- •Сучасная беларуская паэзія:
- •Творчыя індывідуальнасці
- •Вучэбны дапаможнік
- •Віцебск
- •Аўтар: кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры уа “вду імя п.М.Машэрава” в.І.Русілка.
- •Творчая індывідуальнасць паэта
- •Анатоль вярцінскі
- •Яму Хірасіму, Асвенцім, яму, замест імя, —
- •Янка сіпакоў
- •Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх
- •Пятрусь макаль
- •Алесь разанаў
- •Я маю права
- •Напружваецца цеціва: паўакруж-
- •Беларускі в е ц е р сланяецца па све-
- •Раіса баравікова
- •Дазвольце мне вярнуцца
- •Цяпер той куст здаецца
- •Бабіна дарога ад печы да парога
- •Здзіўляемся загадцы Баальбека
- •Яўгенія янішчыц
- •Як называюцца слёзы? –
- •Леанід дранько-майсюк
- •Алесь пісьмянкоў
- •(“Балада роду”)
- •Калі марнею ад нягод
- •Мікола мятліцкі
- •Не памяць сцежку ўе –
- •Ён марыць пра бохан свежы
- •(“Стол”)
- •Аплочана крывёй і потам
- •Віктар шніп
- •Парог першым сустракае
- •Каб я палюбіў свечку
- •Алег салтук
- •У косы русявага жыта
Анатоль вярцінскі
Анатоль Вярцінскі — паэт, які трывала абраў адзін з самых перспектыўных і малараспрацаваных у беларускай паэзіі шляхоў — інтэлектуальна-філасофскае асэнсаванне быцця ва ўсім багацці і шматграннасці яго праяў, інтэграцыю нацыянальнага ў агульначалавечы кантэкст.
Мастацкая мадэль свету ў паэзіі А.Вярцінскага грунтуецца на ідэі прыярытэту дабра і чалавечнасці, усёперамагаючай любові, увагі і павагі да асобы, якая разам з тым павінна самаўдасканальвацца і арганізоўваць жыццё па прынцыпах справядлівасці, разумнай мэтазгоднасці і высокай духоўнасці. Творы Вярцінскага, як правіла, свядома зарыентаваны на дыдактызм, перакананне. Паэт не стамляецца вучыць чалавечнасці, патрабаваць высокамаральнага і сумленнага стаўлення да жыцця, выкарыстоўваючы напрацаваны тысячагоддзямі духоўны вопыт біблейскіх прытчаў, старажытных міфаў і філасофскіх канцэпцый, архетыпы і мастацкія сімвалы фальклору і літаратуры. А.Вярцінскі надзвычай чуйны да сутнаснага, умее ўзняць дэталь альбо канкрэтны характар да ўзроўню агульначалавечых сэнсавобразаў, сфармуляваць думку ў скандэнсавана змястоўнай форме афарызму ці, наадварот, трапна раскрыць алагізм сітуацыі, разбудзіць разумовую актыўнасць чытача, падключыць яго да працэсу сатворчасці.
Вытокі творчага светапогляду кожнага паэта — у яго біяграфіі і найперш у эмацыянальным вопыце дзяцінства.
Анатоль Ільіч Вярцінскі нарадзіўся 18 лістапада 1931 г. у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Наймацнейшая дамінанта ўспамінаў пра маленства — ваенныя ўражанні, адчуванне сусветнай бяды. Як успамінае паэт, побач з трагічным вайна настройвала і на "гераічна-ратны" лад (адзінаццацігадовы хлапчук, мала ўсведамляючы сур'ёзнасць і небяспечнасць сваіх дзеянняў, праводзіў партызан у пушчу і расклейваў па вёсцы наіўную, не вельмі пісьменна напісаную лістоўку з заклікам "біць немцаў"). Драматызм падобнай сітуацыі добра перададзены А.Вярцінскім у вершы "Яны да вайны гулялі ў вайну". Боль вайны прыходзіць у сны паэта і сёння, і звязаны ён з вострай памяццю пра начныя баі, пажары, пагрозу смерці і няўпэўненасць у заўтрашнім дні. "Вайна наклала глыбокі адбітак на нашу псіхалогію, на наша светаадчуванне, вызначыла ў значнай ступені нашу маральна-філасофскую арыентацыю, вядома, не толькі ў негатыўным, але і ў станоўчым сэнсе, у сэнсе нашай большай жыццястойкасці, больш устойлівага аптымізму"1.
Пачаў пісаць вершы А.Вярцінскі дастаткова позна, у 1951 годзе. Калі паэт вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, яго вершы друкаваліся ў перыядычным друку. Закончыўшы універсітэт, А.Вярцінскі працаваў журналістам, быў галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”, дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Выдаў кнігі паэзіі “Песня пра хлеб” (1962), “Тры цішыні” (1966), “Чалавечы знак” (1968), “Выбранае” ( 1973), “З’яўленне” (1975), “Час першых зорак” (1976), “ Ветрана” (1979), “Святло зямное” (1981), “Хлопчык глядзіць” (1992). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988).
Пачатак творчай біяграфіі А.Вярцінскага быў няпростым. Кніга "Песня пра хлеб" (1962), у цэлым прыхільна сустрэтая крытыкай, мела адзнакі дэкларатыўнасці і апісальніцтва, хоць, вядома, у зборніку былі і ўдалыя вершы. Поспех кнігі быў звязаны ў асноўным з паэмай "Песня пра хлеб", якая знаходзілася ў плённым для беларускай паэзіі рэчышчы "Новай зямлі" Якуба Коласа і вызначалася народным поглядам на хлеб і працу, сакавітымі, падрабязна і з любоўю выпісанымі дэталямі побыту, апісаннямі, што ішлі ад "магіі народнай абрадавасці" (Т.Чабан).
Першы зборнік А.Вярцінскага даў падставу даследчыкам назваць яго аўтара традыцыяналістам, які вальней адчувае сябе ў свеце эмоцый, а не думкі. Аднак лінія творчай эвалюцыі А.Вярцінскага ішла ў зусім іншым накірунку, і наступныя кнігі "Тры цішыні" (1966) і "Чалавечы знак" (1968) ні ў чым не паўтаралі папярэднюю. Гэтыя зборнікі засведчылі надыход творчай сталасці паэта, станаўленне яго паэтычнай індывідуальнасці. Паэзія А.Вярцінскага знаходзілася ў самым пачатку плённай для тагачаснай літаратуры тэндэнцыі да ўзмацнення рацыянальнага, паглыблення асацыятыўнасці, шматзначнасці і эстэтычнай змястоўнасці вобраза. Напружаны інтэлектуальны пошук, філасофскае даследаванне маральна-этычных праблем, высокая ступень абстрагаванасці і сэнсавай канцэнтрацыі паэтычнага слова — тыя новыя рысы, якімі вызначалася паэзія А.Вярцінскага ў канцы 60-х гадоў. ІІаэт бачыў у жыцці каштоўнасці, якія не залежаць ад палітычнай кан'юнктуры і штодзённых патрэб.
“Дзівак”, які не можа змірыцца з няпраўдай, які марыць сумленна і годна прайсці свой шлях і не здаецца перад нягодамі, — такі лірычны герой паэзіі А.Вярцінскага і такі ж абагульнены воблік Чалавека:
Дзівак чалавек...