і навуковых падыходах матэрыялаў. Адной з самых дзейных арганізацый з'яўляецца Таварыства польскай культуры Лідскай зямлі, якое выдае краязнаўчыя кнігі108. Нацыянальна-культурныя таварыствы ўкараняюць унікальныя формы краязнаўчай работы, як напрыклад, першы сусветны з’езд лідзян (май 1992), на якім сабраліся ўраджэнцы лідскага рэгіёну ці іх нашчадкі з многіх краін109.

Некаторыя рэгіянальныя арганізацыі спынілі сваю работу, але ў той жа час стварэнне новых краязнаўчых арганізацый прадаўжаецца. Вельмі істотную ролю адыгрываюць матэрыяльныя ўмовы і суб’ектыўны фактар, – калі ёсць дасведчаныя і апантаныя краязнаўствам людзі, тады паспяхова рэалізуюцца буйныя краязнаўчыя праекты.

У 90-я гг. краязнаўчыя арганізацыі, як правіла разам з навуковымі і навучальнымі арганізацыямі, музеямі, мясцовымі выканаўчымі камітэтамі і іншымі ўстановамі наладзілі правядзенне раённых і гарадскіх навуковых краязнаўчых канферэнцый і чытанняў. Некаторыя з іх – у Браславе, Навагрудку, Карэлічах, Гомелі, Гродне, Полацку, Рагачове, Рэчыцы і іншых гарадах, сталі традыцыйнымі. Краязнаўчыя канферэнцыі і чытанні належаць да лепшых формаў сучаснага краязнаўства. Даклады, выставы, экскурсіі, прэзентацыі, якія праводзяцца падчас іх правядзення, зносіны з мясцовым насельніцтвам дазваляюць шырока распаўсюдзіць вынікі новых даследаванняў, вярнуць з небыцця многія імёны, спрыяюць пераадоленню састарэлых стэрэатыпаў, абуджаюць інтарэс да мясцовай гісторыі, узмацняюць нацыянальную свядомасць і патрыятызм. Пад уплывам навуковых адкрыццяў грамадскасць многіх рэгіёнаў дамаглася ўстанаўлення памятных дошак і помнікаў выдатным землякам, ушанавання адметных гістарычных падзей. Матэрыялы канферэнцый, як правіла, публікуюцца ў навуковых зборніках. Так, зборнік “Першыя і другія Карэліцкія чытанні” (1996) быў прымеркаваны да 600-годдзя Карэліч і Міра, якія былі шырока адзначаны ў 1995 г. Сярод аўтараў артыкулаў былі такія вядомыя вучоныя, як А.Мальдзіс, Д.Бубноўскі, У.Мархель, Я.Запруднік і інш. Па-новаму яны адлюстравалі постаці славутых людзей рэгіёна, такіх як І.Дамейка, Б.Кіт, У.Жылка і іншых, гістарычныя падзеі і факты.

Грамадскія краязнаўчыя арганізацыі і прыватныя аматары ўносяць важкі ўклад у развіццё краязнаўчага друку, публікуючы разнастайныя матэрыялы. У г. Бяроза з 1997 г. выходзіць гістарычна-краязнаўчы часопіс “Гістарычная брама” (заснавальнік У.Сінкевіч), у Лідзе – краязнаўчы і гістарычна-літаратурны часопіс “Лідскі летапіссец” (заснавальнік В.В.Сліўкін). Некаторыя краязнаўчыя перыядычныя выданні хутка перапыняліся па прычыне недахопу фінансавых і іншых рэсурсаў, напрыклад, як маладзечанскі часопіс “Куфэрак Віленшчыны”.

Кожная краязнаўчая арганізацыя з'яўляецца унікальнай і вельмі пажадана, каб яе ўзнікненне і дзейнасць былі дакументальна зафіксаваны, але такіх фактаў не шмат. Так, А.С.Кузьміч вывучае арганізацыю Гомельскага гарадскога краязнаўчага таварыства, У.М.Ліўшыц, Т.В.Кузьмініч – развіццё краязнаўчых арганізацый у Горках Магілёўскай вобласці.

Працягваецца плённая дзейнасць на ніве краязнаўства грамадскіх арганізацый, якія займаліся ёю на папярэднім этапе. У 90-я гг. некаторыя з гэтых арганізацый, згубіўшы падтрымку дзяржаўных структур, страцілі значную колькасць сваіх членаў, не мелі магчымасці працаваць па шэрагу апрабаваных кірункаў дзейнасці. Але паступова, прайшоўшы шлях пераацэнкі дзейнасці і вызначэння новых формаў і кірункаў, арганізацыі прадаўжаюць плённы ўклад у краязнаўства. Так, Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і яго абласныя саветы працягваюць шматбаковую дзейнасць, накіраваную на захаванне рэгіянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, папулярызацыю яе здабыткаў, патрыятычнае выхаванне грамадзян, асабліва моладзі.

Інтарэс да краязнаўства паказваюць новыя грамадскія арганізацыі, такія як Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, гістарычныя клубы. У газеце ТБМ імя Скарыны “Наша слова” пастаянна друкуюцца артыкулы, прысвечаныя важнейшым падзеям гістарычнага мінулага, знакамітым людзям розных мясцін Беларусі. Клубы, якія займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй, не толькі праводзяць работу па дэталёваму вывучэнню асобных падзей, але таксама мерапрыемствы, якія абуджаюць у насельніцтва цікавасць да мінулага. Так, падчас ІІІ Міжнароднага рыцарскага фестывалю, які адбыўся ў верасні 2007 г. на цэнтральнай пляцоўцы гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”, выступленні 30 рыцарскіх клубаў прыцягнулі шматлікіх гледачоў.