Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
В.И.Саитова - История краеведения Беларуси.doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
03.12.2019
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Раздзел 5. Арганізацыя краязнаўства ў бсср у пасляваенны перыяд (1945–80-я гг.)

Глава 1. Аднаўленне краязнаўчага руху і развіццё школьнага краязнаўства

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны пачалося ўзнаўленне краязнаўчай дзейнасці. З вялікім энтузіязмам беларускі народ, як і іншыя народы СССР, адбудоўваў эканоміку, аднаўляў усе структуры, неабходныя для мірнага жыцця і далейшага развіцця грамадства. Хуткія станоўчыя зрухі адбываліся ў сістэме адукацыі, навукі, культуры, сродкаў масавай інфармацыі і выдавецкай дзейнасці. Да даследаванняў прыступілі вернутыя з эвакуацыі, адноўленыя і новыя навуковыя установы: АН БССР, НДІ, ВНУ; культурна-асветныя і навучальныя ўстановы: музеі, бібліятэкі, школы, палацы піянераў; журналісты СМІ; добраахвотныя грамадскія таварыствы. Асабліва цяжкім было першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, калі матэрыяльныя нястачы суправаджаліся негатыўнымі праявамі сталінскага рэжыму. Сістэма партыйна-палітычнага кіравання выкарыстоўвала прапагандысцкі рэпрэсіўны механізм, які ўзмацняў ідэалагічную апрацоўку свядомасці народных мас, забараняў свабоду сумнення і не спрыяў распаўсюджанню агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей. Зноў, як і да вайны, хвалі жорсткай крытыкі і рэпрэсій сеялі ў грамадстве падазронасць і недавер. Лепшых вучоных ганьбілі за “низкопоклонство перед Западом”, як прэзідэнта АН БССР А.Р.Жэбрака і інш. Пасля ХХ з’езду КПСС пачаліся працэсы дэмакратызацыі, якія спрыялі ажыўленню грамадскай актыўнасці ўсіх слаёў насельніцтва і дабратворна паўплывалі на развіццё краязнаўчага руху. Адбудаваўшы рэспубліку пасля знішчальнай вайны, беларускі народ у 1986 г. перанёс экалагічную Чарнобыльскую трагедыю. Гэта падзея падштурхнула ўвагу да экалагічных праблем, праблем аховы прыроды ў краязнаўчых даследаваннях.

У пасляваенны час у Беларусі не было створана краязнаўчага таварыства, як асобнай грамадскай арганізацыі, што мела месца ў міжваенны перыяд, але краязнаўчы рух развіваўся ў такіх сацыяльных інстытутах як адукацыйныя ўстановы, бібліятэкі, музеі, адлюстроўваўся ў друку, а многія журналісты і пісьменнікі трывала звязалі свой творчы і прафесійны шлях з краязнаўствам. Краязнаўства стала кірункам дзейнасці шэрагу уплывовых грамадскіх арганізацый: ЦК ЛКСМБ, піянерскай арганізацыі, добраахвотных таварыстваў аховы помнікаў гісторыі і культуры, аховы прыроды, Беларускага фонду культуры і інш.

Дзяржава і грамадства асобае значэнне надавалі выхаванню моладзі ў духу патрыятызму, высокія прыклады якога гераічна паказалі беларусы і іншыя народы падчас змагання з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Самы дзейсны шлях фарміравання патрыятычнай свядомасці бясспрэчна заключаўся ў далучэнні школьнікаў да краязнаўчай работы. Таму школьнае краязнаўства стала адным з важнейшых кірункаў краязнаўчага руху. Вялікую ролю краязнаўства ў справе выхавання навучэнскай моладзі адзначылі ўдзельнікі з’езду настаўнікаў рэспублікі, які адбыўся ў 1945 г. Была звернутая ўвага на стварэнне ў школах краязнаўчых музеяў і гурткоў, правядзенне экскурсій, даследча-пошукавую работу па вывучэнні мясцовай гісторыка-культурнай спадчыны. У 1947 г. адзначаецца ўздым краязнаўчай работы ў школе. Створаны вясной Рэспубліканскі савет па арганізацыі і правядзенні паходаў і экскурсій, у які ўвайшлі вядомыя вучоныя, прадстаўнікі ЦК ЛКСМБ і Міністэрства асветы, а таксама іншыя арганізацыі па рабоце з вучнямі, распрацавалі турыстычныя маршруты, звязаныя з месцамі баявой славы, з гісторыка-археалагічнымі помнікамі. Летам у паходах і экскурсіях па родных мясцінах ўдзельнічалі звыш 100 000 вучняў. У наступныя гады колькасць удзельнікаў турыстычных паходаў па родным краі павялічвалася. Міністэрства асветы БССР і ЦК ЛКСМБ прынялі некалькі афіцыйных дакументаў, прысвечаных пытанням арганізацыі краязнаўчай дзейнасці ў школе. Юныя краязнаўцы сустракаліся з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, наведвалі месцы баёў. Вывучаючы родны край, яны таксама наведвалі новабудоўлі, прадпрыемствы, калгасы і саўгасы, сустракаліся з перадавікамі вытворчасці, вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі мастацтва. На радыё і ў перыядычным друку шырока асвятляліся пытанні школьнага краязнаўства.

Назапашаны вопыт пошукавай краязнаўчай работы і сабраныя матэрыялы сталі асновай для стварэння школьных краязнаўчых гурткоў. Такія гурткі працавалі па пэўным кірунку, набывалі метадычны вопыт, узначальваліся настаўнікамі, захопленымі краязнаўствам. З іх збораў пачалі фарміравацца школьныя краязнаўчыя музеі. Так, у 50-я гады цікавую краязнаўчую работу праводзілі вучні Пружанскай СШ № 2, Ваўкавыскай СШ № 2, Юравічскай СШ Калінкавічскага раёну Гомельскай вобласці і інш. Найбольш каштоўныя экспанаты перадаваліся ў абласныя і раённыя краязнаўчыя музеі.

У 1952 г. у Мінску была адкрыта Рэспубліканская турысцкая база, а ў 1953 г. — Цэнтральная дзіцячая турысцка-экскурсійная станцыя, якія сталі важнымі арганізацыйнымі і інструкцыйна-метадычнымі цэнтрамі турысцка-краязнаўчай работы са школьнікамі.

Развіццё краязнаўчай работы ў школе актывізавалася ў 60-я гады. Настаўнікі шырока прымянялі мясцовы фактычны матэрыял на ўроках, арганізоўвалі пазакласную работу па яго вывучэнні. Пашыралася сетка краязнаўчых музеяў. Так, пад кіраўніцтвам настаўніка-краязнаўцы М.У.Семака вучні Лунненскай СШ Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці вялі шырокую работу па зборы звестак аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, інтэрнацыянальных сувязях. Былі адшуканы невядомыя Героі Савецкага Саюза, атрымаўшыя гэта высокае званне за абарону мястэчка, імя аднаго з іх 18-гадовага Івана Шарамета нададзена Лунненскай СШ. У гонар герояў вайны вучні заклалі парк, дзе на сабраныя грошы быў устаноўлены манумент з імёнамі герояў. На яго адкрыцці ўсхвалявана выступалі адшуканыя на прасторах СССР родныя загінуўшых. У школьным музеі баявой славы і інтэрнацыянальнай дружбы адбываліся пасяджэнні, урокі мужнасці, сустрэчы з пісьменнікамі, героямі вайны, мясцовымі ўдзельнікамі падпольнай КПЗБ, праводзіліся экскурсіі для наведвальнікаў з розных куткоў вобласці. Штогод музей наведвалі больш як 2 тыс. чалавек, а за 20 гадоў існавання музея ў ім пабывала больш за 40 тыс. школьнікаў, студэнтаў, салдат і афіцэраў 102. А вучні суседняй Гудзевічскай школы пад кіраўніцтвам настаўніка А.М.Белакоза стварылі гісторыка-этнаграфічны музей: на падставе сабраных экспанатаў была адноўлена сялянская сядзіба ХVІІІ ст. Вучні зберагалі і вывучалі побыт мясцовага насельніцтва.

У гэтыя дзесяцігоддзі сярод самых дзейсных формаў вывучэння мінулага і патрыятычнага выхавання былі рух “чырвоных следапытаў” і рэспубліканскія экспедыцыі піянераў і школьнікаў па родным краі.

Рух “чырвоных следапытаў” узнік у Ленінградзе ў канцы 50-х гг. і шырока распаўсюдзіўся ў Беларусі. У 1980 г. была прынятая пастанова аб стварэнні Рэспубліканскага клуба чырвоных следапытаў школ і пазашкольных устаноў рэспублікі “Пошук”. У кіраўніцтве рухам удзельнічалі ЦК ЛКСМБ, Міністэрства асветы БССР, Дзяржаўны камітэт БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Рэспубліканская арганізацыя ветэранаў. Усе грамадскія арганізацыі працавалі па калектыўна зацверджаным плане. Рэспубліканскія экспедыцыі піянераў і школьнікаў па родным краі арганізоўвалі Міністэрства асветы БССР, ЦК ЛКСМБ, Рэспубліканскі савет піянерскай арганізацыі імя У.І.Леніна, сумесна з іншымі грамадскімі арганізацыямі і пазашкольнымі ўстановамі. Рэспубліканскія экспедыцыі былі часткай Усесаюзных экспедыцый і паходаў камсамольцаў і моладзі па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы. З 1957 па 1977 г. у Беларусі прайшлі 9 рэспубліканскіх экспедыцый піянераў і школьнікаў: “Па партызанскіх тропах”, “Па дарогах сямігодкі”, “Запаветы Леніна – у жыццё”, “Шляхамі перамог” і інш. У экспедыцыі “Летапіс Вялікай Айчыннай” (1981) вёўся пошук дакументаў і рэліквій ваеннага часу, запіс успамінаў франтавікоў і партызан.

У турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі “Моя Родина — СССР” школьнікі Беларусі ўдзельнічалі з 1971 г. На кожныя яе этапе перад юнымі краязнаўцамі стаялі важныя задачы вывучэння мінулага і сучаснасці роднага краю, яго дасягненняў у эканоміцы і культуры. Колькасна ўдзел навучэнцаў у рэспубліканскіх экспедыцыях вызначаўся мільённымі паказчыкамі. Падчас экспедыцый юныя краязнаўцы наведвалі месцы рэвалюцыйных, ваенных, гістарычных падзей, сустракаліся з іх удзельнікамі, збіралі звесткі аб устанаўленні савецкай улады, поспехах прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, стваралі летапісы вёсак, калгасаў, саўгасаў, прадпрыемстваў, школ, збіралі матэрыялы і дакументы, баявыя рэліквіі, стваралі музеі, пакоі і куткі рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы, закладалі паркі, скверы і помнікі ў гонар герояў, выконвалі заданні навукова-даследчых, гаспадарчых і грамадскіх арганізацый. На працягу 1960 – 80-х гг. удзельнікі пошукавага руху ўстанавілі імёны больш за 30 тыс. чырвонаармейцаў, партызан, падпольшчыкаў, якія лічыліся загінуўшымі. З дапамогай школьнікаў каля двух тысяч воінаў атрымалі ўзнагароды, якія не былі ім уручаны ў гады вайны. Рэгулярна праводзіліся масавыя мерапрыемствы “Вахта Памяці”, аперацыі “Доўг”, “Памяць”, “Імя на абеліску” і інш. Вынікі пошукава-даследчай дзейнасці шырока адлюстроўваліся ў рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі, уключаліся ў краязнаўчыя кнігі, у т.л. у гісторыка-дакументальныя хронікі “Памяць” гарадоў і раёнаў Беларусі.