Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
В.И.Саитова - История краеведения Беларуси.doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Глава 2. Развіццё дзяржаўнага краязнаўства

2.1. Краязнаўства ў вышэйшых навуковых установах

Краязнаўчая работа стала важным элементам навучання і выхавання студэнцкай моладзі. Камсамольскія арганізацыі ВНУ, пярвічныя арганізацыі іншых добраахвотных таварыстваў наладжвалі ўдзел студэнцкай моладзі ва Усесаюзных паходах па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы, стваралі клубы і музеі, збіралі матэрыялы па гісторыі навучальных устаноў, аб мінулым населеных пунктаў, выдатных землякоў. Так, члены клуба “Пошук” Беларускага дзяржаўнага універсітэта ўстанаўлівалі імёны студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў, загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне. Турыстычны клуб “Гарызонт” Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага праводзіў “зорныя паходы” па знакамітых гістарычных мясцінах. Студэнты Беларускага політэхнічнага інстытута некалькі разоў станавіліся лаўрэатамі Усесаюзнага паходу па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы. Вялікую даследчую работу па вывучэнні гісторыі Гродзеншчыны праводзіў гісторыка-краязнаўчы гурток Гродзенскага педагагічнага інстытута, створаны ў 1955 г. Ініцыятарам і кіраўніком гуртка быў доктар гістарычных навук, прафесар Я.Н.Мараш. Пачынаючы з 1965 г. на базе гуртка рэгулярна праводзіліся навукова-метадычныя і навукова-практычныя канферэнцыі. Яго ўдзельнікі, набыўшы каштоўны метадычны вопыт і глыбокі інтарэс да краязнаўства, пасля заканчэння інстытута працягвалі навучанне ў аспірантуры, абаранялі дысертацыі, публікавалі вынікі даследаванняў, далучалі да краязнаўчай працы вучняў школ. Вынікі працы гуртка абагульнены ў двух кнігах, падрыхтаваных і выдадзеных Я.Н.Марашам у рэспубліканскіх выдавецтвах (1976, 1989), у зборніках навуковых матэрыялаў канферэнцый.

Выдатны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, развіццё форм краязнаўчай работы ўносілі студэнты, удзельнікі будаўнічых атрадаў, штабы працоўных спраў навучальных устаноў. Студэнты вялі пошук магіл воінаў, адкрывалі помнікі, праводзілі сустрэчы з ветэранамі вайны і ваенна-спартыўныя святы, аказвалі дапамогу сем’ям загінуўшых. Сваю работу студэнцкія атрады ўзгаднялі з ваенкаматамі, арганізацыямі ДТСААФ, Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры і з іншымі арганізацыямі.

Дзякуючы пошукава-даследчай рабоце моладзі ў сярэдзіне 70-х гг. былі ўстаноўлены імёны тысяч загінуўшых падчас вайны, адкрыты больш за 6 тыс. помнікаў і мемарыяльных дошак, закладзены тысячы паркаў і сквераў, створаны 726 клубаў баявой славы, 809 народных музеяў, 45 тыс. музеяў, пакояў і куткоў рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы, напісаны паўтары тысячы летапісаў калектываў і камсамольскіх арганізацый103.

Вынікі даследчай краязнаўчай працы студэнтаў падводзіліся на навуковых канферэнцыях, усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсах студэнцкіх навуковых работ.

У пасляваенны перыяд тэматыка краязнаўчых даследаванняў навучэнскай моладзі фарміравалася пад значным уплывам рашэнняў партыйных з'ездаў і пленумаў, пастаноў ЦК КПСС і ЦК КПБ, святкавання юбілейных дат Кастрычніцкай рэвалюцыі, Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Але кірункі краязнаўчых даследаванняў пашыраліся і ахоплівалі некаторыя аспекты народнага побыту і духоўнай культуры, супраціву пануючым уладам у часы феадальна-буржуазнага развіцця беларускіх зямель. У полі інтарэсаў краязнаўцаў нязменна заставаліся гісторыя фабрык, заводаў, калгасаў, саўгасаў і іншых прадпрыемстваў і ўстаноў, вёсак і гарадоў.

Краязнаўства як вучэбная дысцыпліна ўвайшло ў праграмы гістарычных і геаграфічных факультэтаў ВНУ. З 1965 г. на геаграфічным факультэце БДУ чытаюць курс “Школьнае краязнаўства і турызм”, з 1978 г. была ўведзена спецыялізацыя “Краязнаўства, методыка і арганізацыя турысцка-экскурсійнай справы”. Упершыню развіццё бібліяграфічнага краязнаўства ў Беларусі пачалі вывучаць студэнты, якія навучаліся па спецыяльнасці “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія” у Мінскім інстытуце культуры. Складаліся вучэбныя праграмы гістарычнага і геаграфічнага краязнаўства, пачалі выходзіць вучэбныя дапаможнікі: “Пособие по краеведению” П.А.Лярскага (1969), “Историческое краеведение Белоруссии” (1980), “Географическое краеведение” Я.М.Мяшэчка (1986), падрыхтаваныя вучонымі БДУ. Развіццё бібліятэчна-бібліяграфічнага краязнаўства ў дарэвалюцыйны і савецкі час было даследавана дацэнтам Мінскага інстытута культуры В.Е.Лявончыкавым і знайшло адлюстраванне ў вучэбным дапаможніку “Белорусская библиография. Общий курс”, у артыкулах старшага выкладчыка той жа ўстановы Л.Р.Амяльковіч.

Многія выкладчыкі ВНУ сталі выдатнымі арганізатарамі краязнаўчага руху і таленавітымі краязнаўцамі-даследчыкамі. Гэта Я.Н.Мараш (Гродзенскі педінстытут), Я.М.Мяшэчка, Э.М.Загарульскі, А.А.Стуканаў, М.Ф.Піліпенка, А.Н.Плавінскі (БДУ), У.Калеснік (Брэсцкі педінстытут) і інш.